Аптымізацыя, арэнда і не рвачы

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Мiнск культурны: заканадаўца моды і адказ на ключавое пытанне
У снежні споўнілася 100 дзён з часу, калі пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта заняў Павел СКАЛАБАН. Адзін з яго дзядоў, Уладзімір Скалабан, быў вядомым беларускім краязнаўцам, а бацька, Віталь Скалабан, — не менш знакамітым гісторыкам, архівістам, бібліёграфам і літаратуразнаўцам. Павел Вітальевіч жа спачатку абраў шлях біёлага, скончыўшы ў 1997-м адпаведны факультэт БДУ, але ў тым жа годзе стаў працаваць у гэтым універсітэце ва ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю.

/i/content/pi/cult/513/11063/6-1.jpg

Музей дома

— Гісторыя мне заўсёды падабалася, — прызнаецца Павел Вітальевіч. — Мой любімы музей — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ўлюбёныя кніжкі — пра той час, пра партызан.

— Кажуць, у вас ёсць цікавае хобі...

— Збіраю старыя рэчы, якія маюць дачыненне да побыту беларускіх сялян: збаны, калаўроты, ручнікі, гарлачы... У нашым вясковым доме шмат усяго такога, і суседзі завітваюць, бы ў музей, а як знойдуць штосьці са старасвецкіх рэчаў у сябе на гарышчы — прыносяць да нас...

— А якому віду мастацтваў аддаяце перавагу?

— Імкнуся наведваць усе тэатральныя прэм’еры сталіцы.

Без страху і папроку

— У БДУ вы займаліся моладдзю і ідэалогіяй. Ідучы на высокую пасаду ў Мінгарвыканкам, ці непакоіліся пра тое, што з культурай у падобным кантэксце сутыкацца не даводзілася?

— Засцярог, што судакрануся з новым, не было. Я разумеў, што “гаспадарка” падобная, яе аб’ём — справа сур’ёзная. Але цяжкасцей ды выклікаў не баюся і лічу сябе амбіцыйным у гэтым сэнсе чалавекам.

— Прыгадайце, калі ласка, першае, што ўразіла ў сферы культуры Мінска.

— Прыемна здзівіла стаўленне людзей да сваёй справы — ад шараговых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, — тое, што яны не проста працуюць, а жывуць ёй з раніцы і да позняга вечара, часам без выхадных. Дый інакш тут нельга.

— І на аптымізацыю хіба ніхто не скардзіцца?..

— Разглядаць яе толькі як скарачэнне кадраў было б у корані недакладна. Мы ўважлівым чынам вывучалі штатныя расклады кожнай установы, і калі камусьці і прапаноўвалася змяніць месца працы, то для гэтага былі важкія прычыны. А хтосьці выходзіў на пенсію. Так што, аптымізацыя — гэта і скарачэнне якога-небудзь аб’ёму нагрузкі, і сумяшчэнне нейкіх службаў ды пасад, перапрафіляванне ўстаноў культуры, у тым ліку праз стварэнне цэнтраў, што акумулююць у сабе і некалькі невялікіх устаноў. На мой погляд, якіхсьці правальных момантаў у тым, як праводзілася і праводзіцца аптымізацыя па краіне наогул, няма.

— Пад час наведвання летась самых розных устаноў культуры нашых раённых цэнтраў, нягледзячы на разуменне таго, што яны павінны прыцягваць пазабюджэтныя сродкі на ўласную дзейнасць, мяне ўсё ж такі “ламала”, калі я бачыў у холе ДК кірмаш, дзе прадаўцы гандлявалі джынсамі...

— Трэба ва ўсім зыходзіць са здаровага сэнсу. Калі ўстановы выступаюць у якасці пляцоўкі “куплі-продажу”, прадастаўляючы свае плошчы якім заўгодна камерцыйным структурам, то, напэўна, пытанні тут ёсць. З іншага боку, і ў часы Савецкага Саюза, і сёння сотні метраў такіх ДК фактычна прастойвалі ды прастойваюць у ранішні і дзённы час. Але калі раней гэты ДК знаходзіўся, напрыклад, на балансе якога-небудзь прадпрыемства, то зараз умовы змяніліся. Многія ўстановы сталі наўпрост уласнасцю камунальнай, і горад не можа ў поўным аб’ёме фінансаваць іх працу. Значыць, калі вы хочаце працаваць, трэба шукаць дадатковыя спосабы прыцягнення сродкаў.

Мінск сённяшні і будучы

— Ці ёсць у Мінску, што называецца, болевыя кропкі ў сферы культуры?

— Катастроф дакладна няма, а бягучыя пытанні — вырашальныя, і яны вырашаюцца. Будуецца інтэрнат Музычнага каледжа імя Глінкі, уведзены ў строй новы будынак Маладзёжнага тэатра, у адрамантаваным Тэатры юнага гледача ўжо распачынае працу прыёмная камісія. Можа, існуе нейкі кадравы голад у некаторых установах, з тымі ж рэжысёрамі, выкладчыкамі. На жаль, не рэдкасць сёння, калі малады спецыяліст, які мае пэўную схільнасць да той або іншай сферы культуры, сутыкнуўшыся з эканамічнай рэальнасцю, ідзе туды, дзе добра плацяць, на працу, не звязаную з культурай…

— Асобныя старой закваскі работнікі сферы наракаюць на тое, што выпускнікі профільных устаноў адукацыі пайшлі не тыя: і ведаў бракуе, і асаблівай цікавасці да прафесіі не адчуваецца, і, “адбыўшы павіннасць” (размеркаванне), хутчэй бягуць з прафесіі… У вас ёсць такое адчуванне, што годнай змены пакаленню 30-гадовых — разумных, таленавітых усё яшчэ энтузіястаў, якія цяпер узначальваюць шматлікія ўстановы культуры, працуюць у іх, няма?..

— Асабіста я моцна задумаўся б, ці браць на працу маладога спецыяліста, які, скончыўшы ВНУ, адпрацаваў год і шукае новую працу з-за таго, што на ранейшай мала плацілі. Малады спецыяліст павінен “абрасці” навыкамі, уменнямі, паглыбіцца ў прафесію, каб стаць сапраўды спецыялістам. Яму на першы час яшчэ б “падушку бяспекі” ў выглядзе магчымай матэрыяльнай дапамогі бацькоў... А з “асобнымі старой закваскі работнікамі культуры” я не згодзен. Так, сустракаюцца ўсялякія людзі, але казаць у цэлым аб новым пакаленні, што яно нічога не ўмее, не хоча ўмець, а шукае выключна матэрыяльную выгаду, было б вялікім перабольшаннем. На мой погляд, у нашых школах і вучылішчах — выдатныя дзеці. У ВНУ — таксама цудоўныя юнакі ды дзяўчаты. І што потым — раз, і ўсе сталі невукамі ды рвачамі? Не веру...

— Катастрафічна хваравітых момантаў у Мiнску культурным мы з вамі не выявілі. А за што сэрца і душа радуюцца?

— Мінск — гэта сапраўдная еўрапейская сталіца. Дзякуючы, у тым ліку, і яго сферы культуры — музеям, тэатрам. І важна, што яны не стаяць на месцы, шукаюць новыя формы ў сваёй дзейнасці, стараюцца ісці ў нагу з замежжам, імкнуцца быць сучаснымі, “быць у трэндзе”, як цяпер кажуць. Наогул, гэта ключавое пытанне: што ў свеце будзе новага заўтра? Трэба не адстаць, а, па магчымасці, нават і апярэдзіць, стаць заканадаўцамі моды, руху. Да прыкладу, мы спрабавалі пешаходную зону — з вулічнымі тэатральнымі відовішчамі, музыкантамі, продажам твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — на вуліцы Маркса. Хтосьці абураўся, скардзіўся, хтосьці — радаваўся, іншы — крытыкаваў, але абыякавых не было. Два гады яна праіснавала, ды мы так і не змаглі пасябраваць з жыхарамі тамтэйшых дамоў. І тыя, хто раней казаў ці пісаў, што там усё дрэнна, цяпер просяць 
вярнуць яе…

— Чым здзівіць Мінск у плане культуры сёлета? Рассакрэцьце, калі ласка, некалькі “маркераў”...

— Будзем працягваць развіваць Верхні горад. Турысты палюбілі і яго Канцэртную залу, і скульптуры, колькасць якіх павялічыцца, і саму Ратушу, што з’яўляецца цяпер не проста адміністрацыйным будынкам, а экспазіцыяй. Тое, што мы сёння маем на ўвазе пад Верхнім горадам, набыло форму музея пад адкрытым небам, прычым — са сваёй эстэтыкай. Таму і не ўсякая музыка тут павінна гучаць, і не любымі вырабамі ДПМ варта гандляваць. Напэўна, у якасці прыкладу, як тут сёе-тое можа выглядаць, варта прыгадаць зоны гасціннасці, якія працавалі ў нас пад час Чэмпіянату свету па хакеі. Будзем прасоўваць такую зону ў Студэнцкай вёсцы як нейкі маладзёжны праект, балазе там з поспехам прайшлі масавыя мерапрыемствы.

Вядома, чакаем, калі адкрые свае дзверы ТЮГ. І цырк прадставіць гледачам новую праграму: такога атракцыёна ў Мінску яшчэ не бачылі...

Крыху статыстыкі

У Мінску на канец мінулага года працавала 84 установы культуры камунальнай формы ўласнасці, колькасны склад супрацоўнікаў якіх налічвае амаль 3,5 тысячы чалавек. Сярэдняя заработная плата — каля 4,3 мільёна рублёў.

У горадзе дзейнічаюць 2 880 калектываў і гурткоў аматарскай мастацкай творчасці (іх наведваюць больш за 62 тысячы чалавек, з іх — 43 тысячы дзяцей).

У гарадскім падпарадкаванні знаходзяцца 26 дзіцячых школ мастацтваў (звыш 10 тысяч навучэнцаў), 22 бібліятэкі, 11 тэатральна-відовішчных устаноў (з іх 5 — тэатры), 2 музеі. У 2014 годзе музейнымі ўстановамі было праведзена больш за 840 выставак, 629 экскурсій, 78 культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Колькасць наведвальнікаў склала каля 80 тысяч чалавек. Усяго ўпраўленнем культуры галоўнага ўпраўлення ІРКСМ па стане на лістапад 2014 года было праведзена 315 культурна-масавых мерапрыемстваў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"