Капэла ў Пружанах

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Пружанцы адзначылі юбілей Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, які нарадзіўся на гэтай зямлі.

/i/content/pi/cult/507/10982/10-4.jpg

Шырмаўскі феномен — унікальны. Не маючы музычнай адукацыі, ён узняўся на вяршыню харавога мастацтва. Зрабілі Шырму выбітным кіраўніком і дырыжорам дзве акалічнасці — прыроджаны талент і самаахвярная працавітасць. Народны артыст СССР стаў гонарам Пружаншчыны. За час творчай дзейнасці ён сабраў, запісаў і выдаў каля пяці тысяч узораў беларускай народнай песні…

Вечар успамінаў “Песня — душа народа” пачаўся каля помніка, у дворыку мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў, якая носіць імя музычнага дзеяча. На свята прыехаў унук Шырмы — Раман, што выказаў шчырую ўдзячнасць пружанцам за ўвагу да асобы ягонага дзеда. Цягам дня працаваў і музей Шырмы, створаны ў Пружанскай ДШМ. Дарэчы, госці зрабілі свой унёсак у папаўненне экспазіцыі: перадалі архіўныя фотаздымкі.

У Палацы культуры адбыўся канцэрт, дзе выступілі народны струнны ансамбль “Archi” Пружанскага ГДК, узорны дзіцячы акадэмічны хор Пружанскай ДШМ імя Шырмы, народны фальклорны гурт “Бабіна лета” Аранчыцкага сельскага Дома фальклора, народны камерны хор Пружанскага ГПК, дзіцячы фальклорны калектыў і танцавальны ансамбль школы мастацтваў, вакальны ансамбль “Амафор” Рудніцкага СДК.

Удзельнікі свята, вядома, пазнаёміліся з творчасцю Заслужанага калектыва краіны Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы.

Вольга ШЭПЕЛЬ, дырэктар Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама