“Майстэрня — цэнтр майго свету”

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Леў АЛІМАЎ, мастак
Мабыць, самае папулярнае пытанне, якое чую ад журналістаў, дый увогуле ад людзей, неабыякавых да маёй асобы і знаёмых з некаторымі акалічнасцямі маёй працы: чаму я жыву ў Брэсце? Бо я ніколі не хаваў свайго захаплення Масквой — горадам, у якім вучыўся і ад якога дагэтуль духоўна сілкуюся. Дый творчыя вандроўкі ў культурныя цэнтры далёкага замежжа, што ўзбагачаюць у прафесійным сэнсе, маглі б мець для мяне вынікам новую прапіску і нават новае грамадзянства, каб я гэтага захацеў.

/i/content/pi/cult/513/11049/5-2.jpgСкажу шчыра, мне ўтульна сярод маскоўскага бамонду і даспадобы тое, што асобы, чые імёны на слыху, чыя творчасць мае шырокі розгалас, мяне лічаць за свайго. Часам пытаюцца: “А дзе ў цябе майстэрня?” — маючы на ўвазе, у якім раёне Масквы. Калі ж чуюць у адказ, што я жыву ў Брэсце, здзіўляюцца: “Што ты робіш у такой глушы?” Вядома, што для пэўнага тыпу масквічоў глуш — гэта ўсё, што за межамі Маскоўскай кальцавой дарогі…. Я да гэткай праявы тамтэйшага менталітэту стаўлюся спакойна. Па-філасофску, калі хочаце.

І ўсё ж сутнасць мяне як мастака вызначае тая акалічнасць, што я беларус і брэстчанін. Гэта вырашылі за мяне, яшчэ да мяне, мае бацькі, дарэчы — расіяне, масквічы. Бацька — карэнны, маці — прыезджая, з Саратаўскай вобласці. У свой час яны абралі Брэст для сталага жыхарства. Чым яны кіраваліся, калі пасяліліся ў разбураным вайной горадзе, а не ў расійскай глыбінцы, куды вайна не дацягнулася, я дакладна не скажу. Магу толькі меркаваць, што тут адыграла пэўную ролю тое, што бацька і маці зведалі ў сваім лёсе рэпрэсіі 1930-х і мелі праз гэта спецыфічнае стаўленне да некаторых савецкіх рэалій. У Брэсце — горадзе, які ўвайшоў у склад СССР толькі ў 1939 годзе, такіх рэалій, на іх думку, мусіла быць менш, чым у іншых частках краіны.

Паводле адукацыі я, кажучы сучаснай мовай, дызайнер-графік, хоць калі вучыўся, слова “дызайн” афіцыйна не скарыстоўвалася. У Маскоўскім мастацкім вучылішчы Памяці 1905 года (цяпер яно мае статус акадэмічнага) маімі выкладчыкамі былі выдатныя майстры з вялікім практычным досведам. Іх этыкеткі да напояў і прадуктаў — своеасаблівыя шэдэўры, класіка савецкай эпохі. Я мог бы пайсці тым жа шляхам: усё жыццё працаваць у рэкламнай графіцы. У такім выпадку мне варта было б жыць у Маскве, бо там у дызайнера больш працы, і яна больш разнастайная, чым у маім Брэсце. Але мне даспадобы іншае… За мяжой я сустракаўся з дызайнерамі, якія працуюць у вядомай фірме, што вырабляе прадукты. Дык вось, адзін з іх усё жыццё малюе толькі маліну, другі — толькі чарніцы… Малююць па-майстэрску! Але такая праца, такая творчасць мне была б нецікавай…

Я люблю эксперыменты, адкрыцці, нечаканыя эфекты. Кожны чалавек калі-нікалі выбірае: грошы яму зарабляць альбо ўлюбёнай справай займацца. Вось і я зарабляў прамысловай графікай, але цягнула мяне ў станковую ды кніжную. Зараз жа маю магчымасць засяродзіцца на тым, што мяне насамрэч вабіць. І, пры такім шчасці, мне ўжо не надта важна, у вялікім ці малым горадзе знаходзіцца мая майстэрня. Галоўнае, што майстэрня ёсць, і яна — цэнтр майго ўласнага свету. Менавіта ў Брэсце я як мастак маю магчымасць рабіць тое, што хачу. Каб мець тую ж ступень творчай свабоды, скажам, у Злучаных Штатах, трэба быць вельмі багатым чалавекам. А каб быць багатым, даводзіцца часта рабіць зусім не тое, што хочацца. Такая вось узаемасувязь. А ўвогуле, мастаку паўсюль нялёгка. Будучы ўдзельнікам творчых сімпозіумаў мастакоў-графікаў у далёкім замежжы, я бачыў, як мае калегі з краін, куды многія хацелі б трапіць на сталае жыццё, кідаліся на бясплатную паперу ды фарбы...

І яшчэ вельмі важна, каб у вялікім свеце мастак меў свой куток, прыналежнасцю да якога ён свету і цікавы. Як Віцебск у Шагала. Для мяне такое апірышча — Брэсцкае Палессе…

Фота Эдуарда КАБЯКА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"