Месяц: плюсы і мінусы

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Месяц фатаграфіі ў Мінску, які вянчала выстаўка фіналістаў і пераможцаў прэміі “Prafota”, скончыўся. Марафон з 12 выставак, 7 лекцый і прэзентацый, мультымедыя-паказаў даў магчымасць спрычыніцца да спасціжэння сучаснай фатаграфіі: ад класічнай, вытрыманай брэсонаўскім “вырашальным момантам” (выстаўка Арно Фішэра ў Цэнтры сучасных мастацтваў), да фатаграфіі як сродку даследавання і асэнсавання рэчаіснасці.

/i/content/pi/cult/514/11099/4-4.jpgАрганізатары паспрабавалі ахапіць розныя пакаленні і прыхільнікаў фота, тым не менш, галоўным яго вынікам, лічу, стала прэзентацыя маладой беларускай фатаграфіі. Гэта пацвярджае нават статыстыка: палова экспазіцый прадстаўляла новае пакаленне аўтараў. І гэты “выхад з ценю” аказаўся цалкам пераканаўчым: на сёння ўжо можна казаць пра новых аўтараў, за творчасцю якіх хочацца сачыць.

Былі і іншыя вартасці фестывалю. Але ж форум пакінуў пэўныя пытанні. У першую чаргу — у канцэптуальным плане. На жаль, сёлета ён не меў тэматычнага фокусу. Практыка падобных замежных фотафорумаў пацвярджае, што тэма — гэта “стрыжань”, на які “нанізваюцца” падзеі, дазваляючы ўтрымліваць увагу гледачоў цягам некалькіх тыдняў ды працаваць са свядомасцю публікі на іншым узроўні. Да прыкладу, той же кіеўскі Фестываль візуальнай культуры “Візіі”, “прэм’ера” якога адбылася летась, абраў тэмай “Архівацыю візуальнага” — фокус, які дазволіў прасачыць, як раскрываюць, інтэрпрэтуюць канцэпты Памяці, Часу і слынныя еўрапейскія фатографы, і маладыя аўтары з Украіны. Дый тыя ж вядомыя біенале, трыенале штораз змяняюць свой дэвіз, працуючы з аспектамі асэнсавання рэчаіснасці. Разумею, што мінскі фотафестываль — не буйны біенале, ды ўсё ж…

У дадзеным выпадку назіралася адчуванне стракатасці і адсюль — стомленасці: сёння глядзім адно, заўтра — другое, паслязаўтра — трэцяе. Фестываль не ўспрымаўся як адно цэлае, а як шэраг разнастайных падзей, і, нягледзячы на часам карысныя паралелі, трымаць градус цікавасці да яго было цяжка. Дый тэматычны кантэкст пры адпаведнай падачы дазволіў бы многім аўтарам “гучаць” больш выразна і запамінальна, а не “тануць” у віхуры падзей.

Па-другое, даступнасць тых самых падзей. Вядома, уваход на значную частку мерапрыемстваў фотафестывалю — напрыклад, тыя ж лекцыі, слайд-паказы, пэўныя выстаўкі — быў вольны. Аднак зацікаўленаму гледачу, які хацеў наведаць большасць выставак, калі не ўсе, давялося патраціцца. Я не за бясплатны ўваход, але выйсцем з сітуацыі бачыцца ўвядзенне абанементу. Ён дазволіў бы атрымаць яго ўладальніку істотную зніжку на білеты ды прастымуляваў бы да наведвання ўсіх падзей форуму, а не да асобных, калі ўжо спрацоўвае прынцып: калі набыў, чаму б і не схадзіць? Пакуль жа ад многіх зацікаўленых даводзілася чуць: “Схадзіў бы, але нешта шмат “набягае”.

І па-трэцяе — кульмінацыя фестывалю, якая прадэманстравала б яго звышзадачу. Нельга не ўхваліць аб’яднанне розных інстытуцый у рамках Месяца фатаграфіі з мэтай “умацавання статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва”. Тое — вялікі крок, што нельга не заўважыць. Таксама і з’яўленне новай прэміі дакументальных ды арт-праектаў “Prafota”, дзе пераможцы адзначаюцца, у тым ліку, фінанасавымі заахвочваннямі, — ініцыятыва, вартая падтрымкі. Тым не менш, не магу пазбавіцца адчування, што пэўнай цэнтравой падзеі фестывалю ўсё ж бракавала. Прытым што форум ужо зрабіў немагчымае, аб’яднаўшы самых розных гульцоў культурнага поля, выявіўшы маладое пакаленне, зрабіўшы акцэнт на гісторыі беларускай фатаграфіі, давёзшы да нас Марціна Пара. Выстаўкі, якая прадэманстравала б светапогляд мінскага Месяца фатаграфіі, мне асабіста так і не хапіла. Магчыма, ёю ў пэўнай ступені можна назваць выніковую экспазіцыю прэміі “Prafota”? Аднак яна — усё ж плён конкурсу. Дзе гарантыя таго, што налета ўсё складзецца гэтак жа ўдала?..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"