Онлайн-чытанні

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

За савецкім часам вялася філасофска-эстэтычная спрэчка паміж "фізікамі" і "лірыкамі". Сёння, у ХХІ стагоддзі, такую спрэчку вядуць кніга і Інтэрнэт.

Кніга не павінна супрацьстаяць Інтэрнэту, наадварот! І я быў проста захоплены, калі нядаўна глядзеў онлайн-чытанні знакамітага твора Льва Талстога “Анна Карэніна”. Мяне крануў гэты марафон, што вёўся ў Парыжы, Лос-Анджэлесе, Маскве, Новасібірску, у час якога 700 чалавек на працягу 30 гадзін у прамым эфіры чыталі твор. Раней, сумесна з Іспанскай каралеўскай акадэміяй, ажыццяўляўся падобны праект, у выніку якога былі прачытаны 
2 149 урыўкаў з “Дон Кіхота” Сервантэса, што пасля зманціравалі ў цэласны ролік.

Як педагог лічу, што падобныя марафоны павінны стаць пастаяннымі і ў Беларусі. Наша пісьменства можа пахваліцца сваімі геніямі Слова: Караткевіч і Быкаў, Мележ і Чорны... Гэты спіс можна доўжыць. Прычым кожны рэгіён можа чытаць творы земляка.

Упэўнены, што праект “Анна Карэніна” адраджае сямейныя чытанні. Ну а віртуальны марафон — рэклама, каб прачытаць раман у кніжным варыянце. Ці перачытаць наноў!..

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог