Стыпендыяты фонду: фундаментальна!

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

27 лістапада на галоўнай філарманічнай сцэне краіны адбыўся чарговы канцэрт стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Такія вечары, што ладзяцца напрыканцы года ў якасці справаздачы, сталі ўжо традыцыйнымі, збіраючы па запрашальніках выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў профільных устаноў, а таксама шырокае кола аматараў музыкі. Каго ж і што мы пачулі?

/i/content/pi/cult/514/11062/9-2.jpg

Святочная атмасфера панавала ў фае Беларускай дзяржаўнай філармоніі яшчэ да пачатку канцэрта. Адбіваючыся ў вялізным люстэрку, нібыта запрашаючы нас у Залюстэрачча, зіхацела шарыкамі-ліхтарыкамі навагодняя дэкаратыўная кампазіцыя. Настройваючы на пазітыў, граў ансамбль цымбалістаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа — “Залатая струна” пад кіраўніцтвам Ганны Полесавай. На відэаэкране дэманстравалася стужка пра дзейнасць фонду — праўда, не да канца. Электроніка быццам падкрэсліла, што яна можа “стаміцца” і “закапрызіць”, — у адрозненне ад герояў вечарына, якія браліся за найскладаныя творы сусветнай музычнай літаратуры і дэманстравалі ў іх найвіртуозную тэхніку.

Але ж пачаўся канцэрт не іхнімі выступленнямі, а... “Канцэртам для мамы”. Так называецца дэбютная стужка Ягора Бякава, 19-гадовага студэнта другой нашай Акадэміі — мастацтваў. І дэманстраваўся гэты ролік невыпадкова: днямі ён атрымаў Гран-пры Міжнароднага фестывалю сацыяльнай рэкламы “Ладошка-2014” у Маскве, дзе ў розных намінацыях было прадстаўлена 216 работ з пяці краін.

Праграма дзвюхгадзіннага канцэрта спалучала вядомыя музычныя хіты і творы, якія па розных прычынах выконваюцца даволі рэдка. Цудоўна, што былі прадстаўлены разнастайныя інструменты. Ці часта, да прыкладу, можна пачуць на філарманічных вечарах сольныя выступленні на арфе, марымбе, нават флейце? Такую магчымасць далі стыпендыяты фонду. Мікрафоны, якімі была літаральна нашпігавана сцэнічная прастора, прызначаліся не для падгучкі музыкантаў (яны ў тым не мелі патрэбы), а для запісу. Таму трэба дадаткова падзякаваць Беларускаму радыё, якое ў хуткім часе будзе трансляваць выступленні юных зорак на канале “Культура” і папоўніць імі свае фонды.

Амаль усе салісты выступалі ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Аркестр жа, у сваю чаргу, з’яднаў два сімфанічныя калектывы — студэнцкі (Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) і прафесійны (знакаміты Дзяржаўны акадэмічны — найстарэйшы ў рэспубліцы, які летась справіў 85-годдзе і ў якім працуюць збольшага выхаванцы ўсё той жа Акадэміі). Такі сумесны падвоены склад надаў музыцы нашага класіка Яўгена Глебава асаблівую яркасць, насычанасць фарбаў. Магутна, шырока, паўнагучна грымнуў і фінальны Кант-гімн з “Полацкага сшытка” ў апрацоўцы Вячаслава Кузняцова, вітаючы гасцей вечара і яго ўдзельнікаў, што ўсе разам выйшлі на сцэну. У некаторых жа іншых творах, пэўна, прыйшоўся б да месца больш сціплы склад, які надаваў бы характарнасці штрыхам, дапамагаў ствараць больш вытанчаную музычную інтэрпрэтацыю.

Сонечных промняў дадало ў канцэрт выкананне “Сонечнага кола” Анатоля Гайдэнкі. Аркестр папросту не паспяваў за неверагоднай віртуознасцю салісткі — славутай цымбалісткі Аляксандры Дзенісеня, удзельніцы класічнага “Еўрабачання”. Але больш за ўсё ў яе выкананні скарыла папраўдзе казачнае — то пікантнае, то пяшчотнае — піцыката, што азначае ігру шчыпком, а не з дапамогай палачак.

Вакалісты Настасся Храпіцкая і Віктар Мендзелеў звярнуліся да такога опернага хіта, як знакамітая “Заздароўная” з оперы Дж.Вердзі “Травіята”, што яшчэ больш наблізіла навагоднюю атмасферу. Першая скрыпка аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Кацярына Пукст абрала для свайго выступлення першую частку аднаго з самых складаных твораў сусветнай класікі — Скрыпічнага канцэрта Яна Сібеліуса. Віяланчэліст Міхаіл Радунскі выканаў Венгерскую рапсодыю Давіда Попера — з рамантычным імпэтам, выбудаванасцю драматургіі, прыгожым высакародным гукам і шалёнай віртуознасцю.

Арфістка Настасся Уварава перанесла слухачоў у ХVIII стагоддзе, да музыкі Георга Крыстофа Вагензейля. Салістка вучылася ў нашым Гімназіі-каледжы мастацтва імя І.Ахрэмчыка, а цяпер працягвае адукацыю ў знакамітай ЦМШ пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі.

Фенаменальная флейтыстка Юлія Шчасновіч (менавіта ёй, у знак прызнання таленту, Уладзімір Співакоў падарыў інструмент вядомай французскай фірмы) з лёгкасцю, быццам гуляючы, пераадолела шалёныя “галаваломкі” першай часткі Флейтавага канцэрта Жака Ібера — французскага кампазітара першай паловы ХХ стагоддзя.

Раман Ждановіч і ўвогуле звярнуўся да творчасці нашага сучасніка. У творы “Карытас” Майкла Бурыта для марымбы сола ён прадэманстраваў амаль аркестравую аб’ёмнасць гучання свайго інструмента, уменне дасягнуць тэмбравага мігцення і пастэльнай каларыстыкі ў ціхіх гучаннях. Яркім, моцным голасам і такой жа бліскучай знешнасцю скарыла Марта Данусевіч, прапанаваўшы слухачам арыю Леаноры з оперы Дж.Вердзі “Сіла лёсу”.

Шмат у чым незвычайнай была трактоўка першай часткі Першага фартэпіяннага канцэрта П.Чайкоўскага. Павольныя фрагменты, а таксама кадэнцыя гучалі ў імправізацыйнай манеры, у некаторых падзелах на першы план нечакана выйшлі меладычныя лініі, якія часцей падаюцца як другасныя. У выніку музыка стала куды больш распавядальнай, набыла рысы некаторай эпічнасці, з грунтоўнай “аркай” пачатковых і фінальных тактаў. Саліраваў Андрэй Шычко, які пасля заканчэння Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ паступіў у Маскоўскую кансерваторыю імя П.Чайкоўскага.

Такое фартэпіяннае завяршэнне сольных выступленняў быццам перакінула масток да Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2014”, які пачнецца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўжо ў аўторак і, безумоўна, адкрые імёны многіх будучых стыпендыятаў фонду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by