Пра экалогію і выспу

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Расонская дзіцячая бібліятэка
Бібліятэкар чытальнай залы Расонскай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Моўшава распавядае “К”, што каля дваццаці працэнтаў кніжнага фонду прысвечана экалагічнай тэматыцы. Не першы год дзейнічае і клуб “Кніжнік-эколаг”.

Летась бібліятэкары прапанавалі вучням малодшых класаў праект “Экалагічная сцежка”. Мэта — знаёмства з прыродай роднага пасёлка. Праект — доўгатэрміновы. Адзін з маршрутаў, да прыкладу, вядзе да возера, дзе размешчана знакамітая расонская выспа. Маршрут разбіты на імправізаваныя прыпынкі, на якіх размова вядзецца ці не пра кожнае з дрэў, што сустракаюцца на шляху вандроўнікаў. Акцыя зрабілася настолькі папулярнай, што работнікі культуры разам з дзецьмі выдалі буклет-рэкламку. Колькасць клубных сяброў пачала павялічвацца. Цяпер у клубе — больш за два дзясяткі юных эколагаў.

Пра выспу — гаворка асаблівая. Кажуць, яна належыла пану Станіславу Гласку, пасля якога застаўся маёнтак з чырвонай цэглы, што нагадвае гатычны замак. Цяпер тут — Расонскі цэнтр дзяцей і моладзі. Дык вось, вялікае возера з выспай і старасвецкі панскі парк — адзін з прыпынкаў экалагічных вандровак.

Таццяна Моўшава не адмаўляе, што ў перспектыве адной з задач клуба стане добраўпарадкаванне выспы. Чаму б і не навесці тут узорны еўрапейскі парадак у ландшафце і архітэктуры, якім калісьці так славіўся пан Гласка? А на выспе можна ўладкаваць летнюю чытальную залу ці кавярню для юнацтва. Словам, ёсць над чым падумаць, ёсць над чым працаваць.

Утылізацыя смецця — справа сур’ёзная. Таму чарговая пазабібліятэчная акцыя была прысвечана чысціні гарпасялковых вуліц. Яе дэвіз “Падбяры паперку — атрымаеш цукерку”. Вуліцы блішчэлі ад чысціні. Прынамсі, у гэтым пераконваюць мясцовыя работнікі культуры.

Ёсць справа ў бібліятэцы і для старшакласнікаў. Для тых, хто збіраецца звязаць лёс з прыродазнаўствам, пастаянна дзейнічаюць тэматычныя кніжныя падборкі па біялогіі і заалогіі.

Што і казаць, кірунак дзейнасці аматарскага аб’яднання — сучасны і перспектыўны. Але, па словах Таццяны Моўшавай, установе не стае мультыпраектара для дэманстрацыі фотаздымкаў і відэафільмаў на экалагічную тэматыку. Не зашкодзіла б і лічбавая мультыбібліятэка па адпаведным змесце…

Дзіцячая бібліятэка актыўна супрацоўнічае з мясцовай царквой. На гэты раз асноўная ўвага чытачоў звернута на праблемы сям’і, на духоўнасць народа. Карпатліва ствараюцца адпаведныя кніжныя выстаўкі. З чытачамі рэгулярна сустракаецца айцец Аляксандр, які завітвае ў бібліятэку не адзін, а разам з жонкай, двума сынамі і дачкой, што вучацца ў мясцовай агульнаадукацыйнай школе. Так што гаворка атрымліваецца вельмі прадметнай, а бацькі і настаўнікі настойваюць, каб такія сустрэчы адбываліся як мага часцей. Хто ж ім запярэчыць?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"