Дзе жывуць казкі?

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Гэтым разам мы прапануем п’есу Вольгі Караткевіч з Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Нарадзiлася і вырасла Вольга на Далёкім Усходзе, а ў Беларусі жыве толькі з 1990 года. Працуе яна вядучым навуковым супрацоўнiкам Нацыянальнага парку “Нарачанскi”. Сфера прафесійных інтарэсаў — экалагiчная адукацыя і выхаванне дзяцей. Побач с прафесiяй — заўсёды творчасць: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, жывапіс і літаратурная дзейнасць. П’еса “Дзе жывуць казкі?” (спецыяльны прыз на Рэспубліканскім конкурсе п’ес для дзяцей у 2006 годзе) пра тое, што прыгажосць і гармонія знаходзяцца вакол нас, — варта толькі захацець убачыць і адчуць іх. Мажліва, кагосьці з нашых чытачоў яна падштурхне да стварэння ўласных драматычных твораў. Чакаем іх у нашай рэдакцыі!

Дзейныя асобы:

 Вядучы, дарослы чалавек;
1-я Мышка;
2-я Мышка;
Дзьмухавец;
Рапуха;
Званочак;
Сараканожка;
Вусень;
Жук;
Крот;
Божая Кароўка;
Чмель;

Зорка.

 

Адзінокі стары дом. У доме даўно ніхто не жыве.

Дзея першая

Карціна першая

Вядучы; 1-я Мышка, 2-я Мышка. (Мышкі адрозніваюцца адна ад другой: 1-я Мышка — маленькая, рамантычная, любіць доўга разважаць, а 2-я Мышка — большая па памерах, рашучая і жвавая. — Аўт.)

Раніца, яшчэ змрочна, ледзь чутны спевы конікаў, жабак. Паступова святлее: пачынаецца дзень. На сцэну выходзіць Вядучы. Азіраецца па баках, прыслухоўваецца, садзіцца на ўскрайку сцэны.

Вядучы (уздыхае). Сонейка ўстае... Як тут спіцца добра... У гэтым доме прайшло маё дзяцінства... (Азіраецца.) Даўно я тут не быў... Але ўсё памятаю! Бабуля, цёплы ганак, зоркі на небе, казкі. (Звяртаецца да глядачоў.) Вы ведаеце, дзе жывуць казкі? (Прыслухоўваецца.) Цс-с-с... Цішэй!

Грамчэй чуюцца гукі, прачынаецца прырода. Да іх далучаецца мелодыя.

Вядучы (задумліва). А я ведаю... Адкуль? З дзяцінства. Расказаць? Казкі жывуць там, дзе ім хораша. Яны бываюць у кніжках і вельмі любяць тых, хто іх чытае. Часам выпраўляюцца ў падарожжа па свеце, а яшчэ прыходзяць да нас у снах. Да мяне таксама... Нават, калі я ўжо стаў дарослым. Так! Так! І не здзіўляйцеся. Я казкі вельмі люблю! (Дадае шэптам.) Мы, дарослыя, толькі з выгляду гэткія важныя. Скажу вам па сакрэце: усе дарослыя на самой справе ніякія не дарослыя, а проста вялікія дзеці! Хіба што крышачку большыя за вас. Дарослыя таксама любяць казкі, я ведаю... Толькі саромеюцца гэтага чамусьці.

Вядучы ўстае, азіраючыся, павольна ідзе па сцэне.Вядучы (задумліва). У гэтым доме таксама жывуць казкі. Мы з бабуляй сядзелі на ганку, я глядзеў на зоркі, а яна расказвала мне казкі. А яшчэ ў бабулі была вялікая кніжка, з прыгожымі малюнкамі. (Спыняецца, звяртаецца да гледачоў.) Я тады быў вельмі маленькі, нават літары не ўсе ведаў. А цяпер, вы не думайце, я ўжо навучыўся! Дарэчы, а вы казкі чытаць любіце? (Уздыхае.) Якая ж тая кніжка была цудоўная! Калі яе старонкі гартаеш, казкі да цябе самі прыходзяць. Так, так! Вось толькі дзе яна цяпер? (Азіраючыся, сыходзіць са сцэны.)

Гучыць мелодыя. На сцэне з’яўляюцца дзве мышкі. Мышкі, запыханыя, цягнуць за сабой велізарную кніжку. Спыняюцца на хвілінку.

1-я Мышка (жаласліва). Вох! Цяжка! (Уздыхае, разглядаючысвае лапкі.) Гаротныя мае лапкі... (Паварочваецца да другой мышкі, ківае ў бок кнігі.) Навошта мы яе цягнем?

2-я Мышка (рашуча). Трэба!

1-я Мышка (зноў уздыхае). Трэба дык трэба...

1-я Мышка, азіраючыся, заходзіць з процілеглага боку і што ёсць моцы штурхае кніжку наперад, прышчаміўшы незнарок кніжкай хвосцік 2-й Мышкі. Тая раз’юшана вішчыць.

2-я Мышка (гучна). Балюча! Хіба ты не бачыш, што...

Чуецца гучны скрып. Мышкі спалохана прысядаюць. 1-я Мышка хаваецца за кнігу, другая спачатку крыху мітусіцца: адбегчы ў бок не дазваляе хвосцік. Крыху чакаюць. Ціха. Гучаць толькі спевы конікаў.

1-я Мышка (спалохана). Зноў Пудзіла прачнулася! Цяпер рыпець будзе!

2-я Мышка (ціха вохкаючы). Дапамажы, хутчэй!

1-я Мышка. А? Калі ласка! (Падбягае.) Балюча?

2-я Мышка (гучна). А то! Ты што? Не бачыла?!

1-я Мышка (сціпла). Я? Не... Я не бачыла... (Разважае.) Як я магу бачыць? Твой хвосцік с другога боку, да таго ж, кніжка велізарная і яе...

2-я Мышка (спыняе). Досыць гаворкі! Дапамажы лепей!

Абедзве мітусяцца, пыхкаюць. 2-я Мышка буркоча на 1-ю Мышку, тая апраўдваецца. Нарэшце хвосцік выцягнулі і, стаміўшыся, селі на краі кнігі. 2-я Мышка, вохкаючы, разглядае свой хвосцік.

2-я Мышка (уздыхае). Драпінка... Яшчэ адна! Поўсць змялася...

1-я Мышка (глядзіць угару, уздыхае). Колькі зорак... (Пытаецца ў 2-й Мышкі.) Навошта ж іх столькі?

2-я Мышка (шкадуючы, гладзіць свой хвосцік). Гаротненькі мой! (Звяртаецца да 1-й Мышкі.) Патрэбны табе тыя зоркі? Каб не глядзела, куды не трэба, карысці больш было б! А то... (Перадражнівае 1-ю Мышку.) Зоркі, кветачкі, казюрачкі! Вох, вох, вох!

1-я Мышка (задумліва). А што? Цікава...

2-я Мышка (буркліва). Цікава, цікава... Каб ад тваёй цікавасці есці менш хацелася... Вунь учора замест таго, каб тую свечку хуценька сцягнуць ды згрызці, ты сядзела і глядзела, як яна гарыць!

1-я Мышка (рамантычна). Яна гэтак прыгожа свяцілася ў цемры…

2-я Мышка. Прыгожа, прыгожа! А што ад яе засталося? Малюсенькі кавалачак! І на адзін зуб яго не хопіць.

1-я Мышка. Няпраўда. На два!

2-я Мышка. Пэўна ж! З табой падзялілася! Што зробіш! (Уздыхае.) Не глядзець жа галоднай сяброўцы ў вочы!

2-я Мышка не заўважыла, як пачала размову на поўны голас. Зноў нешта рыпнула. Мышкі прыціснулі лапкамі вушкі.

1-я Мышка (вішчыць). Цішэй ты! Зноў Пудзіла рыпіць!

2-я Мышка (шэптам, азіраючыся). Вох! Як пільнуе свой спакой...

1-я Мышка (спалохана). Можа яно за кніжку на нас злуецца? Давай кінем? Да норкі вунь яшчэ колькі...

2-я Мышка. Ага! Колькі цягнулі... (Рашуча.) Усё! Досыць адпачываць! (Устае.) Працаваць трэба!

1-я Мышка. Ну навошта яна нам?

2-я Мышка (рашуча). Спатрэбіцца!

1-я Мышка. Для чаго?

2-я Мышка (уздыхае). Зноў пачала! Калі не будзе чаго есці, дык хоць зубы вастрыць будзем! (Кранае пярэднія зубы лапкай.)

1-я Мышка, прынюхваючыся, абыходзіць вакол кніжкі, аглядаючы яе з усіх бакоў.

1-я Мышка (задумліва). Шкада... Яна такая прыгожая...

2-я Мышка. Ну вось! Зноў! А калі...

1-я Мышка нахіляецца да кнігі ніжэй, прыслухоўваецца, войкае, адбягае крыху ў бок, прысядае.

1-я Мышка (спалохана). Тут нехта жыве!

2-я Мышка. Якая ты пужлівая! Хіба ў кніжцы хтосьці можа быць?

(Нахіляецца бліжэй, спалохана адскоквае.)

1-я Мышка (шэптам). Мо гэта Пудзіла жартуе?

2-я Мышка (няўпэўнена). Не ведаю... (Крыху маўчыць.) Можа, падалося?

2-я Мышка, крадучыся, падыходзіць да кніжкі і рэзка адкрывае яе.

Гучыць мелодыя.

1-я Мышка (выцягвае шыю). Ну, што там?

2-я Мышка (перагортвае старонкі). Нічога! Кручочкі нейкія намаляваны, быццам казюрачкі. (Працягвае перагортваць старонкі, спыняецца і войкае ў захапленні.) Вох! Які прыгожы Дзьмухавец! І вочы ў яго, і лісцікі... Быццам жывы!

Спачатку становіцца цёмна. Гучыць мелодыя, сцэну запаўняе зеленаватае, потым ружова-жоўтае святло.  


Карціна другая

Мышкі; Дзьмухавец; Рапуха; Званочак.

 

(Дзьмухавец — узнёслы ў думках, рамантычны. Рапуха — задаволеная сабой, бурклівая, але ў той жа час і сарамлівая. На галаве ў Дзьмухаўца маленькі белы капялюшык з апошнім насеннем, якое ў выглядзе белых палачак з парасонікамі на канцах, выстарчае ва ўсе бакі. У Рапухі на галаве вялікая зялёная хустка, якая закрывае яе амаль усю. З сабой Рапуха носіць люстэрка, час ад часу глядзіцца ў яго, папраўляючы на сабе сваё ўпрыгожанне — жоўты гарлачык. Званочак мае вялікі блакітны капялюш са шматлікімі званочкамі-бомамі, якія “спяваюць”, калі Званочак пачынае хвалявацца. — Аўт.)

Пасярод сцэны ляжыць кніга, крыху збоку ад яе сядзяць мышкі, прыціснуўшы лапкамі вушы. Побач з кніжкай стаіць Дзьмухавец. Ён пацягваецца, азіраючыся па баках, адыходзіць ад кніжкі, ідзе па сцэне. Бачыць мышак і спыняецца.

Дзьмухавец (ветліва). Прывітанне, мышкі!

Мышкі крыху адсоўваюцца ад яго, з цікавасцю разглядаючы незнаёмца.

1-я Мышка (ветліва). Прывітанне!

2-я Мышка (рашуча). Ты хто?!

1-я Мышка (штурхае 2-ю Мышку пад бок і шэпча). Так нельга! Трэба павітацца спачатку.

2-я Мышка (буркліва). Прывітанне!

Дзьмухавец (мякка ўсміхаючыся, адказвае абедзвюм). Прывітанне! Я —Дзьмухавец!

2-я Мышка (здзіўлена). Ты адкуль з’явіўся?

Дзьмухавец (ківае ў бок кнігі). Адтуль...

1-я Мышка ( у захапленні ўдакладняе). З гэтай кнігі?

Дзьмухавец. Так. Я там у сваёй казцы жыву. (*)

(Значок (*) азначае, што герой можа выконваць песню. — Аўт.)Дзьмухавец зноў пацягваецца, распраўляючы свае рукі-лісцікі, здымае белую шапачку-капялюшык, на якой засталося зусім няшмат насення, пяшчотна папраўляе яе і надзявае зноў.

2-я Мышка (здзіўлена). А-а... Як ты сюды трапіў?

Дзьмухавец (усміхаецца). Вы мяне паклікалі... Даўно ўжо маю казку не чыталі... Дзякуй!

1-я Мышка (спалохана). А мы хацелі гэтую кнігу...

2-я Мышка (заціснуўшы лапкамі рот 1-й). Калі ласка, раскажыце нам сваю казку!

1-я Мышка (адпіхвае лапкі 2-й Мышкі). Так, так! (Гаворыць крыху цішэй.) Прабачце, а чаму ў вас такі сумны выгляд?

Дзьмухавец (здзіўляецца). У мяне? Чаму?

1-я Мышка (сарамліва). На вашым капялюшыку мала што засталося, мо таму і выгляд у вас сумны...

Дзьмухавец. А! (Смяецца.) Затое здзейснілася мая мара!

2-я Мышка (здзіўлена). І вам сябе не шкада?!

Дзьмухавец (задумліва). Не! Хіба можна шкадаваць тое, што аддаеш шчыра, з любоўю? (Усміхаецца.) Таму выгляд у мяне зусім не сумны! А капялюшык... (Зрывае астатняе насенне, дзьме гучна на кожнае. Глядзіць, як уздымаюцца лёгкія парасонікі, і смяецца.) Я не здолеў паляцець, затое паляцелі яны... (Глядзіць уверх.) Я падарыў ім крылы! Кожнаму...

Дзьмухавец садзіцца на ўскраек сцэны, пачынае свой маналог, звяртаючыся то да гледачоў, то да мышак.

Дзьмухавец (разважліва). Ведаеце, я заўсёды хацеў лятаць... Праўда! (Звяртаецца да глядачоў.) Ці бачылі вы, як плывуць аблокі па небе? (Крыху маўчыць.) Быццам белыя караблі па вялікім блакітным акіяне. Дзьме вецер, уздымаюцца ветразі і нясуць іх у далёкае невядомае падарожжа. Я хацеў бы, як яны... Узняцца ў неба высока-высока і паплыць разам з імі! Лёгка, свабодна...

(Устае, глядзіць удалечыню.) Каб убачыць увесь свет! (У захапленні.) Які ён, напэўна, прыгожы! Лясы, рэкі, горы. Ці бачылі вы, як прачынаецца сонца?

Гучыць мелодыя, спачатку ціха, потым больш гучна. Раптам чуецца скрып, мелодыя абрываецца. На сцэне з’яўляецца Рапуха. Цяжка пыхкаючы, падскоквае да кнігі, перагортвае яе старонкі, аглядаецца. Заўважае мышак.

Рапуха (важна). Прывітанне!

Мышкі (разам). Прывітанне!

2-я Мышка (насцярожана). Вы хто?

Рапуха (пакрыўджана). Не пазналі? Рапуха я! (Бурчыць.) Можа, не гэткая прыгожая, як некаторыя раней былі! (Папраўляе жоўты гарлачык на галаве, працягвае.) Але ж не горшая па розуме, а мо і значна лепшая! (Упарта глядзіць у бок Дзьмухаўца.)

1-я Мышка. Прабачце, а вы адкуль?

Рапуха (перадражнівае 1-ю Мышку). Адкуль, адкуль! Вунь адсюль я! (Паказвае на кнігу.) Тут я жыву... (Аглядаецца.) А гэта я так... Пагуляла трошкі, пакуль ён тут вам пра сваю мару расказваў. (Гладзіць свой жывоцік.) Камароў, нарэшце, пабачыла! Стамілася, столькі часу ў кніжцы седзячы... (*)

Мышкі пераглядваюцца і пасоўваюцца бліжэй адна да адной.

Рапуха (звяртаецца да гледачоў). Ізноў цягне сваю шыю невядома куды! (Паказвае на Дзьмухаўца.) Пабачце! Якая яна ў яго стала доўгая і тонкая! (Звяртаецца да яго.) Састарэў ты ўжо са сваёй марай...

Рапуха, цяжка пыхкаючы, скоча па сцэне, спыняецца, звяртаецца да мышак.
Рапуха. Ведаеце, які ён ранней быў прыгожы! (Гучна ўздыхае, заплюшчвае вочы.) Капялюшык жоўценькі! (Папраўляе лапкай жоўты гарлачык на галаве.) Сам увесь гэткі пульхненькі... Вох! Толькі б на яго і глядзела! (Буркліва.) А яму, бачыце, неба патрэбна!Дзьмухавец (азіраецца на яе і ўздыхае). До ўжо. То Ліса надакучвала, цяпер вось ты зноў пачала.
Рапуха (доўга ўладкоўваецца на ўскрайку сцэны, бурчыць). Лятаць яму трэба. Трэба быць разумным! Пільнаваць усё сваё, каб нікуды не знікла. А ты хіба розум маеш? Дзе твой шыкоўны капялюшык? Дзе тваё насенне? Ну скажы, калі ласка, дзе?
Дзьмухавец усміхаецца, здымае капялюшык з галавы, падкідвае яго ўгару, дзьме на яго, смяецца.
Дзьмухавец. Паўсюль! (Звяртаецца да гледачоў.) Маё насенне панёс вецер... Мая мара здзейснілася! Я так хацеў лятаць... Кожную раніцу прачынаўся, глядзеў на аблокі і думаў: “Вось бы мне гэтак жа!”
1-я Мышка (упэўнена). Калі моцна чагосьці жадаць — яно спраўдзіцца!
2-я Мышка (здзіўлена). А ты адкуль ведаеш?
1-я Мышка (гучна). Ведаю! (Трошкі цішэй.) Мне Зорка казала... (Звяртаецца да Дзьмухаўца.) А што было далей?
Дзьмухавец, усміхаючыся, задумліва гладзіць свой капялюшык, потым надзявае яго на галаву і працягвае.
Дзьмухавец. Аднойчы я прачнуўся і зразумеў: пакуль я спаў, са мной штосьці здарылася! Я не ведаў дакладна, але зразумеў — нешта вельмі значнае...
1-я Мышка (у захапленні). Ты... паляцеў?!
Дзьмухавец (задумліва усміхаючыся). Не... Але мне было так хораша, так лёгка...
Рапуха (бурчыць, з жалем паглядаючы на Дзьмухаўца). Лёгка! Яшчэ б табе не было так лёгка! Куды знікла твая жоўценькая прыгажосць?
Рапуха здымае жоўценькі гарлачык са сваёй галавы, доўга, замілавана, глядзіць на яго, потым зноў замацоўвае на сваёй галаве. Гучаць маленькія бомы, на сцэнез’яўляецца Званочак.

Званочак. Прывітанне! Я — Званочак. Я таксама ў гэтай казцы жыву. (Паказвае на Дзьмухаўца.) Ён так моцна хацеў лятаць, што сам стаў падобны на воблака! (*)

Рапуха (буркліва). Ну і дзе? Дзе, скажыце, тое воблака? Няхай нават не жоўценькае... Што ад яго засталося? Ні-чо-га! Усё сваё насенне аддаў! Сабе нічога не пакінуў! (Уздыхае.) Э-э-х! (Перадражнівае.) Лятаць ён марыў! Каму тыя мары патрэбны!

Званочак (усхвалявана). Няпраўда! Патрэбны! (Звяртаецца да гледачоў.) Мары ўсім патрэбны! І яго насенне не знікла! Дзьмухаўцовы капялюшык спачатку быў кветкай, жоўценькай, як сонейка! (Пытаецца ў гледачоў.) Вы бачылі жоўценькія дзьмухаўцы? (Працягвае тлумачыць.) А потым з жоўтай яна стала белай. Ведаеце, чаму дзьмухаўцы становяцца белымі? Гэта з жоўценькай кветкі ўтвараецца насенне. Таму капялюшык стаў белым, як воблака. (Зноў пытаецца ў гледачоў.) Вы бачылі белыя дзьмухаўцы? Кожнай часцінцы свайго насення Дзьмухавец падарыў маленькія крылцы. Пра ніводнае не забыўся. А потым падзьмуў вецер — і яны паляцелі! Яны паляцелі! Як прыгожа! (Глядзіць у вышыню.)

Дзьмухавец (задумліва). Быццам срэбраныя зоркі, узнімалася маё насенне ў неба, даганяючы аблокі... Усё вышэй, вышэй… Развітвалася са мной і паступова знікала...

Званочак (у захапленні). Калі моцна жадаць, мары здзяйсняюцца!

1-я Мышка (падыходзіць да Дзьмухаўца). А што стане з тваім насеннем потым? Ты ведаеш?

Дзьмухавец (задумліва). Ведаю... Яно апусціцца на зямлю, і праз пэўны час з кожнага вырасце гэткі ж дзьмухавец, падобны на мяне.

1-я Мышка. У яго таксама будзе свая мара?

Дзьмухавец. Мусіць, так...

Рапуха (з жалем глядзіць на Дзьмухаўца). А што стане з табой? Дзе будзеш ты?

Дзьмухавец (усміхаецца). Я? Паўсюль! Я застануся ў маім насенні. (Задумліва.) Насенне — працяг жыцця на Зямлі!

Гучыць мелодыя, цямнее. 


Карціна трэцяя

Мышкі; Вусень; Жук.
(Зялёны Вусень — тлусты, лянівы, меланхалічны. Жук — вельмі энергічны, “самадастатковы”, вельмі ганарыцца сваёй знешнасцю. Уся размова паміж удзельнікамі вядзецца з гумарам, але зноў-такі вызначаюцца дзве процілегласці: рамантычнасць і практычнасць. — Аўт.)
Каля кнігі сядзяць дзве мышкі.
2-я Мышка (уздыхае). Штосьці сумна...
1-я Мышка (задумліва). Чаму?
2-я Мышка. Дзьмухаўца шкада...
1-я Мышка (разважліва). Калі мары здзяйсняюцца, а жыццё працягваецца, хіба гэта сумна?
2-я Мышка (цішэй). Давай яшчэ ў кніжку зазірнём?
1-я Мышка. Давай!
Мышкі падбягаюць да кнігі і спыняюцца.
1-я Мышка (звяртаецца да 2-й). Давай ты! Я баюся…
2-я Мышка (гучна). Баязліўка! (Крыху цішэй.) Давай разам?
Мышкі ўдзвюх адкрываюць кнігу. Спачатку становіцца цёмна, потым сцэну запаўняе зялёнае святло, якое пачынае крыху ружавець. Чуюцца гукі, падобныя на шолах лісця.
Мышкі адбягаюць на край сцэны, глядзяць на кніжку. З-за яе высоўваецца Вусень, азіраецца, падыходзіць да ўскрайку сцэны, не заўважаючы мышак, звяртаецца да гледачоў.
Вусень (даверліва). Каб вы толькі ведалі, як мне надакучыла быць зялёным! Вох! (Аглядае сябе, уздыхае.) Гідота!
1-я Мышка (са спачуваннем). Чаму?
Вусень. Таму што надакучыла! Куды не глянеш — паўсюль зялёны колер: лісце, сцяблінкі... Да таго ж, есці гэтае зялёнае ўвесь час хочацца. (Азіраецца на мышак.) А вы хто? Прывітанне!
1-я і 2-я Мышкі (разам). Прывітанне!
2-я Мышка (гучна). Мышкі мы!
1-я Мышка (цішэй). Мышкі мы...
Вусень (уздыхае). Мышкі… Шэранькія, не зялёныя... М-м-м... Якая прыгажосць! (Садзіцца на ўскраек сцэны, аглядае сябе з усіх бакоў, разважае далей.) Я таксама хачу стаць прыгожым! (Звяртаецца да гледачоў, да мышак.) Ведаеце, я адчуваю, што некалі прыйдзе час, калі я стану прыгожым. Абавязкова! Вось толькі якога колеру, яшчэ не ведаю... (Маўчыць.) Толькі не зялёным! Хачу іншы колер! Можа, чырвоны? Не-е... Лепш блакітны! (У захапленні.) Жоўты! Як тыя кветкі, што растуць на лузе...
Ледзь чутна гучыць мелодыя. Чуецца гудзенне — на сцэне з’яўляецца Жук. Ён заглядвае ў кнігу, падкручвае свае шыкоўныя вусікі і падыходзіць да мышак. Важна расставіўшы крылцы, ківае ім галавой, працягвае сваю ножку, вітаецца.
Жук (гучна). Жук!
1-я Мышка (сціпла). Мышка!
2-я Мышка. Таксама э-э... Мышка!
Жук. Прыемна пазнаёміцца! (Азіраецца на Вусеня.) Чаго гэта ён?
1-я Мышка (паспешліва). Пан Жук, гэта — Вусень!
Жук. Зразумела, Вусень, але што гэта з ім?
2-я Мышка (удакладняе). Думае, які яму набыць колер!
Жук (здзіўлена). Што-што?!
1-я Мышка. Ён хоча стаць прыгожым!
Жук. А-а-а... Зноў пачаў... (Падыходзіць да Вусеня.) Прывітанне!Вусень сядзіць на ўскрайку сцэны, ціхенька гайдаецца, задуменна глядзіць ўдалечыню і нешта мармыча.
Жук (нахіляецца ніжэй). Прывітанне!Вусень ад нечаканасці ледзь не звальваецца са сцэны.
Вусень (спалохана). А?! (Усміхаецца.) А-а-а... Прывітанне!
Жук. З кім гэта ты?
Вусень (рамантычна). Я? З сабою...
Жук (са спачуваннем). Даўно ў цябе... гэта?
Вусень (радасна ўсміхаецца). Даўно!
Жук. Здурнеў! (Ідзе прэч, Але вяртаецца назад.) Табе няма чаго рабіць, ці як?
Вусень (сарамліва). А я і раблю. Я пра сваю прыгажосць думаю!
Жук (садзіцца побач з Вусенем). А якая яна, твая прыгажосць?Вусень (разважліва). Якая? Пакуль не ведаю... Але я пра яе думаю ўвесь час... Прыемна ўяўляць сябе кім пажадаеш...
Жук (задумліва гладзіць свае шыкоўныя вусікі, уважліва глядзіць на Вусеня). І ўсё? Больш нічога? Не стаміўся думаць толькі аб прыгажосці?
Вусень (здзіўлена). Хіба гэта дрэнна? (Разважае далей.) Прыгожым быць лепей! Іх усе любяць. (Уздыхае.) Сапраўдная прыгажосць усім патрэбна... А каму патрэбны я — зялёны, брыдкі! (Аглядае сябе зноў і сумна дадае.) Тлусты... Вось калі б я быў іншым, я б зусім не так глядзеў на свет, а свет — на мяне! (Азіраецца на мышак, якія падыйшлі тым часам бліжэй і селі таксама на ўскрайку сцэны.) (*) Хіба гэта дрэнна?
Жук пацірае шыкоўныя вусікі, заклапочана ходзіць па сцэне, думае пра нешта сваё, падыходзіць да куліс, потым рэзка паварочваецца і ўдакладняе.

Жук. А ты ведаеш, якая прыгажосць усім патрэбна, а якая — не? Ды і ўвогуле — навошта мне твая прыгажосць, калі я сам прыгожы? (Ганарыста выстаўляе наперад сваё паласатае брушка, распраўляе бліскучыя крылцы.)

Вусень (лагодна). Як хочаш... (Звяртаецца да ўсіх прысутных.) А я так хачу быць прыгожым! Якім — не ведаю, але толькі б не гэткім! (Аглядае сябе, уздыхае.) Гідота!

Гучыць мелодыя. 


Карціна чацвёртая

Мышкі; Вусень; Жук; Сараканожка; Крот.

На сцэне з’яўляецца Сараканожка. Вітаецца з усімі, спыняецца каля кнігі.

(Сараканожка загорнута ў доўгую тонкую накідку, рухаецца дробнымі крокамі, таму складаецца ўражанне, што ў яе пад накідкай сапраўды шмат ножак. Сараканожка — абаяльная, трымае ўнутраную раўнаўвагу. Крот — добры, але крыху бурклівы. — Аўт.)

Сараканожка (звяртаецца да Вусеня). Хіба можна так самога сябе крыўдзіць? (Звяртаецца да ўсіх.) Ды і ўвогуле, крыўдзіць нікога ніколі не трэба. Навошта?

1-я Мышка (падыходзіць да Сараканожкі). Вы таксама... адтуль? З казкі?

Сараканожка (усміхаецца). Вядома… Гэта я крышачку пагуляла, стамілася, у кніжцы седзячы. Дзякуй, што пра нашы казкі нагадалі!

Мышкі пераглядваюцца, 2-я Мышка апускае галаву ніжэй.

Сараканожка (з гонарам). Вунь, пабач, колькі іх у мяне! (*)

Жук здалёк глядзіць на гэтае відовішча, адыходзіць у бок. Важна падкручвае свае вусікі, распраўляе крылцы.

Жук. І што з таго? Знайшла чым ганарыцца!

Сараканожка (весела смяецца). Вельмі ганаруся! Ведаеце, чаму? Таму, што ў мяне іх столькі, колькі мне патрэбна! (Звяртаецца да ўсіх.) Кожная жывая істота на Зямлі па-свойму прыгожая!

Мелодыя крыху сціхае, і становіцца чутным чыёсьці буркатанне. На сцэну, пыхкаючы, выходзіць Крот з рыдлёўкай. Падыходзіць да кніжкі, кладзе рыдлёўку, старанна страсае з поўсці камячкі зямлі. Ён хоча ўладкавацца на краі кнігі, але потым, агледзеўшы сябе, уладкоўваецца побач. Здымае акуляры, працірае іх аб сваю поўсць, надзявае, прыглядаецца да ўсіх.

Крот (буркліва). Прыгажосць, прыгажосць… Нашто мне тая прыгажосць, калі я не бачу яе! (Вітаецца з усімі.) Прывітанне ўсім, каго бачу... (Глядзіць у бок Вусеня.) ... і, прабачце, не вельмі бачу!

1-я Мышка (сціпла). Вы таксама з казкі?

2-я Мышка (падбягае, заціскае першай рот лапкамі і шэпча). Таксама, таксама! (Паварочваеццада Крата.) Прывітанне! (1-я Мышка, з заціснутым ротам, згодна ківае га-лавой.) Вусень (азіраецца). Прывітанне!

1-я Мышка пачынае дапамагаць прыводзіць у належны стан футра Крата. Крот з удзячнасцю падстаўляе спінку, каб той было зручней, разважае далей.

Крот (буркліва). Калі што прыгожае, трэба яго хаваць! Лепей пад зямлю… (Маўчыць, потым разважае далей.) Але, з іншага боку, калі штосьці прыгожае, навошта яго хаваць? Няхай усе радуюцца! (*)

Сараканожка падхоплівае размову, падыходзіць да ўскрайку сцэны, звяртаецца да гледачоў.

Сараканожка. Яе хаваць не трэба… Сапраўдная прыгажосць усім патрэбна!

Вусень (пытаецца ў Сараканожкі). А якая яна — сапраўдная прыгажосць?

Сараканожка (адказвае). Сонейка ранкам устае, кветкі раскрываюць пялёсткі, птушкі спяваюць. Ад гэтай прыгажосці ўсім добра... Калі аднаму хораша, а іншаму — не, хіба гэта сапраўдная прыгажосць?

Жук (насцярожана). Тады атрымліваецца — мая прыгажосць нікому не патрэбна?..

Крот. Прабач, але якая мне справа, напрыклад, да тваіх вусікаў!

Жук пакрыўджана папраўляе свае вусікі і тупае да куліс. Сараканожка мякка спыняе Жука.

Сараканожка. Пачакай! Хіба твая прыгажосць толькі ў вусіках? Сапраўдная прыгажосць — у тваіх добрых учынках! Хто ўчора дапамог гаротнаму Жужалю данесці да хаткі ежу? А хто выратаваў Матылька з павуціння? Хто падвёз маленькага Мурашыка, які спазняўся дадому? Твае дабрыня, пяшчота, павага да іншых усім патрэбны!

Жук, натапырыўшы вусікі, доўга ходзіць па сцэне ўзад-уперад, потым, рэзка крутануўшыся на лапцы, звяртаецца да ўсіх прысутных са сваім адкрыццём.

Жук (важна). Не мае значэння, якога ты памеру і колеру, калі ты сапраўды прыгожы!

1-я Мышка (радасна). Колькі вакол нас прыгожага! Досыць толькі прыгледзецца!

Сараканожка. Так! Так! Трэба толькі заўважыць!

Вусень (рамантычна). А словы якія ёсць прыгожыя: Дабрыня, Радасць, Любоў... (*)

Становіцца ціха. Кожны думае аб сваім, патаемным. Паступова цямнее, і на сцэне высвечваецца толькі Вусень. Ён азіраецца вакол сябе, потым здзіўлена глядзіць на свой жывоцік.

Вусень (задумліва). Есці чамусьці зусім не хачу... (Звяртаецца да ўсіх.) Вось дзіва! Раней за гэты час я столькі б з’еў! А зараз — не! ( Ідзе да кнігі.) Спаць толькі хочацца... Прабачце, але я трошкі пасплю, добра? Я дзе-небудзь ціхенька прытулюся. Вочы зліпаюцца.

Жук, Сараканожка, Крот ціхенька сыходзяць са сцэны, Мышкі з цікавасцю паглядаюць на Вусеня, крышачку пасунуўшыся да кнігі бліжэй. Вусень шукае нешта ў кнізе і паўтарае сонным голасам.

Вусень (павольна). Спаць, спаць... (Выцягвае коўдрачку, закручваецца ў яе, як у вопратку, укладваецца побач з кнігай.) Якая мяккая... Утульная... Быццам у калысцы...

1-я Мышка асцярожна падбягае да Вусеня, папраўляе коўдрачку,шчыльней падпіхваючы яе яму падбакі.

Вусень (сонным голасам). Дзякуй табе... Спаць... Спаць... (Звяртаецца да ўсіх прысутных.) Мне здаецца, што калі я буду спаць, адбудзецца нешта вельмі значнае... Я буду зусім іншы. Але, ведаеце, мне ўжо не важна, якога колеру... Няхай нават і зялёнага. Я цяпер ведаю, што такое сапраўдная Прыгажосць. (Радасна.) На Зямлі столькі прыгожага...

Вусень засынае, мышкі ціхенька сыходзяць са сцэны. Гасне святло, гучыць мелодыя.

 

Дзея другая 

Карціна пятая

Мышкі; Божая Кароўка; Мурашык; Чмель.(Божая Кароўка — вельмі энергічная, мае да ўсяго цікавасць, добрая і чулая. Чмель вельмі ганарыцца сваімі вусікамі з пухнатымі канцамі, заўсёды заклапочаны ўласнымі справамі, але, разам з тым, добры і адказны. — Аўт.)

На сцэне — мяккае зеленавата-ружовае святло вакол кнігі. Побач з кнігай сядзяць мышкі. Гучаць галасы птушак.

1-я Мышка (задумліва). Як прыгожа спяваюць птушкі!

2-я Мышка. Вусень пра прыгажосць расказваў. Гэтак стаміўся, што заснуў... Калі цяпер прачнецца? Невядома... (Уздыхае.)

1-я Мышка (загадкава). А я ведаю, кім Вусень стане...

2-я Мышка (здзіўлена). Ну і кім?

1-я Мышка (гучна). Матыльком! (З захапленнем.) Якія яны прыгожыя!

2-я Мышка. Адкуль ты ведаеш?

1-я Мышка. Мне Зорка казала... Вось толькі калі гэта будзе? Не ведаю...

2-я Мышка. Скажы, калі ласка, як ты ўсё заўважаеш?

1-я Мышка. А мне цікава…

2-я Мышка. Што?

1-я Мышка. Усё!

2-я Мышка. Што ўсё?

1-я Мышка (паспешліва). Усё цікава… Чаму сонейка свеціць, чаму аблокі на небе, чаму кветкі рознага колеру, чаму…

2-я Мышка. Досыць ужо! Чамучка!

1-я Мышка (уздыхае). А мне ўсё адно цікава. Яно такое прыгожае…

2-я Мышка. Хто — яно?

1-я Мышка. Жыццё! Жыццё прыгожае! Прыходзіць дзень і прыносіць з сабою нешта новае. Быццам гартаеш старонкі кніжкі. (Падыходзіць да кнігі, перагортвае старонку.) Зусім як у гэтайНа сцэне становіцца цёмна.

2-я Мышка (шэптам). Ну вось! Нарабіла спраў… (Перадражнівае.) Цікава, цікава, прыгажосць…

1-я Мышка (апраўдваецца). А што, калі сапраўды…

Пачынае святлець. Спачатку з’яўляецца ружова-блакітны, потым жоўты колер. Гучыць мелодыя. Каля кніжкі, не заўважаючы мышак, прабягае Божая Кароўка, прыціскаючы да сябе лапкі, радасна шэпча нешта сваё. Мышкі, з цікавасцю выцягнуўшы шыі, сочаць за яе рухамі.

Божая Кароўка падбягае да куліс, потым рэзка паварочваецца і бяжыць назад, дабягае да мышак, на хаду вітаецца.

Божая Кароўка. Прывітанне!

Мышкі (здзіўлена). Прывітанне…

Божая Кароўка бяжыць да ўскрайку сцэны і спыняецца, ўвесь час нешта шэпча, крыху збіваецца і зноў пачынае шаптаць.

2-я Мышка (паказваючы на Божую Кароўку). Яна таксама з казкі?!

1-я Мышка (шчыра ўсміхаецца). Напэўна! (Робіць некалькі крокаў да Божай Кароўкі.) Прабачце, вы — з казкі?

Божая Кароўка азіраецца, ківае галавой, а потым радасна абвяшчае мышкам і гледачам.

Божая Кароўка. Ведаеце, я ўчора навучылася лічыць да сямі!

2-я Мышка. Навошта?

Божая Кароўка (не заўважае пытання, закрывае вочы і з захапленнем працягвае далей). Адзін, два, тры, чатыры! (З гонарам паглядае вакол сябе.) Пяць, шэсць... (Крыху маўчыць.) Сем! Вось! (Хутка.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем!

1-я Мышка (здзіўлена). Як жа вы навучыліся?

Божая Кароўка (з гонарам). Мяне мой сябра Мурашык навучыў! (Зноў звяртаеццада гледачоў.) Я ў яго запыталася: колькі ў мяне кропак на спіне? Ён адказаў, што іх сем, і навучыў мяне лічыць да сямі! (Зноў хутка паўтарае.) Адзін, два… Вох! Забылася… А-а! Тры, чатыры, пяць, шэсць, сем!

2-я Мышка. Навошта?

Божая Кароўка. Што “навошта”?

2-я Мышка. Ну... Навошта табе ведаць?

Божая Кароўка (крыху збянтэжана). А-а, чаму яны на мне… ёсць? І чаму іх роўна сем, а не больш або менш?

1-я Мышка (падбягае да Божай Кароўкі, разглядае яе спінку і таксама здзіўляецца, звяртаючыся да гледачоў.) Сапраўды, чаму?

2-я Мышка (уздыхаючы, хапаецца лапкамі за галаву). Ну вось! Яшчэ адна чамучка з’явілася!

Божая Кароўка (таксама ўздыхае). Мне цікава…

Раздаецца гудзенне, з боку куліс, на сцэне імкліва з’яўляецца Чмель. Спыняецца, паціраючы лапкамі крылцы, нібы прасушваючы іх. Вохкае, трэ адной ножкай аб другую.

Чмель (гучна). Зме-е-ерз! Змо-о-ок ад расы! (Падскокваючы, дабягае да ўскрайку сцэны і абвяшчае гледачам.) Есці хачу! (З гонарам.) Але сваё абяцанне выканаў! На тое я і Чмель! (*) (Звяртаецца да гледачоў.) Прывітанне! Мяне ўчора папрасіў Мурашык распытаць у разумнай Савы, чаму ў Божай Кароўкі сем кропак на спіне. Я лятаю хутка і на ўсё магу знайсці адказ. Знайшоў! Але не разумею, навошта Божай Кароўцы гэта ведаць? У яе кропкі ёсць, а у мяне іх няма, дык што з таго?

Божая Кароўка (сціскаючы лапкі, звяртаецца да 1-й Мышкі і гледачоў). Гэта ж пра мае кропкі, напэўна… (Падбягае да Чмяля і пачынае крыху збянтэжана). Прывітанне, спадар Чмель, гэта вы пра мае кропкі?

Чмель (важна). А ты колькі іх маеш?

Божая Кароўка (з гонарам). Сем!

Чмель (гучна). Яны! (Звяртаецца да Божай Кароўкі.) Навошта табе гэта ведаць?

2-я Мышка згодна ківае галавой, падтрымліваючы Чмяля.

Божая Кароўка (сціпла). Я ж іх на сабе нашу… Чаму менавіта столькі, а не менш або больш?

Чмель (здзіўлена). Хіба цяжка цягаць на сабе свае кропкі?

Божая Кароўка (задумліва). Не… Не цяжка… (Звяртаецца да ўсіх.) Але чаму іх… адзін, два... тры, чатыры, пяць, шэсць, сем?

Чмель. Дзівачка! Я ж не пытаюся, чаму я паласаты!

Божая Кароўка. Чаму?

Чмель (схапіўся лапкамі за галаву). Таму што мне гэта не-ці-ка-ва! Зразумела?

Божая Кароўка (здзіўлена). Не… А хіба можна быць нецікавым самому сабе?

Чмель.А я вось думаю, дзе знайсці больш нектару!

Божая Кароўка (паціскае плячыма). Чаму?

Чмель (гайдаючыся на месцы). Во-ох! (Звяртаецца да Божай Кароўкі і да ўсіх прысутных.) Каб есці! А есці — каб жыць!

Божая Кароўка (здзіўлена). І ўсё? Калі толькі есці, хіба гэта значыць — жыць?

Чмель (крыху маўчыць, потым збянтэжана буркоча). Калі не буду есці — з голаду памру!

2-я Мышка згодна ківае галавой, шукаючы падтрымкі ў гледачоў.

Чмель (уздыхае). Таму трэба думаць пра ежу!

Божая Кароўка (задумліва). А ты думай… (Весела.) Толькі не ўвесь час!

Божая Кароўка азіраецца вакол сябе, прыслухоўваецца да гукаў прыроды. Гукі становяцца мацней, да іх далучаецца мелодыя. Божая Кароўка і 1-я Мышка ў захапленні прыслухоўваюцца да яе. Паціху, крыху насцярожана, пачынаюць прыслухоўвацца 2-я Мышка і Чмель.

Божая Кароўка (аглядаецца, радасна звяртаецца да ўсіх). Бачыце, які прыгожы дзень! Колькі ў ім цікавага!

1-я Мышка, таксама радасна, падтрымлівае яе, Божая Кароўка працягвае.

Божая Кароўка (звяртаецца да Чмяля). Чаму вунь тая кветка складвае свае пялёсткі ноччу? Чаму лісце — зялёнае? Чаму сонейка — жоўтае? Чаму адзін расце вялікі, а другі малы? Чаму адзін вясёлы, а другі…

Чмель (спыняе яе). Ча-муч-ка! Чамучка! (Звяртаецца да гледачоў.) Самая сапраўдная!

Божая Кароўка (уздыхае, нібы апамятаўшыся). Вось і маці мая гэтак кажа. (Ідзе да кнігі, 1-я Мышка са спачуваннем глядзіць ёй наўздагон.)

Чмель (спыняе яе). Пачакай! Я ведаю, чаму ў цябе сем кропак на спіне! Старая Сава казала… Сем кропак — сем дзён тыдня. Дні складаюць тыдзень. Тыдзень — месяц — год — жыццё...

Божая Кароўка і ўсе прысутныя ўважліва слухаюць. Божая Кароўка падыходзіць да Чмяля.

Божая Кароўка (радасна). А чаму…

Чмель (буркліва). Астатняе табе Мурашык растлумачыць. (Апраўдваецца, звяртаючыся да ўсіх.) Прабачце, спяшаюся я… Да пабачэння!

Чмель з заклапочаным выглядам, паглядаючы ўгару, нібы на сонца, хутка знікае са сцэны, папраўляючы свае крылцы і вусікі.

Божая Кароўка (узрушана разважаючы сама з сабой, падыходзіць да ўскрайку сцэны). Адзін, два, тры, чатыры, пяць… шэсць... (Моўчкі глядзіць удалечыню, потым задумліва працягвае.) Сем! Сем добрых дзён… (*)

Да Божай Кароўкі падыходзіць 1-я Мышка, таксама глядзіць удалечыню, потым паўтарае за Божай Кароўкай, звяртаючыся да гледачоў.

1-я Мышка (разважліва). Сем добрых дзён, тыдзень, месяц, год…

2-я Мышка (нечакана для самой сябе падводзіць вынік). Добрыя дні — добрае жыццё! Так?

Божая Кароўка (адказвае 2-Мышцы). Мая матуля кажа: калі ты не зрабіў ніводнай добрай справы — дзень прайшоў дарма. (Звяртаецца да ўсіх.) А яшчэ яна кажа, што добры ніколі нічога злога не зробіць!

1-я Мышка (задумліва). Добрае заўсёды больш моцнае! (Памаўчаўшы крыху.) Мне Зорка казала.

Божая Кароўка (радасна). А мае кропкі для таго, каб той, хто іх убачыў, узгадаў пра гэта! Зразумела! У кожным дні ёсць месца добрым справам! (Звяртаецца да ўсіх). Цяпер зразумела! (Паглядае ўверх.) Вунь ужо сонейка як высока! (Заклапочана.) Хутка дзень скончыцца, трэба спяшацца… (Развітваецца з усімі.) Дзякуй вам усім! Да сустрэчы! (Сыходзіць са сцэны.)

 

Карціна шостая

1-я Мышка, 2-я Мышка.

(Мышкі становяцца ў сваіх паводзінах іншыя. 1-я Мышка робіцца больш упэўненай у сваіх поглядах , 2-я, наадварот: яна ўжо не выказваецца гэтак рашуча, як раней. — Аўт.) На сцэне застаюцца толькі дзве мышкі. Пасярод сцэны больш ярка высвечваецца кніга. Мышкі сядзяць на ўскрайку сцэны. 1-я Мышка ўздыхае, 2-я Мышка, паглядзеўшы на 1-ю, уздыхае таксама.

1-я Мышка (пытаецца ў 2-й Мышкі). Табе сумна?

2-я Мышка (спачатку бадзёра). Не! (Потым цішэй.) Так... Крышачку...

1-я Мышка (задумліва). І мне крышачку…

Уздыхаюць абедзве. Некаторы час сядзяць моўчкі

2-я Мышка. Чаму?

1-я Мышка. Што — “чаму”?

2-я Мышка. Чаму бывае сумна?

1-я Мышка. Я пакуль не ведаю… Але ж радасна таксама бывае…

2-я Мышка. Бывае...

1-я Мышка. А калі табе радасна?

2-я Мышка (крыху маўчыць, по-

тым разважае). Калі сонейка раніцай казыча нос праменьчыкамі. (Смяецца.) Калі кранаеш лапкамі званочак, а ён гайдаецца і спявае. (Задумліва.) Калі бачыш кавалачак нечага смачнага… (Уздыхае.)

1-я Мышка (смяецца). А яшчэ — калі дожджык ідзе, а ты сядзіш пад вялікім лістом лопуху і слухаеш... Радасна! (Звяртаецца да ўсіх.) Праўда?

2-я Мышка (ціха). Праўда…

1-я Мышка. Давай мы гэтую кніжку вернем туды, дзе яна ляжала?

2-я Мышка (узрушана). Далёка ж! (Потым цішэй.) Давай! Пакуль дзень не скончыўся... Дацягнем!

1-я Мышка (радуючыся, што яе падтрымалі). Добрая справа! (Ускоквае.) Мы хуценька — ты спераду, а я ззаду... Як падпхну!

2-я Мышка (ускоквае таксама). Не-е! Давай ужо разам з аднаго боку! (Заклапочана паглядае на свой хвосцік.) А то мой хвосцік зноў…

Падыходзяць да кнігі, доўга мітусяцца, шукаючы зручнае месца, нарэшце пачынаюць штурхаць кніжку назад — у той бок, адкуль яна з’явілася на сцэне. Атрымліваецца марудна, але мышкі вельмі стараюцца. Не сварацца паміж сабой, а, наадварот, дапамагаюць адна адной. Спыніліся, прыселі на край кніжкі. Глядзяць угару. Вечарэе. Гучыць мелодыя. Да яе далучаюцца спевы жабак, конікаў. На сцэне крыху цямнее.

1-я Мышка (уздыхае з палёгкай). Яшчэ крышачку — і паспеем!

2-я Мышка (паглядае ўверх). Мабыць, не... Бачыш, сонейка садзіцца!

1-я Мышка (гучна). Нічога! Паспеем!

2-я Мышка (спалохана). Цішэй ты! Зноў Пудзіла рыпець будзе!

Абедзве прыціскаюць лапкамі вушкі і хаваюцца за кніжкай. Прыслухоўваюцца... Становіцца ціха.

2-я Мышка (насцярожана). Нешта даўно не рыпела. Мо заснула?

1-я Мышка (шэптам). А можа, яно бачыць, што мы добрую справу робім, і таму нас не пужае?

2-я Мышка. А раней? Калі яно рыпела, мы што, толькі шкодныя справы рабілі?

1-я Мышка. А то не? Хто ўсе свечкі з’еў? (Уздыхае.) Мы! Хто ўсё насенне патрушчыў? (Уздыхае.) Таксама мы…

2-я Мышка (сарамліва). Досыць… Выходзіць, мы з табой такія дрэнныя стварэнні? (Звяртаецца да гледачоў.) Ну вось! Атрымліваецца, маленькія шэрыя мышкі… (Уздыхае.) ... нікому не патрэбны!

1-я Мышка (крыху думае, разважае). Не! Памятаеш, што Сараканожка казала? (Звяртаецца да ўсіх.) Кожная жывая істота на Зямлі па-свойму прыгожая! Усе мы патрэбныя... (Задумліва.) Толькі злога нікому рабіць не трэба...

2-я Мышка (аглядаючы сябе, сціпла). А што? Можа, шэры колер не гэткі ўжо дрэнны?

1-я Мышка (упэўнена). Ды не колер дрэнны, а ўчынкі! Памятаеш? (Гучна.) Сапраўдная прыгажосць кожнага — у яго ўчынках!

2-я Мышка (рашуча). Давай тады хутчэй кніжку вернем, пакуль дзень не скончыўся!

1-я Мышка. Давай!

Мышкі штурхаюць кнігу далей. Праз хвіліну 1-я Мышка спыняецца. Стаіць моўчкі некаторы час. 2-я Мышка спачатку штурхае кнігу адна, потым спыняецца таксама. Здзіўлена паглядае на 1-ю Мышку.

1-я Мышка (разважае). Заўтра будзе новы дзень... Потым яшчэ і яшчэ. (Весела.) Шмат дзён! І мы заўсёды знойдзем у іх месца добрым справам!

2-я Мышка (рашуча). І тады яны не пройдуць дарма!

1-я Мышка (радасна). Добрыя дні — добрае жыццё!

2-я Мышка (звяртаецца да гледачоў). А грызці будзем нешта іншае, каб толькі нікому не шкодзіць! (*)

Мышкі энергічна штурхаюць кніжку. Становіцца цёмна… Гучыць мелодыя, сярод якой чутны спевы конікаў, жабак. Мышкі непрыкметна сыходзяць са сцэны.

 

Карціна сёмая

Вядучы, Зорка.
(На сцэне і ў зале ўвесь час ідзе лёгкі “зорны дождж”; складваецца ўражанне, быццам удзельнікаў і гледачоў аб’ядноўваюць разам падзеі, якія разгортваюцца. — Аўт.)Гукі ночы становяцца больш чутнымі, потым сцішваюцца. На сцэне з’яўляецца Вядучы. Ён ідзе па сцэне з процілеглага ад кнігі боку, не заўважаючы яе. Падыходзіць да ўскрайку сцэны. Прамень святла высвечвае яго постаць, кнігу. Вядучы задумліва глядзіць у вышыню.
Вядучы. Вось і дзень скончыўся... Як жа хутка ідзе час... (Уздыхае.) Увесь дзень шукаў кнігу, ды так і не знайшоў! Шкада… (Аглядаецца, ідзе па сцэне. Спыняецца на хвілінку. Звяртаецца да гледачоў.) Мне б паглядзець на яе! Пагартаць старонкі... (Усміхаецца.) Кніжка з дзяцінства... Кніжка, дзе жывуць казкі… Дарослым таксама патрэбны казкі! (Задумліва.) Я ведаю! Я ўжо дарослы...
Гучыць мелодыя. Вядучы аглядаецца, бачыць кнігу.
Вядучы (узрушана). Вось дзіва! Колькі разоў тут праходзіў — не бачыў! Як я мог яе не заўважыць?! Цуд! (Усміхаецца, звяртаецца да гледачоў.) А яшчэ кажуць: цудаў не бывае… Вось вам, калі ласка! (Абыходзіць вакол кнігі.) Кніга! Садзіцца побач з кнігай, але старонкі не гартае. Задумліва гладзіць кнігу рукой, паглядаючы на зорнае неба.
Вядучы. Колькі на небе зорак! Безліч… (Звяртаецца да гледачоў.) Вы лічылі зоркі? (Задумліва.) А я калісьці лічыў... (Смяецца.) Толькі нічога не атрымлівалася... Вунь іх колькі! (Разважае далей.) Ды і навошта іх лічыць, праўда? Колькі ні ёсць — усе патрэбны… Як і мы — людзі...
Вядучы ўстае і паволі ідзе да ўскрайку сцэны. Садзіцца. Задуменна паглядае то на неба, то на кнігу.
Вядучы (звяртаецца да глядачоў). Ведаеце, у кожнага з нас ёсць свая зорка! Як толькі дзіця нараджаецца на свет, на небе з’яўляецца яго зорка. Так і жывуць: ён — на Зямлі, яна — на небе. Мне пра гэта бабуля расказвала... Некаторыя кажуць, што гэта няпраўда, але я — веру! (Смяецца.) Нават, калі ўжо стаў дарослым, усё адно — веру! І не саромеюся аб гэтым вам казаць! (Устае, глядзіць задумліва ўверх.) Толькі я не ведаю пакуль, якая ты — мая Зорка? (Гучна.) Дзе ты? (Уздыхае.) Хаця б убачыць яе! Хаця б крышачку бліжэйГучыць мелодыя, пачынаецца “зорны дождж”, на хвілінку становіцца зусім цёмна. Пасярод сцэны з’яўляецца ружовае святло, у якім стаіць маленькая Зорка. Мелодыя сціхае.
Вядучы (здзіўлена). Хто ты?
Зорка (усміхаецца). Твая Зорка...
Вядучы (радасна). Ты?! (Крыху разгублена.) Як жа… Як гэта ты?! З самага неба да мяне…
Вядучы не асмельваецца падыйсці бліжэй, стаіць на месцы. Зорка не рухаецца таксама.
Зорка (ласкава). Ты мяне шукаў. Я цябе — таксама. Ты паклікаў. Я пачула. Вось і сустрэліся... Я ведала, што ты ёсць на Зямлі. Мне аб гэтым мая бабуля — зорка, там, на небе, расказвала... (Глядзіць у вышыню.) Толькі не бачыла цябе...
Вядучы (радасна). Я шукаў цябе! Увесь час шукаў. Толькі не бачыў цябе... Але ведаў: ты ў мяне ёсць... Разумееш, калі ведаеш, што табе хтосьці “свеціць” у жыцці, тады лягчэй…
Зорка (задумліва). Я табе дапамагала… (Глядзіць у вышыню.) Я пра цябе там… заўсёды... светла думала…

Вядучы крыху маўчыць, быццам узгадваючы нешта, потым глядзіць у вышыню, на Зорку, адказвае.

Вядучы. Я гэта адчуваў! Дзякуй табе...

Зорка (пяшчотна). Для таго і патрэбны мы — зоркі. Я буду свяціць... табе... (*)

Вядучы робіць некалькі крокаў да Зоркі, але не асмельваецца падысці бліжэй, спыняецца.

Вядучы. А калі раптам стомішся і ўпадзеш?

Зорка (смяецца). Не стамлюся! Мы ж зоркі!

Вядучы. Як я цябе заўважу? (Задуменна глядзіць у вышыню.) Неба вунь якое! Вялікае...

Гучыць мелодыя. Зорка павольна робіць некалькі крокаў у глыбіню сцэны.

Зорка. Ты проста памятай заўсёды: я ў цябе ёсць і заўсёды дасылаю сваё святло...

Зорка, трымаючы ў далонях нешта вельмі значнае і крохкае, знікае ў глыбіні сцэны. Гучыць мелодыя. Апошнія словы Зоркі чуюцца на фоне мелодыі развітаннем.

Зорка (развітваючыся). Кожнаму трэба ведаць, што на небе ёсць яго Зорка…

Зорка знікае ў глыбіні сцэны, святло падымаецца ўгару і знікае. Знікае “зорны дождж”. Становіцца цёмна. Мелодыя сціхае. На сцэне высвечваецца кніга. На ўскрайку сцэны стаіць Вядучы і задумліва глядзіць у вышыню.

Вядучы. Дзякуй табе... Цяпер я ведаю, якая ты... (Звяртаецца да гледачоў.) У кожнага на небе ёсць свая Зорка...

Вядучы павольна ідзе да кнігі. Садзіцца побач, задумліва гартае яе старонкі. Доўга разглядае кожную з іх, усміхаючыся, узгадвае ўражанні ад прачытаных калісьці казак.

Вядучы (гучна чытае). Казка пра Дзьмухаўца, які вельмі хацеў лятаць... (Усміхаецца, звяртаецца да гледачоў.) Ведаеце, калі бабуля прачытала мне гэтую казку, я бегаў па лузе, каб дапамагчы дзьмухаўцам паляцець! (Смяецца, потым задумліва.) Лёгкае насенне ўздымалася ў паветра... А я быў такі шчаслівы! Радаваўся таму, што дапамагаю іншым здзейсніць сваю мару! (Звяртаецца да гледачоў.) А вы бегалі па лузе, калі там з’яўляюцца белыя капялюшыкі? (Задумліва.) Раскінуўшы рукі, пабягу па полі... Дзьмухаўцовы вецер адпушчу на волю... Рукі-крылы і... узлятаю! Ад дзяцінства адлятаю... (Маўчыць, гартае кнігу далей.) А-а, стары знаёмы... (Звяртаецца да гледачоў.) Зялёны Вусень! Ён так хацеў быць прыгожым. (Смяецца.) Толькі не зялёным! Але потым зразумеў, што сапраўдная прыгажосць кожнага — у яго добрыхучынках. (Гартае старонкі далей.) Божая кароўка! (Чытае.) Адзін, два, тры... (Смяецца.) Чатыры, пяць, шэсць, сем! (Задумліва.) Сем кропак... Сем дзён... Цягам іх заўсёды ёсць месца добрым справам! Прыгожае жыццё... (Звяртаецца да гледачоў.) Прыгожае, праўда? (Разважае.) Праўда! Жыццё заўсёды прыгожае! (Смяецца.) І ў ім заўсёды ёсць месца казкам! (Азіраецца вакол, запрашае ўсіх удзельнікаў на сцэну.) (*)

Гучыць мелодыя, становіцца светла і на сцэну выходзяць усе ўдзельнікі спектакля. Мышкі падпіхваюць кнігу наперад, бліжэй да ўскрайку сцэны.

2-я Мышка (пытаецца ў гледачоў). Вы ведаеце, дзе жывуць казкі?

 

Канец спектакля

(На працягу спектакля агульны настрой змяняецца. Спачатку — крыху сумны, разважлівы, потым — рамантычна-ўзнёслы (сустрэча з Дзьмухаўцом). Мышкі падкрэсліваюць процілегласць поглядаў на жыццё.

Наступныя падзеі разгортваюцца больш дынамічна. Вусень, Жук, Божая Кароўка, Чмель ствараюць жартаўлівую атмасферу. Але, разам з тым, пачынаючы з гэткага настрою, падзеі паступова набываюць больш філасофскія адценні. Размова дзвюх мышак на працягу спектакля адлюстроўвае тое, як прачынаюцца ў кожным найлепшыя якасці характару.

Сустрэча Вядучага з Зоркай падкрэслівае, што кожнаму ў жыцці трэба памятаць пра светлае, шукаць, знаходзіць яго ўвесь час. У спектаклі няма дэкарацый. Усё афармленне — паўпразрыстыя доўгія палосы тканіны, якія спускаюцца зверху на сцэну.

Палос няшмат, aле на працягу спектакля іх колер змяняецца, ствараючы пэўнае асяроддзе для разгортвання падзей. Касцюмы ўдзельнікаў не перанасычаны дробязямі, падкрэсліваюць галоўнае ў кожнай асобе. Вялікае значэнне мае музычнае суправаджэнне, у тым ліку песні ўдзельнікаў спектакля, а таксама падбор асвятлення сцэны. — Аўт.)