Ён душы ачышчаў...

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Напярэдадні 2015 года выйшла з друку кніга ўспамінаў пра тэатральнага рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі Валянціна Іванавіча Ермаловіча (1925 — 2004). Яна мае назву “Ачышчэнне душы”.

Яе напісалі тыя, хто добра ведаў, шчыра сябраваў і вучыўся ў Валянціна Ермаловіча. І да гэтай памяці далучыліся былыя сябры ды вучні не толькі з Магілёва, дзе ён жыў і працаваў, а таксама з Мінска, Слоніма, Бялынічаў, Краснаполля... Праўда, пра Валянціна Іванавіча маглі б успомніць сотні людзей, якія яго ведалі, каго ён вучыў, з кім працаваў. І, магчыма, кніга будзе толькі першай ластаўкай успамінаў пра яго. А з цягам часу пра рэжысёра Ермаловіча напішуцца новыя згадкі...

Акрамя тых, хто прыгадаў пра Валянціна Ермаловіча ды жыве ў розных кутках Беларусі, складальнікі вырашылі ўключыць у кнігу і артыкул журналіста, публіцыста і паэта Сямёна Сямёнава, які жыў у Краснаполлі і працаваў тады ў райгазеце “Чырвоны сцяг”. Гэтая яго некалі выдатная публікацыя пра Краснапольскі народны тэатр і пра Валянціна Ермаловіча мела назву “Ачышчэнне душы”. Бо тое сапраўды так. Валянцін Іванавіч ачышчаў людскія душы ад тлуму, самоты і адзіноты, напаўняючы іх святлом, любоўю да Радзімы і беларускага тэатра, шчырай дабрынёй і добрым настроем. З ім гледачы і сябры не сумавалі, бо ён для ўсіх, хто яго ведаў, быў і педагогам, і тэатразнаўцам, і бацькам, і літаратарам. З яго бралі прыклад, многія хацелі быць падобнымі да Ермаловіча, заўсёды з ім гутарылі толькі па-беларуску...

Самі назвы артыкулаў гэтай кнігі станоўча характарызуюць Валянціна Іванавіча, аўтары шчыра называюць яго нястомным рупліўцам, беларускім абярэгам, сябрам, дарадчыкам, чалавекам ад Бога, сапраўдным беларусам, таленавітым рэжысёрам, які быў заўсёды патрэбен людзям, бо тыя вучыліся ў яго жыць, бралі з яго прыклад, ён захапляў усіх тэатральным мастацтвам.

У сваіх успамінах пра Валянціна Ермаловіча прыгадваюць Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Таццяна і Ігар Пушкіны, Яраслаў Клімуць, Віктар Арцем’еў, Міхась Карпечанка ды іншыя асобы.

Заслужаны работнік культуры Беларусі, рэжысёр і стваральнік ці аднаўляльнік традыцыі пяці самадзейных тэатраў Магілёўшчыны Валянцін Ермаловіч меў найбагацейшы акцёрскі багаж, а яшчэ 29 гадоў педагагічнага стажу ў Магілёўскім культасветвучылішчы.

Пра Валянціна Ермаловіча як акцёра і рэжысёра багата сказана ды напісана ў газетах і часопісах. А ён жа яшчэ быў выдатным майстрам жывога мастацкага слова і меў талент літаратара (на жаль, апошні дар яго не паспеў поўнасцю раскрыцца). Ён чытаў у маладзёжных аўдыторыях лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў. Стаць чытальнікам беларускага прыгожага пісьменства, роднага паэтычнага слова Валянціна Іванавіча падахвоціў паэт Аляксей Пысін. Іх знаёмства, якое потым перарасло ў шчырае сяброўства, адбылося ў 1963 годзе, калі тэатральны самадзейны калектыў Магілёўскай шоўкавай фабрыкі даваў спектакль “Хто смяецца апошнім” па п’есе Кандрата Крапівы. У гутарцы пра спектакль (Пысін рабіў водгук для газеты) яны паразумеліся як франтавікі, і дамоў у той вечар першай сустрэчы крочылі ўжо разам як даўнія сябры, дзелячыся ўспамінамі аб перажытым на вайне…

Нагадаю, што Валянцін Ермаловіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1950, курс Канстанціна Саннікава). Быў акцёрам Пінскага (1950 — 1954) і Магілёўскага (1954 — 1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчыкам Магілёўскага вучылішча культуры (1956 — 1985). Адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна (1961 — 1969), тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971 — 1977), Краснапольскім народным тэатрам (1978 — 1992), рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993 — 1998), з 1992 года з’яўляўся кіраўніком народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу.

А яшчэ Валянцін Ермаловіч — брат гісторыка Міколы Ермаловіча.

Кніга “Ачышчэнне душы” — маленькі помнік нашаму слаўнаму майстру тэатральнай сцэны. Яе склалі рэдактар Бялыніцкай раённай газеты, драматург Міхась Карпечанка і аўтар гэтых радкоў.

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра, краязнаўца