Як не згубіць эстэтыку “Песняроў”

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Пётр ЕЛФІМАЎ, спявак
Канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прымеркаваны да дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, — традыцыйная падзея ў музычным жыцці Беларусі. Па магчымасці, удзельнічаю ў ім кожны год. Сёлета публіцы будзе прадстаўлена праграма “Я не паэта...”: гэта, па сутнасці, мой сольны канцэрт у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча.

/i/content/pi/cult/511/11005/5-1.jpgПад час канцэрта выканаю не толькі “залатыя” хіты “Песняроў”, якія часам спяваю і на сваіх выступленнях (напрыклад, “Будачнік”, “Нашы любімыя”), але і тыя кампазіцыі вялікага ансамбля, што стануць асабіста для мяне прэм’ернымі (“Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Марыся”). Некалькі песень спяе і малады саліст Андрэй Коласаў. У канцэрце таксама прагучаць твор Ізмаіла Капланава “І змоўкла гітара…”, прысвечаны Мулявіну, вершы Аляксандра Эленевiча памяці Уладзіміра Георгіевіча. Вядома, хацелася б гэтую праграму пракаціць па ўсёй краіне, але... Тым не менш, вечар гэты пакажуць на тэлеканале “Беларусь 3”.

Ведаеце, такія канцэрты — вельмі значныя ў маёй артыстычнай біяграфіі. Падрыхтоўка да іх заўсёды праходзіць у нервовай атмасферы — у правільнай нервовай атмасферы, так бы мовіць, калі з нецярплівасцю чакаеш выхаду на сцэну, хвалюешся, гадаючы, як усё пройдзе, як прымуць гледачы. Судакрананне са спадчынай генія — і вялікая адказнасць, і невыказная асалода, і новы творчы крок. Песні ансамбля трэба спачатку самому пражыць, зразумець, улавіць усе нюансы, а потым данесці іх да слухача, прапусціўшы праз свае душу і сэрца, напоўніўшы ўласнымі эмоцыямі, настроем, ды абавязкова захаваўшы пры гэтым і штосьці мулявінскае.

Я, дарэчы, менавіта так і стараюся спяваць Мулявіна. Не спрабую яго скапіраваць “адзін у адзін” — вакальна, інтанацыйна, з дапамогай знятых “пад нуль” аранжыровак. Публіка павінна чуць Пятра Елфімава, які выконвае рэпертуар “Песняроў”, тое, як я іх адчуваю. Ды сказанае мной не азначае, што песні ў праграме змяніліся да непазнавальнасці. Наша шматгадовае супрацоўніцтва з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца ў частцы выканання “песняроўскага” рэпертуару грунтуецца на тым, каб падкрэсліць у новых аранжыроўках, над якімі працуем сумесна, у тым ліку, нацыянальную прыналежнасць песень — і апрацовак беларускага фальклору, і аўтарскіх твораў 1970 — 1990-х.

Наогул, выкананне кампазіцый “Песняроў” ва ўласнай інтэрпрэтацыі — задача няпростая для любога артыста, і не важна, пачатковец ён ці ўжо дасведчаны майстар. Як слухач я не супраць асучаснення тых песень “Песняроў”, не супраць іх кардынальнага перайначвання, але правілы музычныя трэба было б пры гэтым выконваць, трэба ўсё ж заставацца ў той “песняроўскай” эстэтыцы. За сябе я магу паручыцца: з маiм гуртом мы здольны запісаць якасную, прыгожую праграму, хай і з іншым, рокавым, гукам. Наша музычнае выхаванне не дало б нам знявечыць зыходны матэрыял. А так... Песню з адным сэнсавым зместам ператварыць у песню з зусім іншым?.. Цяпер шмат падобнага. “Дастаецца” і Мулявіну. Мне такі падыход, мякка кажучы, не падабаецца. Ад “смачнага” да безгустоўнасці — часам усяго адна нота, адна літара...

І яшчэ. Мне хацелася б думаць, што гледачы, якія ходзяць на мае выступленні, якія прыходзілі на мінулыя праграмы “Канцэрт у Дзень нараджэння” і набудуць білеты на паслязаўтрашні канцэрт, у чымсьці падобныя між сабой. Не толькі тым, што нейкая частка публікі супадае, а сваім стаўленнем да жыцця, да людзей, да музыкі. Тым, як ставіўся да гэтага свету Уладзімір Георгіевіч Мулявін…

Фота са старонкі артыста ў Facebook

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"