“Пахаванне стралы” ў... Афрыцы?

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

"Хварэюць" на фалькор "спецыяльна навучаныя людзі"
Як навучыцца любіць традыцыйную беларускую культуру? Напэўна, трэба адчуць сябе беларусам — чалавекам са слаўным радаводам і не абы-якімі духоўнымі прынцыпамі, што стагоддзямі назапашваліся продкамі! На пытанні “К” адказвае загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына ГЛУШЭЦ.

/i/content/pi/cult/513/11077/13-1.jpg

— Праблема ў тым, што для адраджэння традыцый часам не стае захопленых людзей. Энтузіястаў, так бы мовіць, збоку — мала. Збольшага “хварэюць” на фальклор “спецыяльна навучаныя людзі”: метадысты, шараговыя работнікі культуры на месцах... Да прыкладу, у Рычове Жыткавіцкага раёна гэта — кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры Ганна Бурак. Неабыякавы да справы і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч. Абрад “Юр’я” вёскі Пагост гэтага раёна мае статус нематэрыяльнай каштоўнасці, таму, акрамя паездак на само свята, час ад часу тэлефаную Сяргею, цікаўлюся, як справы. Ён кажа: “Усё нармальна. Ваюем!” Вось такая гіперактыўнасць — нармальны стан аддзела. Я занепакоілася б, каб было інакш… У Стаўбуне, што на Веткаўшчыне, заўжды актыўна шчыруе Святлана Парашчанка — кіраўнік “Стаўбунскіх вячорак”. Удзельніцы калектыву, у тым ліку былыя, — самыя сапраўдныя носьбіты нашай традыцыі. Каб не гэтыя жанчынкі, не было б і “Пахавання стралы”.

— У Казацкіх Балсунах гэты ж абрад мае статус нематэрыяльнай спадчыны. Але дайшлі да мяне чуткі, што мясцовая клубная ўстанова знаходзіцца ў выніку аптымізацыі пад пагрозай закрыцця…

— Клуб раённыя метадысты адстаялі. Значыць, захаваецца і чалавек, які падтрымлівае абрад. А ўвогуле, недахоп фалькларыстаў на месцах — праблема агульнарэспубліканская…

— Да свайго сораму, ніколі не бачыў, як стралу водзяць ды хаваюць. У Казацкія Балсуны, атрымліваецца, ехаць ужо не выпадае. А вось у Стаўбун Святлана Парашчанка сёлета запрасіла. Паеду.

— Глядзіце, абавязкова ў жыце выкачаюць!

— Не бяды… Наступнае пытанне: што рабіць з адроджанымі абрадамі далей? Турыстам за грошы сакральнае відовішча прадаваць?

— Аўтэнтыку мы зафіксавалі на стужку. Далей пайшла трансфармацыя, перастварэнне, калі хочаце. На мой погляд, гэта нават экспартаваць можна ў межах рэгіёна, дзе пра абрад ведаюць.

/i/content/pi/cult/513/11077/13-2.jpg

 

Пад час абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы" на Веткаўшчыне. / Фота Андрэя МІЦКЕВІЧА

— Але ж не выключаю магчымасці, што праз пэўны час і пры пэўнай рэкламе “Пахаваннем стралы”, скажам, і ў Афрыцы зацікавяцца!..

— А ці знойдзем мы там належнае жытнёвае поле? А калі больш сур’ёзна, то традыцыйная народная культура вельмі прывязана да месца, і ў той жа Афрыцы, упэўнена, ёсць свае адметныя ды цікавыя абрады.

— Мы пачалі гаворку пра трансфармацыю. З гэтай нагоды якой бачыцца перспектыва развіцця традыцыі? Ці мы яе ў выглядзе плёнак і аўдыязапісаў пакінем у банку даных для нашчадкаў? Пакінем — і забудземся?

— У нас ёсць бабулі — носьбіты традыцыі. З’явіліся і калектывы-пераймальнікі. Апошнія цяпер імкнуцца зацікавіць сярэдняе пакаленне. Для таго, каб ведалі, каб усведамлялі, на чым будаваліся нашы ўяўленні пра свет, пра месца чалавека ў жыцці, пра любоў ды людскасць. І гэта важна ў разуменні нас сённяшніх... Так што гаворка — не пра дзею дзеля дзеі. Гаворка, паўтаруся, — пра разуменне беларускай існасці, беларускай адметнасці…

— Як мы ўсе ўразіліся, калі летась у жніўні ў Старым Дзедзіне, што на Клімавіччыне, дзяўчаты правялі абрад выкліку дажджу: рэчку мясцовую ўзаралі. І адразу дождж пайшоў! Мы, напэўна, пачалі адрывацца ад прыроды тады, калі забыліся на спрадвечныя абрады…Гэта ўсё, па-мойму, яшчэ ў дзіцячых садках выкладаць трэба.

— А ёсць ужо прыклады, калі сучасныя дзеці на традыцыі выхоўваюцца не без поспеху. Віктар Шыпкоў з Маркавічаў (Гомельскі раён) вырас у мясцовым фальклорным калектыве, на абрадзе “Сула”. Цяпер ён вучыцца ў Мінску і, наколькі ведаю, не губляе кантактаў з домам, з калектывам, нават мае намер ім кіраваць!..

— Гомельская музычная фольк-фармацыя “Ягорава Гара” Ігара Архіпава, у якую вы, Ірына, таксама ўваходзіце, — вынік працы генетычнай памяці, калі адчуваеш, што без каранёў няма далейшага росту?

— Дарэчы, вельмі яркая з’ява, скіраваная на аднаўленне страчанай сувязі пакаленняў. Колькі разоў заўважала, як людзі, пачуўшы народныя песні, адаптаваныя сучаснымі гуртамі, пачынаюць цікавіцца фальклорным матэрыялам: песнямі аўтэнтычнымі.

— Згодны, неўсвядомленыя праявы самаідэнтыфікацыі цяпер заўважныя ўсё часцей. Моладзь пачала цікавіцца і арнаментам, і строем, і гісторыяй… Ініцыятыва “знізу” — з’ява частая?

— Бываюць і такія выпадкі. Вось з Буда-Кашалёва патэлефанавалі ўдзельнікі фальклорнага гурта, што дзейнічае пры РДК: прасілі клікаць іх выступаць, бо “заседзеліся” на месцы, пакуль ішоў рамонт іхняй установы. З Брагінскага музея вось паведамілі, што збіраюцца падрыхтаваць дакументы па вясельным абрадзе “Вёльцы”, каб яму быў нададзены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Так што самадзейных артыстаў тут ніхто не падштурхоўвае, самі ўласную адказнасць усведамляюць.

— Колькі абрадаў на Гомельшчыне ўжо маюць статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці?

— Сем. Неўзабаве, спадзяюся да Дзяржаўнага спіса будуць дададзены тонежская “Чырачка” з Лельчыцкага раёна, знакамітае неглюбскае ткацтва, што ў Веткаўскім раёне. Прытым афіцыйна ў спісе знаходзяцца чатыры элементы. Хойніцкая “Русалка”, лельчыцкая традыцыя шанавання крыжоў (“Каменных дзевачак”), рычоўскія спевы ўжо рэкамендаваны Радай, засталася толькі фармальнасць: унесці іх у спіс праз пастанову Савета Міністраў.

— У нас што ні вёска, дык ці абрад, ці сакральны прыродны аб’ект. Нам не хапае даведніка па ўсіх гэтых з’явах, абрадавых элементах, прыродных аб’ектах, што маюць сакральнае значэнне. Каб ведаць і разумець. Але пры адсутнасці належнага фінансавання пра гэта застаецца толькі марыць...

— Грошай іншым разам на экспедыцыі не хапае. Але не гэта галоўнае, бо ў экспедыцыі ездзілі і будзем ездзіць. І тэхніка ёсць. Часам творчай дзейнасці замінае вялікая колькасць справаздачных папер. А хацелася б больш часу выдзяляць на тое ж упарадкаванне нашых архіваў, бо многія рэчы яшчэ проста не расшыфраваны.

— А ўсё гэтае багацце павінна працаваць — у школах ды ў музеях…

— Да архіўнай справы можна было б падключыць пад час практыкі і студэнтаў Універсітэта культуры, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны.

— Усё ж не турбуе раз-пораз думка, што займаецеся нікому не патрэбнай справай?

— Мне гэта патрэбна. Турбуе іншае: і сфера культуры, і сфера адукацыі шмат увагі надаюць нацыянальнаму. Але вось скаардынаванасці ў дадзенай справе, на мой погляд, не заўсёды хапае. З-за гэтага разнабою фальклор наш яшчэ не стаў асновай для эстэтычнага выхавання ў рамках навучальных праграм.

— У вобласці ёсць альбом, дзе сабраны ўсе нашы колішнія і сённяшнія народныя майстры: ткачыхі, глінамесы, разьбяры?

— Пакуль няма. У нас добра наладжаны выпуск буклетаў па самадзейных калектывах ды абрадах. А падрыхтоўка такога альбома — у нашых бліжэйшых планах. Канешне, не пра ўсе рамёствы і не пра ўсіх майстроў адразу, бо наша вобласць вельмі багатая на іх.

— Няма пакуль і альбома, дзе былі б сабраны ўсе ўзоры веткаўскай аконнай разьбы… У Цэнтры ёсць спецыяліст па міжнародных стасунках?

— Адсутнічае. Канешне, ён патрэбны. Каб не скісалі і тыя ж “Стаўбунскія вячоркі”, і шматлікія іншыя калектывы, якія пастаянна рвуцца паказаць сябе за мяжу, і каб Цэнтр наш рухаўся разам з усім цывілізаваным светам.

— Дый я хачу, каб у жыце мяне выкачалі не толькі пад Стаўбуном, але і дзе-небудзь пад Кейптаўнам…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"