“Двое пад адным дахам”

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Фарсіраванне плюс меладычнасць…
Пад такой сімвалічнай назвай у Нацыянальным мастацкім музеі завяршылася выстаўка жывапісу адной з самых вядомых творчых пар у Беларусі — Мікалая Іосіфавіча і Марыі Іванаўны Ісаёнкаў.

/i/content/pi/cult/513/11067/8-1.jpg

Прайсці такі доўгі шлях разам дзвюм творчым натурам і захаваць свой сямейны саюз — гэта сапраўднае выпрабаванне на трываласць. Быць жонкай мастака — задача не з простых. Даводзіцца апрыёры мірыцца з ганаровым другім месцам, таму што першае нязменна будзе займаць Яго Вялікасць Мастацтва. Жанчына, якая своечасова зразумела ды прыняла гэта, можа быць цалкам шчаслівая і задаволеная сваім становішчам. А калі жонка — асоба творчая, тым больш, як і муж, мастачка? Прычым вельмі таленавітая, якая зусім не саступае яму ў майстэрстве? Тады ўзнікае пытанне: быць ці не быць? Кожны ў такой сітуацыі вырашае гэта адпаведна сваім жыццёвым прыярытэтам ды ўяўленням аб сямейных каштоўнасцях. Але Мікалай і Марыя па-ранейшаму разам. Як жывапісцы яны не сапернікі, не канкурэнты: абое з’яўляюцца прадстаўнікамі рэалістычнай школы жывапісу, у аснову якой пакладзены традыцыі рускага пейзажа канца XIX стагоддзя і мастацтва імпрэсіянізму.

Мікалай Ісаёнак — яркі і артыстычны чалавек. Ягоны гучны, трошкі хрыплаваты голас, манера размаўляць, востры і ўчэпісты, часам рассеяны, быццам заглыблены ў сябе, погляд блакітных вачэй, люлька з добрым духмяным тытунем — усё гэта нязменныя складнікі іміджа Мікалая Іосіфавіча. У жыцці ён лічыць за лепшае сказаць чалавеку праўду проста ў вочы, чым абмяркоўваць яго за спінай. Для яго ніякіх “двайных стандартаў” не існуе. Часам ён — рэзкі, самаіранічны, часам — прамалінейны. Але пры гэтым бывае лагодным і наіўным, як дзіця. Так шмат супярэчлівых рыс сплялося ў характары аднаго чалавека, і жывапіс майстра ў многім адлюстроўвае ягоны складаны ўнутраны свет. Па словах Мікалая, яму заўсёды імпанавалі пейзажысты, якія стваралі свае работы пад уплывам уражанняў, эмоцый, хваляванняў. У той жа час ён надае вялікае значэнне школе, майстэрству, прафесіяналізму. Ці не таму ягоныя карціны такія прыцягальныя, прывабныя? З аднаго боку, Ісаёнак віртуозна “бярэ” танальныя жывапісныя адносіны, імкнецца да перадачы святла і насычаных ценяў, выбудоўвае прасторавую глыбіню. Практычна ва ўсіх палотнах ёсць прадметнасць, матэрыяльнасць, адчуванне рэчаў навобмацак. З іншага боку, ягоныя пейзажы ўплываюць, уздзейнічаюць на гледача не распрацаванасцю сюжэта і складанасцю кампазіцыі, а комплексам адчуванняў, што закладзены ў пластычна-жывапіснай тканіне твора. А ў некаторых карцінах мастак узмацняе колер, свядома “фарсіруе” яго, каб надаць кампазіцыі асаблівую псіхалагічную вастрыню. У экспазіцыі можна пабачыць некалькі палотнаў Мікалая, якія маюць практычна аднолькавы матыў, але дзякуючы таму, што ён кожны раз, падобна да французскіх імпрэсіяністаў, па-новаму бачыць натуру ды малюе “свае ўражанні, трапятанне і ўласныя душэўныя хваляванні”, гэтыя рэчы глядзяцца самадастаткова. У цэлым жа, у работах Ісаёнка ёсць усе тыя праявы жыцця прыроды, да выказвання якіх ён так імкнецца: свежасць і нязмушанасць, святло і паветра, дынаміка і спакой.

Марыя Іванаўна — іншая. Яна валодае ціхім голасам, спакойнай манерай гаварыць. Ейным рухам уласцівы мяккасць і плаўнасць. Асабліва гэта адчуваецца на фоне тэмпераментнага ды імпульсіўнага Мікалая. Марыя выклікае ўражанне чалавека сціплага, ураўнаважанага, гатовага, хутчэй, слухаць, чым дамінаваць у гутарцы. Яна адносіцца да ліку тых жанчын, якія любяць і ўмеюць ствараць утульнасць у сваім доме. У мяне склалася адчуванне, што ў паўсядзённасці Марыя знаходзіцца крышачку ў цені свайго мужа. Але гэтае ўражанне ў адзін момант знікае, як толькі апынаешся ў майстэрні мастачкі. Менавіта ў творчасці раскрываюцца тыя энергія і моц, якія закладзены ў гэтым дзівосным, незвычайным чалавеку.

Яе мастацтва, канешне ж, асацыюецца перш за ўсё з нацюрмортам. Многія беларускія крытыкі адзначаюць прысутнасць у ейных карцінах асаблівай “меладычнасці” — ад любімых кветкавых ды пастановачных прадметных нацюрмортаў да пейзажаў і фігуратыўных кампазіцый. Сапраўды, на выстаўцы можна было пабачыць не толькі нацюрморты (іх, зразумела, большасць), але і іншыя жанры. Прырода ў яе палотнах заўсёды высакародная, надзеленая ўрачыстым хараством. Тут няма таго драматызму, які адчуваецца ў некаторых работах Мікалая. Інтэр’ерныя кампазіцыі мастачкі амаль заўсёды адзначаны прысутнасцю жаночага вобраза, таму творы Марыі насычаны пачуццём гармоніі і ўтульнасці чалавечага жытла. Цікавы колеравы лад яе твораў. Для кожнай рэчы яна выбудоўвае свой каларыт і распрацоўвае вельмі складаныя пластычныя задачы. Аднак, пры яркім колеравым багацці, работы нельга папракнуць у стракатасці ды раз’яднанасці. Мастачка па-майстэрску бярэ адносіны вялікіх плоскасцей і ўмела расстаўляе акцэнты, ствараючы сапраўднае адчуванне паўнагучнага жывапісу. Шчырасць пачуцця, якое ідзе ад першага ўражання ад натуры, прывабнасць вобразаў з’яўляюцца складнікамі гарманічнага ўнутранага свету аўтара, яе індывідуальнага мыслення.

На гэтай выстаўцы стала прыкметнай яшчэ адна цікавая тэндэнцыя. Мы прывыклі да моцных па гучанні пейзажаў Мікалая, камерных вытанчаных нацюрмортаў і жанравых кампазіцый Марыі, але ў апошнія гады ў іхняй творчасці адбываюцца цікавыя метамарфозы. Мікалай усё часцей аддае перавагу малым фарматам у пейзажы, робіць выбар на карысць камернай кампазіцыі, у той час як нацюрморты Марыі становяцца ўсё больш важкімі, грунтоўнымі, набываюць своеасаблівую эпічнасць. Мікалай кажа, што ў ягонай майстэрні знаходзіцца ўжо каля ста камерных пейзажаў, якія мала хто бачыў, і што ён марыць зрабіць з іх спецыяльную выстаўку. Майстар упэўнены: “Такога Ісаёнка яшчэ ніхто не ведае!” Мо таму, менавіта з гэтай прычыны ён вырашыў падарыць Нацыянальнаму мастацкаму музею ўсе свае работы з дадзенай экспазіцыі, каб прыгожа завяршыць чарговы радзел сваёй творчай біяграфіі і пачаць новы этап у жывапісе.

А ў майстэрні Марыі стаяць чыстыя палотны буйных памераў, якія чакаюць свайго часу. І я веру, што хутка гэты час прыйдзе…

У любым выпадку мне хочацца пажадаць гэтым “дваім пад адным дахам” пастаяннага руху наперад, каб яны не пераставалі, па словах Мікалая Іосіфавіча, “не толькі тварыць, але і часам вычварацца”. Бо менавіта “вычвараючыся”, мастак можа трымаць сябе ў вечным напружанні, на піку якога і нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры…

Наталля СЯЛІЦКАЯ, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь