Што засведчыў Пампіду?

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

А нашых няма. І калі будуць?
Цэнтр Пампіду — маё ўлюбёнае месца ў Парыжы. Калі наведваю гэты горад, адразу іду туды, астатнія ж шматлікія цікавосткі пакідаю на пасля: а раптам не хопіць часу на ўсё? Гэтым разам бываў там, у Цэнтры, два дні запар, бо агледзець усё за дзень — нерэальна, да ўсяго, тое-сёе хацелася замацаваць у памяці…

/i/content/pi/cult/514/11051/14-1.jpg

Прыцягальнасць гэтага месца не толькі ў экспазіцыі, але і ў футурыстычнай архітэктуры самога будынка, якая не страціла актуальнасці і праз амаль сорак гадоў, і ў тым, што панарама горада з яго вышыні не саступае відам з Манмартра ды Эйфелевай вежы. Кавярня ж на апошнім паверсе адпавядае месцу сваёй футурыстычнасцю і асаблівым парыжскім шармам, нават лоскам.

Гэтым разам у Цэнтры Пампіду прадстаўлялі дзве часовыя выстаўкі: гэта работы Марсэля Дзюшана і архітэктара Фрэнка Гэры, а таксама традыцыйныя экспазіцыі, прысвечаныя класіцы авангарда (1900 — 1974 гады) ды найноўшаму мастацтву (ад 1970-х да нашых дзён).

Творчасць Марсэля Дзюшана запатрабавала на агляд акурат палову дня. Яно і не дзіва, бо выстаўка — маштабная: яна не абмежавана толькі творчасцю гэтага аўтара, але і насычана шматлікімі работамі яго сучаснікаў. І нездарма, бо ён, як мы ведаем, спрабаваў сябе і ў дадаізме, і ў кубізме, і ў сюррэалізме... Прадстаўлены на агляд і жывапіс Дзюшана, і яго малюнкі, і Джаконда з вусамі ды шмат дакументаў. Як бачылася мне, экспазіцыя была зроблена прафесійна, густоўна і — што таксама немалаважна — зусім не стамляла.

Фрэнк Гэры запомніўся сваёй рукачыннасцю. Поўная адсутнасць камп’ютарных тэхналогій у падачы архітэктурных праектаў, ліхія малюнкі і накіды, а не звыклыя для архітэктараў шкіцы. А найбольш уразілі макеты, якія больш нагадвалі інсталяцыі якога-небудзь прасунутага актуальшчыка, чым сухія праекты. Яны ўяўлялі з сябе выбух аўтарскай фантазіі і крэатыву, прытым што зроблены аказаліся літаральна са смецця: звычайных кардонных скрыняў, дрэва, мятай паперы ды іншага “трэшу”. Увогуле, выстаўка нагадвала звонку студэнцкі праект, калі не ўлічваць фотаздымкі рэалізаваных будынкаў, само існаванне якіх менавіта ў такім, аўтарскім, выглядзе нагадвае пра найвышэйшыя тэхналогіі ды павагу да аўтарскай задумы.

Паверх прысвечаны авангарду — гэта практычна пастаянная экспазіцыя, хаця час ад часу там нешта змяняецца. Тут варта проста назваць імёны: Пікаса, Шагал, Міро, Лежэ… Усё тое выстаўлена ў каласальных па памеры залах, уражвае колькасць і якасць.

Найбольш цікава мне было на экспазіцыі актуальнага мастацтва. Прадстаўлены варыянты сучасных медыяінсталяцый, фота, відэаарту, інтэрактыўных праектаў. Не бракуе і традыцыйных форм: жывапіс, скульптура. Некаторыя аўтары заўважаны ў абедзвюх экспазіцыях — і сярод класікаў, і сярод актуальшчыкаў. Між такіх — той самы Пікаса, а таксама Бойс, Тапіес. З постсавецкіх аўтараў бачыў толькі карціну Эрыка Булатава і фотаматэрыял з перформанса Алега Куліка “Чалавек-сабака”. Шмат палітызаваных праектаў, відэа з падзей у Румыніі дваццацігадовай даўніны і зусім свежыя водгукі на ўкраінскія падзеі. Шмат дызайну, моды, гламуру. Адна заўважная тэндэнцыя: мастацтва становіцца ўсё больш тэхналагічным, не цураецца апошніх дасягненняў у навуцы.

Засмучае адно: у Цэнтры Пампіду няма твораў беларускіх мастакоў, і невядома, калі яны тут з'явяцца. Наяўнасць сярод класікаў Шагала і Суціна — малое суцяшэнне. Той выпадак, калі не дзякуючы, а — насуперак...

Ці трэба казаць пра шырокае культурнае супрацоўніцтва нашага Нацыянальнага мастацкага музея з найбуйнейшымі музеямі замежных дзяржаў: Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Францыі, Ізраіля, Сербіі, Малдовы, Кітая?.. Добрыя сувязі з замежжам усталяваліся і ў іншых музеяў краіны. Тым не менш, пра культурныя ўзаемаадносіны абласных мастацкіх музеяў з іх замежнымі калегамі мы ведаем зусім мала.

Сяргей ГРЫНЕВІЧ, мастак

Гродна

Фота аўтара