Ад Бранска да Вільнюса

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Сташанскі дом фальклору Пінскага раёна Брэсцкай вобласці
Мінулы год для супрацоўнікаў Сташанскага дома фальклору выдаўся надзвычай удалым. Па словах нязменнага загадчыка ўстановы культуры Венеры Папіціч, аўтэнтычны народны ансамбль “Чабатухі”, што дзейнічае пры СДФ, не раз прымаў удзел у шматлікіх раённых ды абласных святах. Але і гэта яшчэ не ўсё. Нягледзячы на ўзрост (некаторым удзельнікам калектыву на сёння — больш за 80 гадоў), “чабатушкі” летась пабывалі ажно чатыры разы за мяжой, дэманструючы палякам, літоўцам ды расіянам багацце і хараство спеўнай ды мілагучнай палескай песні.

У чым сакрэт? — спытаеце вы. Мабыць, у няўрымслівасці загадчыка ўстановы. Венера Папіціч і з новымі людзьмі заўсёды рада пазнаёміцца, і прадставіць свой калектыў кожнаму зацікаўленаму — ад шараговага госця ўстановы да журналіста рэспубліканскага выдання, — і “выбівае грошы” для паездкі то ў мясцовых спонсараў, то ў раённых улад.

Першы замежны “ваяж” у “Чабатух” адбыўся яшчэ ўвесну. Ужо трэці раз яны выступілі на фальклорным фестывалі “Там, па маёвай росі”, што ладзіць у Бельску-Падляшскім (Польшча) дырэктар “Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах” Дарафей Фіёнік. Пасля было запрашэнне ад арганізатараў фестывалю “Вяснянскі карагод” у расійскім Бранску, пасля — гастролі ў Варшаве, а напрыканцы восені, дзякуючы загадчыку аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысе Быцко, — і ў Вільнюсе. Там паляшучкі скарылі сваімі спевамі і прадстаўленнем традыцыйных абрадаў (напрыклад, тагога ўнікальнага, як “Скокі на лавах”) гледачоў з многіх краін свету. І як сведчанне свайго поспеху прывезлі з Вільнюса дыплом лаўрэата Міжнароднага фестывалю “Пакроўскія званы”…

Таксама паспяхова прайшло выступленне артыстак у Беларусі на агульнарэспубліканскім форуме “Покліч Палесся”, на якім яны прадставілі старадаўні абрад ”Засеўка гуркоў”. А сёння яны рыхтуюцца прэзентаваць культуру свайго раёна на традыцыйным абласным свяце “Рух зямлі”… Так што адпачываць ім няма калі. Тым больш усе святы беларускага народнага календара — Зажынкі, Дажынкі, Калядкі ды многія іншыя — на Піншчыне без “Чабатух” сёння не ўяўляюць…

На жаль, на сёння існуе толькі некалькі відэазапісаў (у тым ліку і ў Інтэрнэце) з аўтэнтычнымі танцамі, абрадамі ды спевамі, якія выконвае сташанскі калектыў. Няма ў 
ансамбля і дыскаў са сваімі запісамі, якімі ён мог бы пахваліцца перад айчыннымі ды замежнымі гасцямі сваёй установы ці пад час гастролей… Але, як кажа Венера Папіціч, усё гэта абавязкова будзе, тым больш раённае кіраўніцтва Пінскага райвыканкама вельмі прыхільна ставіцца да калектыву ды падтрымлівае яго ўдзельніц не толькі транспартам, а і матэрыяльна, часткова фінансуючы іхнія замежныя гастролі…. Таму сумнявацца ў словах няўрымслівага дырэктара Сташанскага дома рамёстваў я, да прыкладу, не збіраюся…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"