Фільм пра народнага

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

“Я рабіў алоўкам на паперы памерам з кішэню гімнасцёркі партрэты байцоў”
Да 70-годдзя Вялікай Перамогі аршанскі краязнавец і кінадакументаліст Эдуард Навагонскі плануе падрыхтаваць цыкл відэафільмаў, прысвечаных мастакам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Першай стане работа пра народнага мастака Беларусі, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Віктара Грамыку. Нядаўна мы з Эдуардам Навагонскім наведалі мастака ў Мінску. Адбылася шчырая гутарка, запісана амаль дзве гадзіны відэаматэрыялу.

/i/content/pi/cult/507/10990/14-1.jpg

91-гадовы жывапісец апошнім часам карціны не стварае — зрок не дазваляе. Таму галоўным яго клопатам з’яўляецца падрыхтоўка да друку другой кнігі пад назвай “За аблокамі — сонца” з задуманай трылогіі ўспамінаў (новы том прысвечаны перыяду з 1944-га да канца 1960-х). Першая кнігай пад назвай “Вясёлка над дарогай” выйшла ў 2000 годзе і апавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады Віктара Аляксандравіча, якія прайшлі на Аршаншчыне, яго ўдзел у падпольнай і партызанскай барацьбе. (Тады ж у Оршы адбылася прэзентацыя кнігі і персанальная выстаўка мастака, а ў яго самога нарадзілася думка падараваць гораду калекцыю сваіх твораў. Такім чынам, у верасні 2008-га ў адноўленым будынку калегіума езуітаў была ўрачыста адкрыта Аршанская гарадская мастацкая галерэя Віктара Грамыкі.)

“Палітра, абпаленая вайной” — пад такой рабочай назвай здымае фільм Эдуард Навагонскі. У кадры Віктар Аляксандравіч прыгадваў свае першыя крокі ў мастацтве, якія, відаць, пачаліся з таго моманту, калі ён зусім малым выпрасіў у бацькі, які працаваў геадэзістам, набор англійскіх акварэльных фарбаў і за тыдзень іх спісаў.

Педагогам ён стаў таксама да вайны, калі, старшакласнікам, скончыў завочна Маскоўскія цэнтральныя курсы жывапісу і малявання пры Доме народнай творчасці імя Крупскай. Гэта дало яму права выкладаць выяўленчае мастацтва ў школе: раніцай ён спасцігаў навуку за партай (скончыў школу з залатым медалём), а ў другой палове дня сам станавіўся настаўнікам малявання для пяцікласнікаў. Дарэчы, у музеі аршанскай сярэдняй школы № 11 захаваўся здымак, датаваны 1941 годам, дзе юны Віктар Грамыка зняты з выкладчыкамі і вучнямі.

Але, зразумела, галоўнае месца ў фільме зоймуць успаміны мастака. Вось некалькі маналогаў з адзнятага матэрыялу.

“Гэтых людзей хацелася ўвекавечыць…”

— Вайна ўмацавала мой цвёрды выбар звязаць жыццё з выўленчым мастацтвам, — гаворыць Віктар Аляксандравіч, — бо ў яе час мне давялося сустракацца і прайсці небяспечныя шляхі і шматлікія баі поруч з людзьмі розных прафесій, але аднолькава адданымі Радзіме, людзьмі, для каго грамадскія інтарэсы былі непараўнальна вышэйшыя за асабістыя. Вайна навучыла мяне ўважліва прыглядацца да людзей, цаніць іх, бачыць... І гэтых людзей мне хацелася ўвекавечыць.

Апошняе сталася не толькі адной з задач пры рэдагаванні газеты “Народный мститель”, якую мы выдавалі ў Смаленскім партызанскім палку асобага прызначэння Садчыкава, але і тады, калі рабіў алоўкам на паперы памерам з кішэню гімнасцёркі партрэты байцоў. Хочацца верыць, што гэтыя рысункі захоўваюцца ў сем’ях тых, хто дажыў да Перамогі, як каштоўныя рэліквіі, з’яўляюцца добрай нагодай прыгадаць слаўнае і гераічнае мінулае дзедаў іхнімі ўнукамі і праўнукамі.

“Над Прыпяццю”: гісторыя карціны

Згадаў Віктар Аляксандравіч і пра свае найбольш адметныя карціны, прысвечаныя вайне і памяці аб ёй. Вось гісторыя аднаго з палотнаў.

— Усім нам яшчэ доўгі час снілася вайна, снілася, як у нас страляюць, як страляем і забіваем ворагаў мы, — распавядае творца, — але былі выпадкі, калі прыходзілі мастацкія асацыяцыі, зусім не звязаныя з ўспамінамі пра баі. Так, напрыканцы 1960-х з сябрамі вандраваў на лодцы па Прыпяці. І вось аднойчы на пясчаным адкосным беразе я ўбачыў сталую жанчыну ў чорным адзенні з веласіпедам і мехам, абрысы якога сведчылі, што ён набіты боханамі хлеба (гэта быў час, калі ім кармілі худобу). Яна чакала перавозчыка. Я потым зрабіў некалькі дзясяткаў кампазіцыйных накідаў, меркаваў напісаць карціну з сацыяльным падтэкстам. Але нічога не атрымлівалася. Праз некаторы час прыйшла ідэя: раптам я ўявіў, як на беразе ракі на сялянскай даматканай посцілцы ляжыць цяжкапаранены баец-пагранічнік са стрэльбай. Ля яго — засмучаная жанчына як сімвал Радзімы-маці. Побач кліча перавозчыка басаногая дзяўчынка. Чорнае неба, чырвоная вада і белы пясок з рэдкімі сцяблінамі прыгнутага ветрам трыснягу ствараюць уражанне бязмернай трывогі. Саму карціну (яна атрымала назву “Над Прыпяццю”) я напісаў надзвычай хутка — за некалькі дзён.

За гэты і іншыя творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, Віктар Грамыка быў узнагароджаны Сярэбраным медалём імя М.Б. Грэкава, якім адзначаліся найбольш выдатныя творы батальнага жывапісу.

Успаміны — набытак

— Пра Вялікую Айчынную распавядаць цяжка, — кажа Віктар Аляксандравіч, — бо гэта падзея па сваім маштабе не мае роўных у гісторыі. Але, на жаль, большасць з тых, чые ўспаміны былі б найкаштоўным нацыянальным набыткам, ужо пайшлі ад нас. Але галоўнае, няхай подзвіг усіх, хто ваяваў танкістам альбо лётчыкам, партызанам альбо хірургам, што праводзіў бяссонныя ночы, каб вярнуць да жыцця нашых людзей, не будзе ніколі забыты нашчадкамі…

…Дадам ад сябе, што бясцэнным набыткам сталі і ўспаміны самога суразмоўцы. І выдадзеныя, і тыя, якія яшчэ чакаюць (на жаль, недаравальна доўга) выхаду ў свет.

Мне пашчасціла неаднойчы слухаць успаміны і развагі Віктара Аляксандравіча пра жыццё і мастацтва, і заўсёды я здзіўляўся ды захапляўся яго трапным словам, сціпласцю і глыбокай мудрасцю. І апошняя па часе сустрэча яскрава пацвердзіла маё перакананне.

…А фільм аршанец Эдуард Навагонскі хутка выкладзе ў Сеціва.

Віктар ЛЮТЫНСКІ, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнаўца