Сцэнарыст і рэжысёр

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

“Талент дарыць людзям радасць і прыгажосць” — пад такой назвай у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага адбыўся творчы вечар, прысвечаны дзеячу не толькі гродзенскай, але і беларускай культуры наогул, сцэнарысту і рэжысёру тэатралізавана-відовішчных мерапрыемстваў, нястомнаму рупліўцу культуры Зінаідзе Арцюховіч.

Яе імя пад час урачыстага святкавання 70-годдзя Гродзенскай вобласці было занесена ў Кнігу славы рэгіёна. Творчы вечар працягвае праект “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны”, ініцыяваны Абласной навуковай бібліятэкай.

У 1954 годзе дзяўчына паступае на гістарычна-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Яшчэ ў вучнёўскія гады тонкая паэтычная душа пачала гарнуцца да мастацкай самадзейнасці, а ў студэнцкія гады яе сэрца цалкам і канчаткова было аддзена самадзейнай сцэне. Пад час навучання ў Гродзенскім педагагічным інстытуце дзяўчына — ініцыятар, арганізатар і нязменная вядучая інстытуцкіх вечарын ды шматлікіх мерапрыемстваў. З ахвотай яна ўдзельнічала і ў студэнцкім тэатральным калектыве, якім кіраваў славуты Якаў Кімберг.

Дзяўчыне выпаў гонар быць вядучай серыі канцэртаў Гродзенскай вобласці на Беласточчыне. Здольнасці Зінаіды Мікалаеўны да культурна-асветнай работы не засталіся незаўважанымі, і па запрашэнні тагачаснага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мікалая Гардзеева яна са студзеня 1960 года пачынае працаваць метадыстам па тэатральнай самадзейнасці Гродзенскага абласнога дома народнай творчасці. Побач з ёю працавалі такія ж маладыя, ініцыятыўныя, захопленыя сваёй справай Алена Траццякова, Зоя Пяткевіч і ўжо “мэтр” сферы культуры Аляксандр Шыдлоўскі. Праца ў абласным Доме народнай творчасці стала вельмі важнай вяхой у жыцці Зінаіды Мікалаеўны, дзе яна вырасла да пасады старшага метадыста. На той час гэтая пасада была раўназначнай сённяшняму намесніку, а ў фінансавым эквіваленце ацэньвалася нават вышэй за дырэктарскую зарплату.

Мацярынскі клопат пра выхаванне сына прымусіў змяніць месца працы. З 1968 года Зінаіда Мікалаеўна — выкладчык клубазнаўства і сцэнарнага майстэрства ў Гродзенскім культасветвучылішчы. Яна сама распрацоўвае вучэбны план дысцыпліны “Сцэнарнае майстэрства”, бо першай пачынае яе выкладаць у вучылішчы.

Па запрашэнні начальніка ўпраўлення культуры Вячаслава Брыкача ў 1980 годзе Зінаіда Мікалаеўна вяртаецца назад у Гродзенскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы, але ўжо на пасаду намесніка дырэктара па культасветрабоце. Гэта час цэнтралізацыі клубных устаноў, станаўлення і развіцця культурна-спартыўных комплексаў, цікавых і змястоўных метадычных рэкамендацый, шматлікіх мерапрыемстваў. І ўсюды, як рухавік прагрэсу, — Зінаіда Мікалаеўна.

Арганізатарскія здольнасці, талент сцэнарыста і рэжысёра напоўніцу раскрыліся на пасадзе начальніка аддзела ўстаноў культуры, народнай творчасці і мастацтва аблвыканкама, якім Зінаіда Мікалаеўна кіравала ў 1988 — 1993 гадах. Яна — сцэнарыст, рэжысёр, арганізатар найбуйнейшых і найадказнейшых мерапрыемстваў у вобласці. Сярод іх — Міжнародны фестываль народных тэатраў Прыбалтыкі і Беларусі “Рампа дружбы-88”, святы, прысвечаныя 500-годдзю Дзятлава і Смаргоні, 750-годдзю Слоніма і Свіслачы, Першае Абласное свята работнікаў культуры, фальклорнае свята “Мірскі кірмаш”, рэспубліканскія “Дажынкі” ў Ваўкавыску і Лідзе, справаздачныя канцэрты Гродзенскай вобласці ў Мінску (2002, 2009 гг.).

У Зінаіды Мікалаеўны вялікае кола паслядоўнікаў, паплечнікаў, аднадумцаў, якія лічаць сябе яе выхаванцамі і якімі ганарыцца настаўнік. Сярод іх — галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь, былы начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Аляксандр Лойка…

Пад час мерапрыемства дзейнічала кніжна-дакументальная выстаўка, на якой былі прадстаўлены каштоўныя дакументы аб жыццёвым і творчым шляху Зінаіды Мікалаеўны Арцюховіч. Сярод іх — узнагароды, артыкулы з энцыклапедычных і перыядычных выданняў, фотаздымкі. Прадстаўленыя дакументы раскрываюць арганізацыйна-практычную, метадычную, творчую дзейнасць і рэдкія хвіліны вольнага часу Зінаіды Мікалаеўны.

Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага