Папраўдзе творчы

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Рыгор БАРАВІК, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшыня камісіі па наборы трупы, першы галоўны рэжысёр Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Беларусі
Арганізацыя Маладзёжнага тэатра — працяг гісторыі стварэння сталічных і абласных труп.

/i/content/pi/cult/513/11088/3-1.jpgСістэма дзяржтэатраў у нас склалася з улікам грамадска-палітычнай запатрабаванасці. Прынцып “Спачатку — пастанова, затым — фарміраванне” вызначаў арганізацыйна-творчыя ініцыятывы выканаўцаў.

Але ў гэтым выпадку ўнікальная ініцыятыва Міністэрства культуры БССР і асабіста міністра Юрыя Міхневіча: стварыць тэатр не на аматарскай аснове (што таксама добра), а на конкурснай (пробы рэжысёраў, творчых груп, курсаў Тэатральна-мастацкага інстытута). У выніку першая драматычная трупа Маладзёжнага была сфарміравана з выпускнікоў вядучых тэатральных школ колішняга СССР. Акрамя навучэнцаў маскоўскай школы (а былі прагляды студэнтаў у Мінску, Маскве, Кіеве ды іншых гарадах) тут апынуліся і некаторыя артысты нашага ТЮГа. Сярод іх — такія вядомыя прозвішчы, як Журавель, Нікіценка, Хрысціч, Емяльянаў, Шароў. Некаторыя з іх “не прыжыліся” на беларускай глебе. Тыя ж, хто застаўся, сталі прыкметнымі фігурамі ў тэатры, на тэлебачанні...

30-годдзе — важная вяха ў жыцці калектыву. Падсумоўвае дата не толькі дасягненні, але і пралікі ў працы. Апошніх, як заўсёды, нямала ў людзей творчых, бо кожны дзень іхняга жыцця — гэта спазнанне нязведанага. Ну а дасягненні Маладзёжнага тэатра сёння відавочныя. Ён упершыню, па-сапраўднаму, займеў свой дом: цудоўнае прафесійнае памяшканне. На сцэне ідуць спектаклі рэжысёраў розных пакаленняў і творчых прыхільнасцей. У акцёрскім складзе дамінуюць індывідуальнасці. Значыць, сталенне і гады не прайшлі дарма: наперадзе — планы, надзеі, праблемы, вядома ж, а таксама — адкрыцці. Усё, як і павінна быць у папраўдзе творчым калектыве.