“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Што вы ведаеце пра Аляксандра Мазалёва?
...З надзвычайнай энергіяй мастак прыступае да стварэння жывапіснага варыянта карціны "У партызанскім штабе Бацькі Міная". Але гэта далёка не паўтор графічнай кампазіцыі. На палатне ўсё іншае: больш кампактная, цэласная кампазіцыя, іншая расстаноўка фігур ды прадметаў інтэр’ера, больш псіхалагічна вырашаны вобразы байцоў. Зразумела, жывапіс патрабаваў адзінай колеравай гамы, якая ўжо толькі сваім суровым каларытам уводзіла б гледача ў атмасферу партызанскага быцця. Ён пабудаваны на спалучэнні блакітных і карычнева-шараватых тонаў, чорных і чырвоных адценняў. А кантраснасць ды нейкая дэкаратыўнасць дасягаюцца за кошт удалых танальных суадносін, якія ў межах адной колеравай гамы надаюць карціне яскравае гучанне сапраўднай песні-навелы пра гераічныя незабыўныя будні народных мсціўцаў…

/i/content/pi/cult/514/11053/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 45, 47.)

У 1965 годзе на рэспубліканскай выстаўцы “На варце міру” было прадстаўлена некалькі эскізаў да гэтага палатна, па якіх можна меркаваць аб той працы, што папярэднічала стварэнню карціны. Увогуле, тое быў рэдкі выпадак, калі мастак паказвае гледачу падрыхтоўчыя матэрыялы да свайго, так бы мовіць, галоўнага твора. Звычайна падобныя рэчы схаваны: маўляў, нецікава. А дарэмна. Убачыць працэс нараджэння цудоўнай карціны — не проста цікава, гэта своеасаблівая школа выхавання, у якой глядач даведваецца, што праца мастака — не проста прыйсці ў майстэрню, нацягнуць белае палатно на падрамнік, выціснуць фарбы на палітру ды адразу намаляваць нешта…

Дык вось, тая выстаўка паказала, што гранічная сумленнасць ды патрабавальнасць да сябе прымушалі Мазалёва па некалькі разоў перарабляць адзін і той жа матыў, удакладняць ужо знойдзеныя пластычнае і кампазіцыйнае рашэнні. Так, у першых накідах да карціны быў інтэр’ер школы, у якім неяк губляліся фігуры партызан, і асвятленне недастаткова выразнае. У наступных малюнках жывапісец ужо набліжае кампазіцыйную групу да гледача, павялічваючы колькасць постацей у ёй. Больш выразна пададзена фігура Бацькі Міная. Яго фігуру асвятляе газоўка, у той час як іншыя змешчаны ў паўзмроку, на фоне шэрай сцяны. Эскіз стаў больш пластычна збіты, вельмі кампактны.

Такая ж патрабавальнасць да сябе як мастака адчуваецца і ў палатне Мазалёва “Пасля сходу”, напісаным за два гады да смерці аўтара. Тэма на той час распаўсюджаная — калектывізацыя на вёсцы. Узгадайма хаця б вядомы трыпціх Пятра Крахалёва “Аб зямлі, аб калектывізацыі” і ягоныя ж карціны “Арганізацыя калгаса”, “Першая камуна на Беларусі”, а таксама “Пералом” ці “Вясну. 1930-я гады” Валяр’яны Жоўтак. Канешне, асабісты ўдзел Мазалёва ў гэтым складаным працэсе сацыяльнага жыцця ўзбагаціў яго ўражаннямі, дапамог знайсці цікавы кампазіцыйны прыём, у якім галоўная ўвага скіравана на раскрыццё псіхалогіі герояў і на характэрныя дэталі тых гадоў. Я бачыў гэтае палатно ў майстэрні Аляксандра Пятровіча — свежае, але трошкі не закончанае ў дэталях. Памятаю, на першым плане — мужчынская фігура актывіста інтэлігентнага выгляду ў доўгім паліто і ботах; побач з ім — мужык у будзёнаўцы, кшталту шолахаўскага Нагульнава, відаць, былы франтавік-рубака. Крыху ўбаку — маладая дзяўчына з партфелем, якая, канешне ж, па пуцёўцы камсамола накіравана ў беларускую вёску, каб будаваць сацыялізм…

Тады карціна мяне не вельмі задаволіла, падаўшыся занадта ілюстратыўнай ды малаэмацыйнай. Да таго ж, я адразу не зразумеў, для чаго, уласна кажучы, сабраліся тут людзі. Аляксандр Пятровіч на мае пытанні ды разважанні не тое, каб пакрыўдзіўся, але моўчкі закрыў карціну спецыяльнай тканінай. Але я як бы наўздагон сказаў, што палатно мне спадабалася па цудоўнай зрокавай пляме, трывалай пастаноўцы фігур, цікавым каларыце, шырокім жывапісным мазку, — і мастак крыху палагоднеў, кіўнуў галавой: “Дык гэта і была мая галоўная задача: упарадкаваць фармальныя ды пластычныя моманты. Але яшчэ трошкі папрацую…”

А я ўспомніў ягоную невялічкую, амаль імпрэсіяністычную, карціну “На лецішчы”, напісаную раней, дзе гэтыя самыя “фармальныя ды пластычныя моманты” былі ў поўнай гармоніі і зладжанасці. Юнак і дзяўчына ля драўлянага дачнага дома вядуць “на пленэры” няспешную гутарку. Сюжэт — прасцей не бывае, але колькі свежага паветра, сонечных блікаў на зямлі, у лістоце дрэў, на вопратцы персанажаў! Колькі любові мастака да гэтага ўтульнага куточка райскай зямлі!..

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Аляксандр Мазалёў прадстаўлены жывапісам “На канікулах”. Сюжэт твора таксама вельмі просты: босы хлопчык (Саша, сын мастака) утульна ўладкаваўся за сталом і чытае кнігу. Светлы інтэр’ер, вялікае акно, белы абрус, яблыкі і кветкі на стале, паласаты футбольны мяч ля скрыні ды вялікага люстэрка... Фігура юнака намалявана контражурам на фоне акна, з якога моцнай плынню льецца святло. Яно пранізвае ўсю жывапісную тканіну палатна, напаўняючы пакой радасцю жыцця. Ружова-зялёныя спелыя яблыкі, што ляжаць на чыстым абрусе, дапаўняюць гэтае адчуванне. Нацюрморт нібыта ўводзіць у свет тых абставін, у якіх працякае жыццё мазалёўскай сям’і. Па-майстэрску напісаныя кветнікі добра спалучаюцца з белым абрусам і карычневым сталом. Словам, шчаслівыя летнія канікулы, мара любога школьніка…

Здаецца, нічога асаблівага. Так, тыповы бытавы жанр, які вельмі любілі ўсе мастакі-рэалісты 1950 — 60-х гадоў. Мне, напрыклад, цяжка сказаць, хто з беларусаў не звяртаўся да яго. Праўда, у многіх гэта атрымлівалася на ўзроўні чыстай літаратурнасці, ілюстратыўнасці, апавядальнасці, але ў некаторых такія творы шчасліва выходзілі за мяжу нуднаватага бытавога жанру і ператвараліся ў нейкія сімвалічныя жывапісныя “помнікі” часу “савецкай стабільнасці”. Таму некаторыя “жанравыя” карціны, скажам, Валянціна Волкава, Натана Воранава, Раісы Кудрэвіч, Міхаіла Савіцкага, Яўгена Ціхановіча, Уладзіміра Мінейкі, Фёдара Бараноўскага, і сёння глядзяцца даволі свежа ды прыцягальна, навяваючы ўспаміны пра наша тагачаснае дзяцінства і юнацтва. Прычым гэтыя палотны зроблены на зайздросным прафесійным узроўні, які ў сучасных маладых мастакоў шмат у чым страчаны…

Вось да такіх “класічных” майстроў належыў і сам Мазалёў. Здавалася б, нескладаная кампазіцыя “На канікулах”. Але ў ёй вельмі ёміста сканцэнтраваны настрой, пачуцці і стаўленне аўтара да тэмы шчаслівага савецкага дзяцінства. Звонкае каларыстычнае гучанне, дынамічны мазок, мастацкая выразнасць твора адпаведныя часу. Мастацтвазнаўца Вольга Архіпава заўважыла ў артыкуле пра мастака: маўляў, сёння цяжка ўявіць, якое значэнне мела гэтая тэма для свядомасці людзей 1960-х, калі на долю моладзі выпала шчасце жыць без галечы, голаду, рэвалюцыі і вайны. Тым больш, старэйшае пакаленне, да якога належыў сам Аляксандр Пятровіч, добра ўсведамляла кошт такога жыцця. У яго, як мы ўбачылі, былі зусім іншыя дзяцінства ды маладосць. Менавіта ў такіх, сапраўдных, творах мастацтва найбольш ёміста ўвасабляюцца характэрныя прыкметы свайго часу і галоўныя сацыяльныя, эстэтычныя ды этычныя ідэалы.

Кампазіцыйных партрэтаў Мазалёў напісаў няшмат, але і тыя, што ён пакінуў, сведчаць аб выдатным таленце жывапісца. Што цікава: мастак любіў апрача фігуры чалавека маляваць і той інтэр’ер, дзе знаходзілася ягоная мадэль. Мабыць, лепшым творам у гэтым жанры з’яўляецца партрэт Наташы з яблыкам у руках. Адбітак яе стройнай фігуры ў плоскасці люстра цудоўна ўраўнаважвае ўсю кампазіцыю. Але асноўны акцэнт — на твары дзяўчынкі. Уважліва глядзяць на нас яе карыя вочы. У чорных валасах — шыкоўны белы букет. Загарэлая скура прыгожа кантрастуе з белай сукенкай, надаючы палатну свежае чароўнае гучанне…

На такім жа эмацыйным уздыме напісаны і іншыя партрэты: “Юнак з мандалінай”, “Дзяўчынка з лістом”, “Чысцільшчык абутку” (амаль гатовая акварэльная карціна). Не саступаюць у майстэрстве і партрэтныя вобразы, выкананыя алоўкам, вугалем, тушшу. Лічу, што кампазіцыі “Дзед Яўхім”, “Сувязіст”, “Хлопчык Саша”, “Мужчына ў шынялі” ды іншыя маглі б упрыгожыць любы музей. Вось, напрыклад, “Партрэт старога”. Прыгожа намалявана фігура, дакладна перададзены кажух і боты, шырокая барада і ўважлівы, з-пад насупленых броваў, позірк. Штосьці ёсць ад знакамітага рэпінскага псіхалагічнага партрэта “Мужык з дрэнным вокам”.

Аднойчы Аляксандр Пятровіч паказаў мне вельмі цікавы кампазіцыйны малюнак і сказаў: “Гэта аўтапартрэт… Я стаю на каленях перад Рэмбрантам…” Так, сапраўды: адлюстраваны чалавек у майцы і рабочым фартуху, у сваёй майстэрні — спінай да гледача і тварам да рэпрадукцыі вядомага рэмбрантаўскага аўтапартрэта 1656 года, якая знаходзіцца на сцяне… ля батарэі паравога ацяплення. Вось тут, на маю думку, ідэальна злучыліся два складнікі: высокая духоўнасць мастацтва і жыццёвая прастата творчага быцця… “І як вы, Аляксандр Пятровіч, назвалі гэтую цудоўную работу?” — спытаў я. “Ля вытокаў вечнага рэалізму”, — быў адказ.

Гэтую работу, напісаную Мазалёвым за чатыры гады да яго сыходу з жыцця, можна назваць творчым крэда аўтара. Ён усё жыццё заставаўся верным рэалістычнаму мастацтву, як яго разумеў, і перад ім ніколі не саромеўся стаць на калені…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"