Вучням я кажу…

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Мастак — пра эстэтычнае выхаванне, школу і пераемнасць
У 1995 годзе ў рамках праграмы, што праводзіў толькі-толькі створаны беларускі “Зялёны Крыж”, я працаваў як мастак-педагог з дзеткамі з чарнобыльскай зоны ў летніку пад Светлагорскам. Аднойчы швейцарскі карэспандэнт Пітэр, які рабіў матэрыялы на пяць заходніх выданняў, напрыканцы інтэрв’ю запытаў: “А колькі я зараблю як кіраўнік студыі пры Цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі?” Адказ: “60 у.а.”. Пытанне: “У гадзіну?”. Адказ: “Не, у месяц”. Далей — доўгае шматкроп’е…

/i/content/pi/cult/514/11057/13-1.jpgЦяпер, напрыклад, у Венгрыі, існуе Праграма дапамогі таленавітым дзецям і, што важна, таленавітым педагогам. Маюцца аналагічнага кшталту дзяржаўныя ініцыя-тывы і ў Беларусі. Але вельмі часта аказваецца, што кожны творца, па сутнасці, змагаецца сам па сабе.

Вось студыя “Востраў”, якая ўжо назвай прэтэндуе на выключнасць у эстэтычным выхаванні краіны. Знаходзіцца яна пад дахам Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Па вялікім рахунку, гэта — выспа, якая ў многім бачыцца мне "дзяржавай у дзяржаве". Але мне хацелася б прывесці пару прыкладаў таго, як можна творча вынікова выбудаваць сістэму ўзаемаадносін педагога і юнацтва.

…У Арменіі я сустрэўся з Камо Петрасянам — супрацоўнікам тамтэйшага Цэнтра эстэтычнага выхавання дзяцей, філосафам па адукацыі, самабытным мастаком, які валодаў васьмю (!) замежнымі мовамі. У ягонай педагагічнай практыцы былі экстрэмальныя моманты, да прыкладу, вось такі. Камо дзень пры дні працаваў з дзеткамі з сялібы Джаджур — радзімы легендарнага мастака Мінаса Авецісяна. Было дзён амаль шэсцьдзясят, дзяцей — таксама каля шасцідзесяці. Снегапад перакрыў усе шляхі камунікацыі з астатнім светам, — вось вам і “востраў”. Дзякуючы сутворчасці педагога і дзяцей была створана ўнікальная калекцыя работ, якая потым аб’ездзіла ўвесь свет, асноўная ж яе частка захоўваецца ў Ерэванскім музеі дзіцячай творчасці. Уявіце сітуацыю: стыхія, школа, маляванне, нетаропкі расповед пра сваё…

Так гэты “востраў” сярод снягоў расказаў усёй планеце пра сябе. Яму не патрэбен удзел у рэспубліканскіх ці гарадскіх конкурсах. Ён лічыць, што ва ўсім свеце эксплуатуюць (гэта і індзейцы ў джунглях Амазонкі, і чукчы на Поўначы) “бяскрылы і плоскі метад праўдападабенства”. А тут “рэалізуюць сапраўдны дзіцячы рэалізм — чароўны, наіўны і магічны”. Ці слушна гэта? Лічу, мусіць, так, згадваючы, як у свой час мне “пашанцавала” перавучваць інфантыльных мінскіх дзяцей-“астраўлян” ад фанабэрыі, эпатажу, папсы да простых рэчаў, запатрабаваных мастацтвам, сапраўдным і адвечным…

Раней я шмат ездзіў па Беларусі ў складзе камісіі па эстэтычным выхаванні, якая існавала пры Саюзе мастакоў (старшынёй тады быў Уладзімір Стэльмашонак, я — намеснікам), калі актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Цэнтра эстэтычнага выхавання, калі “наверсе” рупіліся, каб пад увагай быў сапраўды кожны талент. А талент за грошы не набудзеш…

Сёння таксама ўважліва сачу за тым, што дзеецца ў краіне ў кірунку дзіцячай творчасці. Да прыкладу, за апошнія тры гады са сваімі персанальнымі выстаўкамі, а ў іх рамках — і з адкрытымі ўрокамі, акрамя мінскіх імпрэз, я быў у Тураве, Заслаўі, Валожыне, Крупках, Віцебску, Ваўкавыску, Гомелі, Слуцку, Старых Дарогах, Чэрвені… Асобная тэма — сустрэча з гледачамі ды размовы, якія доўжыліся да гадзіны ночы. Шмат пытанняў, нават нечаканых, — ад дарослых, дзяцей ды іх настаўнікаў. Некаторыя фрагменты з тых сустрэч можна знайсці на маіх старонках у сацыяльных сетках…

Людзям не хапае звычайнай размовы з сапраўдным мастаком, які яшчэ і сам вучыць мастацтву. А гэта, калі вярнуцца да пачатку артыкула, ёсць праблема дзяржаўная: як заахвоціць майстра, каб кавалак свайго творчага жыцця ён аддаў яшчэ і працы з дзецьмі? Проста прыгадваю вядомых сёння аўтараў, якія на пачатку творчага шляху кіравалі студыямі выяўленчага мастацтва: Васіль Сумараў, Анатоль Кузняцоў, Леанід Хобатаў, Васіль Касцючэнка, Валерый Шкаруба…

Вядома, на першым плане была магчымасць творча працаваць самім. І я так пачынаў. Зараз ахвярнасці домакіраўніцтва на карысць эстэтычнага выхавання не ўбачыш, а заможнаму дзялку лепшая эстэтыка — казіно! Вунь, вакол маёй майстэрні, на пачатку праспекта Дзяржынскага, пабудавалі і працягваюць будаваць сотні кватэр. У перспектыве — тысячы дзяцей, для якіх нічога не запланавана: гуляеш у камп’ютар — рыхтуйся гуляць у казіно.

Адкуль бярэцца хамства? Не абурайцеся, паважаныя дарослыя, але яно бярэцца ад вас. З элементарнай нявыхаванасці, спажывецкай маралі, безгустоўнасці. Ад гэтага і пустата ва ўсім. Але толькі не ў заробку. Бацькі абітурыентаў, якія намагаюцца паступаць да нас, у БНТУ, усё часцей распытваюць: “А сколькі зарабляе архітэктар? А можа, дызайнер — больш?” Што ім адказаць?.. Зразумела, усе жадаюць і заўсёды будуць жадаць лепшага жыцця… Перад вачыма стаяць прыклады з майго асяроддзя, калі большасць людзей у свой час спакусіліся міфічным дабрабытам, грашыма. І дзе тыя жаданні? І які канчатковы вынік? Вучням я кажу, каб яны, самае галоўнае, былі прафесіяналамі — у малюнку, праекце, у сваёй справе. Каб былі тактоўнымі, але — не прагіналіся. Каб ведалі замежныя мовы. Каб знаходзіліся ў нармальным фізічным стане.

“Надо честно раскладывать свой костёр, а огонь всё равно упадёт с неба”, — сказаў Маршак. І таму, спадзяюся, Цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі стане сапраўднай Планетай дзяцей у нашай краіне. Планетай, якой ён і быў за савецкім часам. А наконт астравоў ці выспаў — на Беларусі іх шмат. І, нягледзячы на смешныя зарплаты, на недарэчна не самую заможную матэрыяльную забяспечанасць, яны, як ні дзіўна, працуюць. Яны самі сабе ствараюць помнікі толькі тым, што працягваюць працаваць. Вось толькі некалькі прозвішчаў ды студый, якія занатаваны ў мяне. Рыгор Кандраценя з Астрашыцкага Гарадка больш за трыццаць гадоў працуе з дзецьмі, але мог бы і прыватную школу адкрыць — столькі ў наваколлі дзяцей, у каго досыць заможныя бацькі. Іван Шруб з Тураўскай мастацкай школы, мае таленавітыя сябры і калегі з Ашмянаў, Вілейкі, Смаргоні, Івянца, Валожына, з якімі штогод ладзім пленэры дзіцячай творчасці, прысвечаныя Фердынанду Рушчыцу, у Багданаве Валожынскага раёна.

І таму ўсім рупліўцам, усім зацікаўленым, па-добраму фанатычна адданым у галіне эстэтычнага выхавання, выхавання адвечнага і адметнага, свайго, непаўторнага, якія твораць прыгожае, — вялікі дзякуй! Будзем спадзявацца, што не знікне, не згіне ў свеце сённяшняй лухты наша існае, дадзенае продкамі, — культура. І, думаю, будзем рыхтавацца да выставак дзіцячай творчасці, як і раней, на самых буйных пляцоўках Бацькаўшчыны. Таксама дзякую “Зялёнаму крыжу”, які, у прынцыпе, адзіны на сённяшні дзень трымае сучасную планку правядзення міжнародных дзіцячых імпрэз і выставак. Нават з каталогамі.

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог