І гарнітуры для кавалераў

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Сенненскі раённы дом рамёстваў Віцебскай вобласці
Налета на базе РДР у Сянне пройдзе Абласное свята-конкурс традыцыйнага касцюма “Шыўкі майстэрства”. Час да мерапрыемства, як кажа дырэктар установы Вольга КВАШКО, яшчэ ёсць, але ўсе рыхтуюцца да яго ўжо сёння. Дарэчы, менавіта ў Сянне захоўваецца адна з найбуйнейшых калекцый жаночага народнага строю Віцебшчыны — рэканструяванага, адроджанага і дакументальна пацверджанага. Нездарма абласное свята пройдзе менавіта ў гэтым раённым цэнтры.

Работнікі ўстановы рыхтуюць два мужчынскія строі. У штаце ёсць майстар-метадыст па народным касцюме (яшчэ і цудоўная ткачыха!), якая зараз займаецца рэканструкцыяй мужчынскага гарнітура па адшуканых у экспедыцыях элементах. Сарочка ўжо вышываецца. Больш за тое: будзе падрыхтаваны і стылізаваны сцэнічны мужчынскі строй. Ён стане ўзорам для далейшага папаўнення сцэнічных гардэробаў сенненскіх самадзейных артыстаў. А мужчын сярод іх хапае.

Цяпер ідзе добраўпарадкаванне РДР, які знаходзіцца ў будынку колішняга спіртзавода. На сёння ва ўстанове — пяць майстроў, якія навучаюць кераміцы, вышыўцы, саломкапляценню, ткацтву і вырабу народнага касцюма. Разам з філіялам РДР у пасёлку Багушэўск засвойваюць рамёствы больш як 120 чалавек.

Пры Доме рамёстваў дзейнічае крама “Сенненскія сувеніры”. Тут можна набыць мясцовы брэнд — вырабленую з гліны ці саломкі (традыцыйных для раёна матэрыялаў) каплічку, якая спрадвек сустракае кожнага на ўездзе ў раённы цэнтр. За год, як паведамляе Вольга Квашко, крама прыносіць у сярэднім 10-13 мільёнаў рублёў. План па аказанні платных паслуг РДР пастаянна выконвае. Уплывае на гэта і тое, што “Сувенірная крама” рэалізуе тавар, выкананы рамеснікамі па замовах.

Экспедыцыі РДР заснаваны на партнёрстве з мясцовым Краязнаўчым музеем. На сёння ў Доме рамёстваў можна пабачыць маляўнічую выстаўку традыцыйных рамёстваў Сенненшчыны. Амаль кожны з твораў адшуканы пад час экспедыцый па горадзе і раёне. Гэта не толькі вышыўка ці ткацтва, але і элементы старадаўняга жаночага касцюма, якія на сёння — вялікая рэдкасць. Менавіта на іх падставе і адбылася рэканструкцыя ўсёй сённяшняй калекцыі. Ёсць таксама дзве мужчынскія сарочкі — адна вясельная, другая паўсядзённая.

Кіраўнік установы пераканана, што традыцыі мясцовага народнага мастацтва не знікнуць. Прынамсі, для гэтага вельмі многае робіцца. Да прыкладу, пераймаецца манера знакамітага мясцовага майстра-кераміста Генадзя Глухарова, пасля смерці якога засталіся лічаныя творы, якія захоўваюцца цяпер у раённым і абласным музеях. Працаваў ён на цагельным заводзе ў пасёлку Труд, а ў вольны час вырабляў надзвычай арыгінальныя фігуркі птушак і коней… Калекцыя, што будзе створана паводле работ Глухарова, стане чарговым упрыгожаннем выставак РДР у Сянне.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"