“Чыліканне” ў Сеціве

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Ці можа сёння мастак уявіць сваю хаця б прыкладную аўдыторыю: колькасць прыхільнікаў, іх гендарны баланс і ўзрост? Хіба прыблізна. А вось Чылік можа. Хто такі Чылік? Зараз патлумачу.

/i/content/pi/cult/511/11002/4-1.jpgЧылік — гэта і рака, і гара, і птушка. Але апошнія некалькі гадоў гэтае імя ўласнае стала знакамітым дзякуючы яшчэ і творчасці хлопца Анатоля, якому 21 год і які родам са Слоніма. Жыве ён зараз у Мінску, здымае кватэру, скончыў нядаўна БДЭУ… Вось прыблізна ўсё, што вядома мне пра яго жыццё-быццё. А вось пра ягоную творчую дзейнасць я, як і астатнія 32 тысячы 216 чалавек з ліку падпісчыкаў старонкі Чыліка ў сацыяльнай сетцы, ведаю значна больш.

Справа ў тым, што Анатоль Чылік — гэта сучасны інтэрнэт-творца. Нават не ведаю, як “абмаляваць” жанр, у якім ён працуе: гэта нейкі сінтэз комікса, анекдота, вокнаў РОСТА і яго ўласнага стылю. На выхадзе мы, гледачы, маем перад вачыма камічны слоўна-мастацкі “прадукт”, ад якога, праз смех, разрываецца жывот, а часам і, як кажуць, мазгі. Чылік робіць твор на роўным месцы, прычым часта заданні яму даюць самі прыхільнікі. Напрыклад, на прапанову намаляваць “святлафор у розных рэжымах” (разумей задачу, як хочаш) ён выдаў цэлую серыю: паказаў каменданцкую гадзіну, рэкламу, сексізм, дальтанізм, мінімалізм, парашутызм, кансерватызм і бюракратызм — і ўсё праз гэтае аптычна-сігнальнае прыстасаванне. Ці яшчэ: адлюстраваць розныя паняцці, якія спатрэбяцца пры вядзенні бізнесу, на прыкладзе транспартыроўкі нябожчыка па рацэ Стыкс. Лухта, на першы погляд, — з найрадчэйшых. Але вось вам і фізічны знос, і тэхніка бяспекі, і канкурэнцыя, і брэндзіраванне з рэбрэндынгам, і мадэрнізацыя, і інавацыя — усё гэта пасярэдзіне жудаснай ракі ў лодцы.

Сама манера Чыліка, хутчэй, прымітыўная: чыстыя колеры, схематычная падача, мультыплікацыйнасць. Дакладна не ведаю, як ён працуе — на планшэце ці на іншым гаджэце, якую праграму выкарыстоўвае, аднак тое, што ён стварае свае работы не на паперы алоўкамі — факт. Урэшце, сёння мы становімся сведкамі новых катэгорый: віртуальны мастак і яго віртуальныя прыхільнікі, а разам з усім — і парушэнні аўтарскіх правоў. Сама была сведкай таго, як яго “свежыя плады” расцягваюцца па Сеціве адміністратарамі паблікаў творчага кірунку Беларусі, Расіі, Украіны нават без пазначэння аўтарства. Весці барацьбу з “нябачнымі ворагамі” ў такой сітуацыі вельмі складана. Можна сказаць, гэта плата за тое, што ты маеш гіганцкую аўдыторыю фанатаў. Магчыма, у момант, калі вы чытаеце гэты сказ, “армія” Чыліка павялічваецца (на момант напісання артыкула — 32 728 падпісчыкаў у адной толькі сацсетцы), але разам з ёй расце і колькасць патэнцыйных інтэрнэт-злачынцаў, якія потым выдаюць творчасць самародка за сваю.

Можна ставіцца да такіх, як Чылік, скептычна, можна крытыкаваць яго метады і адсутнасць мастацкай адукацыі, можна зайздросціць яго знаходлівасці альбо наогул лічыць зоркай-аднаднеўкай. Але рэальнасць такая, што сёння мастацтва прасочваецца ў Інтэрнэт і, наадварот, нараджаецца там ды выходзіць за яго рамкі. Трэба толькі даваць яму шанц, не прымушаць дзейнічаць класічнымі алгарытмамі, быць цярплівымі і чулымі да яго. А таксама лічыцца з ягонымі моцнымі бакамі, такімі як масавасць, і слабымі — вокамгненнасць існавання. Але: калі маем Сеціва, дык чаму б ім не скарыстацца, зрабіўшы з яго пляцоўку для дэманстрацыі ўласнай творчасці?

З усяго трэба рабіць высновы ды падагульненні, чым і заняўся зараз Чылік. Дазналася, што ён працуе над кнігай, як кажуць мэтры, з неапублікаванага… Вось так “зялёны”, але знаходлівы аматар вядзе барацьбу за сваё існаванне на культурным маладзёжным небасхіле, ахвяруе нечым для таго, каб атрымаць з гэтага падвойную выгаду, заваёўвае публіку і кантактуе з ёй. А тым часам некаторыя беларускія мастакі, з прафесійнай адукацыяй ды дзясяткамі гадоў практыкі за плячыма, усё думаюць, як ім сабраць на сваёй персанальнай выстаўцы якую тысячу гледачоў...

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст