Чытачоў стала болей

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Напрыканцы 1944 года ў Лукаве адкрылася хата-чытальня ў адным з пакояў сельскага Cавета. Першым бібліятэкарам стаў Георгій Абрамук. Адпачаткова ў хаце-чытальні налічвалася прыблізна 150 — 200 экзэмпляраў кніг розных аўтараў. Цяпер у Лукаўскай бібліятэцы-філіяле, якая з’яўляецца адной з лепшых у Маларыцкім раёне, кніжны фонд складае амаль 9 тысяч выданняў. Працуе ў ім Ларыса Анішчук.

/i/content/pi/cult/507/10983/11-1.jpg

Яна прыняла бібліятэку ў 1982 годзе. Адначасова Ларыса Сцяпанаўна паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

— Работа прыносіла задавальненне. Аднак узніклі цяжкасці. Дачка Алена наведвала садок, а бібліятэка працавала тады да 23-й гадзіны. Неабходна было шукаць няньку, але тагачасны старшыня калгаса прапанаваў стаць выхавацелькай у садку.

На новай працы Ларыса Анішчук трымалася ажно 8 гадоў, аднак любоў да кнігіі і чытачоў зноў прыводзяць яе ў бібліятэку. Неўзабаве, па яе ініцыятыве пры ўстанове ствараецца літаратурна-прапагандысцкая група “Спадчына”, якая актыўна пачала займацца мясцовым фальклорам… У 2004-м сельскі клуб зачынілі, а бібліятэчны фонд перанеслі ў дом, дзе калісьці размяшчаўся ФАП. Аднак Лукаўская сельская бібліятэка працягвала працаваць. Нават на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе-аглядзе работы бібліятэкі займаюць трэцяе месца за лепшую пастаноўку па эка- асвеце і інфармаванні.

У 2008 годзе Лукава атрымала статус аграгарадка. Прымаецца рашэнне пад клуб і бібліятэку рэстаўраваць будынак колішняй кавярні.

— Сёння бібліятэка абслугоўвае 400 жыхароў вёскі, з іх 115 — дзеці, — распавядае Ларыса Анішчук. — Павялічыць колькасць чытачоў дазволілі інфармацыйныя тэхналогіі: прадастаўляюцца паслугі электроннай пошты, мерапрыемствы праходзяць з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, мультымедыйных прэзентацый, DVD-дыскаў. Ёсць багаты матэрыял на электронных носьбітах. Шмат цікавага сабрана Ларысай Анішчук па краязнаўстве, здаровым ладзе жыцця, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны… Традыцыйнымі сталіся дні сямейнага чытання.

У Лукаўскай сельскай бібліятэцы-філіяле двойчы пабывалі бібліятэкары-слухачы Брэсцкіх абласных курсаў павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры. А летась Ларыса Анішчук прымала абласны семінар дырэктараў ЦБС Брэсцкай вобласці па тэме “Бібліятэчныя кадры: статус, выкарыстанне, навучанне”.

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта