Пагрозы няма, але кадраў бракуе…

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

На вазах — на вяселле, або Як жа захаваць аўтэнтыку?
“К” працягвае цыкл публікацый, нагодай для якіх стаўся магілёўскі Міжнародны форум ”Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, куды з’ехаліся дзясяткі спецыялістаў па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры, а таксама кіраўнікі рэгіянальных цэнтраў народнай творчасці як з Беларусі, так з і многіх краін свету. Гэтым разам прадстаўляем меркаванні дырэктараў абласных метадычных цэнтраў наконт праблем ды перспектыў развіцця традыцыйнай беларускай культуры.

/i/content/pi/cult/514/11097/7-1.jpg

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці:

— Радуе любая магчымасць сустрэцца са спецыялістамі, якія працуюць у галіне народнай творчасці не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, абмеркаваць набалелыя пытанні, абмяняцца досведам… Бо сёння перад намі, дырэктарамі і супрацоўнікамі цэнтраў і дамоў народнай творчасці, стаіць адна праблема: захаваць тое, што засталося нам ад бацькоў, дзядоў ды прадзедаў...

На Міншчыне ў плане захавання традыцыйнай культуры робіцца шмат… Як вядома, у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі ўнесены 11 аб’ектаў з нашай вобласці (сёлета, дарэчы, мы падалі дакументы на прысваенне такога ж статуса яшчэ 10 аб’ектам), а абрад “Цары” з вёскі Семежава заняў пачэснае месца ў Спісе сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESСO. Не магу не згадаць і тое, што, згодна з Абласной праграмай “Традыцыйная культура і дзеці” на 2006 — 2010 гады, мы змаглі прыцягнуць да ўдзелу ў адраджэнні народных традыцый малодшае пакаленне жыхароў Міншчыны. Напрыклад, дзякуючы гэтаму ў Клецку цяпер ладзіцца Абласное свята-конкурс дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”… Дарэчы, такую ж абласную праграму мы плануем і на 2015 — 2020 гады: усе неабходныя дакументы пад гэта падрыхтаваны…

Яшчэ адной адметнасцю Міншчыны на сёння з’яўляецца тое, што традыцыйныя беларускія паясы ў нас ткуць у кожным раёне. Дзякуючы гэтаму мы змаглі зладзіць абласное свята-конкурс майстроў ткацтва і пляцення паясоў “Беларускі пояс” ва Уздзе (там, дарэчы, самым бліжэйшым часам будзе арганізаваны Музей пояса — унікальная ўстанова культуры не толькі для Міншчыны, а і для ўсёй Беларусі). А яшчэ ў нас распачата традыцыя правядзення Абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы” ў Слуцку. Першая такая імпрэза адбылася летась. З наступнага года, згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады, гэтую акцыю будзем ладзіць штогод…

Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:

— Адна з праблем у галіне народнай творчасці, на мой погляд, — кадравая. Нам не хапае спецыялістаў, якія працавалі б у раёнах менавіта ў сферы традыцыйнай культуры. Натуральна, мы і самі ладзім у сваім Цэнтры курсы па павышэнні кваліфікацыі, дзе вучым культработнікаў таму або іншаму віду рамёстваў, даём агульныя ўяўленні аб народных традыцыях… Але ўсё адно такіх спецыялістаў не хапае…

Яшчэ адна праблема: на сяле зараз не так ужо і шмат, як раней, застаецца моладзі, не так шмат там і дзяцей… А засвоіць народныя традыцыі можа, пагадзіцеся, хутчэй той, хто жыве ў сельскай мясцовасці — менавіта там, дзе бытавалі і бытуюць абрады, танцы, песні...

Але ж, як вядома, малады чалавек, нават і жывучы ў вёсцы, можа не мець цікавасці да традыцыйнай культуры. Як яго прыцягнуць, як яго зацікавіць, каб забяспечыць пераемнасць традыцый у тым або іншым паселішчы? Пытанняў у гэтым аспекце сёння больш, чым адказаў… Але я гляджу на будучыню традыцыйнай культуры ў Беларусі з аптымізмам. Напрыклад, на сёння мы ўнеслі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі восем аб’ектаў, і гэтая праца працягнецца ў перспектыве… У тым ліку — з дапамогай маладых людзей, зацікаўленых у захаванні, адраджэнні ды папулярызацыі народных беларускіх традыцый…

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы:

— Галоўная наша задача, задача ўсіх метадычных цэнтраў — гэта захаваць, зберагчы ўсё тое, што мы адрадзілі: абрады, танцы, спевы… Справа ў тым, што сённяшняя сітуацыя, калі многія арыентаваны на мадэрн, на шоу-бізнес, на атрыманне прыбыткаў, нясе пагрозу для існавання традыцыйнай беларускай культуры. Адна з такіх праблем — гэта распаўсюджанне ў грамадстве пэўнага попыту на замежныя традыцыі: нехта вучыцца танцаваць ламбаду, іншы ходзіць на заняткі, дзе навучаюць танцу жывата, і гэтак далей… Але ж не завітвае туды, дзе навучаюць беларускім народным танцам... Падобны “мадэрн”, як мне падаецца, сёння выглядае сапраўднай пагрозай існаванню аўтэнтыкі...

Між тым, сёння нікога не трэба пераконваць у тым, што беларуская традыцыйная культура вельмі багатая і разнастайная. Але гэтую культуру абавязкова трэба дэманстраваць у сродках масавай інфармацыі, на тэлебачанні, у Інтэрнэце. Напрыклад, мы здаўна супрацоўнічаем з мясцовым, Магілёўскім абласным тэлебачаннем, робім разам тэлеперадачы, выязджаючы ў той або іншы раён вобласці ды запісваючы носьбітаў традыцый. Што да газет, дык публікацыі пра фестывалі і імпрэзы, звязаныя з традыцыйнай культурай, пастаянна з’яўляюцца на старонках рэгіянальных СМІ… Падобную практыку, на мой погляд, варта было б пераняць і ў іншых абласцях, балазе мясцовае тэлебачанне і СМІ сёння існуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны…

Кацярына ЛАБУКА, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:

— Традыцыйная культура — гэта, можна сказаць, аблічча нацыі, ад яе ўсё ідзе, з яе ўсё пачынаецца. І мы, маю на ўвазе абласныя метадычныя цэнтры, павінны сёння рабіць усё магчымае, каб захаваць гэтую культуру, каб не страціць сваё аблічча сярод іншых народаў. І хоць час зараз складаны, бо носьбіты аўтэнтыкі паступова ад нас сыходзяць, усё адно, мяркую, у нас ёсць магчымасць захаваць багацце традыцыйнай культуры ды перадаць яго нашчадкам. І ў першую чаргу, лічу, гэта варта рабіць, абапіраючыся на раённыя дамы рамёстваў, на фальклорныя калектывы. Дый сённяшняя аптымізацыя, калі ў раёнах адбываецца аб’яднанне розных устаноў у культурна-дасугавыя цэнтры, на мой погляд, таксама можа паспрыяць захаванню і адраджэнню аўтэнтыкі.

Якім чынам? Напрыклад, калі аб’ядноўваюцца цэнтры і дамы рамёстваў, як у некаторых раёнах у нас на Віцебшчыне, дык гэта дазваляе больш шырока прапагандаваць той жа фальклор, тыя ж народныя традыцыі, ладзіць этнадыскатэкі і гэтак далей. Але гэта трэба рабіць паступова, без націску, без гвалту, уводзячы пэўныя элементы з народных танцаў, спеваў, гульняў пад час розных мерапрыемстваў... Тады моладзь будзе адгукацца на падобныя этнаімпрэзы, бачыць у спрадвечных традыцыях нешта цікавае і нават моднае ды прэстыжнае…

Святлана КАРЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:

— Нам пашанцавала: шмат аўтэнтычных народных традыцый на Брэстчыне бытуюць да сёння. Іх нават не трэба адраджаць, а трэба падтрымліваць і перадаваць назапашаны досвед маладым пакаленням. Можна сказаць, што ў нас традыцыйная культура — жывая. Гэта не толькі радасць, але і вялікая адказнасць. Напрыклад, той жа ганчарны промысел у вёсцы Гарадная Столінскага раёна дасюль мае жывых носьбітаў традыцый, а з дапамогай мясцовага Цэнтра рамёстваў мы зацікаўліваем ім і мясцовых дзяцей ды падлеткаў. Тое ж самае можна сказаць і пра бондарства, якое паспяхова адраджаецца на Іванаўшчыне і ў іншых раёнах Брэстчыны. Маем 230 фальклорных калектываў, 33 з іх маюць найменні “народны” і “ўзорны”, ладзім фестывалі традыцыйнай культуры, так што ў гэтым плане ў нас ёсць чым пахваліцца.

Адна з асноўных праблем у традыцыйнай культуры на сёння, на мой погляд, — кадравая. Бо спецыялістам па фальклоры трэба не толькі запісваць песні, расповеды, але і фіксаваць усё гэта на паперы, з дапамогай аўдыя- і відэатэхнікі. Значыць, патрэбны людзі, якія ўсё гэта могуць рабіць без асаблівых цяжкасцей. Другое пытанне — наяўнасць тых жа тэхнічных сродкаў, прычым якасных, тых, што адпавядаюць сённяшняму дню. Натуральна, на касеты запісы рабіць сёння не варта, а на лічбавую тэхніку ў мясцовых раённых цэнтрах часам, на жаль, не стае фінансавых сродкаў.

Яшчэ адзін кірунак для дзейнасці — дзіцячыя фальклорныя калектывы. Выхаваць іх — вялікая праца, для якой таксама патрэбны высакакласныя спецыялісты. Шмат у гэтым плане нам дапамагае Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, дзякуючы якому мы і самі вучымся, і бяром вельмі шмат метадычных матэрыялаў, і дэманструем свае здабыткі… Але хоць падобныя калектывы на Брэстчыне ёсць, іх трэба сёння абавязкова падтрымліваць, працаваць з імі, бо з цягам часу менавіта яны будуць прадстаўляць традыцыйную культуру нашага рэгіёна...

Мікалай ШАМШЭНЯ, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці:

— Калі глядзець на сённяшнюю сітуацыю, дык, на мой погляд, казаць пра пагрозу існавання традыцыйнай культуры на Беларусі не выпадае. Натуральна, аўтэнтыку трэба захоўваць, прапагандаваць, зберагаць, што робім і мы, і іншыя цэнтры народнай творчасці. Бо, натуральна, носьбіты традыцый паступова сыходзяць, і таму трэба клапаціцца пра тое, каб зафіксаваць усю ўнікальную культуру свайго рэгіёна, каб данесці яе да будучых пакаленняў.

Але сёння можна ўбачыць і тое, як элементы традыцыйнай культуру ўваходзяць у паўсядзённасць беларусаў. Напрыклад, вяселле ўжо нельга ўявіць без аўтэнтычнага ручніка, спечанага каравая... Больш за тое, у некаторых раёнах вяртаецца традыцыя ўпрыгожваць коней і ехаць на вяселле на вазах — так, як гэта было даўней… Той жа аграэкатурызм, які сёння паспяхова развіваецца ў Беларусі, не можа абысціся без звароту да традыцый: гэта і выступленні аўтэнтычных ансамбляў, і нацыянальная кухня, і прылады працы, і дэкор памяшканняў пры дапамозе кавальскіх ды драўляных вырабаў, і многае іншае…

Зважаючы на ўсё, пералічанае мною, магу сказаць, што традыцыямі сёння цікавяцца, у тым ліку, моладзь ды дзеці — праз гурткі, праз выступленні на розных этнафестывалях, згадайма хаця б тую ж “Берагіню”... А гэта значыць, што аўтэнтыка будзе жыць і ў XXI стагоддзі!..

Фота Юрыя ІВАНОВА і Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"