Дачыненне да агню і шкла

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі адкрылася выстаўка “Маё жыццё — гута” заслужаных дзеячаў мастацтваў Беларусі Уладзіміра Мурахвера і Людмілы Мягковай.

/i/content/pi/cult/514/11061/9-1.jpg

Творчасць Уладзіміра Мурахвера ўражвае сваёй рознабаковасцю: у выяўленчым мастацтве глыбінёй тэматычнай скіраванасці і смеласцю сюжэтных распрацовак, у дэкаратыўна-прыкладным — фантазійнымі формамі, заснаванымі на светапоглядных асацыяцыях, а таксама дасканалым веданнем уласцівасцей расплаўленай жывой масы шкла. Пасля заканчэння ў 1959 годзе Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай ён быў накіраваны на працу на шклозавод “Нёман” у Бярозаўку пад Навагрудкам Гродзенскай вобласці, дзе працаваў да 2000-га, у тым ліку доўгі час — галоўным мастаком завода. Людміла Мягкова з’яўляецца аўтарам не толькі ўзораў шматлікіх вырабаў для масавага спажывання, але і ўнікальных мастацкіх твораў са шкла. Пасля заканчэння, як і Мурахвер, “Мухінкі”, разам з мужам прыехала ў Бярозаўку, дзе працавала на шклозаводзе мастаком, у тым ліку і галоўным.

Канцэпцыя выстаўкі ў Гродзенскім музеі заснавана на той духоўнай сувязі, што яднае асобы мастакоў са старажытным шклозаводам “Нёман”. Плён іх прафесійнай працы — работы са шкла, якія, не страчваючы ўтылітарнага прызначэння, нясуць у сабе высокую прыгажосць.

Шкло Мягковай грунтуецца на складаных метафарах, асацыятыўнай каларыстыцы, што нагадвае фарбы звыклага навакольнага асяроддзя: карычнева-жоўтай лістоты, свежай зеляніны дрэў і травы, пяшчотнага спалучэння бела-блакітных нябёс. Гэта камплекты “Бярозавы гай”, “Ледзяны”, “Бурштын”, “Беларускі”, кампазіцыі “Фанфары”, “Кветкі на асфальце”, дэкаратыўныя вазы “Ноч у Белавежскай пушчы”, “Перамога”, дзе па-майстэрску выкарыстаны і пластычныя ўласцівасці матэрыялу, і яго колеравыя градацыі ды спалучэнні. У кампазіцыях — жаночая вытанчанасць, дакладная канцэптуальная распрацаванасць вобразнага ладу пры стрыманай элегантнасці мастацкіх сродкаў (камплект “Антык”).

Жывапісныя і графічныя работы Уладзіміра Мурахвера ў выяўленчых вобразах узнаўляюць найбольш яркія моманты з жыцця мастакоў, непасрэдна звязаныя з іх працай на “Нёмане”. У першую чаргу, гэта творы, прысвечаныя "сэрцу" цэлага прадпрыемства — гуце, дзе з расплаўленага шкла майстрамі-віртуозамі выдзімаюцца адмысловыя вырабы. Палатно “Народжаныя агнём” утрымлівае аўтапартрэт, тым самым эмацыйна падкрэсліваючы непасрэднае дачыненне аўтара да той вогненнай стыхіі, ад якой залежыць увесь вытворчы працэс і якая канцэнтруе эмоцыі ды фантазію, дапамагае тварыць. Гуце як з’яве — не толькі тэхналагічнай, але і жыццёва значнай — прысвечаны шэраг умоўна-абагульненых работ мастака (“Гутнікі”).

На шматлікіх графічных партрэтах адлюстраваны людзі, лёс якіх быў звязаны з заводам. Дасканала выкананыя тэхнічна, зробленыя з вялікай павагай да чалавека, графічныя аркушы прадстаўляюць вобразы-тыпы, успрынятыя мастаком на высокім гуманістычным узроўні. Ярка-экспрэсіўнымі атрымаліся жывапісныя партрэты мастакоў-калег, дзе спазнаецца не толькі ўнутраны свет партрэтуемага, а і вызначаецца суб’ектыўная аўтарская ацэнка прадстаўленай асобы.

Яшчэ адно творчае асяроддзе, вобразна і эмацыйна ўвасобленае на палотнах, — асабістая майстэрня Уладзіміра Мурахвера, дзе прыходзілі мары, натхненне, рэалізоўваліся задуманыя праекты: “У майстэрні”, “Мой дом — мая крэпасць”, “З акна майстэрні”. Свой прафесіяналізм мастак перадаваў іншым і вёў у горадзе мастацкую студыю. Гэтая грань жыцця таксама знайшла адлюстраванне ў жывапісных творах (“У студыі”). Гарадской прасторай, дзе было ўтульна і цёпла душы, сталі вуліцы Навагрудка, суседняга горада з няўлоўным яўрэйскім каларытам — крамамі, сінагогамі, таму старыя вулачкі з такой любоўю занатаваны творцам.

Шэраг жанравых работ звернуты да драматычных падзей у гістарычным лёсе яўрэйскага народа (“Януш Корчак”, “Зыход”). У графічных серыях праз вобраз-сімвал даследуюцца глыбокія рухі чалавечай душы (“Клейзмеры”).

Выстаўка дае нам магчымасць дакрануцца да прыгожага творчага жыцця Уладзіміра Мурахвера і яго жонкі Людмілы Мягковай, якія заўсёды разам.

Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца

Гродна