У школы — 12 філіялаў!

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Год таму традыцыйны каляндар “К” быў складзены з работ падлеткаў, што вучацца ў лепшых ДШМ краіны. Дзіцячую школу выяўленчых мастацтваў Крычава прадстаўляў, у тым ліку, і малюнак Жэні Бачковай “Першы снег”. Можна было канстатаваць: такіх таленавітых на Беларусі шмат.

Але канец мінулага года пераканаў: не, Жэня Бачкова такая адна. Справа ў тым, што ў снежні яна стала пераможцай Рэспубліканскага творчага конкурсу малюнкаў “Мой школьны аўтобус”, у якім бралі ўдзел дзеці ад 5 да 17 гадоў.

Лагатып васьмікласніцы (у школе мастацтваў яна вучыцца ў трэцім класе) упрыгожыць школьныя аўтобусы рэспублікі. Між тым, у аргкамітэт паступіла каля дзвюх тысяч дзіцячых малюнкаў. Але гаворка пойдзе не пра Жэню, а пра школу, якая яе выхавала.

А школа сапраўды незвычайная. Хаця б і з той нагоды, што мае 12 філіялаў: чатыры — у горадзе, восем — на сяле, у тым ліку пяць — у аграгарадках. Намеснік дырэктара ўстановы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганна Саковіч тлумачыць гэта даўняй традыцыяй (а школе ўжо — 37 гадоў) адшукваць таленты не толькі ў раённым цэнтры, але і за яго межамі. Што і казаць, пазіцыя “вясковыя дзеці — не горшыя за гарадскіх” — больш чым ухвальная. Прынамсі, такой колькасці філіялаў ДШМ у рэспубліцы я не сустракаў. Уявіце, якая арганізацыйная работа папярэднічала іх утварэнню! Той выпадак, калі мэта цалкам апраўдвае сродкі. Для мяне неаспрэчна, што сённяшняя ўвага да вёскі — гарантыя заўтрашніх маральных (і не толькі) дывідэндаў.

Навучаннем 360 дзяцей (гэта 10 працэнтаў ад агульнай колькасці вучняў агульнаадукацыйных школ) займаюцца 23 педагогі. І толькі шэсць з іх працуюць у Крычаве. Сярэдні ўзрост настаўнікаў не перавышае 37 гадоў. Большасць маюць вышэйшую настаўніцкую катэгорыю. Васямнаццаць настаўнікаў школы — колішнія выпускнікі роднай установы. У іх ліку — і Ганна Саковіч.

Наступная незвычайнасць установы ў тым, што, выкладанне прадметаў па выбары настаўнікі вядуць па аўтарскай праграме. Хто ў курсе, той ведае, што такую праграму і скласці няпроста, і зацвярджаць яе трэба. Але вынік падобнага аўтарскага падыходу да навучання мэтавай аўдыторыі — заўжды гарантаваны. Для даведкі: сярод такіх прадметаў па выбары вучням прапаноўваюцца наступныя дысцыпліны: графіка, кампазіцыя, дызайн, арнамент (у тым ліку, натуральна, і традыцыйны беларускі)…

Крычаў — горад невялікі, аднак у ім тры школы мастацтваў. Які раённы цэнтр можа пахваліцца такімі маштабамі эстэтычнага выхавання? І гэтая чарговая незвычайнасць даўно стала для Крычаўскага раёна добрай традыцыяй. Чым больш у падлетка магчымасцей для творчай самарэалізацыі, тым больш трывалая самасвядомасць ды шырэйшы кругагляд. Умець уяўляць — значыць, умець крытычна думаць. Такія асобы для краіны — на вагу золата. Нездарма колішнія вучні вяртаюцца ў родныя школы выкладчыкамі. Пошук аднадумцаў і пашырэнне іх кола — уласцівасць развітога чалавека….

На лагатыпе адлюстраваны аўтобус, які рушыць па сяміколернай вясёлцы, і аловак як сімвал раскрыцця творчых магчымасцей. Лагатып неўзабаве стане характэрнай асаблівасцю ўсяго беларускага школьнага транспарту. Ён займее непаўторнае аблічча. Вось каб менаіта такое аблічча было ў нашых устаноў культуры! Каб непадобнымі былі аўтарскія планы ды праекты, дзейсным аказалася стаўленне да лёсу беларускай вёскі, каб выхаванцы не шукалі гарадскога хлеба ды не забываліся, што вырошчваюць яго менавіта на сяле...

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"