“Спектакль — ёсць, Шэкспіра — няма”

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Чаму сучасны тэатр не мае права на існаванне?
За спінай у галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігара КАЗАКОВА — акно, у якім магіляўчане чакаюць тралейбус, каб ехаць дадому. А яшчэ за гэтай жа спінай — чатыры тысячы кіламетраў шляху: з Магілёва ў Мюнхен і назад. У Германіі, на традыцыйным Музычна-тэатральным фестывалі “JULA”, які праходзіў з 19 па 23 лістапада, лялечнікі з абласнога цэнтра прадставілі свайго “Гамлета”. Пра тое, як іх сустрэла Баварыя, у чым адрозненне беларускага гледача ад нямецкага ды шмат пра што яшчэ гаворым з візаві.

/i/content/pi/cult/507/10974/6-2.jpg

Ігар Казакоў. / Фота прадастаўлена тэатрам

— Сустрэў нас Мюнхен, што называецца, па адзёжы, а праводзіў па якасці (усміхаецца). На сваім транспарце так далёка мы ўпершыню выязджалі. Калі падсумаваць, дык атрымалі новы, вельмі карысны, вопыт. Многія з нашых старых і новых сяброў кажуць, што “Гамлета” абмяркоўвалі нават пасля ад’езду трупы.

— Чаму?

— Не ўсе чакалі ад лялечнага спектакля нечага падобнага. Затое зараз нас ужо запрашаюць з іншымі спектаклямі, з’явіліся больш шчыльныя кантакты з арганізатарамі з Германіі ды іншых краін. Цяпер шмат тых, хто пасля выступу на “JULA” захацеў пабачыць нас на сваіх пляцоўках.

— Вы сказалі, што атрымалі вельмі карысны вопыт. А больш канкрэтна?

— Ёсць арганізацыйныя моманты, якія для сябе адзначылі. Зрабілі высновы, скажам, як трэба вывозіць такі вялікі спектакль у Еўропу.

— Вы далі класічнаму твору вельмі незвычайнае візуальнае ўвасабленне — гэта калі казаць наогул. Але чым менавіта здзіўляеце гледача? Дзе тыя кропкі апірышча, пасля якіх людзі выходзяць і кажуць: “Я бачыў нешта асаблівае”?

— Я так адкажу. Пасля паказа спектакля ў Мюнхене мы яшчэ вельмі доўга размаўлялі з гледачамі. Трошкі нават дзіўна стала, калі практычна ўся зала засталася на далейшае абмеркаванне. Дык вось, адна дама задала пытанне пра спектакль, а затым пракаментавала: “Дзякуй за спектакль. Спектакль — ёсць, Шэкспіра — няма” (усміхаецца). Насамрэч, гэта хохма такая: каментарый нёс пазітыўны пасыл. У нечым гэта — форма прызнання. А што да кропак апірышча... Добра, калі матэрыял гучыць актуальна. Каштоўнасць любога мастацтва выяўляецца тады, калі яно трапляе ў “свой” час, калі яно сваёй ідэяй змяняе свядомасць. Зразумела, што такі твор, як “Гамлет”, актуальны заўсёды: класіка! Але знайсці патрэбны менавіта сёння зрэз, ведаць, адчуваць, як паказаць, — надзвычай важна. Мне здаецца, гэтым і ўзялі. Быццам бы і не Шэкспір, але нібыта ўсё ж такі Шэкспір.

Ёсць яшчэ такі момант. Як бы гэта сказаць… Калі ў цябе “дах трасецца”. Калі ты бачыш твор мастацтва або творчы акт — і ў цябе мозг чымсьці адразу загружаецца. Вось гэта добра! Мне падалося, што “дах” ва ўсіх тросся пасля нашай пастаноўкі.

— Ці лічыце вы, што паказалі пэўную іпастась сучаснага беларускага мастацтва? Наогул, як падаецца вам, гэта пастаноўка — вялікі экран, дзе бачна, што робіцца цяпер у айчыннай творчай прасторы, альбо глядач пабачыў толькі маленькі складнік яе?

— Складанае пытанне. Я не ведаю, як наконт вялікага экрана. Усё ж такі размова ідзе пра канкрэтную тэатральную кампанію — Магілёўскі тэатр лялек. Напэўна, гэта не шырокі экран. Але за намі ўжо замацавалася рэпутацыя тэатра сучаснага. Гэта я без дарэмнай патэтыкі кажу.

Найкаштоўнае — калі адбываецца імпульс, калі ідэі і сродкі рэалізацыі гучаць. Менавіта гучаць. Тэатр, калі ён не сучасны, проста не мае права на існаванне. Яго варта зачыніць, а акцёраў адправіць па дамах. Мы імкнемся да таго, каб людзям, якія стаялі на прыпынку каля тэатра, было цікава даведацца, што ў нас адбываецца. Каб быў рэзананс.

Напэўна, калі ўсё ж казаць пра вялікі экран беларускага тэатра лялек адносна паказу ў Мюнхене, дык рацыя ў такім стаўленні існуе. Мы паказалі, што традыцыя ў Беларусі моцная. На фэсце прызналіся, што проста не чакалі такога. Маўляў, ну, прыедуць лялечкі, пакажуць казачку. Ну, “Гамлет”, ну, цікава. А аказалася, што не ўсё так проста.

— А ў чым розніца ў рэакцыі на Гамлета ў беларускіх і нямецкіх гледачоў?

— Самае цікавае, што калі і наш, і нямецкі глядач “счытваюць” спектакль на ўзроўні візуалізацыі, дык рэагуюць аднолькава прыкладна ў тых самых момантах: смяюцца, дзівяцца. Візуальныя ж цытаты зразумелыя на любой мове! Розніца ж у тэкставых рэчах у нас больш выразная з улікам ведання публікай мовы. Але ёсць і сваё хараство ў тым, калі людзі не ведаюць мовы. Ім даводзіцца разумець п’есу на ўзроўні рытмаў, мелодыкі сцэны. А яна дае вельмі дакладнае паняцце таго, што адбываецца ў пэўны момант. Таму шмат атрымалі водгукаў кшталту таго, што нічога не было зразумела са слоў, але спектакль — ясны і метафарычны. Для нас гэта поспех.

Аляксандр БУРАКОЎ, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Магілеўскага абласнога тэатра лялек