Пра што шуміць вуліца?

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

“Шум вуліц” — так называецца праект маладых гродзенскіх фатографаў, які экспанаваўся ў арт-галерэі “Крыга” абласнога цэнтра. Аўтары — Аляксандр Саенка, Ілья Гелей, Аляксей Бібікаў, Віталь Дзярнейка і Яўген Кандратовіч — аб’ядналіся, каб паказаць злоўленыя моманты рэальнага жыцця як вынік палявання на шчаслівае імгненне.

/i/content/pi/cult/507/10979/9-1.jpg

Пра што шумяць вуліцы? Пра адыходзячую эпоху, што сімвалізуе бабуля, сфатаграфаваная праз балконныя рашоткі з ценем сярпа ды молата на іх. Пра імклівасць дзяцінства, прыгажосць юнацтва і безабароннасць старасці, пра шматграннасць жыцця за адчыненымі гарадскімі вокнамі, пра адзіноту ў натоўпе, пра безвыходнасць галечы, расчараванне. Пра Веру. Надзею. Каханне…

Такая прамалінейная, сумленная, жывая фатаграфія можа падабацца альбо не, аднак, абыякавым не пакідае. Экспазіцыя складаецца з дваццаці чатырох розных па стылістыцы, пераважна чорна-белых, работ, аб’яднаных жанрам стрыт-фатаграфіі і вулічнага рэпартажу. Жыццё без упрыгожанняў, падгледжанае, наўмысна вырванае з кантэксту часу, адлюстраванае ў шыбах, лужынах, вітрынах, ценях на асфальце, вачах ды ўсмешцы на рэкламным плакаце. Тое, што выклікае вострыя эмоцыі і моцныя асацыяцыі…

Усе фатографы так або інакш звязаны з фотажурналістыкай: працавалі ці працуюць ў друкаваных ды інтэрнэт-СМІ, маюць свой почырк. Ім блізкая філасофія і эстэтыка стрыт- і рэпартажнай фатаграфіі. Менавіта таму Ілья Гелей прапанаваў аднадумцам аб’яднацца і распавесці супольную гісторыю фотаназіранняў за з’явамі сучаснага горада.

— Стрыт-фатаграфія для мяне — гэта як падарожжа па рацэ людзей, — распавядае адзін з аўтараў праекта Аляксандр Саенка. — Быццам стаіш на востраве, а цябе “абцякаюць” розныя сюжэты. І ты стараешся не размаўляць — а фіксаваць…

— Люблю вулічную фатаграфію за тое, што яна — сумленная, нявыдуманая, — падтрымлівае фатограф Аляксей Бібікаў, — адлюстроўвае наша жыццё без купюр, сутнасць рэчаў і з’яў без выкарыстання маніпулятыўных тэхнік. Праз яе я лепш спазнаю свет і сябе, асэнсоўваю тое, што адбываецца навокал. Таму з цікавасцю назіраю, вывучаю наваколле і чакаю свой “рашучы момант”…

— Мне цікавыя людзі, формы, эмоціі, дзеянні, дынаміка, рух, рэакцыі, — дапаўняе Ілья Гелей. — Для мяне каштоўнасць стрыт-фатаграфіі ў тым, што яна шчырая і жывая. Адным здымкам можна паказаць розныя жыццёвыя грані сучаснага ўрбаністычнага грамадства.

Пад час прэзентацыі выстаўкі дэманстраваўся арыгінальны відэаролік, дзе кожны з пяці фатографаў распавёў пра свой раман з фатаграфіяй.

Ала БІБІКАВА