А.Камінскі. “На Стрэчанне”

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Сцэнарый фестывалю фальклорных калектываў

Адным са старажытных свят зімовага народнага календара — Грамніцы, якое адзначаецца 15 лютага. Даследчыкі мяркуюць, што назва паходзіць ад язычніцкага бога Грамоўніка (Перуна) — бога веснавых дажджоў і навальніц. У народным календары і гаспадарчым жыцці Грамніцы былі для гаспадара важнай мяжой — “залатым сячэннем”, якое сведчыла аб тым, што да гэтага часу заканчвалася першая, самая марозная, самая лютая частка зімы. Другая назва — Стрэчанне тлумачыцца як сустрэча зімы з летам і як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. У хрысціянстве свята з’явілася ў VI ст. і ўсталявана ў памяць сустрэчы немаўляці Ісуса Хрыста ва Іерусалімскім храме са старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай, якія славілі Збавіцеля [18, с. 75]. З гэтага перыяду ўсталёўваецца новая хрысціянская традыцыя — асвячэнне свечак, каб абараніць сябе і ўсіх членаў сям’і ад чарадзейства, сурокаў і хвароб. На ўсёй тэрыторыі Беларусі грамнічная свечка вельмі шырока выкарыстоўваецца амаль што ва ўсіх аграрных, сямейна-бытавых абрадах і рытуалах. У прадстаўленай метадычнай распрацоўцы стрэчанскія святочныя традыцыі з’яўляюцца асновай для абрадава-рытуальных дзей фестываляў фальклорных калектываў. Менавіта ў гэты дзень, па народным уяўленні, сустракаліся зіма з летам. Гэтая падзея натхніла аўтараў сцэнарыя да ідэі, каб 15 лютага на адной сцэнічнай пляцоўцы сустрэліся фальклорныя калектывы розных напрамкаў і плыняў. Гэты сцэнарый дазваляе рэжысёрам і арганізатарам святочных дзей правесці фестываль на некалькіх пляцоўках, згодна ўласнай канцэпцыі. На пляцоўку, дзе будзе адбывацца тэатралізаванае адкрыццё, выходзіць у нацыянальным строі дудар з дудой — гучаць пазыўныя свята. На кліч дуды “адгукаюцца” два фальклорныя гурты (спачатку калядны гурт, які сімвалізуе зіму, затым — веснавы гурт, які сімвалізуе вясну) і пачынаюць шэсце — прыход з процілеглых бакоў пляцоўкі на сустрэчу адзін аднаму. Выконваюць абрадавыя песні:

КАЛЯДНЫ ГУРТ:
Як пайшла Каляда, калядуючы.
Гэй, Каляда, Каляда.
Як зайшла Каляда,
Да ў першую хату.
Гэй, Каляда, Каляда.
А ў першай хаце Каўбасу пякуць.
Гэй, Каляда, Каляда.
А ў другой хаце Злата важаць.
Гэй, Каляда, Каляда. Гэй, Каляда, Каляда.

ВЕСНАВЫ ГУРТ:
Дапамажы, Божа,
Божа мілы, зіму замыкаці!
Зіму замыкаці,
Вясну загукаці!
Зімою ў вазочку,
вясною ў чаўночку,
У цёплым леце — у карэце.
Благаславі, Божа,
зіму замыкаці,
Замыкаці, Вясну загукаці.

Гурты сустракаюцца каля пляцоўкі. Удзельнікі гуртоў робяць паклон адзін аднаму. Пасля паклону спяваюць песню “Зіма з летам страчаецца”: Зіма з летам страчаецца, гэй! Зіма з летам страчаецца, Брат з сястрою прашчаецца. Брат з сястрою прашчаецца, гэй! Брат з сястрою прашчаецца, пра здароўе пытаецца. Здароў, зімка з кастылькамі, Здароў, зімка з кастылькамі! Добры здароў, цёпла лета, гэй! Добры здароў, цёпла лета, Цёпла лета з кіёчкамі! На фоне гэтай песні гурты яднаюцца ў адзін фальклорны гурт, паварочваюцца тварам да гледача. На апошніх тактах песні зноў гучаць пазыўныя свята, якія выконвае дудар.
Аб’яднаны фальклорны гурт выконвае стрэчанскую песню “А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне”.
А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне:
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула,
І ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.

 На апошніх тактах гэтай песні ад каляднага гурта да веснавога адыходзяць Дзед-пачынальнік з каляднай зоркай і Вяснянка з птушачкай. Яны падымаюцца на сцэну да мікрафонаў. Гучыць беларуская дуда. Дудар пакідае сцэну і ўступае месца вядучым.

ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Дзень добры, люд пачэсны! Сёння зімейка ў бок вясны азірнулася, але валоданне зямліцай не спяшаецца аддаць. Таму і пытаецца люты, ці добра вашыя ногі абуты.
ВЕСНЯНКА: У першы раз зімейка з вясной сустрэлася, а вясна яе ціхонечка піхнула, а зімейка ножку падвярнула, ды на лета павярнула.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Вы спытаецеся: што гэта такое? На дварэ — люты, а тут зіма з вясною сустракаюцца? Можа, падман які? Ці якая памылка?
ВЯСНЯНКА: Не палохайцесь, людцы добрыя, ніхто вас не падманвае і ніякай памылкі не атрымалася, бо яшчэ ў далёкім мінулым, у язычніцкія часы, па меркаваннях старажытных беларусаў…
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: …менавіта ў гэты дзень, 15 лютага, зіма на лета паварочвае і з вясною сустракаецца, адгэтуль і назва свята — Стрэчанне.
ВЯСНЯНКА: А каб зіма на лета павярнула і назад не адвярнула, за гэтым пільна сочыць бог веснавых навальніц і дажджоў — Грамоўнік.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Ад яго імя ўтварылася і другая назва свята — Грамніцы. Гучыць фанаграма прыезду Грамоўніка — гром.
ВЯСНЯНКА: Вось, чую — грукочуць палавіцы: гэта да нас з вамі бог Грамоўнік крочыць.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: А мы яго павінны добра сустрэць. Бо, як запрыкмецілі старажытныя беларусы, Грамоўнік — бог настрою. Дрэнны настрой можа даць мароз, добры настрой — цяпло. І таму свята “Грамніцы” ў народным календары лічыцца пераломным.
ВЯСНЯНКА: Так, добры настрой вясне дапаможа, а дрэнны — зімачку затрымае. ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: І каб добра яго сустракаці, трэба песню яму заспяваці. Выконваецца песня “Зіма з летам сустракаецца”. Выконвае аб’яднаны фальклорны гурт.

Зіма з летам сустракаецца,
Пра здаровейка пытаецца.
Ой, чалом, чалом, ды цёпла лецейка.
Ой, здарова была, да халодная зімачка.
Што цябе, лецейка, ўзвілічаюць,
Мяне, зімачку, праклінаюць,
Бо ты, зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла.
Ой, я, лецейка, да вясёлая,
Лугі, горы ўзмачыла,
Лугі, горы ўзвесяліла.

Гучыць фанаграма грому. Да пляцоўкі на кані з паходняй у руцэ пад’язджае Грамоўнік, падымаецца на сцэну. У гэты момант з усталяваных па розных баках сцэны запальваюцца піратэхнічныя фантаны. Грамоўнік выходзіць на сярэдзіну сцэны да мікрафона.

ГРАМОЎНІК: Людзечкі, дзень добры! Сёння, 15 лютага, аб’язджаю я зямліцу і пільна сачу каб зімейка на лета павярнула і не парушыла спрадвечнае кола змяненняў матухны-прыроды. Пачуў вашу прыгожую песню, да вас завярнуў. Узрушаны вашымі вельмі чыстымі галасамі, чыстымі сэрцамі, чыстымі душамі. Каб вы заўжды заставаліся такімі, ад сваёй паходні запалю вам свечку грамнічную: каб адганяла ад вас ведзьмакоў-ліхаімцаў, каб граміла яна сілу нячыстую і каб ахоўвала вашыя чыстыя душы ад усялякай напасці. Гары, свечка грамнічная! Грамоўнік ад паходні запальвае замацаваную на авансцэне піратэхнічную свечку.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Дзякуй, божа, за агонь! Хто гарыць душой і сэрцам — падыходзь на гэта месца! Запалі сабе агонь ад свечкі грамнічнай — сваю душу асвяці творчасцю крынічнай!
Аркестр фальклорнага аб’яднанага гурта выконвае песню “Зіма і лета страчаюцца”. Да сцэны падыходзяць гурты — удзельнікі фальклорнага фестывалю. Кожны калектыў запальвае паходню ад грамнічнай свечкі Грамоўніка. Выстройваецца шэсце на фэст: — наперадзе — дудар, — Грамоўнік з паходняй — на кані, — Дзед-пачынальнік з каляднай зоркай і Вяснянка з птушачкай, — аб’яднаны грамнічны гурт, — кіраўнікі калектываў з паходнямі, — фальклорныя гурты.
ГРАМОЎНІК: Вітайце, добрыя людзі, тых, хто сваёй творчасцю, сваім сардэчным агнём асвятляе іншых!
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Сябры, сардэчна запрашаем усіх на фестываль фальклорных калектываў! Пабудаванае шэсце накіроўваецца на месца правядзення фестывалю.

 На сцэну выходзіць дудар — гучаць пазыўныя свята. З процілеглых бакоў сцэны насустрач адзін аднаму выходзяць калектывы: — калядны гурт на чале з Дзедам-пачынальнікам; — веснавы гурт на чале з Вяснянкай. Гуртамі выконваецца песня “А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне…”.

А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула,
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.

 На апошніх тактах песні гурты выстройваюцца ў фінальную мі- зансцэну: дзве дыяганальныя лініі. У пабудаваны калідор уваходзіць Грамоўнік і падыходзіць да цэнтральнага мікрафона. Дзед-пачынальнік з Вяснянкай падыходзяць да мікрафонаў, якія знаходзяцца па баках сцэны.

ГРАМОЎНІК: Мы рады вітаць вас, шаноўныя гледачы, у нашай святочнай зале!
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Мы рады вітаць вас на фестывалі фальклорных калектываў! ВЯСНЯНКА: Мы рады вітаць вас на свяце “Стрэчанне”!
ГРАМОЎНІК: Стрэчанне — гэта не толькі сустрэча зімы з вясной…
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Стрэчанне — гэта сустрэча нас, артыстаў, з вамі, гледачамі. ВЯСНЯНКА: Стрэчанне — гэта сустрэча нашых з вамі сэрцаў.
ГРАМОЎНІК: Я запаліў грамнічную свечку не толькі як абаронцу ад нячыстай сілы, але і як сімвал незгасальнай народнай творчасці, з якой вы маеце магчымасць зараз пазнаёміцца.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Калі ласка, сустракайце!

Вяснянка аб’яўляе і выклікае на сцэну калектывы і ўдзельнікаў фестывалю. Грамоўнік запрашае на сцэну старшыню аргкамітэта фестывалю фальклорных калектываў. Выступленне старшыні аргкамітэта. Грамоўнік прадстаўляе членаў журы і запрашае на конкурсную пляцоўку першага ўдзельніка фальклорнага свята. Ідзе конкурснае выступленне калектываў. Вядучымі конкурснай праграмы з’яўляюцца Дзед-пачынальнік і Вяснянка. “Калядныя ігрышчы” на свяце “Стрэчанне” Гучаць пазыўныя сурмы. З двух бакоў сцэны на сярэдзіну выходзяць два фальклорныя гурты, якія спяваюць песню “Зіма з летам страчаецца”. Пасля песні да мікрафона падыходзяць Дзед-пачынальнік і Вяснянка.

ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Добры дзень, людцы даражэнькія! Свята сёння ў нас вялікае — Стрэчанне.
ВЯСНЯНКА: Альбо, як яшчэ ў народзе кажуць, — Грамніцы. Менавіта сёння, 15 лютага па народным календары, дзень, калі сустракаюцца зіма і лета. Дзень, калі зіма на лета паварочвае.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: З гэтага дня па ўсёй нашай зямлі пачынае ўладарыць Вясна. А яна, як вядома, прыходзіць са сваімі звычаямі, са сваімі законамі і святамі.
ВЯСНЯНКА: І з гэтага дня ўсе пачынаюць рыхтавацца да веснавых свят, вырабляючы з паперы птушак і рознакаляровыя стужкі, а калядныя маскі спатрэбяцца толькі ў канцы гэтага года на пачатку Каляд.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: І сёння, у апошні дзень уладарання зімы, мы прапануем вам, людцы, калядныя ігрышчы, якія калісьці ладзіліся нашымі продкамі.

Фальклорны гурт выконвае калядную песню:
Як пайшла Каляда,
ды ўпярод Ражджаства,
Ды ўпярод Ражджаства,
ды па вуліцы гуляць,
Ды ўпярод Ражджаства,
ды па вуліцы гуляць,
Ды па вуліцы гуляць,
каляду рассыпаць.
А рабятам — даганяць,
каляду падбіраць:
Каму — блін,
каму — два,
каму — ложкі паўтара.

Пасля песні да мікрафонаў падыходзяць хлопец і дзяўчына.
ХЛОПЕЦ: Прыехала Каляда з вечара, Да прынесла дудак рэшата.
ДЗЯЎЧЫНА: Паставіла на стаўбе, Сама села на куце.
ХЛОПЕЦ: А вы, дудачкі, іграйце, А вы, дзевачкі, спявайце.
ДЗЯЎЧЫНА: А вы, хлопчыкі, кажыце, А вы, людзечкі, пляшыце.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: У нашых продкаў існаваў такі звычай: пачынаць каляднае ігрышча вясёлым калаводам. Назву такую гэты танец атрымаў, магчыма, таму, што танцоры ходзяць толькі па крузе, хлопцы трымаюць у адной руцэ хусткі, прыстукнуўшы каблукамі, махаюць хусткамі ва ўсе бакі, а дзяўчаты спяваюць.
ВЯСНЯНКА: А я бачу, што некаторыя хлопцы ўжо здымаюць хусткі са сваіх дзяўчат. А ну-ка, станавіцеся ўсе ў вялікае кола — будзем танчыць калавод! Фальклорны гурт спявае калаводную песню. Хлопцы з гурта ідуць у цэнтр кола з хусткамі і актывізуюць астатніх гледачоў. Калавод, гой-да-да! Чыя дзеўка малада? Чы дзьякова, чы вайтова, Альбо наша, мужыкова? Калавод, густа-та! Чыя дзеўка красата? Чы дзьякова, чы вайтова? Такі наша — мужыкова… Калавод паўтараецца некалькі разоў, хлопцы, што ў цэнтры, паказваюць рухі з хусткамі астатнім.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Вы зараз, людзечкі, з нашага калавода не разбягайцеся, бо наступнай нашай гульнёй будзе ўсім ужо знаёмая гульня — песня “Падушачка”. ВЯСНЯНКА: А ўмовы яе вельмі простыя: усе ходзяць па крузе і разам з намі спяваюць песню, а нехта адзін ходзіць супраць гадзіннікавай стрэлкі, і насупраць каго ён спыніцца, з тым і цалуецца.

Падушачка, падушачка мая пухавая,
Малодачка, малодачка мая маладая.
Каго люблю, каго люблю, таго пацалую.
Падушачку пухавую таму падарую. В
о як рыбку я лавіла, да не гатавала,
Свайго мілага любіла, да не цалавала.
Буду рыбку я лупіці, буду гатаваці,
Свайго мілага любіці, буду цалаваці.

ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Праўда, цудоўная гульня? Яна, дарэчы, як і іншыя, мае шлюбную накіраванасць. Калі хто і не пацалаваўся ў гэты раз, пацалуецца ў наступнай гульні, якая называецца “Пацалунак”.
ВЯСНЯНКА: І яе ўмовы вельмі простыя. Хлопец і дзеўка стаяць спінамі адно да аднаго. На лік “Раз, два, тры” яны павінны павярнуцца тварамі. Калі павярнуліся ў адзін бок — цалуюцца, а калі ў розныя — разыходзяцца.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Мне здаецца, што тыя, хто кахаюць адно аднаго, — тыя павярнуцца ў адзін бок.
ВЯСНЯНКА: А зараз мы праверым гэта. Падрыхтаваліся! І — раз, два, тры! Тая пара, якая павярнулася не ў адзін бок, выходзіць з гульні. Гульня працягваецца да той пары, калі на пляцоўцы застанецца адна пара.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: А зараз мы праверым, хто самы спрытны з усіх прысутных. ВЯСНЯНКА: А як гэта можна зрабіць?
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Вельмі проста: трэба проста згуляць у гульню “Дзяркач”. Яе ўмовы такія: аркестр будзе граць мелодыю, а ўсе будуць танцаваць па парах. Толькі я адзін буду танцаваць з дзеркачом. Як толькі скончыцца музыка, усе разбягаюцца, а я кідаю дзяркач і бягу шукаць сабе пару. Дарэчы, і ўсе астатнія таксама павінны знайсці сабе пару. А хто не знойдзе — танчыць з дзеркачом. Толькі адна ўмова: папярэдняга партнёра браць ужо нельга. Такім чынам, пачалі!
Іграе аркестр, Дзед-пачынальнік спускаецца са сцэны да гледачоў.
ВЯСНЯНКА: А з дапамогай наступнай гульні, якая называецца “Рэмень”, мы зможам выявіць самага хуткага. Усе павінны стаяць у коле і трымацца за рукі, а нехта адзін ходзіць па-за колам. Хто яму спадабаецца, таго ён павінен па нагах ціхенька сцебануць рэменем, а сам павінен уцякаць. Да чыіх ног дакрануліся — той павінен даганяць першага; калі дагоніць — цалуюцца, а калі не — рэмень аддаюць іншым. Зразумела? Тады пачнём.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: А вось я ведаю, што на калядныя ігрышчы была яшчэ адна вельмі вясёлая гульня. У яе гулялі толькі дзяўчаты, таму давайце, дзяўчаты, станавіцеся ўсе ў вялікае кола. Тлумачу ўмовы гульні. Дзяўчаты бяруцца за ўзнятыя рукі, адна становіцца з розгаю ў руцэ і гаворыць: “Кума, прыйдзі да мяне проса палоць”. Дзяўчына, назначаная кумою, адказвае: “Не ўмею, не пайду — у цябе сабакі ліхія”. — “А замуж?” — “Хоць зараз”. Яе б’юць розгаю, і яны павінны збегчы пад рукі дзяўчат. Затым кума просіць дзяўчыну прасці, капаць, тая зноў адмаўляецца. Тады ўсе пачынаюць бегаць і весяліцца і спяваюць: Чаравічкі — рыпу-рыпу. Бацька кажа: “Яшчэ куплю”. Маці кажа: “Трасцы, Лянуецца прасці”.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Усе ігрышчы, па традыцыі, заканчваліся вясёлымі скокамі і танцамі. Дык давайце і мы будзем захоўваць традыцыі нашых продкаў і скончым нашае ігрышча танцамі. Калі ласка, музыкі, зайграйце нам “Падэспань”.
Музыкі пачынаюць іграць беларускія папулярныя танцы. Увесь гурт спускаецца са сцэны да гледачоў і запрашае ўсіх на танцы.
ДЗЕД-ПАЧЫНАЛЬНІК: Ну як, спадабаліся вам нашыя ігрышчы? Вось менавіта так весялілася моладзь на працягу двух тыдняў кожную ночку, бо зімовыя святы заўсёды былі ў пашане ў нашых продкаў.
ВЯСНЯНКА: І дазвольце на развітанне пажадаць вам шчасця, здароўя, поспехаў, і каб заўсёды вы імкнуліся захаваць традыцыі нашых продкаў.
Фальклорны гурт выконвае велічальную песню “На новае лета”.

На новае лета радзі,
Божа, жыта.
Святы вячор,
багаты вячор.
Жыта, пшаніцу,
усяку пашніцу.
Святы вячор,
багаты вячор.
Дай табе Божа,
пані-гаспадару,
Сынкоў жаніці,
піва варыці,
Гарэлачку гнаці,
дачок аддаваці.