Наш удзел у Біенале

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Арт-крытыкі: праект Беларусі для Венецыі, рэпрэзентацыя краіны і форум як "парк атракцыёнаў"
Упершыню за кароткую гісторыю беларускага ўдзелу ў Венецыянскім біенале ў Нацыянальным павільёне не будзе твораў мастацтва ў “зразумелым” для нас сэнсе слова: ні жывапісу, ні графікі, ні скульптуры, ні нават аб’ектаў і перформансаў. Замест іх — нязвыклы паводле прынцыпаў свайго функцыянавання архіў старых фота ды іншых матэрыялаў, прысвечаных дзвюм сусветным войнам.

/i/content/pi/cult/515/11093/1-3.jpg

Сведка як дзеючая асоба гісторыі

/i/content/pi/cult/515/11093/4-11.jpgМагчыма, у родных пенатах у некага гэты выбар журы выкліча здзіўленне ці раздражненне, але ў той культурны кантыніум, дзе найважнейшай з’яўляецца свежасць і грунтоўнасць ідэі, а не спосабы яе ўвасаблення (іх цяпер “грэбліва” называюць медыя) такі канцэптуальны праект упішацца як родны. Ён атрымаўся ўніверсальным паводле задумы, але, у дадатак, — і папраўдзе беларускім па змесце. Беларускім у самым лепшым і глыбокім сэнсе слова.

Сам падыход да культурнай рэпрэзентацыі краіны ў замежжы на тле павучальных “калялевіяфанаўскіх” дыскусій стаў тэмай злабадзённай. На маю думку, журы абрала папраўдзе выйгрышны варыянт. “Архіў сведкі вайны” не імкнецца зруйнаваць існыя стэрэатыпы і тым больш іх не ўмацоўвае, забяспечваючы “троляў” калорыямі. Праект — увогуле пра іншае: пра суб’ектыўнае асэнсаванне часу і гісторыі, пра ролю рэцыпіента не толькі ў функцыянаванні твора сучаснага мастацтва — менавіта яму, гледачу, наканавана стаць асноўнай дзеючай асобай “Архіва…”, — але таксама і наогул у інфармацыйных працэсах.

Гэтую ролю многія па-ранейшаму ўспрымаюць як выключна пасіўную, і таму “месэдж” пра такую важную для ўсіх беларусаў гістарычную з’яву, як апошняя вайна, часта транслюецца метадам “жорсткага ўздзеяння” на калектыўнае несвядомае. Аўтар ідэі “Архіва…” Аляксей Шынкарэнка вынайшаў зусім іншы, папраўдзе ўнікальны канал перадачы інфармацыі пра тыя падзеі нашай гісторыі, якія, на шчасце, падаюцца сучасніку далёкімі ды незразумелымі. Замест засваення сфармуляваных кімсьці “прапісных ісцін”, сучаснік у цішы глядзіць старыя фотаздымкі, здатныя ўздзейнічаць як на розум, так і на пачуцці, ды вольны дзяліцца сваімі ўражаннямі. Вядома, такая методыка больш складная, але... Затое яна скіравана акурат на актыўнае (ці нават інтэрактыўнае) успрыняцце айчыннай гісторыі.

Як падкрэсліла пад час прэс-канферэнцыі сакуратар праекта Вольга Рыбчынская, “Архіў…” ставіць сабе за мэту не ўпісацца ў якіясьці замежныя трэнды, але данесці да інтэрнацыянальнай аўдыторыі біенале “голас” тых простых жыхароў Беларусі, якія адлюстраваны на пажаўцелых фота. На жаль, у “пагоні за брэндамі” мы дагэтуль не разумеем, што менавіта гэтым можам быць цікавымі “культурнаму” свету. Хаця нават факты сведчаць пра адваротнае. Адзіны ў нашым стагоддзі фільм з лагатыпам “Беларусьфільм”, што меў папраўдзе міжнародны поспех, — гэта не нейкі эпічны баявік (а яны — у асартыменце), але камерны “У тумане”, у якім дзеючымі асобамі з’яўляюцца тыя самыя “простыя жыхары”. На маю думку, работа Сяргея Лазніцы — не больш чым удалая экранізацыя Васіля Быкава. “Архіў сведкі вайны” — рэдкі і доўгачаканы працяг яго падыходу да адлюстравання ваенных падзей.

Ілья СВІРЫН

Што даюць такія Біенале ўласна Беларусі?

/i/content/pi/cult/515/11093/4-2.jpgНе сумняваюся: зараз на мяне могуць накінуцца прыхільнікі сучаснага авангарднага мастацтва, дакладней кажучы — так званага актуальнага, або, значыць, канцэптуальнага. За што? За згадку пра казку Андэрсена “Голы кароль”. Калі пісьменнік ствараў свой шэдэўр, ён не меркаваў, наколькі справядлівай будзе мараль яго казкі для “канцэптуальнага” мастацтва ХХI стагоддзя. Думаю, вы зразумелі мой намёк. Я кажу пра тое, што нават прафесійны мастацтвазнаўца не можа толкам і пераканаўча прааналізаваць “авангардную” рэч таго ж Полака ці Міро, абыходзячыся нейкімі абстрактнымі “філасофскімі” фразамі…

Заходнікам лягчэй: яны даўно прывыклі да канцэптаў ХХ стагоддзя Дзюшана, Мандрыяна, Клее, Бойса, прызвычаіліся думаць, што мастаком можна стаць і пры адсутнасці адукацыі, прафесійнай мастацкай школы. Падобных прыкладаў на мінулых Венецыянскіх біенале сучаснага мастацтва было шмат. Быў такі Роберт Стор, галоўны куратар, здаецца, 52-га Біенале, які наўпрост азначыў гэты арт-форум ні больш ні менш — “фестывалем”, “шоу”, “мастацтвам у сучаснасці”. Што будзе заўтра пасля такіх “шоу” ў “парку атракцыёнаў” — зусім не важна. А наша мадэль, пабудаваная на рэалізме, у тым ліку і сацыялістычным, патрабуе ад мастака маляваць з дапамогай пазнавальных і знаёмых вобразаў, зразумелых любому гледачу, каб усё было “як у жыцці”, як у вялікіх Шышкіна, Рэпіна, Айвазоўскага. Хаця прасунутыя беларускія гледачы-інтэлектуалы паступова пачынаюць прывыкаць і да “квадратаў” Малевіча, і да біяморфных элементаў Кандзінскага, якія лунаюць падобна да нейкіх першасных арганізмаў у міжпланетнай пустэчы...

Беларусы ў бягучым годзе, з мая па лістапад, прадставяць нашу краіну на 56-м Венецыянскім біенале. Гэта ўжо трэці наш удзел. Будзе прэзентаваны, на мой погляд, цудоўны сацыяльна-мастацкі праект “Архіў сведкі вайны”, у аснову якога пакладзена складаная “дыялектыка” ўнікальных фатаграфій апошніх сусветных войн з галоўным акцэнтам на ваеннай “геаграфіі” нашай зямлі. Праект, распрацаваны Аляксеем Шынкарэнкам, Вольгай Рыбчынскай пры удзеле Канстанціна Селіханава (камісар павільёна — Наталля Шаранговіч), ажыццяўляўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Не памылюся, калі скажу, што падобнага праекта ў нас яшчэ не было. У прэс-рэлізе падрабязна апісана яго канцэпцыя, таму не буду паўтарацца. “Фішка” яшчэ і ў тым, што праект мае рэалізоўвацца адначасова ў Венецыі і ў Мінску. “Мэта паралельнай работы двух архіваў сусветных войнаў, — сказана ў прэс-рэлізе, — вытрымліваючы геаграфічную дыстанцыю, выявіць розніцу ўласцівасцей гэтых архіваў, праявіць іх сувязь ды ўзаемадзеянне. Паміж дзвюма пляцоўкамі, як і паміж архівамі, будзе адбывацца абмен меркаваннямі, пытаннямі ды адказамі”.

Што там насамрэч атрымаецца ў гэтай непрадказальнай еўрапейскай прасторы, дзе, у рамках дэвіза 56-га Біенале “All the World’s Futures” (“Усе лёсы свету”), будуць змагацца за “Залатых ільвоў” некалькі дзясяткаў краін планеты, дакладна сказаць пакуль цяжка: арт-форум распачнецца толькі праз тры месяцы. А варажыць зараз на кававай гушчы з глыбакадумным выглядам арт-знаўцы — самі разумееце, не той каленкор… Галоўны мой сумнеў у тым, што сённяшняе еўрапейскае грамадства, асабліва моладзь, якое прыйдзе ў беларускі павільён, на жаль, ужо далёкае ад разумення тых “глабальных катастроф”, што здарыліся ў гісторыі ХХ стагоддзя. Для іх сусветныя войны, іх кроў і попел, пакуты ды мільённыя ахвяры — нейкія напаўзабытыя міфы. Невядома, як такое глядацкае ўспрыманне беларускай ідэі адгукнецца ў “інфармацыйнай сістэме” іхніх шмат у чым страчаных душ…

Але мне даўно хацелася зразумець іншае: што даюць такія Біенале ўласна Беларусі — у кантэксце, канешне ж, развіцця і станаўлення сённяшняга айчыннага “актуальнага мастацтва”. Ды наогул, як яны ўплываюць на простага гледача, які, як ні круці, пакуль не прывучаны думаць на выстаўках, праходзячы ля твораў выяўленчага і “невыяўленчага” мастацтва, тым больш калі бачыць мудрагелістыя перформансы, арт-аб’екты, інсталяцыі?

Зразумела, такія міжнародныя акцыі грэх прапускаць. Аднойчы, гадоў шэсць таму, у 2009-м, мы пакрыўдзіліся, што нас не запрасілі на чарговы Венецыянскі біенале, і, як бы ў адплату, хто памятае, арганізавалі “Беларускі павільён Венецыянскага біенале” ў Мінску, у выставачным комплексе “БелЭКСПА” на вуліцы Янкі Купалы, 27. Так трыццаць беларускіх мастакоў і майстроў фатаграфіі ўпершыню спрычыніліся, хаця б віртуальна, да Венецыі. А то атрымліваецца, што, калі не прадстаўлена ў Венецыі твая краіна, дык, значыць, нешта дрэннае адбываецца з нашым актуальным мастацтвам? Не, нічога падобнага! Ні Сяргей Кірушчанка, ні Уладзімір Цэслер, ні Артур Клінаў ды іхнія калегі нічым не горшыя за еўрапейцаў ды іншых розных чужаземцаў… Так было… Ну а потым усё як бы ўладзілася. У некалькіх Біенале беларусы прынялі ўдзел. Зразумела, перш за ўсё тут важны імідж нашай краіны як культурнай дзяржавы ў свеце. Гэта я разумею. Тады мы больш-менш дастойна паставілі свой “аўтограф” у еўрапейскай прасторы сучаснага мастацтва. Што будзе ў гэтым годзе — пабачым… Але, як бы там ні было, для беларусаў дадзены праект як спроба глыбокага экзістэнцыяльнага асэнсавання “філасофіі” войн у кантэксце цяперашняга і будучага часу — з’ява знакавая. І будзе добра, калі яе пабачыць як мага больш людзей.

Але існуе і іншая праблема, што мяне даўно хвалюе. Дзе сёння ўсе гэтыя творы, якія цягам дзесяцігоддзяў, пачынаючы з 1970-х, “прыпісваліся” крытыкамі да “сучаснага авангарднага мастацтва” і якія мы бачылі на розных нефармальных ды фармальных выстаўках (дарэчы, на тых жа мінулых Венецыянскіх біенале)? Вы, мабыць, ужо здагадаліся, да чаго гэта я. А да таго, што ў нашай сталіцы патрэбен Музей сучаснай выяўленчай культуры з вялікай пастаяннай экспазіцыяй беларускага авангарда, пра стварэнне якога мы марым ужо шмат гадоў.

І тады, калі такі музей з’явіцца, наведвальнік у любы час зможа паглядзець не на “голага караля”, а на тое лепшае, што калісьці адбывалася на нашай зямлі, — ад твораў нон-канфармістаў 1970 — 80-х да таго, што экспанавалася на старце новага тысячагоддзя, у тым ліку ў цудоўнай Венецыі ды ў іншых гарадах Еўропы. І — здолее трошкі па-іншаму ўбачыць ды асэнсаваць усе трывогі ды надзеі нашага часу ў іх паўнаце, перажытыя турботнымі мастакамі, так бы мовіць, “парушальнікамі спакою”. Бо без такіх “парушальнікаў” руху мастацтва наперад ніколі не будзе… Ну а глядач на падобных прыкладах зможа зразумець, што акрамя прывычнага рэалістычнага мастацтва існуе яшчэ і іншае, адпаведнае новым складаным інфармацыйным ды тэхналагічным рэаліям XXI стагоддзя.

Барыс КРЭПАК

Не толькі пра вайну

/i/content/pi/cult/515/11093/44-47.JPGПа-шчырасці, пісаць аб праекце “Архіў сведкі вайны”, што будзе прадстаўлены сёлета на Венецыянскім біенале, мне трошкі няпроста, бо я ведаю яго знутры. У верасні мінулага года па запрашэнні яго куратара Аляксея Шынкарэнкі я працавала на “Архіве…” медыятарам. Нагадаю, што ўпершыню праект прагучаў менавіта тады: летась увосень ён быў рэалізаваны ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і паспяхова прайшоў апрабацыю гледачом. Ужо пасля яго ідэя атрымала развіццё ды ўвасобілася ў адмысловую версію для Венецыянскага біенале, якая і выйграла конкурс Міністэрства культуры краіны на канцэпцыю Нацыянальнага павільёна.

Дык якім жа чынам развіўся праект? І ў чым яго мастацкая вартасць? На гэтыя аспекты зараз, пасля афіцыйнай прэзентацыі “Архіва сведкі вайны” прэсе і публіцы, мне хочацца звярнуць увагу. І акурат той самы досвед удзелу, які, з аднаго боку, не дае паглядзець на праект звонку, з іншага, дзякуючы вопыту быцця знутры, дазваляе казаць аб “Архіве…” як праекце папраўдзе ўнікальным.

Так, здаецца, ён — пра вайну. Пра Першую сусветную, бо яго асновай з’яўляюцца фатаграфіі той вайны, зробленыя на тэрыторыі Беларусі. Зараз жа праект дадае ў сябе і архіў Другой сусветнай. У новай — распрацаванай для Венецыянскага біенале — версіі “Архіў…” прапануе сутыкнуць два пласты фотаархіваў гэтых “глабальных катастроф”. З архівам Вялікай вайны наведвальнік беларускага Нацыянальнага павільёна мае працаваць у Венецыі. Масіў архіўных фатаграфій Другой сусветнай у гэты ж час будзе прапанаваны ў адмысловым фармаце для публікі ў Мінску — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Гэта першая змена.

Але галоўнае — што значыць у праекце “вайна”? Прадстаўленая на фатаграфіях з архіваў беларускіх музеяў, яна “гучыць” не проста як “рэха даўно мінулых дзён”, — яна адыгрывае своеасаблівую ролю “брамы” ў часе. І, прапануючы пазнаёміцца з тым, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў часы ліхалеццяў, “Архіў сведкі вайны” ўводзіць у свае суаўтары фігуру гледача. Праект пытаецца ў гледача пра тое, што ён бачыць, што адчувае і думае, — і ў гэтым яго прынцыповае адрозненне ад выключна гістарычных варыянтаў. Менавіта для гэтага ў верасні ў Музеі працавалі медыятары — людзі, якія размаўлялі з наведвальнікамі, распытваючы пра іх уражанні, адчуванні. А ў новай версіі, разлічанай на міжнародную аўдыторыю, у экспазіцыю ўводзіцца Інфармацыйная сістэма, камп’ютар. Паводле задумы аўтараў, адмыслова распрацаваная праграма, якая разлічана на шматмоўе, будзе прапаноўваць гасцям Нацыянальнага павільёна розныя рэжымы ўзаемадзеяння з фотаархівамі і, вядома, прапанову пакінуць свой водгук, эмацыйны “адбітак”, на ўбачанае. Дадзенае ўвядзенне ў глабальны кантэкст праз электронныя сродкі — другая змена ў праекце.

Дык у чым жа мастацкая вартасць “Архіва…”? — пыталіся многія, хто не разабраўся. А яна — менавіта ў гэтым сутыкненні рэакцый, што пакідае глядач, які ў дадзеным кантэксце ператвараецца ў сведку. Бо ён распавядае — сведчыць, — сваімі словамі, сваім голасам, пра тое, што бачыць: пра мінулае, ды, у рэшце рэшт, пра сучаснае і будучае. Нездарма сакуратар Вольга Рыбчынская ў анатацыі да праекта прыводзіць словы французскага куратара і крытыка Нікаля Бурыа: “Мастацтва ёсць месца, якое стварае адмысловую прастору зносін”. Менавіта стварэнне “прасторы зносін” на аснове фатаграфічных архіваў і ёсць тая мастацкая вартасць праекта, якую так проста не ўбачыць. І гэтая асаблівасць надзвычай удала “рыфмуецца” з дэвізам 56-га Венецыянскага біенале “Усе лёсы свету”, што адсылае да стварэння поля для дыскусіі наконт лёсаў нацый, чалавецтва, чалавека…

Дый сама асоба сведкі, з якой працуе праект… Разважаючы пра мінулыя войны, сведчачы пра іх як “жыхары ХХІ стагоддзя”, мы не можам адкінуць назапашанае, тое, што ведаем ды памятаем, і таму кажам, у тым ліку, пра сучаснае. Мы сведчым пра войны, якія былі ў нашай гісторыі, але — і пра войны чалавецтва, што не заканчваюцца да гэтай пары…

У рэшце рэшт, “Архіў сведкі вайны” аказваецца і праектам пра час, а дакладней — пра “чалавека ў часе”, пра тое, як чалавек з ім стасуецца. Таму, чуючы пра тое, што мы зноў абралі “праект пра вайну”, хочацца сказаць, нарэшце, не толькі пра апошнюю.

Як было адзначана на прэс-канферэнцыі, зараз каманда праекта рыхтуецца да адмысловага тура па музеях, фатаграфічныя архівы якіх задзейнічаны ў галоўнай экспазіцыі. Таксама вядзецца праца над другой часткай — стварэннем “прасторы для зносін” на базе фотаархіваў Другой сусветнай вайны, якая, нагадаю, будзе адкрыта паралельнай экспазіцыяй у Мінску.

Варта абавязкова адзначыць і трэцюю змену ў праекце. Версія для Нацыянальнага павільёна ўключае ў сябе новы мультымедыйны элемент — інсталяцыю Канстанціна Селіханава “Лес”, што стварае адмысловую зону для медытацыі і роздуму, дзе наведвальнік можа пераасэнсаваць убачанае ды сказанае.

Пакуль невядома, як увасобяцца ў жыццё ўсе элементы “Архіва…” цягам “часу Ч”, але з тым, што яго ментальная канструкцыя сягае далёка за звыклыя для беларускай публікі ўяўленні пра высокае мастацтва, якое звычайна асацыюецца з карцінай або скульптурай, цяжка паспрачацца. І гэта значны крок наперад. Хочацца дадаць і тое, што водгукі, якія пакінулі гледачы пад час “першага ўвасаблення” “Архіва…” і якія будуць уключаны ў новую Інфармацыйную сістэму ў Венецыі, ужо зараз пачынаюць з’яўляцца на адмысловым сайце праекта.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота ў калажы Аліны САЎЧАНКА, Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА і з архіва праекта "Архіў сведкі вайны"

"К" пісала раней пра мінскі этап праекта "Архіў сведкі вайны" тут.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"
Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"