Яе імя пад час урачыстага святкавання 70-годдзя Гродзенскай вобласці было занесена ў Кнігу славы рэгіёна. Творчы вечар працягвае праект “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны”, ініцыяваны Абласной навуковай бібліятэкай.
У 1954 годзе дзяўчына паступае на гістарычна-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Яшчэ ў вучнёўскія гады тонкая паэтычная душа пачала гарнуцца да мастацкай самадзейнасці, а ў студэнцкія гады яе сэрца цалкам і канчаткова было аддзена самадзейнай сцэне. Пад час навучання ў Гродзенскім педагагічным інстытуце дзяўчына — ініцыятар, арганізатар і нязменная вядучая інстытуцкіх вечарын ды шматлікіх мерапрыемстваў. З ахвотай яна ўдзельнічала і ў студэнцкім тэатральным калектыве, якім кіраваў славуты Якаў Кімберг.
Дзяўчыне выпаў гонар быць вядучай серыі канцэртаў Гродзенскай вобласці на Беласточчыне. Здольнасці Зінаіды Мікалаеўны да культурна-асветнай работы не засталіся незаўважанымі, і па запрашэнні тагачаснага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мікалая Гардзеева яна са студзеня 1960 года пачынае працаваць метадыстам па тэатральнай самадзейнасці Гродзенскага абласнога дома народнай творчасці. Побач з ёю працавалі такія ж маладыя, ініцыятыўныя, захопленыя сваёй справай Алена Траццякова, Зоя Пяткевіч і ўжо “мэтр” сферы культуры Аляксандр Шыдлоўскі. Праца ў абласным Доме народнай творчасці стала вельмі важнай вяхой у жыцці Зінаіды Мікалаеўны, дзе яна вырасла да пасады старшага метадыста. На той час гэтая пасада была раўназначнай сённяшняму намесніку, а ў фінансавым эквіваленце ацэньвалася нават вышэй за дырэктарскую зарплату.
Мацярынскі клопат пра выхаванне сына прымусіў змяніць месца працы. З 1968 года Зінаіда Мікалаеўна — выкладчык клубазнаўства і сцэнарнага майстэрства ў Гродзенскім культасветвучылішчы. Яна сама распрацоўвае вучэбны план дысцыпліны “Сцэнарнае майстэрства”, бо першай пачынае яе выкладаць у вучылішчы.
Па запрашэнні начальніка ўпраўлення культуры Вячаслава Брыкача ў 1980 годзе Зінаіда Мікалаеўна вяртаецца назад у Гродзенскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы, але ўжо на пасаду намесніка дырэктара па культасветрабоце. Гэта час цэнтралізацыі клубных устаноў, станаўлення і развіцця культурна-спартыўных комплексаў, цікавых і змястоўных метадычных рэкамендацый, шматлікіх мерапрыемстваў. І ўсюды, як рухавік прагрэсу, — Зінаіда Мікалаеўна.
Арганізатарскія здольнасці, талент сцэнарыста і рэжысёра напоўніцу раскрыліся на пасадзе начальніка аддзела ўстаноў культуры, народнай творчасці і мастацтва аблвыканкама, якім Зінаіда Мікалаеўна кіравала ў 1988 — 1993 гадах. Яна — сцэнарыст, рэжысёр, арганізатар найбуйнейшых і найадказнейшых мерапрыемстваў у вобласці. Сярод іх — Міжнародны фестываль народных тэатраў Прыбалтыкі і Беларусі “Рампа дружбы-88”, святы, прысвечаныя 500-годдзю Дзятлава і Смаргоні, 750-годдзю Слоніма і Свіслачы, Першае Абласное свята работнікаў культуры, фальклорнае свята “Мірскі кірмаш”, рэспубліканскія “Дажынкі” ў Ваўкавыску і Лідзе, справаздачныя канцэрты Гродзенскай вобласці ў Мінску (2002, 2009 гг.).
У Зінаіды Мікалаеўны вялікае кола паслядоўнікаў, паплечнікаў, аднадумцаў, якія лічаць сябе яе выхаванцамі і якімі ганарыцца настаўнік. Сярод іх — галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь, былы начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Аляксандр Лойка…
Пад час мерапрыемства дзейнічала кніжна-дакументальная выстаўка, на якой былі прадстаўлены каштоўныя дакументы аб жыццёвым і творчым шляху Зінаіды Мікалаеўны Арцюховіч. Сярод іх — узнагароды, артыкулы з энцыклапедычных і перыядычных выданняў, фотаздымкі. Прадстаўленыя дакументы раскрываюць арганізацыйна-практычную, метадычную, творчую дзейнасць і рэдкія хвіліны вольнага часу Зінаіды Мікалаеўны.
Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага