Таццяна МУШЫНСКАЯ. Падарожжа ў краіну мурашоў

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Экалагічная казка ў адной дзеі

Дзейныя асобы:
Віцька Неслух, школьнік-падлетак;
Паўлік, ягоны аднакласнік і сябра;
Мураш;
сябры Паўліка.

Некалькі дарагіх для мяне тэм спалучыліся ў гэтым творы. З аднаго боку, тэма неверагоднай прыгажосці навакольнага свету — лесу, поля, лугу... З другога — тэма абыякавасці і часам жахлівага раўнадушша сучасных дзяцей, сфарміраваных тэхнічнымі заваёвамі цывілізацыі (або яе выдаткамі!), да гэтай прыгажосці.
Сучасныя дзеці ведаюць, як карыстацца Інтэрнетам, але не ведаюць назваў дрэў і кустоўя, кветак і птушак. І не проста не ведаюць, а — самае галоўнае — не бачаць у тым веданні патрэбы! Адсюль пачынаецца спажывецкі, а часам і дзікунскі стыль паводзін. Не толькі ў дачыненні да прыроды, але і да іншых людзей таксама.
Хацелася б думаць, што п’еса можа быць запатрабаванай і лялечнымі тэатрамі, і драматычнымі, якія шукаюць рэпертуар для дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі. І шматлікімі дзіцячымі калектывамі, што існуюць у дамах і палацах культуры.
Падчас сцэнічнага ўвасаблення “Мурашоў” могуць быць выкарыстаны і элементы тэатра ценяў. Аўтар п’есы будзе шчыра рады, калі ягоныя “Мурашы” спатрэбяцца хоць бы некалькім дзіцячым або дарослым тэатральным калектывам.
Аўтар      

Ускраіна горада. Удалечыні, за дрэвамі, відаць шматпавярховыя дамы. Лясная паляна, або лясная дарога, па якой крочаць двое сяброў — Віцька і Паўлік.
П а ў л і к. Давай сёння патрэніруемся — як заўсёды. У каго лепш атрымаецца...
В і ц ь к а. Не хачу.
П а ў л і к. Ты чаго сёння такі кіслы і злы?
В і ц ь к а. Добра, што ты вясёлы! Будзе ў цябе настрой, калі чатыры двойкі — за адзін дзень! Па матэматыцы, фізіцы, літаратуры і мове…
П а ў л і к (смяецца). Ну і што! Я аднойчы восем за дзень атрымаў... Бацька сказаў: “Калі яшчэ раз атрымаеш столькі двоек, дадому можаш не прыходзіць!”
В і ц ь к а. Учора я толькі сабраўся, расклаў на стале ўсе падручнікі, сшыткі... Вырашыў, што з сённяшняга дня пачну зусім новае жыццё...
П а ў л і к. Правільна! Але ў гэты самы момант у дзверы пазваніў я — твой лепшы дружбак! I прапанаваў паганяць на веласіпедах. Па ўсім мікрараёне. Ці будзе нармальны чалавек сядзець дома за сталом, калі за акном такая цеплыня? Вунь май на двары...
В і ц ь к а. Я вярнуўся дадому, калі ўжо цямнець пачало. Толькі сеў за ўрокі, а тут маці з бацькам тэлевізар уключылі. Прасядзеў я пяць хвілін за сталом, паслухаў, як яны ў суседнім пакоі весела смяюцца, і пайшоў разам з імі кіно глядзець. Як фільм скончыўся, бацька загадаў выключаць святло. (Пераймае бацькаў голас.)“Дня табе няма! Мне заўтра ў шэсць гадзін раніцы ўставаць на першую змену!”
П а ў л і к (важна). Вось так ты і атрымаў свае двойкі!
В і ц ь к а. Здзекуйся, здзекуйся! Ведаеш, што класная напісала ў дзённіку? (Перадражнівае.) “Таварышы бацькі! Абавязкова прыйдзіце ў школу. Ваш сын кепска вучыцца і дрэнна сябе паводзіць”.
П а ў л і к. Дзённік схаваў?
В і ц ь к а (сумна). Схаваў! Але не сёння, дык заўтра давядзецца паказваць...
П а ў л і к. Не перажывай! Можа, бацькі і не ўспомняць!
В і ц ь к а. Успомняць! Ну чаму я дрэнна сябе паводжу? Я паводжу сябе так, як і ўсе астатнія. Між іншым, гэта ты вінаваты, што шкло разбілася... Тузаліся-тузаліся, дурэлі-дурэлі на перапынку...
П а ў л і к. Шкло разбіў ты?
В і ц ь к а. Я. А хто штурхануў?
Паўлік маўчыць.
Ты як заўсёды — выкруціўся. Застаўся чысценькі, невінаваты! Не, каб прызнацца!
П а ў л і к (засмяяўшыся). А навошта прызнавацца? Трэба ўмець выкручвацца!
В і ц ь к а (сумна). Трэба... А мяне сёння дома добры наганяй чакае. I за шкло, і за адзнакі... А калі бацька не ў гуморы прыйдзе, дык і адлупцаваць можа...
П а ў л і к. Слухай, а чаму цябе ўсе Неслухам называюць?
В і ц ь к а. Мянушка. Ну хто будзе вымаўляць Неслухоўскі? Неслух — і ўсё тут! Прыклеілася... (Перадражнівае класную.) “Тваё прозвішча, Неслухоўскі, вельмі дакладна адпавядае твайму характару — гультаяватаму і непаслухмянаму”. Што ты зробіш? I з прозвішчам не пашанцавала!
Паўлік падымае з зямлі два даўгаватыя сукі. Адзін працягвае Віцьку. Той бярэ.
П а ў л і к. Ну дык што — будзем практыкавацца?
В і ц ь к а. Ай, няма ахвоты...
П а ў л і к. Гэта так класна! Размахваешся — і зразаеш вяршыню мурашніка. Акуратна — як ножыкам. А мурашы — як забегаюць, як заварушацца! (Засмяяўся.) Спалохаліся... А ты наступны мурашнік — чык! — і паловы няма...
В і ц ь к а. Чуў, сёння класная чытала сачыненне Андрэя?
П а ў л і к. Чуў! (Здзекліва.) Чытала — як узор. Выдатнік саплівы напісаў. Пра тое, як ён любіць лес. Ха-ха! Смех, дый годзе! Што яго любіць?! А ён ужо так размаляваў! Дрэўцы прыгожыя, кветачкі духмяныя, траўка шаўковая... Каб дзеўка гэтак слюнява напісала, яшчэ можна было б зразумець, але хлопец?.. Калі б мы гэтага слюнцяя прынялі ў свой гурт, дык ён быў бы самы апошні сярод нас: ні на дрэва ўзлезці, напэўна, не можа, ні яміну пераскочыць!
В і ц ь к а. Пакуль класная чытала, Верка — ну, мая суседка — ажно два разы ўздыхнула...
П а ў лі к. Бач ты, спадабалася! (Крыўляецца.) “Лес яму здаецца жывой істотай...” Скажыце, калі ласка! Глупства ўсё гэта... Лес — гэта лес, а жывы чалавек — жывы. I не трэба нічога выдумляць!
Азіраецца. Але Віцькі не відаць. Ён раптам знік, прапаў. Паўлік разгублены.
Віцька, ты дзе? Ты што — схаваўся? Вылазь! Канчай жарты! Віцёк! Куды ты падзеўся?.. Можа, вярнуцца?.. Можа, ён на той паляне застаўся?
Сыходзіць. На некалькі імгненняў святло знікае.Калі загараецца, глядач бачыць зусім іншага Віцьку.
В і ц ь к а (разгублена). Што гэта? Я раптам адчуў сябе незвычайна лёгкім. Нават бязважкім... Невялічкія сасонкі павялічыліся да гіганцкіх памераў. Іх вершаліны цяпер гайдаюцца каля самага неба. А сухі сук, які я лёгка трымаў у руцэ, цяпер ператварыўся ў вялізнае, цяжкое бервяно. I трава — вышэй маёй галавы. (Азіраецца вакол.) А мурашнік удалечыні — нібы піраміда старажытных егіпцян...
Маўчыць. Доўга думае.
Здаецца, я ўсё зразумеў! Я здагадаўся! Сук, які я трымаў у руках, быў цудадзейны! Ён памяншае прадметы! Ну, здорава! Не чакаў... Няўжо цуды сапраўды існуюць на свеце?
У глыбіні сцэны з’яўляецца Мураш. Але спачатку Віцька яго не бачыць.
М у р а ш (Віцьку). Ну, чаго ты стаіш? (Патрабавальна.) Дапамажы бервяно да мурашніка дацягнуць. Надта ж цяжкое!
Хлопец азіраецца. Мураш стаіць на шырокай лясной дарозе і трымае вялізнае бервяно, вышэйшае за сябе. Ён прыкметна стомлены, на яго твары блішчаць кропелькі поту. Віцька доўга і ўважліва разглядае Мураша. I Мураш разглядае Віцьку. Абодва яны прыблізна аднаго ўзросту.
В і ц ь к а (ашаломлена, сам сабе). Няўжо яны, як людзі, таксама могуць размаўляць?! (Уголас.) А ты — хто?
М у р а ш (з гонарам). Я — Мураш. А ты нешта не падобны на мурашоў... Мурашы звычайна бываюць рыжыя, цёмна-бурыя або чарнаватыя. А ты чамусьці сіні... Напэўна, ты належыш да нейкага рэдкага віду мурашак?
В і ц ь к а (паспешліва). Не, я зусім не мураш! Я ў школе вучуся! (Сам сабе, спалохана.) Яшчэ прымусяць цэлы дзень бярвенні цягаць!
М у р а ш (здзіўлена). А чаму ты такі маленькі? Такога памеру бываюць толькі мурашы. Ну, жукі, вусені, павукі, чарвякі. Яшчэ светлякі... А людзі звычайна велізарныя — у параўнанні з намі.
В і ц ь к а. А я... а я хацеў даведацца, як вашы мурашнікі пабудаваны. Таму і ператварыўсяў маленькага.
Відаць, што Мураш палагаднеў. Віцька бярэ бервяно. Цяпер яны нясуць яго ўдваіх па лясной дарозе. А перад гледачом разгортваецца панарама лесу.
М у р а ш. Гэта добра! Цяпер такія школьнікі рэдка сустракаюцца... У наш лес часта прыходзіць хлопчык Андрэй. Разам са сваімі бацькамі. Такі ўжо ён асцярожны, далікатны! Ніколі нас не крыўдзіць. Сядзе каля мурашынай дарогі, па якой мы грузы цягаем, ды размаўляе з намі. Ходзіць асцярожна, каб нас не падушыць!
В і ц ь к а (здзіўлена, сам сабе). Няўжо гэта той самы Андрэй, наш выдатнік?
М у р а ш. Гэта, напэўна, твой сябра?
В і ц ь к а. Вядома! Мы з ім у адным доме жывём. I нават у адным класе вучымся. Андрэй у нас — выдатнік!
М у р а ш. А ты, відаць, таксама добра вучышся?
В і ц ь к а. Ага. Стараюся...
Мураш і Віцька спыняюцца. Апускаюць бервяно на зямлю, прысаджваюцца на яго. Абодва выціраюць пот з ілбоў.
М у р а ш. Але такія, як Андрэй і ты, — гэта выключэнні. (Цяжка ўздыхае.) Час ад часу да нас у лес наведваецца гурт хлопцаў. Са свістам і гіканнем, ад якога ў нас страшэнна баляць вушы, яны носяцца, не разбіраючы дарогі, па лесе. То ў маладых сасонак вершаліны паабшморгваюць. То маліннік паломяць. То папараць патопчуць. То нашых братоў-мурашак на дарозе раздушаць... Гора адно! Мы як пачуем, што яны набліжаюцца, кідаем усю работу, ды ў мурашнік хаваемся. У самыя глыбокія пакоі. Спадзяёмся, што там здолеем ацалець.
Віцька густа чырванее і адварочваецца. Адчуваецца, што ён не ведае, куды дзецца ад сораму.
М у р а ш. А яшчэ часцяком з’яўляюцца ў нашым лесе двое хлапчукоў. Іх улюбёны занятак— вялізнымі бярвеннямі разбураць нашы дамы... (Са скрухай.) Як махне гэтым калом — мы потым, можа, цэлы тыдзень разбураны дом адбудоўваем. Што зробіш, калі яны безгаловыя...
В і ц ь к а (сам сабе або ў залу). Гэта ён пра нас з Паўлікам гаворыць!
М у р а ш. А аднойчы ў нашым лесе здарылася катастрофа. Прыйшлі хлопцы — кампаніяй — і расклалі вогнішча... Я ведаю, людзі любяць вогнішча. Над ім узнімаецца блакітны дымок. А людзі сядзяць вакол, глядзяць на цяпельца ды песні спяваюць. I мы, мурашы, з радасцю тыя песні слухаем... Але ж потым абавязкова трэба вогнішча патушыць! А тыя хлопцы пайшлі дахаты і кінулі вогнішча без нагляду... Ужо тыдзень, як не было дажджу. Зямля сухая, усё ваколсухое... Уночы ўзняўся вецер. Пачаўся пажар. Лес гарэў амаль усю ноч. Было так страшна! Толькі пад раніцу прыехалі пажарныя... Ты не можаш сабе ўявіць, колькі маіх братоў-мурашак загінула тады! Колькі мурашнікаў з’ела злое, ненажэрнае полымя! Ва ўсёй нашай мурашынай краіне была аб’яўлена жалоба. Некалькі дзён мы хавалі нашых абгарэлых братоў. Ці тое, што ад іх засталося...
Мураш адвярнуўся, каб хлопчык не бачыў ягоных слёз.
Віцька выходзіць на авансцэну.
В і ц ь к а (кажа сам сабе або ў глядзельную залу). Гэта здарылася мінулай восенню. Нас было тады чалавек дзесяць. Расклалі вогнішча і спачатку так сабе сядзелі. Размаўлялі. А потым, незразумела, з чаго, сварка пачалася. Паўлік счапіўся з Валерыкам. Яны ледзь не пабіліся... Дзе там было пра вогнішча думаць? Каб хаця самому цэламу застацца... Хіба мог я тады падумаць, што ўсё так абернецца? Што мне давядзецца адказваць перад мурашамі? За ўчынкі і свае, і Паўлікавы, і ўсяго гурта...
М у р а ш. Наогул, для нашага лесу надышлі цяжкія часы. Некалі на ўскраіне лесу было поле. Яго засявалі калі пшаніцай, калі — кукурузай, калі — лубінам. (Летуценна.) На ўзмежку поля раслі кветкі. А потым (больш сурова) на ўзгорку побач з лесам пачалася будоўля.Дзень і ноч раўла і ляскала тэхніка... Я разумею, што людзям патрэбна жытло, патрэбны новыя дамы, але паступова наш таямнічы, чароўны лес ператворыцца ў звычайную, брудную і засмечаную прыгарадную зону.
В і ц ь к а (сам сабе або ў залу, насмешліва). Гэты мураш гаворыць такімі ж словамі, як наш выдатнік Андрэй! “Таямнічы, чароўны лес...”
М у р а ш (з болем). Ты ж бачыш, лес ужо пачалі вытоптваць. Кідаюць паперкі, пустыя бутэлькі, шкло. Летам суніцы знойдуць — дык абавязкова з кусцікам выдзеруць. Восенню грыбы адшукаюць — дык вырвуць разам з грыбніцай. Дзікуны, варвары! Хутка ў лесе, акрамя дрэў, нічога не застанецца. (З сумам.) Хутка ўсе мурашнікі звядуцца!
В і ц ь к а. Ой, вялікая бяда! Ну і што?
Мураш пакрыўджана маўчыць.
М у р а ш. Хіба ў школе ніводны настаўнік вам пра лес не расказваў?
В і ц ь к а. Батаніку мы ўжо прайшлі. Сумна! Песцікі-тычынкі, кветачкі, лісцікі... А заалогію — ну, там, дзе пра розных жывёл, звяроў, птушак — гэта яшчэ будзем вывучаць...
М у р а ш. А бацькі? Няўжо яны табе не расказалі, як у лесе прыгожа?
В і ц ь к а. А ім няма калі! Яны сваёй работай занятыя; стамляюцца на заводзе. Прыйдуць з работы, тэлевізар паглядзяць. Павячэралі — і трэба спаць класціся...
М у р а ш (уздыхнуўшы). Тады зразумела... Віця, мурашы не толькі самыя працалюбівыя істоты ў лесе, Але і вельмі карысныя. Адна сям’я нашых братоў, рыжых лясных мурашак, — уяві сабе! — за суткі знішчае тысяч дваццаць усялякіх шкоднікаў.
В і ц ь к а (здзіўлена). Ого! Вы ж такія маленькія!
Мураш гонарам). Але вельмі дужыя! А малыя лясныя мурашкі, такія, як мы, бароняць дрэвы. Мы змагаемся са шкоднікамі. I адыходзім далёка ад мурашніка. I на дваццаць, і на трыццаць метраў.
В і ц ь к а. Нішто сабе! Ніколі б не падумаў!
М у р а ш (з гонарам). Лес, у якім жывуць мурашкі, заўсёды здаравейшы: тут і зямля лепшая, і шкоднікаў менш.
В і ц ь к а (сам сабе, з сумам). Такі маленькі, а сваёй працай ганарыцца! А мне няма пра што расказаць яму. З такой жа радасцю...
Апускаюць бервяно каля мурашніка.
М у р а ш. Давай крыху аддыхаемся. I пойдзем па наступнае...
В і ц ь к а. Добра, пойдзем!
Яны ідуць па лясной дарозе.
М у р а ш. Наша краіна — лес. Самае цудоўнае, самае незвычайнае месца ва ўсім свеце! Дзе яшчэ сустрэнеш такую прыгажосць? Такое свежае паветра, смолкі дух? Іншым разам, калі раніцою выходжу са свайго мурашніка і выпраўляюся на работу, я думаю... Я думаю, як добра, што я нарадзіўся мурашом! І ўсё маё жыццё пройдзе ў лесе, сярод цішыні, прыгажосці, кветак... Увесь дзень я амаль без перапынку працую і вечарам кладуся спаць спакойны, з чыстым сумленнем. Бо ўсё, што мне трэба было, я зрабіў.
В і ц ь к а (сам сабе, сумна або з горыччу). А гэты Мураш шчаслівейшы за мяне! Раніцой я іду ў школу і думаю: хаця б сёння дрэнную адзнаку не атрымаць. Дамоў вяртаюся, мару, каб хоць бы бацькоў не сустрэць. А вечарам думаю, якую б гэта прычыну знайсці, каб урокі не рабіць...
М у р а ш. Разумееш, кожны мурашнік — гэта, па сутнасці, горад.
В і ц ь к а. Ну, вы і скажаце!
М у р а ш. Ты ведаеш, колькі мурашоў жыве ў адным такім горадзе? Паўмільёна!
В і ц ь к а. Не можа быць!
М у р а ш. Можа! Віця, дык паўмільёна — гэта ў нас, малых лясных мурашак. А ў нашых братоў, рыжых лясных мурашак, бывае і болей за мільён. У рыжых звычайна дамы большыя за нашы. I ў вышыню, і па дыяметры.
В і ц ь к а. Вось дык дзівосы! Я заўсёды лічыў, што ўсё на свеце — і лес таксама — існуе для таго, каб людзям сумна не было. А тут аказваецца, што вам і без нас добра...
Мураш раптам спыняецца.
М у р а ш. Слухай, Віця, у мяне ўзнікла цудоўная ідэя! Ці не дапаможаш ты нам дакладна падлічыць, колькі жыхароў у нашым мурашніку? Мы збіраемся правесці, як і людзі, перапіс насельніцтва. А пісьменных сярод нас, на жаль, няма...
В і ц ь к а (сам сабе або ў залу). Не магу ж я прызнацца, што па матэматыцы за чвэрць у мяне ... Мурашы смяяцца пачнуць. Хаця да тысячы я далічу... Гэта ж не дробы на кантрольнай складваць! (Уголас.) Разумееш, я палічыў бы, але мне трэба дадому вяртацца...
М у р а ш. Дык не абавязкова сёння! Ты ж можаш прыйсці да нас іншым разам! Разумееш, жыхары некалькіх мурашнікаў ужо дамовіліся паміж сабой будаваць школу, бо нашы дзеці вельмі хочуць вучыцца. Але настаўнікаў — адукаваных, падрыхтаваных мурашоў — ніяк не знойдзем. Трэба будзе ў суседні лес выправіцца — можа, там адшукаем патрэбных...
В і ц ь к а (сам сабе). Цікавыя гэтыя мурашы! Іх ніхто не прымушае, а яны самі ў школу хочуць. А мяне бацька з маці ледзь не сілком у школу піхаюць...
М у р а ш. У кожным мурашніку жыве асобная сям’я...
В і ц ь к а (ашаломлена). У вас аднаго столькі дзяцей? I вы — іх тата?!
Доўга маўчыць. Відаць, асэнсоўвае пачутую навіну.
Як жа іх можна пракарміць? У нас у сям’і ўсяго тры чалавекі — мама, бацька і я. I так маці стаіць і стаіць каля пліты, усё гатуе і гатуе. I кажа: “На вас не набярэшся!” Бедны вы... Як я вам спачуваю!
М у р а ш (засмяяўся). Не, Віця, ты не зразумеў. У нас сем’і іншыя, чым у людзей. У нас ёсць мурашы-салдаты. Яны ахоўваюць мурашнік. Ёсць мурашкі-таты і мурашкі-мамы. Мурашак-мам усе вельмі паважаюць. Дарэчы, ты ведаеш, што ў нас ёсць царыцы?
В і ц ь к а. Царыцы?.. У вас што... Халера! Забыў... Ну, гэта, як гэта… А! Успомніў! Манархія?
М у р а ш (засмяяўся). Гэта мурашак-мам называюць царыцамі. Шкада, што ты не можаш зайсці ў наш мурашнік і паглядзець, як ён пабудаваны.
В і ц ь к а. Нічога! Вы расказвайце, а я буду ўяўляць сабе, быццам я — ўнутры.
М у р а ш. Мурашнікі мы будуем вакол старых пнёў. Але тое, што ты бачыш, гэта яшчэ не ўвесь мурашнік...
В і ц ь к а (здзіўлена). А дзе яшчэ?
М у р а ш. У зямлі. У нас і пад зямлёй жылыя пакоі. Паміж імі — хады-калідоры. У кожным мурашніку ёсць вокны і дзверы. Вечарам, калі мы кладзёмся спаць, вокны і дзверы зачыняем.
В і ц ь к а. Мінулым летам я быў за горадам... у лагеры, дык у нас выхавальніцы таксама зачынялі вокны і дзверы. I каб пасля адзінаццаці — ні-ні!
М у р а ш. Калі які-небудзь мураш у нас спазніўся, дык яго могуць і не пусціць начаваць. Будзе на вуліцы, пад кусцікам, спаць.
В і ц ь к а (засмяяўшыся). Слухайце, дык у вас усё — як у людзей! I мяне аднойчы не пусцілі… Мы з хлопцамі з нашага атрада ў суседні лагер на разведку — хадзілі. Ды позна вярнуліся. Праз вокны першага паверха потым лезлі, каб на свой другі трапіць. А ў вас таксама шмат паверхаў?
М у р а ш. Самыя высокія дамы будуюць сабе рыжыя лясныя мурашкі. Яны могуць быць вышэй чалавечага росту. Будуюць, як і мы, з шыльніку, ігліцы...
Раптам Мураш спуджана змаўкае. (У здранцвенні.) Кідай бервяно!
В і ц ь к а (разгублена). Што здарылася?
М у р а ш. Чуеш трэск? Гэта хлопцы ідуць! Тыя самыя! Зараз ізноў нашы дамы руйнаваць пачнуць! Бяжы за мной! Трэба хавацца глыбока ў мурашніку!
Мураш знікае сярод высокай травы.
В і ц ь к а (упэўнена). Чаго мне бегчы! Я ж не мураш, а чалавек! Чаго мне людзей баяцца?
Віцька адыходзіць з утаптанай лясной сцежкі. Садзіцца каля магутнай сасны.Во дзіва! Нашы набліжаюцца! I Паўлік сярод іх. Як шкада... Шкада, што я не ведаю тое месца, дзе ляжыць цудадзейны сук! Калі б зараз ператварыўся ў звычайнага хлопца... Як бы здзівіўся Паўлік!
На сцэне з’яўляюцца Паўлік і некалькі сябрукоў з ягонай кампаніі. У параўнанні з маленькім Віцькам яны здаюцца веліканамі, магутнымі і дужымі. У руках аднаго з хлопцаў магнітафон. Музыка дзіка раве на ўвесь лес.
В і ц ь к а (з усяе сілы). Сябра, прывітанне!
Але голас гучыць ціха, слаба, як камарыны піск.
Паўлік нават галавы не павярнуў. Ён пачынае свістаць — амаль як разбойнік.
В і ц ь к а. Ад Паўлікавага свісту і ад гэтай музыкі хочацца куды-небудзь збегчы, заткнуць вушы, наогул, знікнуць. (З трывогай.) У руцэ ён трымае кол... Трэба папярэдзіць, каб не руйнаваў мурашыныя дамкі. Паўлік проста не ведае, якія цікавыя істоты гэтыя мурашы!
Паўлік тым часам накіроўваецца якраз у бок Віцькі. Падэшвы ягоных чаравікаў здаюцца магутнымі бетоннымі плітамі, якія зараз абавязкова расплюшчаць Віцьку. Віцька сцяўся ў клубочак, зажмурыў вочы.
Зараз ад мяне толькі мокрае месца застанецца... Я баюся! Мам-а-а-а! Ма-а-а!
Некалькі імгненняў, пакуль Віцька сядзіць пад хвойкай з зажмуранымі вачыма, здаюцца і самому хлопчыку, і гледачу бясконцымі. Нарэшце, трэск галінак пад нагамі, Паўлікаў свіст і дзікая музыка пачынаюць аддаляцца. Віцька асцярожна адкрывае вочы.
В і ц ь к а (з палёгкай). У-у-уф... Ацалеў. Цяпер уяўляю, як пачуваюцца ледзь жывыя ад страху мурашы... Тады, калі схаваюцца ў сваіх хацінах. А па лесе з гіканнем і свістам імчаць хлопцы. Такія, як Паўлік...
В і ц ь к а сядзіць пад хвойкай. Рэдкія слёзы паціху сцякаюць па твары.
Ну чаму ў мяне ўсё не так, як у іншых? Бацькам сорамна, што я кепска вучуся. Настаўнікам надакучыла прымушаць мяне ўрокі вучыць. Аднакласнікі паглядаюць з усмешкай. Адзін Паўлік — сябра... Але які ж ён сябра, калі падумаць? Дзікун сапраўдны! Ва ўсім свеце адзін Мураш лічыць мяне за чалавека, вартага павагі... Чаму я нікому не патрэбны?
Доўга сядзіць Віцька і ўсё думае пра сваё жыццё. Пачынае цямнець. На паляне з’яўляецца Мураш. У яго горкі і разгублены выраз твару.
М у р а ш. Ізноў мноства нашых братоў — малых лясных мурашак — загінула пасля гэтага нашэсця. Тры мурашнікі разбураны. Заўтра пачнём дапамагаць сваім суседзям адбудоўвацца. Як жа ты без хаты пражывеш?
В і ц ь к а. Ведаеш, я абавязкова знайду тых хлопцаў.
(З адчаем, амаль крычыць.) Я растлумачу ім, што нельга руйнаваць мурашыныя гарады! Я адлупцую іх!
М у р а ш (адмоўна паківаўшы галавою). Такім ты нічога не растлумачыш! Яны ж не людзі, а дзікуны, варвары!
В і ц ь к а. Але ж мне ты рас... (Схамянуўшыся, змаўкае. Далей кажа крыху вінавата.) Можа, дапаможаш знайсці тую паляну, на якой мы сустрэліся? Мне ўжо трэба вяртацца дадому. На той паляне ёсць чарадзейны сук. З яго дапамогай я ізноў стану такога росту, які і бывае ў звычайных школьнікаў.
М у р а ш. З задавальненнем! Я памятаю ўсе паляны ў нашым лесе!
В і ц ь к а (уражаны). Як... памятаеш?!
М у р а ш. Што ж тут дзіўнага! Яны ж усе розныя! I на кожнай — свае дрэвы, свае кветкі і травы...
Мураш і Віцька крочаць па лясной дарозе. Сцэна паварочваецца, а перад гледачом паўстае карціна крыху таемнага вечаровага лесу, дзе ў гушчары дрэў і кустоўя хаваецца паўзмрок. Нарэшце героі спыняюцца.
Вось, бачыш — тая самая паляна! А вось, напэўна, і твой сук... Дакладней, бервяно. Глядзі, не забывай нас. Прыходзь яшчэ! З такімі, як ты, пагаворыш... дык пачынаеш думаць, што і сярод школьнікаў засталіся яшчэ сапраўдныя людзі...
Віцька бярэцца за чарадзейны сук. Святло на сцэне на імгненне згасае, а калі загараецца ізноў, мы бачым таго самага Віцьку, высакаватага хлопца-падлетка,што і на пачатку спектакля.
В і ц ь к а (са здзіўленнем азіраецца вакол). Гіганцкія сосны зменшыліся і зрабіліся звычайнымі. I вялізнае бервяно ператварылася ў сук, які можна трымаць у руцэ. А трава, якая была вышэй галавы, не дастае нават да калена... А дзе ж мой новы сябра?
Хлопец прысеў на кукішкі.(Уражана.) Які ж Мураш маленькі! Які безабаронны! І як мне яго шкада...
Віцька асцярожна адрывае травінку, падсоўвае яе бліжэй да Мураша і дапамагае яму ўзабрацца на ўласную далонь. Дзіўна, але цяпер, калі я зноў стаў такім, як усе людзі, я не разумею мову мурашоў… Як шкада! Ён глядзіць на мяне так запытальна, нібыта хоча нешта сказаць. Што ты хочаш сказаць, Мураш? Я абавязкова вярнуся да вас!
У знак згоды Мураш ківае галавой.
Абавязкова вярнуся! Ты чуеш?

КАНЕЦ