Афіша з аўтографам

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

У пружанскім кінатэатры “Спадарожнік” адбылася творчая падзея з нагоды 90-годдзя беларускага кінематографа. У фае гасцей сустракала кніжная выстаўка “Беларускаму кіно — 90”, падрыхтаваная бібліятэкарамі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма.

/i/content/pi/cult/513/11084/11-1.jpg

Можна было азнаёміцца з выданнямі па гісторыі кінамастацтва Беларусі, з кнігамі, якія распавядаюць пра жыццёвы і творчы лёс нашага кінарэжысёра, акцёра і прадзюсара Міхаіла Пташука, пра творчыя біяграфіі вядомага беларускага акцёра Мікалая Яроменкі і мэтра нацыянальнай кінадакументалістыкі Віктара Дашука. Пацікавіцца рэйтынгам мастацкіх, дакументальных, анімацыйных фільмаў айчыннай кінастудыі далі магчымасць старонкі рэспубліканскага часопіса “Мастацтва” (№ 7 за 2014 г.). Прыцягваў увагу раздзел выстаўкі пад назвай “З кніжных старонак — на вялікі экран”, які прапанаваў наведвальнікам азнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў (“Вазьму твой боль” Івана Шамякіна, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, “Знак бяды”, “Сотнікаў” Васіля Быкава ды іншымі), якія былі ў свой час экранізаваны. Не абмінулі ўвагай арганізатары і самых юных гледачоў. Беларускую мультпанараму прадстаўляў раздзел “Дзіцячы кінасеанс”, дзе сабраны матэрыял пра майстроў айчыннай мультыплікацыі.

Дапаўнялі кніжную экспазіцыю цікавыя кінапрадметы: кінаафішы з аўтарскімі надпісамі, наборы віншавальных паштовак з кадрамі з розных мастацкіх кінастужак, спецыяльныя прыстасаванні і тэхніка для дэманстрацыі фільмаў. Дадамо, што выстаўка працягвае работу ў залах бібліятэкі.

Раіса ЗІНЧУК, бібліятэкар Пружанскай ЦРБ