У імя кінагледача

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

27 лютага на парадак дня калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта было вынесена пытанне аб выкананні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ў галіне развіцця айчыннай кінематаграфіі і кінагаліны наогул. Распавесці пра гаворку, якая там адбылася, наш карэспандэнт папрасіў дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Максіма БУДАНАВА.

 /i/content/pi/cult/151/1110/Bel-kino.jpg
— Максім Аляксандравіч, напэўна, не такі ўжо і часты выпадак, калі на калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта “высаджваецца” цэлы, так бы мовіць, кінематаграфічны дэсант?

— Мушу адзначыць, што калегія гэтая планавая: Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па выніках 2007 года прааналізаваць выкананне Даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне кінематаграфіі і развіцці кінагаліны ў цэлым. Праўда, разгляд падзяліў на два этапы: вынікі першага паўгоддзя разглядаліся на Прэзідыуме Савета Міністраў, а ўжо падчас гэтай калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта разгледзелі вынікі ўсяго 2007 года.

Што да ўдзельнікаў калегіі, то магу сказаць, што, акрамя міністра культуры Уладзіміра Матвейчука і прадстаўніка Дэпартамента, яна сабрала ўвесь, так бы мовіць, “цвет” беларускага кіно: прысутнічалі і такія знаныя кінакрытыкі, як Ніна Фральцова і Людміла Перагудава, кінаактрыса, заслужаная артыстка Беларусі Святлана Сухавей, кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін, ад “Белвідэацэнтра” — Вольга Кумыкова. Былі таксама прадстаўнікі айчынных тэлеканалаў, бо сёння надзвычай важна не толькі здымаць кіно, але і працаваць у цеснай звязцы з тэлебачаннем. Найперш для таго, каб прэм’еры нашых карцін праходзілі на Беларусі, а не дзесьці за мяжой. Менавіта ў айчынных кінаманаў павінна быць права першага прагляду.

— Калі ласка, распавядзіце больш падрабязна пра выкананне Даручэнняў Прэзідэнта.

— Так, пытанні развіцця айчыннай кінагаліны Прэзідэнт трымае на пастаянным кантролі: у 2007 годзе мы выконвалі 37 даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Па выніках года 14 з іх выкананы і зняты з кантролю, 11 даручэнняў маюць “пастаянны” тэрмін выканання. Адно даручэнне не патрабавала выканання, а не выканана, бадай, толькі адно, з 2001 года, згодна з якім Міністэрства фінансаў павінна было выдзяляць грашовыя сродкі на мэтавае набыццё кінафільмаў для дзяцей і юнацтва. Чаму я кажу: бадай, не выканана? У выніку дэфіцыту бюджэту гэтыя грошы выдзелены не былі, але, тым не менш, нашы абласныя пракатныя арганізацыі закупілі гэтыя фільмы за ўласныя сродкі. З тэрмінам выканання ў 2009 годзе ў нас 5 даручэнняў, у 2010 — 3. Такім чынам, калі падвесці рахункі, на сёння ў Дэпартаменце выконваецца 34 даручэнні — з улікам тых, што засталіся з 2007 года, і тых, што ўжо паступілі сёлета.

— Якія з узнятых пытанняў выклікалі найбольш актыўнае і зацікаўленае абмеркаванне?

— Прынцыповы падыход на калегіі атрымала сітуацыя з кадрамі ў кінагаліне. Міністр паведаміў, што сёння ў ёй задзейнічаны 4315 чалавек, падрыхтоўку спецыялістаў для кінаіндустрыі ажыццяўляюць тры беларускія і дзве расійскія ВНУ. А для пракату ў нас штогод выпускаецца 30 спецыялістаў сярэдняга звяна.

Мы вывучылі агульную патрэбу ў кадрах для кінагаліны на 2008 — 2011 гады: яна складае, па нашых падліках, 112 чалавек. Гэта, у асноўным, прадстаўнікі творчых спецыяльнасцей: мастакі, дэкаратары, рэжысёры, аператары і прадзюсеры, што карыстаюцца сёння попытам. Калі ж узяць кадравы зрэз “Беларусьфільма”, то там 112 супрацоўнікаў знаходзяцца ў пенсійным узросце і 89 — у перадпенсійным. Але паколькі наша праграма змены кадраў разлічана да 2011 года, мы лічым, што пераход пакаленняў адбудзецца не гвалтоўным рыўком, а паступова, прадумана, каб не перапыніць пераемнасці.

Калі гаварыць пра падрыхтоўку кадраў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, асноўнай праблемай тут з’яўляецца слабая матэрыяльна-тэхнічная база, у прыватнасці, адсутнасць сучаснай кінатэхналагічнай апаратуры, а таксама недахоп высокакваліфікаванага прафесарска-выкладчыцкага складу. У сувязі з гэтым з вуснаў генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміра Замяталіна на калегіі прагучала прапанова аб адкрыцці за кошт Саюзнага бюджэту на Беларусі філіяла ВГИКа. Ідэя сама па сабе заслугоўвае ўвагі, але да яе варта падысці прадумана.

Так, Саюзная дзяржава можа выдзеліць на гэта сродкі, але паўстае пытанне: хто будзе ў гэтым філіяле выкладаць? Выкладчыкі Акадэміі мастацтваў? І якая гэта будзе падрыхтоўка: курсы ці паўнавартасная вышэйшая адукацыя? Пагадзіцеся, важна, каб тэхналагічныя і творчыя ўмовы гарманічна суадносіліся паміж сабой.

— А ў якім святле паўстала на калегіі сітуацыя ў кінапракатнай сферы?

— У 2007 годзе было адзначана змяншэнне колькасці кінагледачоў у Мінскай і Гомельскай абласцях з той прычыны, што шэраг кінатэатраў зачыняліся на рамонт. Хаця гэтая сітуацыя ніякім чынам не адбілася на выкананні платных паслуг, якія аказалі нашы пракатныя арганізацыі. Ды і агульныя вынікі 2007 года паказваюць стабільную і дастаткова дынамічную работу пракатчыкаў: за 2007 год было абслужана 14,2 мільёна кінагледачоў, што на 287 тысяч больш, чым у 2006 годзе, і на 1 млн. 112 тысяч больш, чым у 2005 годзе.

Што ж да Міншчыны і Гомельшчыны, дык мы бачым шляхі вырашэння праблем. Многія кінатэатры (не толькі ў гэтых абласцях) маюць састарэлую матэрыяльна-тэхнічную базу. Адрамантаваць іх усе адразу ды хутка прывесці ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі, каб “прастою” не заўважылі, немагчыма. Гэта павінна быць сістэмная работа нашых абласных арганізацый і аблвыканкамаў. У 2006 годзе рознымі відамі рамонту было ахоплена 30 кінатэатраў краіны, у 2007 — 46, а ў бягучым плануецца адрамантаваць 52 кінатэатры. Гэта не капітальныя рамонты, а кропкавыя: трэба адрамантаваць дах, фае ці кіназалу.

Ёсць некалькі кінатэатраў, якія знаходзяцца ў аварыйным ці перадаварыйным стане: у Брэсцкай вобласці — кінатэатр “Спадарожнік” у Іванаве (не эксплуатуецца больш за 20 гадоў), па Віцебскай — “Электрон” у Новалукомлі (зачынены з 2005 г.), “Радзіма” ў Гарадку (з 2005 г.), “Вясёлка” ў Шаркаўшчыне (з 2006 г.), у Полацку кінатэатр “Радзіма” не эксплуатуецца больш за 20 гадоў... Я бываю ў раёнах і бачу, што часам (як прыклад, Бялыніцкі кінатэатр, які не эксплуатуецца з 1992 г.) больш разумна пабудаваць новы, чым рамантаваць стары будынак. Перакананы, што да гэтых пытанняў неабходна падыходзіць рацыянальна, з пункта погляду эканомікі: калі недзе ёсць клубы, у якіх ладзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, дык там жа можна арганізаваць і кінапаказы, а дзесьці — зрабіць ухіл на працу перасовак. Не трэба чапляцца за старое, а варта захоўваць і развіваць тое, што маем, укараняць новыя формы абслугоўвання кінагледача. Да прыкладу, замест кінатэатра “Беларусь” у Мінску будуецца шматзальны мультыплекс, у планах “Мінскага кінапракату” яшчэ адзін — ва Уруччы. Гэта культурна-адпачынкавыя цэнтры, дзе, акрамя кінапаказаў, будзе шэраг спадарожных прапаноў: більярд, ксеракапіраванне...

Гэткі курс на развіццё сеткі платных паслуг насельніцтву бачыцца нам рацыянальным.

— Адно з галоўных пытанняў, што знаходзяцца ў цэнтры ўвагі развіцця айчыннай кінагаліны, — рэканструкцыя кінастудыі “Беларусьфільм”.

— Так, на сёння шэрагам дзяржаўных арганізацый ужо праведзена шмат работ, звязаных з рэканструкцыяй. Міністэрства абароны перадало Нацыянальнай кінастудыі ўчастак зямлі ў Калодзішчах — там будзе аўтабаза кінастудыі і Міністэрства культуры. Праектны інстытут “Белдзіпразем” аформіў акт землекарыстання, аформлены дакументы на знос старых будынкаў, праведзены архітэктурна-планіровачныя работы. Літаральна два тыдні таму віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец праводзіў вялікую нараду на кінастудыі, і там быў зацверджаны графік правядзення ўсіх работ. Да 1 верасня 2009 года, як і было падлічана, кінастудыя набудзе абноўлены выгляд: сучасныя павільёны, найновае тэхналагічнае абсталяванне... Генеральны дырэктар плануе запрасіць на адкрыццё Прэзідэнта краіны, каб

прадэманстраваць пачатак “новага жыцця” кінастудыі, дзе людзі змогуць спакойна займацца творчасцю і не думаць пра тое, як падрамантаваць трубы.

Важна, каб кінастудыя стала прывабнай, прычым не толькі для інвестараў, але і для нашых маладых спецыялістаў, якія вучацца ў Расіі. Зразумела, прымусіць іх вярнуцца на радзіму мы не можам. Патрыятызм — гэта адно, але людзі павінны ведаць, што яны будуць запатрабаваны, а іх творчасць знойдзе годнае ўзнагароджанне. Дарэчы, на тэрыторыі кінастудыі будзе пабудавана новае жыллё для работнікаў кінагаліны — гэта таксама нядрэнны стымул.

— Ці гучала падчас калегіі крытыка?

— Канешне ж, крытыка таксама была. І гэта натуральна: нельга вырашыць усе набеглыя за многія гады праблемы ў кароткі тэрмін.

Звярталася ўвага на змястоўны бок нашых фільмаў, на іх мастацкасць. Мы не павінны спыняцца на першых дасягненнях, а мусім развівацца, узнімаць планку на больш высокі ўзровень.

І яшчэ. За мінулы год гендырэктар кінастудыі, як кажуць, абазначыў 118 пастановачных пытанняў у самыя розныя інстанцыі, але ж усе яны ў рэшце рэшт пераадрасоўваліся да нас у Дэпартамент. На сёння 114 з іх — вырашаны, чатыры — у рабоце.

Сёння Дэпартамент працуе над шэрагам пытанняў нарматыўна-прававога характару: рэгуляванне змянення саставу затрат, што ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі, павелічэнне памераў мінімальнага аўтарскага ўзнагароджання за літаратурны сцэнарый, выкарыстанне рэзерваў будучых выдаткаў па фільмах з завершанай вытворчасцю, правядзенне закупак прафесійнага абсталявання і спецыяльнага аўтатранспарту па прамых кантрактах з вытворцамі... Сёння мы робім усё для таго, каб аблегчыць работу студыі. Уся творчая праца — там, але яе неабходна суправаджаць. І таму не выпадкова Кіраўнік дзяржавы прыняў у свой час вельмі мудрае рашэнне пра стварэнне Дэпартамента — каб рэгуляваць пытанні, звязаныя з кіраваннем у галіне кінематаграфіі. Раней такой установай было Дзяржкіно. Магчыма, і мы да гэтага нарэшце прыйдзем.

Яшчэ адным з пытанняў, пастаўленых кінастудыяй, была прапанова пра аб’яднанне экспертнага савета Дэпартамента і мастацкага савета кінастудыі. Я не схільны пагадзіцца з такім падыходам, бо ёсць пэўная небяспека, што людзі, якія ўваходзяць у мастацкі савет кінастудыі, будуць лабіраваць свае інтарэсы. “Беларусьфільм”, вядома ж, не можа быць у адной асобе і заказчыкам, і выканаўцам. А яшчэ і таму, што экспертны савет Дэпартамента, ці, калі хочаце, Міністэрства культуры, павінен праводзіць дзяржаўную палітыку, мы павінны ведаць, што грошы краіны выдаткоўваюцца правільна з улікам меркаванняў і спецыялістаў-прафесіяналаў, і прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі.

Дарэчы, акрамя экспертнага савета ў Дэпартаменце ёсць яшчэ і класіфікацыйная камісія, якая пастаянна адсочвае, рэгулюе прадукцыю, што паступае ў рэспубліку і выходзіць на кінаэкраны краіны. Так, у 2006 годзе на экраны выпушчана 290 новых копій, у 2007 — ужо 594. Пагадзіцеся, рост відавочны. Але, на жаль, з іх вытворчасці ЗША — 301, Расіі — 183, Еўропы — 92, Беларусі —4, краін Азіі — 6, іншых дзяржаў — 8. Паводле ж жанравай разнастайнасці фільмы размяркоўваюцца наступным чынам: трылеры — 290, камедыйныя — 153, прыгодніцкія — 53, дзіцячыя — 98. І я адзначыў на калегіі, што, на мой погляд, кінавідэапракатным арганізацыям неабходна асаблівую ўвагу звярнуць на фарміраванне рэпертуару кінатэатраў з улікам выхаваўчай ды ідэалагічнай ролі кіно на сучасным этапе. На жаль, нашы пракатчыкі штогод павялічваюць паказ фільмаў з узроставым абмежаваннем, абгрунтоўваючы гэта эканамічнай неабходнасцю. У 2007 годзе на кінаэкраны рэспублікі выйшла 26 фільмаў, паказ якіх забаронены кінагледачам да 18 гадоў.

Гэта, як правіла, фільмы вытворчасці ЗША. У шэрагу так званых баевікоў ёсць эпізоды з вульгарнай, табуіраванай лексікай, а таксама сцэны гвалту і жорсткасці. Героі ў іх, як правіла, злачынцы, кібаргі, мутанты, ведзьмы, пярэваратні, касмічныя прыхадні. Большасць з іх адкрыта прапагандуюць заходні, у многім заганны, лад жыцця, не ўласцівы беларускаму менталітэту. Усё гэта не можа не адбівацца на маральным стане моладзі — асноўнай аўдыторыі такіх стужак. Хацеў бы нагадаць, каб нашы пракатчыкі, выязджаючы на кінарынак, памяталі не толькі пра фінансавую прывабнасць фільмаў, але і пра тое, што без духоўнасці, унутранага маральнага стрыжня не будзе здаровай эканомікі. Фільмы, тыя ж амерыканскія, бываюць добрымі і пазнавальнымі...

Гаварылася і пра развіццё фестывальнага руху. Дастаткова прывесці ў якасці прыкладу досвед мінулагодняга “Лістапада”, у якім прынялі ўдзел 42 краіны свету (для параўнання: у 2006 годзе іх было 24). Характэрнай асаблівасцю “Лістапада” стала тое, што ён прайшоў ва ўсіх рэгіёнах краіны, куды выязджалі не толькі фільмы, але і творчыя групы замежных і айчынных кінадзеячаў.

У сувязі з гэтым адзначалася, што не толькі колькасць краін-удзельніц павінна быць у полі зроку, але і насычэнне фестывалю якасным кіно — з тым, каб кінааматары нашай краіны маглі далучацца да лепшых узораў сусветнай кінаіндустрыі.

Яшчэ раз падкрэслю: мы разумеем, што ўсе назапашаныя праблемы нельга вырашыць хутка і аднаразова. Для гэтага патрэбна не проста працаваць — “пахать”, па-руску кажучы, з раніцы да ночы! І мы пастараемся апраўдаць той давер, які аказаў нам Прэзідэнт краіны, Урад і нашы непасрэдныя адрасаты — беларускія кінааматары.


Занатавала Таццяна КОМАНАВА