“Чуеш? Ідзе Час”

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Зацемкі на "impression- палях"
Гэтая выніковая рэспубліканская мастацкая выстаўка, якая заўтра завяршае сваю працу ў сталічным Палацы мастацтва, называецца мудрагеліста з пункту гледжання абывацеля: “Формазмест-703” — IV Біенале жывапісу, графікі, скульптуры”... Я быў на выстаўцы двойчы: аднойчы раніцай, калі Палац яшчэ не працаваў для гледачоў, але для мяне ветліва адчынілі залы, і ў аўторак, 9 снежня, у складзе журы мастацтвазнаўцаў, калі мы, кожны ў меру свайго прафесійнага адчування, суб’ектыўна вызначалі дзевяць лепшых мастакоў (па тры ў кожным відзе мастацтва). Самае дзіўнае, што незалежна адзін ад аднаго, практычна амаль усе меркаванні, ацэнкі крытыкаў супалі! Заўтра стануць вядомыя і вынікі водгукаў гледачоў: для іх былі зроблены спецыяльныя бюлетэні і ўсталявана скрынка для галасавання. Але я думаю, што глядацкія прыярытэты акажуцца адрознымі ад меркавання крытыкаў. Паглядзім…

/i/content/pi/cult/507/10976/7-1.jpg

Васіль Касцючэнка. "Паветраныя шары і самалёты".

/i/content/pi/cult/507/10976/7-2.jpg

Уладзімір Кожух. "Зімовы эцюд".

/i/content/pi/cult/507/10976/7-3.jpg

Уладзімір Панцялееў. "У чаканні зацмення".

/i/content/pi/cult/507/10976/7-4.jpg

Раман Сустаў. "Ён".

Шчыра кажучы, калі я ішоў на выстаўку, у мяне чамусьці ўжо былі сумневы: ну вось, чарговая “справаздача” Саюза мастакоў за апошнія два гады атрымаецца, як гэта не аднойчы адбывалася, не цэласным праектам, а нейкім “вінегрэтам”: папрыносяць мастакі свае “свежыя” работы проста для таго, каб выставіцца, на іншых паглядзець ды сябе паказаць… Хіба можна за такі кароткі тэрмін стварыць нешта годнае, запамінальнае, “эпахальнае”, прычым ведаючы, што твор наўрад ці хто купіць?

У выніку я меў рацыю, і, у той жа час, — у чымсьці памыліўся. Урэшце, ад гэтай экспазіцыі я атрымаў больш задавальнення, чым ад калісьці раскручанага і фінансава вельмі дарагога Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭКСПА”. Хаця і тут, у Палацы мастацтва, нічога экстрановага не ўбачыў.

Сённяшняя выстаўка — гэта нейкі сімвал плюралізму, дзе побач працуюць так званыя рэалісты і неаавангардысты. Утрырую, канешне ж, утрырую. Толькі плюралізм — не ўзброенае замірэнне перад вырашальнай бітвай — хто каго, — не магчымасць без перашкод крычаць на ўсё горла адно на аднаго. Ён — умова вырашэння агульных задач, якія стаяць на старце ХХІ стагоддзя. Што, зноў — заклік да ўніверсальнасці? Не. Пры ўсёй неаднароднасці выстаўкі (а як жа інакш?) тут можна — было б жаданне — разгледзець не толькі калектыўны аўтапартрэт сённяшняга пакалення беларускіх мастакоў, але і досыць аб’ёмную характарыстыку нашага складанага, не без супярэчнасцей, часу. Але такой “аб’ёмнасці”, як хацелася б, не атрымалася. “Пераказваць” выстаўку бессэнсоўна: выяўленчае мастацтва прыдумана для разумення яго вачыма і душой: “мысль изреченная есть ложь”.

Галоўным маім незадавальненнем сталася тое, што экспазіцыя атрымалася ціхай, супакоенай, прыміранай, як бы далёкай ад тых праблем сучаснасці, ад “найважнейшых пытанняў чалавецтва”, якія хвалююць грамадства. Як сказана ў прэс-рэлізе, выстаўка “перш за ўсё спроба адчуць рытм сённяшняга творчага жыцця”. Аднак агульнага “рытму” такога пасылу я не адчуў, хаця нейкія намёкі можна было знайсці ў некаторых творах. І нават тое, што выстаўку літаральна захлынула гульнёвая стыхія іншасказанняў, прыпадабненняў, умоўных прыёмаў, метафар, асацыяцый, сёння не вельмі тое ўжо займае дух, прынамсі ў мяне. Бо праз падобнае мы “прайшлі” на мінулых трох біенале.

Тым не менш, я не магу кінуць камень у адрас тых мастакоў, хто прадставіў свае новыя работы. Усё ж, працуючы без усялякіх дагавораў, без надзей на закупку работ, тыя творцы (і сталыя, і маладыя) адгукнуліся на запрашэнне, дакладней — заклік кіраўніцтва Саюза мастакоў, і прынялі ўдзел у гэтай акцыі. Таму, на мой погляд, аналізаваць прадстаўленыя творы, шукаць у іх недахопы не мае сэнсу, бо, як кажуць, “не страляйце ў піяніста — ён іграе як можа”.

Аднак скажу наступнае. Здавалася б, даўно надышоў час, калі ў мастацтве ўсё зрабілася дазволеным, калі стары выставачны камітэт са сваімі паўнамоцтвамі знік, а так званая цэнзура сціпла скруцілася ў куце камячком, дык не існуе моцы, здольнай утрымаць мастака, асабліва — маладога, у межах якіх-небудзь прымусаў. А таму, як сведчаць прынамсі сённяшнія тэндэнцыі ў мастацкім працэсе, творцы кінуліся хто куды. І кожны паспяшаўся прысягнуць свайму ідалу ці нейкаму ідэалу ў мастацтве: ад “постмадэрнавых” зорак першай чвэрці ХХ стагоддзя да класікаў старога добрага рэалізму, ад пошукаў абстрактнага “філасофскага каменя” да “касмічных” “рэінкарнацый” забытых і зніклых з’яў ды прадметаў.

Паглядзіце на выстаўленыя ў дадзенай экспазіцыі творы: якія розныя асобы, розных узростаў і характараў, зусім не падобныя адна да адной па ўспрыманні мастацтва і рэчаіснасці, часта поўныя процілегласцей, стаяць побач: Аляксандр Некрашэвіч, Уладзімір Кожух, Васіль Касцючэнка, Раман Сустаў, Леў Алімаў, Рыгор Сітніца, Уладзімір Панцялееў, Віктар Копач, Андрэй Вераб’ёў (я спецыяльна адзначыў тых, каго “выбрала” журы крытыкаў). Хаця спіс іншых “добрых і розных” можна доўжыць. Я сюды дадаў бы і Паўла Татарнікава, і Валерыя Шкарубу, і Міколу Бушчыка, і Аляксандра Шапо, і Сяргея Рымашэўскага, і Алеся Мару, і Валянціну Ляховіч, і Наталлю Клімовіч, і Васіля Пяшкуна, і Юрыя Несцерука ды многіх іншых — але няма сэнсу пералічваць “каталожныя” даныя. Галоўнае: тое, што я ўбачыў у экспазіцыі, мне зразумела, і тут ніякай натужлівай “канцэпцыі” не трэба: спроба паказаць усё лепшае, што адбылося ў станковым мастацтве за апошнія гады ў краіне. Хіба ж гэта не канцэпцыя?

Амаль усе мы выйшлі з той прасторы, якая была кожнаму прадвызначана лёсам, зыходзячы з прыроднага таленту, выхавання, менталітэту, жадання пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства і імкнуцца апынуцца ў віры невядомага. І таму мне здаецца, што гэтая выстаўка ўсе ж можа стаць безумоўнай памятнай вяхой у мастацкім жыцці Беларусі 2014 года не толькі па вялікай колькасці экспануемых твораў — ці ж гэта жартачкі: абсалютна ўсе залы Палаца былі аддадзены творцам, членам БСМ, сярод якіх — розныя пакаленні: ад старэйшых нашых аксакалаў (Георгій Паплаўскі, Ніна Голышава, Генадзь Шутаў, Міхась Басалыга, Яўген Каробушкін і іншыя) да нядаўніх выпускнікоў БДАМ. Сталася вяхой і таму, бо на ёй паказаны практычна ўсе новыя, яшчэ “цёпленькія”, работы, створаныя за апошнія 703 (!) дні. Хаця, сумленна кажучы, я знайшоў некалькі работ, створаных значна раней. Памылка арганізатараў ці “як выключэнне”?

Разумею, што мы жывём у час пераацэнкі каштоўнасцей. Акрэсліваюцца іх шкалы, хаця новыя крытэрыі яшчэ не з’явіліся. У бітве за “свабоду творчасці” аўтарытэты разбураюцца альбо адсоўваюцца на другі план. Час, безумоўна, адбірае наймацнейшых, каб прад’явіць, нарэшце, такі неабходны мастацтву, але непрыемны, “гамбургскі” рахунак... Аднак, што б там ні казалі, патэнцыял нашых мастакоў — вялікі. І гэта радуе. Асабліва калі канстатаваць, што ў сучаснае мастацтва арганічна і цудоўна ўліваецца вялікая плынь таленавітых пачаткоўцаў, маладых мастакоў, у тым ліку з нашых рэгіёнаў, якія думаюць, мысляць, эксперыментуюць, шукаюць сябе больш у сапраўднай творчасці, а не ў камерцыі. У гэтым працэсе кожная мастацкая падзея робіцца аргументам, фактам і падставай для новага бачання свету: усё, што здзяйсняецца цяпер, і ёсць праславутае “за” альбо “супраць” таго, што было раней, “за” альбо “супраць” таго, да чаго мы жадалі наблізіцца.

Бясспрэчна, фон нашага сучаснага — пакуль хісткага, зыбкага — мастацкага жыцця яшчэ не вельмі ўстойлівы, адзначаны рысамі раз’яднанасці пакаленняў, старой і новай кан’юнктуры. Час паказвае, як шмат значыць бескампрамісная — творчая, грамадзянская, чалавечая — пазіцыя мастака, свабоднага, незалежнага ад выпадковых абставін, у тым ліку матэрыяльных, творцы, які выяўляе сябе ў часе і час — у сабе.

Што казаць? Мастацтва — люстэрка эпохі. Банальна, але гэта так. Бо праз высокае мастацтва мы адчуваем дух, атмасферу, “тэмпературу” мінулых і сучасных часоў, а разам з гэтым духам — усю сацыяльную, ідэалагічную, матэрыяльную, культурную ды іншую паднаготную. Чым жыве краіна, што любяць людзі, што іх цікавіць і выклікае журботу, якая прырода іх атачае? Вось усё гэта я хачу пабачыць на наступнай V Біенале выяўленчага мастацтва праз два гады… Але калі сёння ў нашым мастацтве адбываецца нейкая блытаніна, калі страчваюцца крытэрыі якасці твора, і мы перастаем ведаць “што такое добра, а што — не” ў мастацтве, а прафесіяналізм становіцца як бы неабавязковай адзнакай мастака — такія “біенальныя” выстаўкі” вельмі карысныя для параўнання, асэнсавання, бачання будучых тэндэнцый…

Люблю адну прытчу. Сустрэліся двое. “Чуеш? Ідзе Час”, — сказаў адзін. “Пачакай, падпусцім яго бліжэй”, — сказаў другі”. Ну што ж, пачакаем...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"