Суб’ектыўная рэчаіснасць

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

У назве выстаўкі, якую можна пабачыць у Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, мастак вызначае сваю рэчаіснасць як суб’ектыўную. Але, дзякуючы цудоўнаму майстэрству, яна становіцца нават звышрэальнай, звышаб’ектыўнай. Кожны твор фрагментарна дае нам канкрэтнае адчуванне завершанай мастацкай метафарычнасці.

/i/content/pi/cult/507/10977/8-1.jpg

Рыгор Сітніца. "Безназоўнае".

Звычайна кажуць, што за мастака павінны гаварыць яго творы. І толькі потым за іх пачынае сведчыць прозвішча аўтара. У Рыгора Сітніцы — яно знакавае для беларускага выяўленчага мастацтва. Карціны трывала жывуць у розных музеях, прыватных калекцыях і нават у манастыры Святога Георга на востраве Касас. Апошняе невыпадкова, бо мастак неаднойчы пабываў у Грэцыі. Пачынаючы з 1980 года, пасля першай выстаўкі, прысвечанай Міколу Гусоўскаму, яго творы, якія, здавалася б, па сваім “бязжанравым” жанры ніяк не ўпісваліся ў канкрэтыку сучаснага мастацтва, праклалі сабе экспазіцыйны шлях у Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, Чэхію, Італію, Вялікабрытанію, згаданую ўжо Грэцыю… Пабывалі яны і ў галерэі Кардэна, што ў Парыжы. Сталую прапіску атрымалі бадай ва ўсіх дзяржаўных музеях Беларусі.

З мноства экспазіцыйных магчымасцей Рыгор Сямёнавіч аддаў перавагу Светлагорску. Назва выстаўкі засталася ранейшай, але дзвюхзальная прастора яе зрабілася пазнавальна-непазнавальнай. Штосьці не толькі зрокава змянілася ад кампазіцыйнай абноўленасці ўжо знаёмых паасобку твораў. Майстэрства іх увасаблення, што называецца, навідавоку. Аказваецца, звычайны каляровы аловак ды незвычайны талент рэаліста могуць тварыць усё, што так і хочацца назваць цудам. І сапраўды, тое, што мастак называе суб’ектыўнай рэальнасцю, на першы погляд, аказваецца будзённымі прыкметамі вясковага побыту: кошам, глякам, талеркай, паляніцай дроваў, буртом бульбы, пляцёнкамі цыбулі… А яшчэ сцяной хлява, дахамі пабудоў, плотам… Але чым больш узіраешся ў гэтую звычайнасць, тым больш незвычайнай яна робіцца. Мастакоўская дакладнасць, прадметная адчувальнасць напісанага міжволі вымушае думаць: галоўнае не ў тым — што, а ў тым — як. Рыгор Сітніца не з тых мастакоў, якія пакідаюць задуму толькі пазначанай. Ён піша і ўвасабляе так, што, здаецца, можна дотыкам паварушыць шалупінне на цыбулі або ўзяць зярнятка кукурузы ці паленца… І ўсё ж мастак піша не толькі напісанае. Ён увасабляе адчуванне таго, што перадаецца ў народным побыце з пакалення ў пакаленне. Яго “Шпацыр уздоўж паркана” пры такой пераканаўчай рэальнасці напісанага застаецца аднак уяўным. Кожны можа толькі ў думках прайсціся міма дыхаючага блакітнаватымі ценямі штакетніка.

Чым больш узіраешся ў гэтыя творы, чым больш чытаеш тое, што пісалі пра Сітніцу, тым больш яскрава разумееш занепакоенасць мастака: “Баюся выйсці ў тыраж…”. Ён шукае і знаходзіць у знойдзеным новыя магчымасці, падсвядомыя асацыяцыі. Разважае Рыгор Сітніца як ашчадны селянін, бо шукае новае ў межах напрацаванага, не збіраючыся адмаўляцца ад свайго набытку. Так, знайсці новае мастакоўскае дыханне — гэта менавіта тое памкненне, якое нельга не заўважыць і ў светлагорскай экспазіцыі.

Мастак разважае і творыць цыкламі. “Гаспода” — месца, дзе жыве гаспадар разам са сваёй сям’ёй, адчуваючы побач прысутнасць Госпада-Бога. Сітніца пашырае гэтае ўяўленне да маштабаў усёй краіны, народ якой жыве ў гармоніі з навакольным светам. “Суб’ектыўная рэчаіснасць”, “Безназоўнае”, той жа “Шпацыр уздоўж паркана”… Звычайны каляровы аловак дазваляе яму перадаць мастацкую глыбіню прасторы, паветра і, па ўласным прызнанні, “выйсці ў іншы свет…” Вось чаму мастак ужо сёння збіраецца ўвасабляць “Беларускую Атлантыду”, каб не толькі нагадаць, але сродкамі самабытнага таленту ўзнавіць тое, што знікла з народнага побыту. Сітніца называе будучы цыкл так: “Спроба рэінкарнацыі”. Цікава гэта яшчэ і тым, што ён мае намер перадаць не проста літаральна, а праз мроіва, сон не фіксацыю рэчаў, а ўспамін пра іх. Тое, што мы бачым ў дзвюхзальнай светлагорскай экспазіцыі, у рэшце рэшт, і ёсць пераканаўчае набліжэнне да задуманага… Але яно — і сведчанне цяперашніх адметных здабыткаў аднаго з лепшых мастакоў Беларусі.

На гэтым можна было б завяршыць нататкі, але не сказаць і тое, што Рыгор Сітніца цікава заявіў аб сваім паэтычным таленце публікацыямі вершаў, што піша, а магчыма, ужо і напісаў раман, проста нельга.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск