Жыццё і выжыванне. Знайдзіце розніцу

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Пасля аўтапрабегаў-2014: не “жукоў нарыць”...
Нашы аўтатуры — нявыгадныя для нас ў эканамічным плане, бо бензін і не мае намеру таннець. Але нявыгадныя толькі эканамічна. Едучы на ўласным транспарце, бачым тое, што бачым, а не тое, што паказваюць. Вось гэтая маральная, так бы мовіць, розніца і кампенсуе пэўныя матэрыяльныя страты. І не “жукоў” пры гэтым хочацца "нарыць", а пазнаёміцца з больш-менш рэальнай карцінай цяперашняга стану рэгіянальнай культуры. І вельмі прыемна, што нас на месцах разумеюць ды ўсяляк спрыяюць у гэтым жаданні. Што паказаў чарговы і, спадзяёмся, не апошні аўтапрабег па Міншчыне, Гомельшчыне, Гродзеншчыне ды Брэстчыне? Паспрабуем сістэматызаваць гэтыя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/513/11080/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/513/11080/4-1.JPGДысцыпліна

У першай палове года сутыкнуліся з недаравальнымі парушэннямі працоўнага графіка работы сельскай бібліятэкі ў вёсцы Квасевічы Івацэвіцкага раёна і сельскага Дома культуры Моўчадзі, што на Баранавіччыне. Установы ў рабочы дзень пад час нашага візіту былі зачынены па невядомых прычынах. Пасля лета і да канца 2014-га такіх прыкладаў, дзякаваць Богу, бачыць не давялося. Тэндэнцыя? Будзем спадзявацца. “К” даўно пісала, што работніку культуры трэба давесці аднавяскоўцам сваю патрэбнасць. Той, хто гэтага не зрабіў, можа на працу ўвогуле не выходзіць, бо ў вёсцы такой “страты” і не заўважаць. Але непазбежна прыйдзе аптымізацыя, і тады скарачэнне непатрэбных устаноў будзе выглядаць цалкам натуральным працэсам. Ці не пра гэта задумаліся ў другім паўгоддзі нашы рупліўцы на сельскай культурнай ніве? Прынамсі, на дысцыпліну не забыліся.

Аптымізацыя

Але думаць пра дысцыпліну трэба было раней. Аўтарытэт за месяц не напрацуеш. Клуб і бібліятэка ў Саковічах Салігорскага раёна летам аб’яднаны з прыкідкай на тое, што ўстанова будзе ўвогуле скасавана. Хоць і размешчана яна ля маляўнічага возера, але людзей у клуб-бібліятэку не зацягнеш.

Не прэтэндуем на ісціну ў апошняй інстанцыі, але, падаецца, не паўсюль аптымізацыя праходзіць узважана. Да прыкладу, пад час нашага візіту скасоўваўся клуб у Кухцічах Уздзенскага раёна — вельмі “жывы”, багаты на праекты і творчыя выдумкі. Клуб скасоўваўся, а клубніца са стажам, якой тварыць ды тварыць, збіралася пераходзіць на працу ў гандлёвую сферу. Дзесьці на Гомельшчыне ў клубах ды бібліятэках, здараецца, працуюць даяркі ды крамніцы, а вось на Міншчыне ў супермаркеце будзе працаваць высокапрафесійны клубнік. Тэндэнцыя? Не дай Бог!..

Праекты…

Цяпер пра тых, хто ўпэўнена давёў сваю патрэбнасць. Слонімшчына, вёска Дзераўная: ЦДК працуе над рэалізацыяй праекта “Тэрытарыяльны падыход да развіцця вёскі”, фінансуе сельскія захады Еўракамісія. Літаральна ўся культура Лунінеччыны задзейнічана ў доўгатэрміновай акцыі “Лунінецкія клубніцы”. Работнікі культуры Старадарожчыны планава займаюцца брэндынгам мясцовых твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра крэатыўнасць метадыстаў Ганцавіцкага і Докшыцкага раёнаў “К” пісала і будзе пісаць. У кожным з названых рэгіёнаў за год ажыццяўляецца па паўдзясятка самых разнастайных творчых праектаў, скіраваных на самарэалізацыю моладзі.

…і іх адсутнасць

Дык ці важкая колькасць клубных праектаў? Хтосьці скажа: так. Мы ж, наведаўшы за год ці не дваццаць раёнаў Беларусі, сцвярджаем з адказнасцю: не. Праектаў, гэта значыць, ініцыятыўнасці, недаравальна мала. На наш погляд, адметны доўгатэрміновы творчы праект павінен быць у кожным сельскім клубе. А наяве не ў кожным раёне яго знойдзеш…

Яшчэ горшая сітуацыя — з праектамі бібліятэчных устаноў. Сімпатычнымі нам падаліся ажыццёўленыя задумкі бібліятэкараў вёскі Стрыгінь (Бярозаўшчына): музейная экспазіцыя пра землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны; вёскі Агарэвічы (Ганцавіччына): Музей старадаўняй кнігі; Докшыцаў: мультымедыйны цэнтр; вёскі Роўкавічы (Чачэршчына): база даных і экспазіцыя, прысвечаныя гісторыі зніклых вёсак. Вось, бадай, і ўсё. У астатніх установах проста раз-пораз выдаюць кнігі.

Рэзюмэ

Кадры старэюць. Паўнацэннай замены на вёсцы ім няма, асабліва на пацярпелай ад чарнобыльскай бяды Гомельшчыне. Рэшту сельскіх практыкаў, што яшчэ памятаюць пра свой выхаваўча-асветны абавязак, аптымізацыя “карае” сумным сыходам на пасіўную пенсію. Якасць культурнага абслугоўвання няўхільна зніжаецца там, дзе кадравая палітыка носіць стыхійны ды сутаргавы характар. Будынкі былых устаноў культуры працягваюць вісець кайданамі на балансе аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. У выніку маем тое, што маем.

Я.Р.

 

/i/content/pi/cult/513/11080/4-33.jpgВялікая колькасць арыгінальнай сувенірнай прадукцыі, адметных ганчарскіх і ткацкіх вырабаў, узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — гэта толькі невялікая частка вынікаў працы дамоў рамёстваў, якія дзейнічаюць ва ўсіх раёнах краіны. У час нашых леташніх аўтападарожжаў атрымалася азнаёміцца з установамі, кожная з якіх заслугоўвае ўвагі.

І, найперш, — Старадорожскі РЦР. Гэтая ўстанова, нягледзячы на маленькія памяшканні, адсутнасць магчымасці продажу сваіх вырабаў, здолела адрадзіць некалькі ўнікальных брэндаў раёна: ручнік з вышываным надпісам “Старыя Дарогі”, тканыя процягам паясы, ляльку-старадаражанку, апранутую ў мясцовыя народны і старасвецкі строі, а таксама напаўзабытую традыцыю вырабу саламяных насценных дываноў. Беражліва захоўваюць старадаўнюю традыцыю і ў Неглюбцы, што ў Веткаўскім раёне. Вось толькі ў адрозненне ад Старых Дарог Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва здолеў вырашыць юрыдычныя нюансы ды адкрыць сваю галерэю-краму, што дазволіла ўстанове набываць якасныя матэрыялы і, зразумела, зарабляць.

Спрабуюць зарабляць на продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ў Доме ганчара ў Германавічах, што на Шаркаўшчыне. Гліняныя жырандолі, ёмістасці для захоўвання цыбулі і часнаку, распрацаваныя мясцовым ганчаром, карыстаюцца попытам далёка за межамі вёскі. І ўсё ж не “камерцыялізацыя” з’яўляецца галоўнай рухаючай сілай. Ва ўстанове праводзяцца заняткі з дзецьмі па ганчарстве і па вырабе глінянай цацкі, па ткацтве ды вязанні. Пра тое, што за такімі заняткамі — будучыня, сведчыць досвед Слонімскага РДР, дзе надзвычай папулярнымі сярод насельніцтва сталі майстар-класы па народных рамёствах, у выніку чаго прыняць усіх ахвотных з-за недахопу плошчаў не атрымліваецца.

Пераканаліся мы і ў тым, што на месцах вырашальную ролю ў папулярызацыі народных рамёстваў адыгрываюць канкрэтныя асобы, людзі, для якіх такая праца — жыццё. Гэта і Надзея Салейка са Слоніма, мастацкія карціны з гліны якой не пакінуць нікога абыякавым. Гэта і Віктар Лявонаў — разьбяр па дрэве з Якімаўкі, што на Буда-Кашалёўшчыне, які сам стаў брэндам раёна. Гэта і Марыя Літвінава, якая ў Добрушскім раёне распачала традыцыю мастацкіх вырабаў з бяросты. Менавіта на такіх людзях і захоўваюцца нашыя традыцыйныя рамёствы, як зберагаецца ды папулярызуецца спеўная народная культура ўзорным фальклорным калектывам Міханавіцкага дома фальклору “Калыханка”, якім кіруе Ларыса Рыжкова.

Багата на нашым шляху было і музеяў, устаноў-рэтранслятараў беларускай культуры, якія мусяць, бы магніт, прыцягваць да сябе як мясцовую супольнасць, так і легіёны турыстаў. Што многія і робяць, да прыкладу, той жа музей “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, які толькі на сувенірах пазалетась зарабіў каля 120 мільёнаў рублёў. І гэта не ўключаючы экскурсійнае абслугованне ды правядзенне вясельных абрадаў! Нягледзячы на кадравыя пытанні (вельмі цяжка ўтрымаць высокакваліфікаванага спецыяліста), музей не спыняецца на дасягнутым, праводзячы міжнародныя мастацкія пленэры, валанцёрскія летнікі, фестываль “Ружанская брама”. Ва ўстанове разумеюць, што толькі арыгінальнай актыўнай працай можна прывабіць турыста.

Разумеюць гэта і ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На тэхнічным узбраенні ўстановы — шэсць камп’ютараў і дзве мультымедыйныя ўстаноўкі. Акрамя таго, гасцям прапаноўваюцца адметныя ролевыя гульні, цікавыя і дзецям, і дарослым. Багата інтэрактыву і ў Музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, што на Капыльшчыне. Уражвае хаця б тое, што пры ўстанове дзейнічае некалькі дзіцячых тэатраў, праводзяцца экскурсіі за межамі будынка, рэгулярнымі сталі музейныя заняткі, якія дазваляюць убачыць класіка нашай літаратуры як чалавека, што выйшаў у свет з сялянскай хаты, і як пісьменніка сусветнага маштабу адначасова.

Маштаб асобы творцы, гэтым разам — мастака Язэпа Драздовіча, можна ўбачыць у Германавіцкім музеі культуры і побыту. Неўзабаве там чакаецца стварэнне віртуальнай экскурсіі па ўсіх вядомых творах Драздовіча і ўстаноўка ў музеі інфакіёска.

Не меншую цікавасць выклікае і Дом-музей у суседняй вёсцы Алашкі, прысвечаны беларускаму садаводу-селекцыянеру Сікоры. У музеі акрамя цікавай экскурсіі можна пакаштаваць яблыкі з саду Івана Сікоры, а пры жаданні — паўдзельнічаць у штогадовым фестывалі “Яблычны Спас — усяму час”. Магчыма, такіх яскравых мерапрыемстваў не стае для “раскруткі” музея ў Чачэрску, які размясціўся ў велічным будынку ратушы. Нягледзячы на цікавыя выставачныя праекты, установа не мае комплекснай канцэпцыі, узор для якой мясцовыя музейшчыкі маглі б пазычыць у ашмянскіх калег. Той жа музей у Ганцавічах знайшоў уласны шлях развіцця, арыентуючыся ў сваіх праектах на мясцовую супольнасць, што рэгулярна завітвае ў музейную прастору…

К.А.

 

Вынікі паводле паездак Алега Клімава чытайце тут.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"