Пра што вядома толькі фінансам?

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

У Стоўбцах — пра кірмашы, музычныя інструменты і хлопчыка Косцю
Аднойчы па дарозе з Мінска ў Магілёў кіроўца мiнiбуса песціў цягам усёй дарогі нас, пасажыраў, творчасцю расійскага спевака Жэкі, пасля чаго песні гэтага выканаўцы я занёс у асабісты “чорны спіс”. Цяперашняе маё падарожжа з беларускай сталіцы ў Стоўбцы праходзіла ў суправаджэнні кампазіцый гурта “Ace of Base”, фанатам якога, мабыць, з’яўляўся шафёр аўтобуса (вы памятаеце, вядома, усе гэтыя “хэпінэйша” ды “сісадміністрэйша”). На сустрэчы з мясцовай “шчаслівай нацыяй” у асобах работнікаў устаноў культуры я і спадзяваўся. А “сістэмным адміністратарам” — гідам і інсайдарам, — з якім мы раптоўным тандэмам мелі намер прыбыць ў тыя ўстановы, пагадзіўся выступіць тамтэйшы жыхар. І сустрэчы адбыліся, і “сталкер” знайшоўся...

/i/content/pi/cult/507/10981/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/507/10981/10-3.jpg

Кірмашовыя фарбы

Генадзь Вернікоўскi, прадавец-кансультант гандлёвага дома “Лагуна”, ён жа чарговы "сталкер" “Культуры”, прывітаў мяне на аўтастанцыі. І мы з ім адправіліся па камандзіровачным плане. “Размахам культурнага жыцця, бадай, горад наш не здзівіць, — прызнаўся праваднік. — Канцэрты замежных (расійскіх, у прыватнасці) артыстаў праходзяць рэдка, а выступленні мясцовых, як мне падаецца, асаблівага ажыятажу не выклікаюць. Кінатэатр адмяняе сеанс, калі прадае на яго мала білетаў, ды і новыя фільмы прывозяць да нас з адчувальным спазненнем. Моладзь жа тусуецца ў дзвюх піцэрыях, а ў адзіным клубе (не ДК, а, скажам так, начным) забаўляецца, што называецца, “залатая моладзь”. Небагата і сучасных дзіцячых пляцовак. Падлеткі часцяком бадзяюцца па вуліцах у пошуках справы, хтосьці наведвае спартыўныя гурткі, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А вось пра Дзіцячую школу мастацтваў магу сказаць толькі самыя добрыя словы — у ёй жыццё сапраўды віруе!”

Пакуль жа мы ў фае Раённага цэнтра культуры, дзе кіпелі распродажныя страсці. Рэдкі пакупнік у гандлёвых шэрагах з прысмакамі і цацкамі, а таксама сумныя прадаўцы (экзатычныя для нас, бо, мусіць, прыехалі з далёкіх краін) чакалі патэнцыйных пакупнікоў тэкстыльных вырабаў.

— Стараемся арганізоўваць вольны час для людзей рознага ўзросту, — развеяць уражанне тым часам паспрабавала намеснік дырэктара РЦК Вольга КАМКО, якая сустрэла нас у кабінеце на другім паверсе. — Людзям сталага веку прапануем “агеньчыкі”, маладым — канцэрты. Дыскатэкі пакуль не праводзім з-за таго, што рамантуецца танцавальная зала. Самыя маленькія нашы “кліенты” — першакласнікі, але з чатырох гадоў дзяцей набіраюць у падрыхтоўчыя групы: яны ў нас танчаць ва ўзорным харэаграфічным ансамблі “Лявоначкi” і спяваюць ў народнай эстраднай студыі “Арыенцір” — у калектыве-спадарожніку. А ветэраны — у народным хоры.

Папулярнасцю ў Цэнтры карыстаецца клуб па інтарэсах “У гасцях у Алесі”, калі ў госці да “гурткоўцаў” прыходзяць вядомыя на Стаўбцоўшчыне асобы. Гэта можа быць майстар па лозапляценні, музыкант ці нават супрацоўнік дзіцячага пакоя міліцыі. Дарэчы, клуб “Падлетак”, які дзейнічае пры РЦК, арыентаваны якраз на тых, хто знаходзіцца на ўліку ў гэтым самым пакоі. Сродкі перавыхавання? Напрыклад, злёты байкераў ці гульні КВЗ. Альбо — далучэнне да тэатра ў якасці гледачоў: сваё мастацтва можа падарыць, напрыклад, народны тэатр мініяцюр. Тым часам тэатралізавана-гульнёвымі праграмамі для маленькіх ва ўстанове займаецца клуб “Мурашачка”. Народны клуб майстроў народнай творчасці “Пралеска” аб’ядноўвае каля дзевяці дзясяткаў профі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вышыванне, саломкапляценне, разьба па дрэве і ў многіх іншых кірунках) з усяго раёна.

Вольга Тадэвушаўна прызналася, што сабраць хлопчыкаў і дзяўчынак у гурткі нялёгка. “Напэўна, у тым ёсць і наша віна, бо мы мала папулярызуем сябе, — вядзе мая візаві шчырую размову. — Верагодна, тое, што мы прапануем, не заўсёды сучасна. Так, трэба шукаць штосьці адпаведнае часу, аб чым мы гаворым паміж сабой, абмяркоўваем, як гэта “штосьці” можа выглядаць. А пакуль... Вось зараз рыхтуецца навагодні ранішнік, а дзяцей-удзельнікаў для яго не хапае”.

Ці адгукаецца на прапановы канцэртных праграм, якія праводзяцца у РЦК, дарослы глядач? Не заўжды прыцягвае нават цалкам бюджэтная цана білетаў у 30 тысяч рублёў. А план платных паслуг ніхто не адмяняў. І вас, вядома, цікавіць пазабюджэт? На тое ёсць здача ў арэнду квадратных метраў камерцыйным структурам пад рэалізацыю іх тавараў. “Без гэтага не выжыць, — рэзюмуе Вольга Камко. — Шчыра скажу, здараецца, накрывае дэпрэсія ад такіх відарысаў фае”.

Сярод іншых клопатаў працаўнікоў Цэнтра — яго невялікія памеры, як вынік — цесната. Калектывам і рэпеціраваць (так, каб з размахам) няма дзе, і размясціцца “па-багатаму” складана, і для пераапранання грымёрак няма. І адточваюць дзеткі сваё танцавальнае майстэрства ў падвальным памяшканні...

Каментарый Генадзя Вернікоўскага:

— Цэнтр наш сапраўды знакаміты апошнім часам распродажамі і кірмашамі. Пра тое, калі яны пачынаюцца і калі заканчваюцца, ведаюць бадай усе гараджане. Рэкламу ж профільных мерапрыемстваў РЦК у Стоўбцах, акрамя як у газеце, сустрэць цяжка. На бігборды, расцяжкі, тумбы грошай, мяркуючы па ўсім, няма. І мне шчыра шкада работнікаў гэтай установы, якія сёння вымушаны займацца тым, чым займацца апрыёры не павінны.

Прапануйце піяніста!

Настрой узнялі, пабываўшы ў Дзіцячай школе мастацтваў. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, прылеглая да ўстановы тэрыторыя цешыла вока — дагледжаная, чыстая, з эксклюзіўнымі ўказальнікамі. Як жартам заўважыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Шэндзік, “даводзіцца выглядаць: наш будынак суседнічае з будынкам райвыканкама...” Не ведаю, ці чутны ў ім гукі “вулля”, якія на нас абрынуліся ва ўнутраных пакоях школы. Але па яе калідорах хадзілі дзеці, у крэслах іх чакалі бацькі, нешта абмяркоўвалі педагогі, у адным пакоі хтосьці граў на піяніна, у іншым — на гітары...

— Мы працуем па пяці кірунках, — патлумачыла Ірына Мікалаеўна. — Музычнае, мастацка-эстэтычнае, выяўленчых мастацтваў, харэаграфічнае і тэатральнае. Музычнае — самае буйное, яно ўключае аддзяленні народных інструментаў, струнных народных, скрыпічнае, духавых і ўдарных інструментаў, фартэпіяннае. Сёлета ў нас адкрыўся клас эстраднага вакалу.

У Дзіцячай школе мастацтваў навучаецца 730 чалавек, у трох агульнаадукацыйных школах горада (у тым ліку гімназіi) — каля дзвюх з паловай тысяч. Гэта значыць, практычна кожны трэці вучань сярэдняй навучальнай установы з’яўляецца навучэнцам ДШМ! Плошчы яе літаральна трашчаць ад наплыву ахвотных дакрануцца да вечнага і прыгожага змалку. Не рэдкасць, калі ў адным кабінеце праводзяць свае заняткі адразу 2-3 педагогі (дарэчы, больш за 80 працэнтаў выкладчыкаў школы — яе колішнія выпускнікі)! У сувязі з такім станам рэчаў, установу паабяцалі пашырыць за кошт будынкаў расфарміраванай вайсковай часткі. Праўда, калі здарыцца гэтая знамянальная падзея, ведаюць толькі фінансы, якіх сёння...

Ірына Мікалаеўна не прыхоўвае, што ў Школе адчуваецца недахоп настаўнікаў, напрыклад, на фартэпіянным аддзяленні. Маладыя спецыялісты не надта рвуцца ашчаслівіць набытымі ведамі яе сцены. Гаворачы ж пра якасць выкладчыцкага складу, спадарыня Шэндзік уздыхае: “Перад педагогамі з вялікім стажам, заснавальнікамі школы, я схіляю галаву: гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія валодаюць тымі, савецкімі, маральнымі прынцыпамі. Над тымі прынцыпамі мо і смяяліся, але на змену ім штосьці яшчэ больш маральнае так і не прыйшло… А вось ледзь не палову з той моладзі, якая да нас прыходзіць на працу, даводзіцца давучваць, перавучваць. З іншага боку, са студзеня па чэрвень нашы калектывы і навучэнцы былі ўзнагароджаны 75 дыпломамі розных рэспубліканскіх і замежных конкурсаў”.

Яшчэ адна праблема — інструменты, “парк” якіх патрабуе абнаўлення. На поўны “апгрэйд”, натуральна, не разлічваюць, спадзяюцца хаця б на тое, што для тых дзяцей, хто ўдзельнічае ў конкурсах, будзе набыта нешта больш сучаснае.

Навучанне ў Школе каштуе 75 — 90 тысяч рублёў на месяц, існуе і камерцыйная форма, дзе аплата складае 150 тысяч. Яшчэ зарабляе ўстанова выязнымі канцэртамі, у камернай зале праходзяць юбілеі прадпрыемстваў горада, праграмы для якіх таксама рыхтуе ДШМ, арганізуючы на сваёй базе два абласныя конкурсы. План платных паслуг тут быў выкананы яшчэ месяцы тры таму.

Каментарый Генадзя Вернікоўскага:

— Калі казаць пра школу, мяне цяжка назваць аб’ектыўным у гэтым пытанні. Справа ў тым, што я вучыўся ў ёй (хай і нядоўга) — тады толькі ў музычнай: паступаў у клас скрыпкі, а затым перавёўся на ўдарныя. Тым не менш, чарговы раз пераканаўся, што наша Дзіцячая школа мастацтваў — гэта цэнтр культуры Стоўбцаў, цэнтр развіцця нашай моладзі. І жыццё тут не стаіць на месцы — дадаюцца новыя класы, спецыяльнасці. Пакуль у горадзе існуе такая ўстанова культуры, я за моладзь Стоўбцаў у цэлым спакойны.

Дачыталiся...

Да канца ж узняць настрой была заклікана Дзіцячая бібліятэка. Яна налічвае каля 1400 чытачоў, кніжны фонд — больш за 28 тысяч асобнікаў. Асноўны ўпор тут робіцца на тое, каб як мага больш чытачоў прыцягнуць да літаратуры беларускай.

— Выкарыстоўваем для гэтага самыя розныя формы і метады працы, — дзеліцца загадчык установы Наталля Даўлюд. — Гэта могуць быць так званыя інфармацыйныя хвілінкі, літаратурныя гадзіны, літаратурныя аўтографы, краязнаўчыя гадзіны. Памяшканне дазваляе нам праводзіць дастаткова масавых мерапрыемстваў, сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі, мастакамі, якія праходзяць у літаратурна-музычнай гасцёўні “Сябрынка”. У садружнасці са Школай мастацтваў, з яго аддзяленнем выяўленчых мастацтваў, ладзім вернісажы, у якіх акцэнт часцяком таксама робіцца на беларускасць. Цяпер у нас дзейнічае пастаянная выстаўка, прысвечаная Якубу Коласу, іншым беларускім класікам. Цяга да роднай культуры, у прыватнасці, да кніг, у дзяцей ёсць. Але хацелася б больш такой увагі, больш зацікаўленасці. А пакуль больш чытаюць выданняў па-руску, прычым — "чытво”, “развлекуху”. З сур’ёзных дзіцячых пісьменнікаў — Волкава, Суцеева, Скрабiцкага, Мілна, Ліндгрэн. Нашы дзіцячыя класікі, той жа Маўр, як цяпер прынята казаць, разрэкламаваны дрэнна...

Мы дазволілі сабе з Наталляй Мікалаеўнай паглыбіцца ў тэму беларускасці, і вось да якіх высноў прыйшлі. Досыць банальных, але... Любоў да беларускай культуры наогул перш за ўсё павінна прышчапляцца ў сям’і. Школа і, у дадзеным выпадку, бібліятэка адыгрываюць дапаможную ролю. Калі ў хаце не гавораць па-беларуску, то потым і ў тэлеперадачах нашы “зоркі” не ведаюць, як будзе па-беларуску “сковорода”. Мала таго, раскручаныя медыйныя персоны пад час такіх эфіраў, ніколькі не бянтэжачыся, дэманструюць сваё няведанне беларускай гісторыі, мастацтва, блытаюцца ў тапонімах, адчуваюць цяжкасці ў галіне геаграфіі... Няма такога штуршка з боку бацькоў, значыць, неабходны адпаведныя дзеянні ў маштабе дзяржавы. Нават на ўзроўні беларускамоўных білбордаў. І такія элементарныя крокі ўжо робяцца, калі з рэкламных шчытоў нас вучаць таму, як тое ці іншае слова будзе пісацца/прамаўляцца па-беларуску. Усё часцей з’яўляецца тэлерэклама на беларускай мове…

Але ад праблем самаідэнтыфікацыі нацыі мы вярнуліся да самаідэнтыфікацыі чытачоў, і для пачатку памянулі нядобрым словам Інтэрнэт, што з вялікай хуткасцю адбірае ў бібліятэк наведвальнікаў. “Чым старэйшай станаўлюся, тым больш пераконваюся ў тым, што Інтэрнэту патрэбен цэнзар, — прызнаецца спадарыня Даўлюд. — Падлеткі там знаёмяцца з такой літаратурай, якую я і даросламу чытаць не параіла б. Да нас перыядычна прыходзіць адзін хлопчык, які, мабыць, не можа знайсці патрэбную яму кнігу ў Сеціве і пытае яе ў нас. Гэта кніга такая, што ў параўнанні з ёй “Тропік Рака” адпачывае...”

Затым дасталося гаджэтам, якія дзяцей вучаць не чытаць, думаць, мове, логіцы, стылістыцы, а гуляць. Потым закранулі тэндэнцыі імклівага скарачэння чытачоў у айчынных бібліятэках. Зноў перапала “павуцінню”, да фактаў аб’ектыўных намі было аднесена старэнне насельніцтва, тое, што людзі, якія прывыклі да паперы і не здрадзілі ёй, паміраюць. “Хлебнымi днямі” у ДБ лічацца субота і нядзеля, калі сюды прыходзяць па 30 — 40 чалавек.

— Наталля Мікалаеўна, а прадастаўляць памяшканне бібліятэкі пад, дапусцім, урачыстую рэгістрацыю шлюбаў вам не прапаноўваюць? — задаў я напрыканцы пытанне.

— Пакуль не... Але неяк у адной з сельскіх бібліятэк я з жахам глядзела на яе загадчыцу, якая ў жудасны холад у нацыянальным касцюме нешта спявала ў мікрафон і спрабавала пры гэтым танчыць... Напэўна, я чагосьці не разумею, хоць і не супраць — пры захаванні разумнага балансу — гульнявых пакояў у бібліятэках, не супраць невялікіх кавярняў. Прафінансуйце толькі.

Каментарый Генадзя Вернікоўскага:

— Праблемы стаўбцоўскай бібліятэкі аналагічныя, відаць, праблемам соцень іншых бібліятэк краіны. З усё большым развіццём тэхналогій такія ўстановы пагружаюцца ў крызіс. Папера, вядома, застанецца, але, калі мы гаворым пра бібліятэкі як пра месцы, куды людзі могуць прыходзіць і чытаць звычайныя перыёдыку і кнігі, то трэба памятаць, у якім стагоддзі мы жывём. У ідэале падобныя ўстановы маюць быць камп’ютарызаванымі, падлучанымі да Інтэрнэту, іх фонд мусіць прадстаўляцца ў Сеціве. Самая розная інфармацыя ўсё будзе і будзе дадавацца ў віртуальную скарбонку, але людзі, якім неабходная вось такая камерная абстаноўка, думаю, знойдуцца. Аднак на будучыню публічных бібліятэк, што арыентаваны на папяровыя носьбіты, гляджу са скепсісам.

Не без пафасу

Стоўбцы — тое месца, якое з’яўляецца адным з духоўных вытокаў Беларусі. Тое пацвярджала наяўнасць сярод іншай папяровай інфармацыі ў маім нумары гатэля... кароткай біяграфіі (між іншым, на беларускай мове) народжанага ў гэтых мясцінах Якуба Коласа. Акалічнасць грэла душу. І няхай сабе недзе там, у новых Стоўбцах, марнавалі свой час у клубе ў адрыве ад кніг юныя “вяршкі” грамадства разам з бізнес-элітай, але прыгадаліся мне разумныя вочы хлопчыка Косці, які ў чытальнай зале Дзіцячай бібліятэкі праз прагляд коміксаў апасродкавана далучаўся, упэўнены, і да вялікай літаратуры. У тым ліку да беларускай.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"