Лубок і кантэкст

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Агратурызм у Беларусі адбыўся як з’ява. Такі від адпачынку стаўся запатрабаваным. А попыт, як вядома, нараджае прапанову.

/i/content/pi/cult/512/11025/4-28.jpgЗараз гаворка — не пра тое, быць ці не быць аграсядзібам (яны — ёсць, і іх даволі шмат), а пра якасць паслуг, якія прапаноўваюць сваім гасцям іх гаспадары. І яшчэ пра тое, што агратурызм — гэта не толькі магчымасць зарабіць капейчыну, але і сродак фарміравання станоўчага іміджа краіны праз прапаганду экалагічнага мыслення, аўтэнтыкі народнага мастацтва і дойлідства, а таксама — праз творчае развіццё нацыянальных традыцый у побыце. І тут лагічна паўстае пытанне: якія з’явы насамрэч складаюць змест нашай народнай культуры, а якія з ёй катэгарычна не стасуюцца?

Вось нядаўна ў адной з публікацый “К” аўтар заклікаў гаспадароў аграсядзіб не прапаноўваць сваёй кліентуры лубачнай, кічавай культуры. Пафас шанаванага і дасведчанага ў сваёй справе аўтара я прымаю цалкам. Але меркаванне пра лубок як сімвал безгустоўшчыны і сінонім таннага “шырспажыву” ніколі не прымаў.

Зразумела, майстроў, што рабілі тыражаваныя “карцінкі для народа” (а менавіта такое прызначэнне меў лубок), не паставіш у адзін шэраг з Мікеланджэла. Але ж у сацыяльнай практыцы, у яе культурным сегменце, больш-менш аб’ектыўная ацэнка з’явы магчымая толькі пры разуменні гістарычнага кантэксту. Дык вось, у сваім часе лубок — і дакумент, і эфектыўны сродак інфармацыі, і нават… мастацтва. Прынамсі, калі гаворка ідзе пра лепшыя ўзоры лубка.

Тыражаваныя, друкаваныя лубкі вядомыя з VIII стагоддзя. У Еўропе яны з’явіліся ў XV стагоддзі. Скарыстоўваліся ў прапагандысцкіх мэтах у час Рэфармацыі і Сялянскай вайны ў Германіі, у час Вялікай французскай рэвалюцыі, у Расіі — пад час вайны з Напалеонам. Да таго ж друкаваныя карцінкі на самыя розныя сюжэты — ад эротыкі да Бібліі — служылі аздобай побыту. Не абмінула гэта і наш край. У другой палове ХІХ стагоддзя лубок страчвае папулярнасць і, як вынік, аўдыторыю. Але напрыканцы таго ж стагоддзя адраджаецца ў выглядзе коміксаў.

Лубок — папярэднік папулярных ва ўсім свеце пін-ап-карцінак забаўляльнага зместу, якія мацуюцца кнопкай да сцяны. Згадайма сучасныя “народныя карцінкі” Войчанкі і Цэслера “Галівудскія весялухі”, дзе ў іранічнай форме, што імітуе “класічны” рускі лубок, распавядаецца пра папулярныя серыялы. Гэтае мастацтва ў даступнай для шырокай грамады форме здольнае ўпрыгожыць і музейную экспазіцыю, і авангардысцкую тусоўку, і, да слова, гасцявы пакой у той жа аграсядзібе. Лубок увогуле, — прыклад таго, як дасціпна можна распавядаць пра сур’ёзныя рэчы.

Мяркую, гэта не адзіная з’ява народнай культуры, вартая пераасэнсавання, з гледзішча новага побыту і новых інфармацыйных тэхналогій. Можна жыць у вясковым доме і карыстацца Інтэрнэтам — адно другому не замінае. Таксама можна аздобіць сучаснае жытло карцінай ці карцінкай актуальнага зместу, стылізаванай пад мінуўшчыну.

Дазволю сабе меркаванне, што нават кіч, які звыкла трактуюць як прэтэнцыёзную безгустоўнасць, калі яго давесці да ладу, можа быць прывабным і стыльным. Вядомы польскі гісторык мастацтва Анджэй Банах прысвяціў гэтай з’яве спецыяльнае даследаванне, дзе прыйшоў да высновы, што кіч прысутнічае як чыннік у кожнай мастацкай плыні і выразна праяўляецца, калі стыль дасягае кананічнай формы. У прыватнасці, кіч ён знаходзіў у славутых творах Рафаэля. Думка дыскусійная, але прымушае па-новаму глядзець на меркаванні, што нібыта не падлягаюць сумневу. Усё залежыць ад кантэксту.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"