Музейны квэст запатрабаваны

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Беззваротна канулі ў Лету тыя часы, калі супрацоўнікі музеяў у цішы экспазіцый чыталі лекцыі або вялі экскурсіі для ўдумлівых наведвальнікаў — дзяцей або дарослых. Сам факт існавання музея, хай нават і з суперсучасным начыннем, ужо не дзівіць уяўленне цяперашняга пакалення наведвальнікаў і не з’яўляецца стымулам да наведвання храма муз.

Але неабходнасць сеяць “разумнае, добрае, вечнае” ніхто не адмяняў. Больш за тое: у тэхнакратычным ХХІ стагоддзі гэта асабліва актуальна! Вось тут і надыходзіць час цудаў, разгадвання таямніц і пошукаў скарбаў — час віртуознага інтэрактыву, у якім супрацоўнікі музеяў часам пераўзыходзяць саміх сябе. У поўнай меры гэта адносіцца і да Бабруйскага краязнаўчага музея, наведвальнікаў якога заўсёды чакаюць свае “разыначкі”.

Гэта экскурсіі з элементамі анімацыі, гульні-квэсты “Паляванне на Тура”, “Таямніцы старога горада”, фальклорна-анімацыйныя праграмы “Ехала Каляда на белым кані” і “Блаславі, Божа, вясну прыгукаці…”, прадстаўленні тэатра-батлейкі, майстар-класы “Беларуская народная лялька” і навагодняя акцыя “Зробім каляднага анёла разам”, віртуальныя выстаўкі, разнастайныя відэапрэзентацыі, відэавіктарыны, відэагульні. Як паказвае практыка, такія інтэрактыўныя мерапрыемствы не пакідаюць абыякавымі ні дарослых, ні дзяцей, уздзейнічаючы перш за ўсё на эмацыйным узроўні і дапамагаючы абудзіць у душы часцінку прыгожага і гарманічнага, любові да роднай зямлі, яе гісторыі і культуры. А яшчэ даюць магчымасць арыгінальна адзначыць свята, зрабіць падарункі сваімі рукамі або проста цікава адпачыць. Вось такім чынам школьнікі СШ № 9 Бабруйска вырашылі адзначыць Дзень абаронцаў Айчыны. Дзеці абралі музейны занятак “Солдатушки, бравы ребятушки!”. Хлопчыкі прайшлі адбор у рэкруты ХІХ стагоддзя, запісаліся ў роты тых палкоў, якія размяшчаліся ў 1812 годзе на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці: пяхотныя, егерскія, артылерыйскія, піянерныя... Юныя “рэкруты” маршыравалі на “пляцы”, будавалі частакол на дне крапаснога рова, наводзілі пераправу праз раку, дастаўлялі корм для коней і правіянт для гарнізона. Стаміўшыся ад цяжару ваеннай службы, рабяты падсілкоўваліся салдацкім хлебам. А на памяць займелі эмблемы сваіх родаў войскаў…

Аб мерапрыемствах супрацоўнікі музея пастаянна інфармуюць навучальныя ўстановы, рассылаючы тэматыку мерапрыемстваў, заключаючы дамовы і складаючы сумесныя планы. Мерапрыемствы прапаноўваюцца і ў шосты дзень тыдня, і ў дні школьных канікул, і для летнікаў. Праводзіцца “Тыдзень музеяў у школе”, для дзіцячых садкоў — праграма выязных мерапрыемстваў “Музей у чамадане”, для Новага года складзены цыкл заняткаў “Навагодні калейдаскоп”, распрацаваны праграмы “Бабруйсказнаўства” і “Калядны карагод”. Па асобных планах вядзецца супрацоўніцтва з каледжамі і сярэднімі адукацыйнымі навучальнымі ўстановамі, з праваслаўнай гімназіяй, з аматарскім аб’яднаннем клубам “Крынічка”, членамі якога з’яўляюцца навучэнцы спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.

Бягучы год — асаблівы для Бабруйскага краязнаўчага музея, якому сёлета — 90. Нягледзячы на паважны век, ён ідзе ў нагу з часам, а, магчыма, у чымсьці і на паўкрок яго апярэджвае. І, як уласціва маладым, не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

Ларыса ЦІМАШЭНКА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея