Што за межамі “тэхнічнай задачы”?

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Прозвішча Кузьміч стала ў беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядомым і нават знакавым, калі ягоны носьбіт узнавіў нашу нацыянальную рэліквію — Крыж Ефрасінні Полацкай. У мастакоўскіх сем’ях дзеці часта становяцца мастакамі. Вось і сын знанага майстра Мікалая Кузьміча пайшоў шляхам бацькі: Пётр Кузьміч таксама працуе з металам і эмалямі. Нядаўна ў Брэсце, дзе ён жыве, адбылася ягоная персанальная выстаўка.

/i/content/pi/cult/514/11060/8-2.jpg

Персаналія для творцы — рэч надзвычай адказная. Я ведаю нямала мастакоў, якія прыдбалі станоўчы імідж праз удзел у групавых выстаўках і сапсавалі яго, калі адважыліся зладзіць персанальную. Гэта — як спяваў артыст у хоры, ды няблага, здаецца, і вырашыў, што здольны на большае: замахнуўся на сольнік… Я заўжды, колькі сябе памятаю, падазрона ставіўся да такой з’явы, як калектыўная творчасць, і паважаў мастакоўскае памкненне да самастойнасці. Пётр Кузьміч засвоіў адпаведную выяўленчую мову, прынамсі, яе некаторыя важныя чыннікі. Ягоныя эмалі на метале маглі б быць дарэчнымі ў аздобе інтэр’ераў. Некаторыя з работ Пятра Кузьміча глядзяцца як фантастычныя краявіды, дзе асноўны выяўленчы сродак — фактура.

Але пакуль што мастаку, як мне пабачылася, усё ж бракуе канцэптуальнай акрэсленасці. І не стае досведу — творчага ды жыццёвага. З гэтай прычыны ён дэманструе грамадзе не паўнавартаснае “сачыненне”, а, хутчэй, практыкаванні. Мастак ведае, “як”, але, зноў жа, як падалося мне, не ўяўляе пакуль дакладна, “навошта” па-за межамі тэхнічнай задачы.

Відаць, што аўтару цікава гуляць з колерам, фактурамі, формамі. Як многіх неафітаў мастацтва, якія яшчэ не знайшлі ўласнай тэмы, яго цягне ў бок абстракцыі, ад якой гледачу ні цёпла ні холадна. Падобна на тое, што творцу карціць “ахапіць неабдымнае”. Сведчаць пра гэта і назвы работ: “Чорнае і белае”, “Дэфармацыя”, “Трансфармацыя”, “Метамарфозы”, “Рух”, “Аб’ект”. Атрымліваецца — пра што заўгодна і адначасова ні пра што. Некаторыя назвы напісаны на англійскай мове, што, мабыць, мусіць надаць творам метафарычнасці і таямніцы. На маю думку, экспазіцыя не цягне на вызначэнне “праект”. У лепшым выпадку гэта — “клаўзура”, інакш кажучы, эскіз, над якім яшчэ варта працаваць.

Пётр Кузьміч — чалавек таленавіты і валодае добрым творчым патэнцыялам. Не абмінеш і тую акалічнасць, што металам у нас займаецца няшмат мастакоў. А пры адсутнасці трывалай традыцыі, зафіксаванай у знакавых творах, міжволі мусіш “ісці лесам” замест торнай дарогі ды рабіць “адкрыцці”, недзе даўно “запатэнтаваныя”. Гэта натуральны этап, але творчасць усё ж будуецца на іншай аснове.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"