Пункцір стратэгіі курса ў ДШМ

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Гісторыя культуры: пра падмурак пакалення
У якім стане сёння выкладанне гісторыі беларускага мастацтва ў дзіцячых мастацкіх школах? Ці магчымае яно ў той поўнай неабходнай меры, што патрабуецца, каб выхаваць у наступным пакаленні беларускіх мастакоў павагу да каранёў, на якіх мацуецца творчасць кожнага з іх? Думаецца, многія выкладчыкі гісторыі мастацтва часта сутыкаюцца з праблемай адсутнасці цікавасці ў вучняў на занятках, прысвечаных беларускаму мастацтву. Калі ж дадзеныя заняткі праходзяць на беларускай мове, можна сустрэць і адмоўнае, нават агрэсіўнае, стаўленне да такіх урокаў. Гэтая рэакцыя, як правіла, першапачатковая і, канешне ж, заканамерная.

/i/content/pi/cult/514/11055/12-1.jpg

Умовы, у якіх знаходзіцца сучасны школьнік, выглядаюць неадэкватнымі, з пункта гледжання фарміравання паўнацэннай асобы. Яны cкіраваны, у асноўным, на атрыманне найбольшых балаў на ЦТ. Што да ўмення самастойна разважаць, праяўлення творчага пачатку, павагі да сваіх вытокаў, дык гэта не вельмі цікавіць ні вучняў, ні іх выхавацеляў. Калі ж размова заходзіць пра беларускую гісторыю, мову, культуру, то сярэднестатыстычны вучань цяжка ўздыхне: “Нам и в школе этого хватает…”. Або: “Я ничего не понимаю по-белорусски”. У працэсе размовы з ім высвятляецца, што сапраўды ў школе гэтага не хапае, бо беларуская гісторыя і мова выкладаюцца там у невялікіх аб’ёмах. Мастацкая ж культура ўвогуле знаходзіцца па-за ўвагай школьнай праграмы.

Дома вучня чакаюць бацькі, якія звычайна ўвогуле “не ў тэме”. Іхняе дзяцінства прайшло ў савецкія часы, калі ў некаторых школах нават не выкладалі беларускую мову, не кажучы пра гісторыю… “История БССР” пачыналася з 1919 года... Усё гэта спрыяла фарміраванню пакалення без мінулага, без “тылу”, без разумення свайго паходжання. Тады і пытання не ўзнікала б, маўляў, які культурны стрыжань стане асновай выхавання наступнага пакалення ды што за месца будзе адведзена нацыянальнай спадчыне…

Ці можа паўплываць на светапогляд школьніка настаўнік? Выкладанне гісторыі мастацтва ў ДМШ можа змяніць стаўленне творчай моладзі да роднай культуры. Настаўніку ж для гэтага патрэбна ўнутраная ўпэўненасць у неабходнасці справы і выпрацаваная стратэгія. Паспрабуем выявіць пункцір апошняй.

Па-першае, веданне беларускага мастацтва, яго характару ды спецыфікі немагчымае без ведання беларускай гісторыі. Выкладчыку важна ўлічваць гэта на ўроках і рабіць на тым акцэнт. Кожнага вучня ўражвае працэс супастаўлення фактаў, якія раней былі для яго асобнымі, лагічная сувязь паміж з’явамі мастацтва ды гістарычнымі падзеямі. Акрамя таго, творчасць мастака можа раскрывацца праз яго лёс. Так жывапіс Казіміра Альхімовіча, Апалінарыя Гараўскага, графіка Напалеона Орды кранае пачуцці навучэнцаў, калі яны даведваюцца пра іх памкненні і мары, а таксама пра тое, якія ахвяры давялося ім прынесці з прычыны адданасці сваёй Радзіме, жадання быць свабоднымі. Такія прыклады дапамагаюць стварыць эмацыйную атмасферу на ўроку.

Па-другое, беларускае мастацтва мае быць уключана ў каляндарна-тэматычны план такім чынам, каб яно разглядалася на ўроках паралельна з мастацтвам іншых краін. Менавіта так складзена аўтарам артыкула праграма па гісторыі выяўленчага мастацтва для дзіцячых мастацкіх школ і мастацкіх аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў (2010 год): кожная эпоха прадстаўлена ў супастаўленні мастацтва краін Еўропы, Расіі і Беларусі. Тое дазваляе бачыць развіццё айчыннай культуры ў кантэксце мастацтва нашых блізкіх і не вельмі блізкіх суседзяў.

Па-трэцяе, важным падаецца наведванне архітэктурных помнікаў. Экскурсійныя праграмы ў Сынкавічах, Гродне, Ружанах ды іншых выбітных мясцінах даюць магчымасць не толькі ўжывую пазнаёміцца з творамі беларускага мастацтва, але і пабачыць, адчуць іх сучаснае становішча.

Зразумела, дзейнасць мастацкай школы можа быць скіравана і на тое, каб навучэнцы як мага часцей бралі ўдзел у міжнародных творчых форумах, пленэрах, конкурсах. Сувязь з юнымі мастакамі з іншых краін дае нашаму вучню адчуць сябе прадстаўніком сваёй Радзімы.

Канешне ж, неабходнай з’яўляецца і размова з бацькамі. У Барысаўскай дзіцячай мастацкай школе на бацькоўскіх сходах настаўнік гісторыі мастацтва традыцыйна выступае з лекцыямі, прысвечанымі розным эпохам, стылям ды іх прадстаўнікам. Некаторыя з лекцый адлюстроўваюць беларускае мастацтва на беларускай мове. Пад час такіх лекцый звяртаецца ўвага на тое, як і чаму важна абмяркоўваць праблемы беларускай культуры з дзецьмі. Нават такіх рэдкіх сустрэч з бацькамі дастаткова, каб іх тэмы сталі прадметам размовы ў сем’ях навучэнцаў.

Яшчэ адна праблема — мова, на якой выкладаецца гісторыя беларускага мастацтва. Як правіла, беларуская мова сустракаецца вучнямі без энтузіязму. Аднак гэта прынцыповае пытанне, таму выкладчыку давядзецца пераканаць сваіх “апанентаў” — пад час размовы, у якой настаўнік абгрунтоўвае думку пра неабходнасць гутаркі на роднай мове, раскрывае логіку і натуральнасць беларускамоўных заняткаў, прысвечаных айчыннаму мастацтву. Тут можна зрабіць і гістарычны экскурс, што пакажа тыя ўмовы, пры якіх адбылася русіфікацыя нашага жыцця. Вучань сам зможа зрабіць высновы пра несправядлівасць у дачыненні да беларускай культуры, адчуць страту, да якой нашых продкаў прымусілі гістарычныя абставіны. Напрыканцы такой размовы навучэнцы становяцца не такімі катэгарычнымі. Папрысутнічаўшы на беларускамоўных уроках, некаторыя з радасцю згаджаюцца на іх працяг. А тым, хто сапраўды не зусім разумее па-беларуску, настаўнік ды іншыя вучні дапамагаюць з перакладам.

Гэта некаторыя спосабы зламаць стэрэатып, з якім прыходзяць навучэнцы на ўрокі гісторыі беларускага мастацтва, раскрыць іхнія душы для ўспрымання роднай спадчыны. Без усякага прымусу.