Песні і Падзея Мулявіна

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Дабрачынны паказ спектакля “Пясняр” нашага тэатра на 74-ю гадавіну з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна — гэта не толькі ўласна матэрыяльны бок, звязаны са збіраннем грошай на помнік Майстру ў Екацярынбургу.

/i/content/pi/cult/513/11050/5-3.jpgВядома, фінансавыя пытанні заўсёды, а тым больш сёння, вельмі актуальныя. Але ў дадзеным выпадку гэта быў яшчэ і акт патрыятызму — не столькі афіцыйна-ўрачыстага, колькі хваляўніча-сардэчнага, калі можна так сказаць пра тую хвалю душэўнага ўздыму, што ішла ад сэрца да сэрца.

Зала Палаца культуры прафсаюзаў была аншлагавай. Сярод публікі — шмат вядомых дзеячаў культуры, якія прыйшлі яшчэ раз дакрануцца да памяці пра Вялікага Песняра. Спектакль выклікаў сапраўдную буру эмоцый, у людзей стаялі слёзы ў вачах… Бо галоўнае, чаму вучыць пастаноўка, — гонару за нашу нацыянальную культуру, за тое, што ў нашай краіне было і ёсць такое мастацтва, створанае Мулявіным.

Так, мы ўсе вельмі хваляваліся. Ранейшыя паказы спектакля адбываліся на стацыянары — на сваёй “роднай” сцэне. На новых жа пляцоўках заўсёды іграць складаней. А тут далучалася яшчэ і тое, што гэта быў першы “выязны” паказ. Але, улічваючы магчымыя гастролі, мы з самага пачатку арыентавалі мастака Андрэя Меранкова на тое, што спектакль павінен прыстасоўвацца да самых розных сцэн, нават мог бы паказвацца на адкрытых пляцоўках, нягледзячы на складанасці з гукам (у пастаноўцы гучыць багата песень і іх фрагментаў з “песняроўскага” рэпертуару). Мы добра ўпісаліся ў іншыя параметры сцэны. Вялікая падзяка не толькі артыстам, але і ўсім супрацоўнікам тэатра, усім цэхам! Панядзелак у тэатры — выхадны, і мы правялі ў Палацы прафсаюзаў увесь дзень, бо манціроўка пачалася з раніцы. Але ні ад каго я не пачула нейкай незадаволенасці, усе былі на ўздыме, працавалі “сабрана”, засяроджана. І ў гэтым выяўлялася не толькі чалавечае разуменне спецыфікі тэатральнага працэсу (творчыя прафесіі ўвогуле “выхадных” не ведаюць), але і стаўленне да Мулявіна і яго “Песняроў”, да ўсяго, што яны ўнеслі ў нашу нацыянальную культуру. Усе разумелі, што такі паказ, ініцыяваны нашым тэатрам, — гэта падзея. Можна нават сказаць, падзея ў гонар Падзеі, якой былі жыццё і творчасць Уладзіміра
Мулявіна…

На вечары прысутнічала і ўдава Песняра Святлана Пенкіна. Яна не толькі адкрыла мерапрыемства, але і пачаставала артыстаў пасля спектакля любімымі пірагамі Уладзіміра Георгіевіча. Мы сядзелі, пілі гарбату — і дзяліліся светлымі ўспамінамі пра музыканта, які ў свой час вымусіў нас, беларусаў, па-новаму зірнуць на беларускую песню і сутнасць так званага ВІА — вакальна-інструментальнага ансамбля, што можа быць не проста музычным, але і музычна-тэатральным калектывам…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"