Музычная сцэна — зборачны цэх

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Учора Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста рэспублікі, прафесара Міхаіла Фінберга выступіў перад працаўнікамі Беларускага аўтазавода ў Жодзіне. Канцэрт адбыўся не ў ДК, а літаральна “на рабочым месцы” машынабудаўнікоў падчас іх абедзеннага перапынку — у зборачным цэху.

—З кіраўніком гэтага магутнага прадпрыемства, — расказаў М.Фінберг, — мяне звязвае шчырае сяброўства. Пазнаёміліся мы на адным з пасяджэнняў у Савеце Рэспублікі. Павел Лук’янавіч Марыеў невыпадкова атрымаў званне Героя Беларусі. Высокаадукаваны чалавек, ён дасведчаны і ў тонкасцях тэхнічных спецыяльнасцей, і ў галіне культуры і мастацтва.

Добра разумеючы ролю культуры ў сучасным грамадстве, дбае не толькі пра вытворчыя паказчыкі, але і пра культурны ўзровень працаўнікоў, клапоціцца пра развіццё культуры і спорту як на сваім заводзе, так і ва ўсім Жодзіне, “сэрцам” якога з’яўляецца БелАЗ, не шкадуе на гэта ні сіл, ні грошай. Часам мне даводзіцца даволі доўга пераконваць мясцовыя ўлады, кіраўніцтва розных узроўняў у неабходнасці правядзення канцэртаў, музычных свят, фестываляў. Тут жа адразу было дасягнута ўзаемапаразуменне. І першы такі канцэрт на БелАЗе мы правялі ўжо летась. Была падпісана дамова тэрмінам на пяцігоддзе: праводзіць падобныя канцэрты-сустрэчы двойчы на год.

Дадам, што такія творчыя сувязі нашага аркестра з працоўнымі калектывамі краіны закладаліся на працягу ўсёй нашай дзейнасці. У прыватнасці, 20 гадоў запар мы супрацоўнічаем з Мазырскім нафтаперапрацоўчым камбінатам —27 студзеня правядзём там ужо 40-ы канцэрт. Летась 26 канцэртаў аркестра прайшлі ў аграгарадках. Так што гэта не разавая акцыя, а трывалы кірунак нашай працы — ехаць да працаўнікоў сяла, жыхароў малых гарадоў і аграгарадкоў, рабочых і служачых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Быць бліжэй да народа, быць разам з народам — ці ж не ў гэтым адна з галоўных місій беларускага мастацтва? А зайсці літаральна ў кожны дом дапаможа нам на гэты раз Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі: канцэрт-сустрэча будзе суправаджацца тэлездымкамі з мэтаю трансляцыі яе па Першым нацыянальным канале.

Надзея БУНЦЭВІЧ