Засцярогі кааперацыі

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Ільмар РААГ, эстонскі рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар і кінакрытык
— Ці займела стужка “Я не вярнуся” поспех у Эстоніі? Лічу, што так. Ведаеце, у мяне былі засцярогі: фільм — на рускай мове, гэткая “руская гісторыя”, таксама нехта можа сказаць, што гэта выключна фестывальнае кіно… Але таго не здарылася. У Эстоніі карціна Ларса фон Трыера збірае 3 000 чалавек, на нас жа прыйшло 15 000. Гэта маленькі, ды ўсё ж поспех. Магчыма, дапамагло тое, што стужка пабывала ўжо на розных фестывалях і была ўганаравана, напрыклад, у тым жа Нью-Ёрку, Сочы, Іванаве, пра яе шмат пісалі… Таксама эстонцы ведаюць іншыя мае работы, таму на фільм “Я не вярнуся” глядач пайшоў.

/i/content/pi/cult/511/11010/6-2.jpgДля мяне супрацоўніцтва з Беларуссю было прыемным. Дзякуючы гэтай карціне я знайшоў тут сяброў. Кінакааперацыя атрымалася гэткай формай народнай дыпламатыі. Мы здымалі ў вас сцэны ў дарозе. Хачу сказаць, што ўмовы, створаныя беларускім бокам для працы, — гэта проста рай для кіношнікаў! Здымачная пляцоўка ў лесе, прапанаваная кінастудыяй “Беларусьфільм”, работа са спецыялістамі — ад каскадзёраў да вадзіцеляў — усё пакінула вельмі станоўчыя ўражанні.

У стужцы, як вы заўважылі, — дзве часткі. Першую, калі дзея адбываецца ў горадзе, мы здымалі ў Санкт-Пецярбургу, і я хацеў падкрэсліць, што гэтае асяроддзе для гераінь — благое месца. Калі ж дзяўчыны выпраўляюцца ў падарожжа, для мяне было істотным запаволіць фільм, даць яму “другое дыханне”. І тут значную ролю адыграў менавіта беларускі пейзаж: праз дэманстрацыю вашых краявідаў я імкнуўся паказаць тыя змены, што адбываюцца ўнутры персанажаў. Беларускі ландшафт тут — не проста выпадковая натура. Яго прыгожосць — надзвычай сімвалічная. Як сімвалічны і снег, што “раптоўна” выпаў: зіма — як мёртвае месца, дзе адбудзецца нешта дрэннае (Па сюжэце карціны, там здараецца няшчасце з адной з гераінь. — Д.А.)

Хачу падкрэсліць, што ў стужцы я больш імкнуўся да паэтызму, чым да рэалізму. У жанравым дачыненні гэта, хутчэй, “казка”, чым сацыяльная крытыка. Хоць мне гледачы з розных краін кажуць зусім іншае. Напрыклад, у Расіі — што патрэбна было б быць больш крытычным у дэманстрацыі сацыяльных рэалій. На фестывалях паўночных краін: а не падаецца вам, што вы надта непрыгожа паказалі Расію? У Амерыцы — далучаюць да “незалежнага кіно”… Ацэнкі розныя. Але фільм, дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву, мае магчымасць быць прадстаўленым самай шырокай аўдыторыі…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"