Дык хто ж сваё здымае?

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Пачатак полацкай фільмаэпапеі. Аматарскай
Сёлета Дзень беларускага кіно плануецца адзначыць надзвычай шырокім фронтам яшчэ і таму, што на 2014-ы прыпадае 90-годдзе айчыннага кінематографа. Вось і на Полаччыне, радзіме вядомага рэжысёра Юрыя Тарыча, які зняў фільм “Лясная быль”, знакаміты сваім афіцыйным першынствам у спісе кінастужак з беларускай маркай, да падзеі рыхтаваліся цягам некалькіх гадоў. У тамтэйшым кінатэатры “Радзіма” 17 снежня пройдзе фінал першага ў Беларусі Адкрытага конкурса аматарскіх фільмаў “Я здымаю кіно”. Ініцыятары падзеі — полацкі райвыканкам, дырэктар “Полацкай кінавідэасеткі” Феактыст ФЯДОТАЎ і рэдактар полацкага аддзялення рэгіянальнай тэлекампаніі “Скіф” Аляксей ГОЛУБЕЎ.

/i/content/pi/cult/507/10985/12-2.jpgФеактыст ФЯДОТАЎ (Ф.Ф.):  — У Полацку чатыры гады таму мы праводзілі нешта падобнае. Тады былі прадстаўлены дзве работы пра наш горад, і мы ўпершыню ўбачылі вочы маладых людзей, іх зацікаўленасць, жаданне паспрабаваць сябе ў кінасправе. Менавіта тыя назіранні нас і падштурхнулі да названага праекта. Апроч таго, мы ажыццявілі некалькі паказаў аматарскіх фільмаў, знятых аматарскімі кінастудыямі. Сёлета ж ініцыятыву правядзення конкурсу падтрымалі Полацкі райвыканкам у асобе намесніка старшыні Пятра Пяткевіча і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктара Полушкіна.

Аляксей ГОЛУБЕЎ (А.Г.): — Конкурсы аматарскіх фільмаў праходзяць паўсюль. На жаль, у Беларусі пакуль нейкага асаблівага ўзроўню яны не дасягалі. Былі, скажам так, “міжсабойчыкі”, дзе людзі самі збіраліся і кантактавалі. Наш конкурс з’яднаў тры ідэі. У кінатэатры “Радзіма” была задума паказваць непрафесійныя фільмы, райвыканкам жадаў адрадзіць славу аматарскага кіно, уцягнуць у гэты працэс рознаўзроставую аўдыторыю не толькі ў Полацку — радзіме заснавальніка беларускага кіно Юрыя Тарыча, — але і на ўсёй тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі. У тэлеканала за мэту стаяла ацаніць творчасць пачаткоўцаў на кінашляху, каб яны разумелі, што робяць, наколькі якасна і ці будзе гэта ўвогуле кімсьці запатрабавана. Пасыл падтрымалі кафедра тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі БДУ і асабіста Вячаслаў Булацкі, Акадэмія мастацтваў і яе рэктар Міхаіл Баразна, а таксама “Беларусьфільм”.

— Адразу спытаю пра складанасці на шляху да рэалізацыі праекта.

А.Г.: — Фінансавыя выдаткі нясуць арганізатары. Паколькі ў ліку заснавальнікаў райвыканкам, кінатэатр, тэлекампанія, а сярод партнёраў названыя навучальныя ўстановы і Нацыянальная кінастудыя, у кожнага — напрамак работы, які трэба выканаць. Абсалютна ўсё аказалася па сілах. Нават крыўдна, што да ідэі такога конкурсу раней мы не дадумаліся.

Ф.Ф.: — Дык і цікава ўсё гэта. З’явілася крэатыўнасць мыслення і магчымасць зрабіць нешта новае, незвычайнае.

/i/content/pi/cult/507/10985/12-3.jpgА.Г.: — Адзін з найстарэйшых канкурсантаў, які, дарэчы, даслаў рэкордную колькасць работ, у сваім лісце падзякаваў нам і сказаў, што ўпершыню за 20 гадоў нарэшце згадалі пра аматараў і даюць ім пляцоўку для паказаў.

Ф.Ф.: — А для мяне, чалавека, які цікавіцца беларушчынай, было захапляльна глядзець фільмы на роднай мове.

— І ўсё ж — пра задачы конкурсу “Я здымаю кіно”…

А.Г.: — Калі ўвогуле, дык — папулярызацыя кінавідэамастацтва, калі з больш практычнай арыентацыяй — пошук новых талентаў у гэтай галіне. Мяркуйце самі: у іншых мастацкіх кірунках ужо ёсць свае конкурсы, фестывалі на розных узроўнях, пачынаючы з раённых, абласных і заканчваючы рэспубліканскімі. А вось такога прагляду аматарскіх карцін, на жаль, не існавала. Падобныя ж конкурсы вырашаюць два аспекты. Аўтарам дазваляюць прадэманстваць сябе, зразумець, ці туды яны скіроўваюцца, а мо нават вызначыцца ў прафесіі. Для прафесіяналаў прагляд цікавы, каб дазнацца, што і як робяць аматары, у якіх тэхніках працуюць. І тут паўстае кадравае пытанне. Дарэчы, не выключаем магчымасці, што чыясьці работа пойдзе далей за наш конкурс.

— А наколькі жыццяздольная ідэя такога праекту ў Беларусі? Ці атрымаецца ў полацкага конкурсу стаць, прынамсі, добрай традыцыяй?

А.Г.: — Мы ўсё для гэтага робім: снежаньскі дэбют усё засведчыць.

Ф.Ф.: — А ў мяне няма сумневаў у поспеху, тым больш, калі маецца жаданне сярод розных катэгорый аматараў — скажам, моладзі, сельскіх жыхароў. Вось паралельна прайшоў конкурс “Мая вёска”, дзе паспрабавалі зафіксаваць сельскае жыццё на відэа, а нарэшце ў сферы адукацыі адбыўся свой конкурс відэафільмаў "Мобіфільм-2014".

А.Г.: — Тое, што відэамастацтва запатрабавана, не выклікае пярэчанняў. Таму, калі ўсё пойдзе добра, можна памарыць, што наш конкурс пашырыць свае межы.

— Улічваючы той факт, што падача заявак скончылася яшчэ 17 кастрычніка, а ўвесь гэты час карціны трансляваліся па канале “Скіф”, ці можна агучыць нейкія прамежкавыя высновы?

А.Г.: — Папярэдне магу сказаць пра тэлегледачоў: людзям гэта цікава, і таму яны галасуюць. Да нас паступіла 39 работ з пяці гарадоў краіны, а таксама з Масквы абсалютна розных па выкананні, па жанрах. Шырока прадстаўлена дакументальнае кіно, і яго можна ўмоўна падзяліць на дакументальнае пастановачнае і чыстую “дакументалку”. Ёсць нават адзін анімацыйны фільм, які зрабіў наш адзінаццацігадовы ўдзельнік — Мікіта Мядзведзеў з Оршы. Нямала і пастановачных мастацкіх стужак сустракаецца. А зараз прадстаўнікі кожнага з нашых трох партнёраў займаюцца выстаўленнем ацэнак. Пакуль толькі падкрэслім: тое, што мы ўбачылі, нас абсалютна задавальняе, і мы нават не чакалі, што атрымаем работы на такім высокім узроўні.

— Толькі шкада, што ў галасаванні тэлегледачоў могуць прымаць удзел не ўсе патэнцыйна зацікаўленыя: вяшчанне канала распаўсюджваецца не па ўсёй тэрыторыі краіны…

Ф.Ф.: — Мы рухаемся паступова: была спроба ў маштабах горада, зараз выйшлі на вобласць…

— А ці добра быў прарэкламаваны конкурс сярод насельніцтва Полацка?

А.Г.: — Я мяркую, таго, што мы зрабілі за даволі кароткі час, дастаткова. А само правядзенне першага конкурсу, упэўнены, дадасць яшчэ адзін інфармацыйны штуршок.

— Якім бачыце стан сучаснага беларускага кіно?..

А.Г.: — Пра гэта мы і пагаворым на нашым “круглым стале”, які пройдзе таксама 17 снежня. У ім прымуць удзел спецыялісты з Акадэміі мастацтваў, Інстытута журналістыкі, прадстаўнікі грамадскіх і маладзёжных арганізацый, самі канкурсанты.

Ф.Ф.: — Пройдуць таксама і майстар-класы. Ну і работы удзельнікаў будуць скрупулёзна разбірацца на наяўнасць памылак альбо, наадварот, моцных момантаў. Прафесіяналы з “Беларусьфільма” арганізуюць кансультацыі, прысвечаныя здымкам стужак.

— Дык што ўсё ж такі патрэбна для таго, каб зрабіць фільм? І ці многія з гэтым насамрэч спраўляюцца?

А.Г.: — Як паказваюць тыя фільмы, што дасылаюць аматары, для гэтага патрэбна проста мець жаданне і некаторую тэхнічную забяспечанасць.

Ф.Ф.: — Яшчэ ў гэтую формулу я б дадаў крэатыўнасць мыслення, жаданне рэалізаваць свой унутраны патэнцыял.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст