“Шахматы” ў музеі

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Сёлета праграма шведска-беларускага культурнага супрацоўніцтва распачнецца ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. 18 студзеня ў памяшканні галерэі адбудуцца дзве відэа інсталяцыі — “Шахматы” Магнус Бэртаса і Дзмітрыя Плакса і “Грошык за твае думкі” Дрора Файлера і Гунілы Шольд Файлер. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Пасольстве Швецыі ў Мінску паведаміла каардынатар праграм Аддзялення Пасольства Алена Касько.

Гэтаксама вернісаж і перфоманс шведскіх творцаў пройдуць і ў Мінску — 19 студзеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Там жа шведскі мастак і пісьменнік беларускага паходжання Дзмітрый Плакс 20 студзеня правядзе семінар “Прынцып няпэўнасці і мастацтва інсталяцыі”. “Для ўсіх, каго цікавяць “прыгоды аб’екта ў фізічнай і віртуальнай прасторы”, — так вызначае адрасата сустрэчы творца. “Што здараецца з аб’ектамі, калі мы паварочваемся да іх спінай, або што адбываецца ў камп’ютэрнай гульні пасля таго, як мы адыходзім ад машыны...”, — пашукаць адказы на гэтыя філасофскія пытанні прапануе публіцы аўтар.
   
Акрамя мастацкіх праектаў, сёлета вялікая ўвага ў праграме супрацоўніцтва надаецца і музычным кантактам. 20 студзеня ў клубе “Стэп” пройдзе сумесны канцэрт беларускага гурта “Drum Ecstasy” і аднаго з самых вядомых у свеце шведскіх кампазітараў сучаснай музыкі і выканаўцаў фрыджаза Дрора Файлера. Там жа неўтаймоўны Дзмітрый Плакс дасць музычна-тэкставы перфоманс “Спёка”. Працягнецца музычны дыялог культур у сакавіку — удзелам шведскага “Флэш-квартэта” ў беларускім фестывалі джазавай музыкі. А 6 лютага вядомая выстаўка шведскай графікі “Праз традыцыі ў будучыню”, якая экспанавалася два месяцы таму ў Мінску, адкрыецца ў Музеі Марка Шагала ў Віцебску.

Такім чынам, усе , хто яшчэ не пабачыў выбітныя творы шведскіх графікаў (якія, дарэчы, выклікалі вялікае захапленне славенскай публікі), могуць паглядзець іх да 25 лютага, наведаўшы Віцебск.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ