Вечары “па абмене”

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Віцебск прыехаў у Маладзечна: "рэдка" і сінтэтычны артыст
Падобна, што часы, калі трупы пакідалі сцэну, каб выправіцца на працяглы час на гастролі, сышлі ў нябыт. На змену прыйшлі так званыя абменныя гастролі паміж тэатрамі. Але і гэты новы від гастрольнай дзейнасці — не такая частая з’ява. Пра ўзаемаадносіны тэатраў-партнёраў — Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска і Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна я пісаў год таму. Кіраўнікі труп не сталі змяняць традыцыі і ў лістападзе наладзілі творчы абмен. А для мяне як гледача падзея сталася нагодай папоўніць скарбонку назіранняў.

/i/content/pi/cult/514/11059/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Дыліжанс". / Фота прадастаўлена тэатрам

Вечар першы. Статусны

Абменныя гастролі адкрыліся спектаклем “Пахавайце мяне за плінтусам” па нашумелай аповесці Паўла Санаева. Рэжысёр-пастаноўшчык — мастацкі кіраўнік тэатра — Валерый Анісенка, ён жа — аўтар інсцэніроўкі. Сам спектакль намінаваны і заяўлены ў праграме ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Такі факт выклікаў павышаную цікавасць. Пасля прагляду мы спрачаліся з колішняй аднакурсніцай. Яна добра ведае аповесць, глядзела экранізацыю і пецярбургскі спектакль. На яе думку, у гэтай інсцэніроўцы — свядома ці не — прыбраны момант, які тлумачыць паталагічную апеку Бабулі над сваім унукам: смерць яе ўласнага нованароджанага дзіцяці ў маладосці і псіхалагічны зрух, які адбыўся ў гераіні на гэтай глебе. Але… Пры інсцэніроўцы прозы не пазбегнуць страт або карэкцыі сэнсавых акцэнтаў. Відавочна, віцебскі пастаноўшчык палічыў банальным матываваць учынкі Бабулі нейкімі фрэйдысцкімі комплексамі ці душэўным засмучэннем.

У антракце ж прагучала заўвага гледача: ён глядзеў спектакль па гэтай жа аповесці ў Маскве, і там былі дэкарацыі з падтэкстам, а што, маўляў, тут?.. Ды, па-першае, спектаклі, пастаўленыя па адным матэрыяле, — не блізняты. Па-другое, тэатр мае на ўвазе ўмоўнасць, у тым ліку і афармлення. Гэтым прыёмам і скарыстаўся мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгура. Сцэнаграфія — умоўная прастора па-за побытам.

Дэфармаванае, разбітае жыццё, якое ўжо не наладзіць і не склеіць. Унук хутаецца ва ўмоўнае покрыва. Гэта яго дзіцячая “хатка”, дзе ён спрабуе адмежавацца ад наваколля. Відэапраекцыі дзіцячых малюнкаў не раздражняюць і не адцягваюць увагу: гэта погляд дзіцяці на падзеі і людзей.

Ад акцёраў са сцэны ідзе добры зарад. Самааддача, з якой выканаўца ролі Бабулі — Валянціна Багданава — сыграла складаную, з фізічнага і псіхалагічнага пунктаў, гледжання “партыю”, вартую павагі ды авацый. Для артыста ж Рамана Салаўёва роля Сашы — падарунак на самым пачатку кар’еры, які трэба берагчы. Такое ў тэатры здараецца вельмі рэдка.

Вечар другі. Музычны “міленіум”

Артысты тэатра разыгралі мюзікл-памфлет на дзве дзеі пад назвай “Дыліжанс” у рэжысуры Сяргея Кулікоўскага. Аўтар музыкі — вядомы кампазітар Уладзімір Кандрусевіч. У аснове лібрэта — аднайменны вершаваны твор расійскага артыста, рэжысёра, драматурга Леаніда Філатава, напісаны ім паводле знакамітай навэлы Гі дэ Мапасана “Пышка”.

Мастак Святлана Макаранка не ставіла перад сабой задачу дакладна рэканструяваць час, у якім адбываюцца падзеі. Касцюмы стылізаваны, хутчэй, пад ХІХ стагоддзе і ў некаторых дэталях перадаюць элементы эклектыкі. А сцэнічны вобраз выканаўцы галоўнай ролі — Элізабэт Русэ (Наталля Аладка) аддалена нагадаў мне зорку амерыканскага кіно Мэрылін Манро. Здавалася, яшчэ хвілінка — і ў адной са сцэн павінен ажыць вядомы здымак амерыканкі. (Дарэчы, дасціпны глядач пасля прагляду заўважыў, што і форма салдат прускай арміі зусім не адпавядае таму часу, але, мяркую, мастак мае права на асабісты погляд ды нейкія паралелі.)

Сцэнаграфія стылізавана пад кабарэ. Вялікая чорная заслона-арлекін, чорны ж пластык на падлозе і металічныя крэслы са спінкамі, якімі артысты размяжоўваюць прастору, перасоўваючы іх… Велізарная праца зроблена рэжысёрам па пластыцы Дзіянай Юрчанка: артысты працуюць у ансамблі. Наогул, у пастаноўцы назіраецца структура і жорсткі каркас.

Але пад час прагляду прыйшла думка аб залежнасці акцёрскай прафесіі. У спектаклі, збольшага, заняты артысты сярэдняга пакалення: Анжаліка Баркоўская, Георгій Лойка, Юрась Цвірка ды іншыя. За плячыма ў іх шмат цікавых ды глыбокіх роляў, і свой “экзамен” на прафесійную годнасць яны здавалі неаднойчы. Але чаму не вывесці на авансцэну маладое пакаленне тэатра (яны выходзілі, але ў бязмоўнай масоўцы)? Мяркую, у такім спектаклі яны змаглі б атрымаць унікальны досвед сінтэтычнага артыста, які павінен выдатна рухацца, танцаваць і спяваць жыўцом.

І яшчэ. Артыст драмы — не артыст музычнага тэатра. І як бы старанна першы ні выконваў вакальныя партыі, пажадана, каб яго агучвалі радыёмікрафонам. Але гэта — магчымасці тэатра і нябачная ды карпатлівая праца гукааператарскага цэха.

Вечар трэці. Меладрама на развітанне

Апошні спектакль гастролей — “Пазычанае шчасце” Фёдара Палачаніна ў пастаноўцы заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Вячаслава Грушова. Ён вызначыў жанр як “іранічная мілая драма на дзве дзеі”. За пяць гадоў пракату спектакль вытрымаў 126 паказаў і карыстаецца поспехам у віцебскага гледача. Сакрэт — у простым сюжэце, які нагададаў гісторыі старых добрых кінамеладрам савецкага часу. І пастаўлены ён, як мне здаецца, у традыцыях старога добрага тэатра: павольная дзея з падрабязным разборам па сцэнах. Вясковая дзяўчына Ала (Ніна Абухова) выпраўляецца ў горад, каб атрымаць адукацыю і стаць настаўніцай. Па дарозе, у цягніку, яна знаёміцца з маладым хлопцам, прыгажунчыкам Валерыем (Арцём Блахін). Паміж імі завязваюцца рамантычныя адносіны. Праз некаторы час Валерый знікае, пакінуўшы Алу ў “цікавым становішчы”. Знікае, каб вярнуцца… праз дваццаць гадоў — па асабістым запрашэнні ўласнай дачкі, якую ён ні разу не бачыў, на яе вяселле. Ці зможа Ала дараваць свайму колішняму каханаму, да якога яна захавала свае пачуцці? Ці злучацца яны зноў? На гэтыя пытанні аўтары спектакля прапануюць адказаць гледачу.

У пастаноўцы заняты тры пакаленні артыстаў тэатра. А па словах памочніка рэжысёра Святланы Дашкевіч, яшчэ — і “тыя з маладых, якія толькі рыхтуюцца стаць артыстамі”. Для іх гэта — школа і першы крок у прафесію…

Абменныя гастролі — гэта, у першую чаргу, творчы ўзаемаабмен. Вось свежы прыклад двух канкрэтных тэатраў. Валерый Анісенка паставіў на сцэне Мінскага абласнога драматычнага спектакль па п’есе Пятра Гладзіліна “Афінскія вечары”, што выклікаў цікавасць у мясцовага гледача. Чым не нагода, каб паказаць яго на сцэне тэатра, які ўзначальвае рэжысёр-пастаноўшчык, і праверыць гэтую работу на віцябчанах?..

Ну а наогул, гастролі для артыстаў — момант творчага “драйву”: асваенне іншай сцэнічнай прасторы і спроба знайсці кантакт з новым гледачом. Для апошніх, а сярод іх заўсёды ёсць заўзятыя тэатралы, гастролі — нагода, каб атрымаць эмоцыі ды параўнаць працу труп. А для тых, хто прафесійна займаецца тэатрам, — магчымасць зверыць свой погляд на тэатр з тым, які прапануюць гастралёры.

У правядзенні гастролей, вядома, дамінуе фінансавае пытанне, якое пралічваецца службай арганізацыі гледача. Яно звязана з выдаткамі і з той матэрыяльнай выгадай, якую павінен атрымаць кожны з бакоў. У гэтым выпадку аншлагі ў зале пажаданыя. На паказе ўсіх спектакляў віцябчан, дарэчы, уключаючы дзіцячыя, аншлагі — былі.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр