Калі ў Талачыне камандуюць: “Матор!”

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Студыя пад крылом… электрамеханіка: Дзмітрый ІЎЧАНКА, кіраўнік кінавідэаклуба "Летапіс" Цэнтра культуры і масавай работы Талачына
Прапаную ўвазе чытачоў “К” цікавыя, на мой погляд, маналогі Дзмітрыя ІЎЧАНКІ, кіраўніка бадай унікальнай для нашай краіны кінастудыі “Летапіс”. У словах талачынца — дэталі з гісторыі станаўлення аматарскага кінаруху, спецыфіка дзейнасці творчага фарміравання, лёс знятых стужак, тэхнічныя паражэнні і мастацкія перамогі.

/i/content/pi/cult/507/10986/12-4.jpgКамера і “лічба”

— Заснаваў “Летапіс” жыхар Талачына Анатоль Шнэйдар яшчэ ў 1965-м. Выпадкова яму ў рукі трапіла кінакамера, з якой ён і пачаў працаваць, а за аснову замалёвак браў моманты з жыцця горада. Адразу Анатоль Антонавіч адчуў цяжкасці абыходжання з апаратурай: яна не фіксуе гукаў, працуе з плёнкай, якая лёгка рвецца і псуецца. Таму прагляды ў Талачыне ў маім дзяцінстве былі з’явай рэдкай, хоць і прыемнай. Памятаю, як пад час аднаго з іх тагачасны кіраўнік Дома культуры (пры ім і дзейнічала кінастудыя) Святлана Васільева звярнулася да залы з просьбай дапамагчы агульнымі сродкамі зрабіць копіі талачынскага летапісу праз архіў. Так і адбылося. Канешне, ніхто з нас не ведаў тады, што праз некаторы час лічбавыя тэхналогіі дадуць магчымасць хутка рабіць тое самае значна прасцей і танней.

Шнэйдараўскія трох-пяціхвілінныя фільмы натхнілі і мяне набыць сабе аматарскую камеру. На яе фіксаваў жыццё сваёй сям’і, дзяцей, прыроду. І сам не заўважыў, як стаў рабіць просценькія дакументальныя фільмы, замалёўкі. Нават калі быў у Сібіры, браў камеру і здымаў археалагічную экспедыцыю.

Калі вярнуцца да Шнэйдара, дык час прапанаваў яму кінакамеру замяніць на відэа. Апрацоўваць запісы, адбіраць неабходнае і перазапісваць касеты — карпатлівая праца. Але ён спраўляўся і зняў шмат фільмаў рознага хранаметражу, у асноўным, пра жыццё горада.

Пераняўшы эстафету, і я здымаю ўсе мерапрыемствы, куды мяне запрасілі для фіксавання. Але ж люблю і сам выбіраць кірункі ў творчасці. Скажам, пад час падарожжаў здымаў спуск па горнай рацэ ў Карэліі, седзячы проста ў байдарцы, а таксама плаванне па Белым моры.

Пакуль на ўласным…

— Тым часам Анатоль Антонавіч пайшоў на пенсію і паўстала пытанне, хто зменіць яго. Па шчырасці, нават не прыгадаю, колькі людзей станавілася кіраўнікамі кінавідэаклуба “Летапіс”, але ніхто з іх на месцы не прыжыўся. Да ўсяго, студыя яшчэ ў 1983-м, пры Шнэйдары, атрымала званне народнай, а тут такая справа, што ніхто гэты статус не можа пацвердзіць.

Сам я ніколі работнікам культуры не быў: амаль усё жыццё працую на чыгунцы, работа ў мяне адказная і, калі шчыра, аплачваецца добра. Нягледзячы на гэта, я неўзабаве атрымліваю запрашэнне на пасаду кіраўніка кінастудыі. На сямейным савеце было вырашана, што так моцна рызыкаваць дабрабытам я не магу, таму прапанаваў сябе як супрацоўніка на паўстаўкі.

Ледзь паспеў уладкавацца, як… зламалася адзіная камера. Давялося задзейнічаць уласную. І толькі праз некалькі гадоў, зусім нядаўна, мне прэзентавалі новы “агрэгат”: аматарскую, але якасную лічбавую камеру. Мяне так гэта ўсцешыла, што я нават забыўся: інфармацыя, атрыманая з такой тэхнікі, цяжка паддаецца рэдагаванню на бытавым камп’ютары. (Дарэчы, таксама на ўласным: кінастудыя свайго не мае.) Карацей, мадэрнізаваў хатні “гаджэт”, але адчуваю: яму складана апрацоўваць відэафайлы. Таму для паўнавартаснага працэсу патрэбны яшчэ ўкладанні.

Поўны метр з крытыкай

— Сур’ёзна задумаўся пра тое, што неабходна зняць поўнаметражны фільм пра Талачын. Пачаў збіраць матэрыял: у архіве, у музеі, па сведках. Так захапіўся працэсам, што фільм атрымаўся больш чым на гадзіну. Распавёў я ў карціне пра гісторыю горада, знайшоў для фільма ветэранаў, якія распавялі і пра даваеннае жыццё, і пра цяжкія гады ліхалецця, і пра наладжванне побыту пасля Перамогі. Не забыўся і пра сучасны перыяд.

Пасля зладзілі ў зале ДК паказ, а праз некаторы час яго паўтарылі. Затым стужка пайшла па адукацыйных установах. Рэакцыя на работу была розная, хаця, у асноўным, станоўчая. Аднак мне хацелася і прафесійнай крытыкі. А людзей, звязаных з кіно, у нас зусім мала. Атрымаў заўвагу, канешне ж, ад Шнэйдара за выкарыстанне падобных на нашыя гарадскіх краявідаў, але — не мясцовых (з Талачынам не засталося практычна ніводнага дарэвалюцыйнага здымка). Зараз я дакладна ведаю: у такіх выпадках гледача трэба папярэджваць пад час фільма пра падобныя хады.

“Узяцца” за Друцк

— Неяк атрымалі прапанову Вілейкі, дзе было вырашана правесці першы рэгіянальны фестываль аматарскага краязнаўчага фільма. Хачу адзначыць, што такіх мерапрыемстваў у краіне вельмі мала, і пасля распаду СССР яны фактычна зніклі. Я адаслаў свой фільм пра Талачын, скараціўшы яго да патрэбнай працягласці ў 20 хвілін. І, на дзіва, стужка арганізатарам спадабалася. Атрымаў тады ў Вілейцы трэцяе месца (дарэчы, першая адзнака ў кінадзейнасці). Гэта прастымулявала заняцца сур’ёзнай працай. Акрамя самога Талачына, у раёне ёсць яшчэ знакаміты Друцк. Колішняе тамтэйшае княства — адно з найстаражытных на Беларусі, яму больш за тысячу гадоў. Там захаваўся рэльеф гарадзішча і наваколля, а падзеі, звязаныя з гэтым княствам, добра апісаны.

Ведаю, што Анатоль Шнэйдар таксама “браўся” за Друцк, але ён здымаў там святы. А мне хацелася зрабіць фільм менавіта гістарычны. Я нават рашыўся на такі крок, як рэканструкцыя падзей з дапамогай акцёраў. Такія прыгожыя здымкі “падмешваў” у фільм фрагментамі. Напрыклад: Князь з Князёўнай, ваенныя дзеянні, нейкі дыялог…

У фільме пра Друцк былі і дзеці малыя, і стары, адзін акцёр нават сплёў сапраўдную кальчугу. Па касцюмы мы звярталіся і ў Мінск, да Валерыя Анісенкі, калі ён кіраваў Тэатрам беларускай драматургіі, і ён з радасцю дапамог. Нават касцюм Караля Ліра прыдаўся!

Вельмі смешным быў момант на здымачнай пляцоўцы, калі Князь і Князёўна павінны былі ехаць на кані. Конь ірвануў, “княгіня” закрычала, пачалася паніка, камера аб асфальт… Добра, што ўсё добра і скончылася. Урэшце, на кані паехаў толькі Князь.

Стужка атрымалася хвілін на сорак, а займаўся я ёй фактычна год, пачынаючы ад напісання сцэнарыя. Папярэдні вопыт навучыў мяне акуратна абыходзіцца з гістарычным матэрыялам, таму па дапамогу ў працы з хронікай я звярнуўся да супрацоўніцы Акадэміі навук, якая была ў нашых мясцінах на раскопках. У выніку, фільм спадабаўся нават мне самому, а на прэзентацыі ў зале Дома культуры сабралася поўная зала. Ведаеце, пасля паказу і майго заключнага слова людзі апладзіравалі і нават не хацелі сыходзіць…

Работу я таксама адаслаў у Вілейку на конкурс, чакаючы, што за некалькі гадоў там прыбавілася ўдзельнікаў. Аказалася, іх зноў — па пальцах злічыць. І я ўзяў нават два дыпломы: “Гран-пры” і “За лепшае рэжысёрскае рашэнне”. Да ўсяго, работу ацанілі спецыялісты “Беларусьфільма”.

Пра плату і захаванне

— Пытанне аб платнасці кінапаслуг для мяне спрэчнае. З аднаго боку, мы павінны выконваць фінансавы план Дома культуры, з іншага — зараз і так цікавасць да культуры не на вышыні, а плата за білет на фільм наўрад ці паспрыяе паляпшэнню сітуацыі. Нават наш кінатэатр, цудоўны і новы, з кінанавінкамі і 3D, рэдка калі запаўняецца больш чым на трэць. Дык гэта на знакамітыя фільмы такі попыт, а што ж мой аматарскі?

Усяго ў асабістай скарбонцы прыблізна паўсотні работ за пяць гадоў. Кожную стужку нельга назваць фільмам, канешне. Фільм патрабуе выканання некаторых законаў, а ў мяне часцяком — проста хроніка. У спадчыне Анатоля Шнэйдара каля сотні адзінак, але не ўсе яны захаваліся... “Алічбоўваць” жа не заўсёды атрымліваецца, бо нярэдка якасць незваротна страчваецца. Да ўсяго, кінаплёнка — далікатны матэрыял.Таму, каб зрабіць копіі, запускаў карціну на экран праз праектар і сам жа яе зняў у сучасным фармаце. Так, у прафесіяналаў іншыя тэхналогіі, але мы выкруціліся так. Дарэчы, да некаторых плёначных фільмаў знайшліся і аўдыязапісы: іх таксама алічбаваў. Дарэчы, зрабіў я на аснове алічбовак фільм, задаўшы пэўную тэму, падабраў музыку.

Пра асабістае і прафесійнае

Рэжысёр у класічным разуменні — гэта той, хто кіруе працэсам, а ў маім выпадку амаль усю работу бярэш на сябе, нават закадравы голас.

У кінастудыі цяпер займаецца дзесяць чалавек. Збольшага заняткі ў нас практычныя: вось нядаўна здымалі рамонт храма, спускаліся ў падвалы. Але складана, калі вучням не хапае камер: яны, канешне, бяруць уласныя, але не ў кожным доме знойдзецца такая тэхніка. А тэорыю спасцігаем у гутарках.

Пакуль не зацягнула ў кінасвет, рэжысёрамі і іх фільмаграфіямі не цікавіўся, не адсочваў навінкі і лёсы мэтраў. Мяне заўсёды хвалявала, як фільм можа змяніць гледача. Наогул, я мару пра тое, каб мае працы маглі нешта змяніць у гэтым свеце, хай і нязначна, але — у станоўчы бок.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст