Іспанскія сяляне ў строях ад куцюр

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адбылася прэм’ера балета “Лаўрэнсія” ў харэаграфіі Вахтанга Чабукіяні, якую з любоўю аднавіла Ніна Ананіяшвілі. Але ажыятаж вакол спектакля выклікала не столькі грузінская класіка, колькі — сцэнічныя строі, прыдуманыя знакамітым мастаком, дызайнерам, тэлезоркай Аляксандрам Васільевым, асабліва папулярным па праграме “Модны прысуд”. Сапраўды, паглядзець у балеце ёсць што!

/i/content/pi/cult/512/11020/9-2.jpg

Вабяць дэталёва прапісаныя іспанскія краявіды, чымсьці блізкія грузінскім (мастак — Давід Манавардзісашвілі з Грузіі), — у лепшых традыцыях оперна-балетнай класікі XIX стагоддзя, перанятых і ўзведзеных у эстэтычны ідэал у 1930 — 50-я. У праграмцы можна было б адразу пазначаць магчымыя туры ў Іспанію (а таксама — у Грузію), каб на свае вочы ўбачыць увасобленыя на задніках і суперзаслонах старадаўнія палацы ды навакольную прыроду.

Касцюмы Васільева — увогуле шык ды бляск! Даволі традыцыйны крой (у балеце з фасонамі не надта разгорнешся) галантна саступаюць месца каларыстыцы і якасці тканін. Ніякай таннай, але пыхлівай флюарэсцэнтыкі — пераважваюць мяккія пастэльныя тоны, прыродныя адценні, безліч бэжава-пясочна-тэракотавых адценняў, што надаюць ідылічным “пейзанам і пейзанкам” сучасную еўрапейскую стылістыку. Хто б мог падумаць, што кававы колер рознай ступені насычанасці так удала гарманіруе і з салатным, і з бэзавым, — акурат як у жывой прыродзе! А суадносіны “тры да аднаго” ў згаданых спалучэннях быццам пазычаны ўсё з тых жа іспанскіх краявідаў, калі камяністыя горы раптам расцвітаюць зелянінай ды кветкамі. А вось традыцыйны кантраст чырвонага з чорным, які шмат у чым успрымаецца не толькі сімвалам, але і штампам увасаблення іспанскага каларыту, хаця і прысутнічае, але адыходзіць на другі план, бо мастакі адкрываюць нам іншую Іспанію — не традыцыйна-“лубачную”, а ўбачаную свежым поглядам. Тое ж самае — з цыганскімі строямі, нязвыкла нетрывіяльнымі, у якіх трапна адлюстравана сама душа народа, а не цяперашнія эстрадна-рэстаранныя клішэ.

Гледзячы на ўсё гэтае багацце, раптам ловіш сябе на думцы: навошта тыя танцы? Яны ж не дазваляюць напоўніцу ацаніць многія цікавыя дэталі, няспешна атрымаць асалоду ад самога “паказу мод”. Ды адно гэта можна было б ператварыць у своеасаблівы харэаграфічна-пластычны спектакль! Чым, дарэчы, не ідэя для піяр-кампаніі: дэфіле стройных, грацыёзных артыстак балета і іх статных кавалераў у строях “ад Васільева”?..

У фінале балета гарыць старадаўні палац, падпалены абуранымі сялянамі. Менавіта гэткімі рэвалюцыйнымі вогнішчамі завяршаліся многія даваенныя спектаклі (у тым ліку беларуская опера “Кветка шчасця” Аляксея Туранкова), бо па тых часах, адпаведна савецкай ідэалогіі, нават кантрабандысты разам з Кармэн сімвалізавалі змагароў-рэвалюцыянераў. Так што прагляд “Лаўрэнсіі” можна ўключаць у турыстычныя праграмы кшталту “Назад у СССР” — як нейкую “экстравагантнасць” для замежнікаў з Захаду.

З пункта гледжання музыкі, партытуру Аляксандра Крэйна наўрад ці можна назваць шэдэўрам рэалізму, нават сацыялістычнага. У ёй шчодра перамяшаны запазычанні з “Дон Кіхота” (і, шырэй, творчасці Людвіга Мінкуса) — і савецкая песеннасць, маршавасць, кінамузыка. Праўда, не запамінаюцца ні мелодыі, ні аркестроўка. І не па віне аркестрантаў на чале з Алегам Лесуном! Яны сумленна граюць тое, што напісана ў нотах.

Што ж да харэаграфіі, дык спектакль трэба раіць найперш тым, хто хацеў бы больш грунтоўна вывучаць харэадраму, дзе сюжэт рухаецца сродкамі пантамімы, уласна ж балетныя нумары шмат у чым з’яўляюцца “ўстаўнымі”. Ці тым, хто сур’ёзна цікавіцца характарнымі танцамі: тут іх багата. У астатнім жа — тэатр набыў чарговае рэтра. І яно б зусім няблага, каб на афішы ў не меншай прапорцыі былі прадстаўлены сучасныя кампазіцыі (заўважу, сучасныя не адно па часе стварэння, але і паводле стылістыкі). А гэтага якраз і няма! Бо новы “Шчаўкунок”, “Вітаўт”, “Сем прыгажунь”, крыху ранейшыя “Папялушка”, “Трыстан і Ізольда” — ды літаральна ўсё, пастаўленае апошнім часам на вялікай сцэне, за выключэннем хіба аднаактовых “Шасці танцаў”, — пазамінулае (і нават пазапазамінулае) стагоддзе. Малая ж сцэна (а насамрэч — рэпетыцыйная, што адкрываецца для публікі раз у паўгода, а то і радзей) надвор’я не робіць.

“Лаўрэнсія” пазіцыянавалася як беражлівае аднаўленне гістарычнага помніка. Следам за ранейшымі “Жар-птушкай”, “Шахразадай”, шматлікімі раннерамантычнымі балетамі яна лагічна працягвае лінію тэатра-архіва-музея. Але штосьці не верыцца, каб у 1939 годзе, адлюстроўваючы амаральнае аблічча прыгнятальнікаў, харэограф мог бы дазволіць сабе паваліць долу мужчын з дзяўчынай ды яшчэ і прымусіць іх катацца па падлозе: артыстку проста пацягнулі б за сцэну, пакінуўшы гледачам дадумваць працяг. Ці, можа, Чабукіяні дадаў гэтыя моманты, калі аднаўляў свой балет у Тбілісі? У любым выпадку яны парушаюць агульную эстэтыку спектакля, а не развіваюць яе, як гэта адбывалася з класічнымі балетамі, што рэдагаваліся кожным наступным пастаноўшчыкам.

Выканальніцкі бок, трэба спадзявацца, будзе ўдасканальвацца. Можна, канешне, суцяшаць сябе думкамі, што неаднолькавыя рукі-ногі кардэбалета сімвалізуюць індывідуалізаванасць прадстаўнікоў народных мас (хаця гэта, зноў-такі, не ў традыцыях савецкага часу, калі тыя бачыліся ўсяго толькі “вінцікамі” вялікага дзяржаўнага механізму: адзінка ж, паводле.Маякоўскага, — нуль). Можна ганарыцца, што Вольга Гайко становіцца ўсё больш падобнай да Маі Плісецкай, і асабліва — у партыі Лаўрэнсіі. Можна радавацца, як добра заявіла пра сябе творчая моладзь. Канстанцін Геронік на сёння — лепшы Франдоса, аднолькава бездакорны і па тэхніцы выканання, і па артыстызме. Сярод іншых артыстаў адразу вылучаецца Яна Штангей, якая ўвасабляе кранальную, знешне і ўнутрана вытанчаную Паскуалу — не столькі сялянку, колькі пераапранутую сільфіду.

Нарэшце, можна (і трэба!) чакаць далейшых балетных прэм’ер. Сярод іх, ужо ў лютым, — сучасная пастаноўка Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко на музыку Сяргея Картэса. А ў аддаленай будучыні абяцалі нават “Анну Карэніну” ў харэаграфіі Барыса Эйфмана, — вось дзе будзе сапраўдная рэвалюцыя! Бо цяперашняя эвалюцыя беларускай балетнай прасторы — пакуль, на жаль, не самая прагрэсіўна-сучасная.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"