“Ваша Галя балавана”, або Рэдактар мае быць…

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Перыядычна хто-небудзь пытаецца: ці няма ў мяне добрага рэдактара тэкстаў на прыкмеце... Звычайна адказваю: “Не, няма!”

/i/content/pi/cult/507/10970/2-9.jpgБо для мяне добры рэдактар тэкстаў — гэта, як мінімум, чалавек, які мае добры густ, адчуванне слова, а не проста той, хто вычытае вашы памылкі... За ўсё сваё жыццё я такіх сустракала адзінкі. Затое бачыла процьму людзей з незразумелымі мне амбіцыямі, якія нявечылі чужыя тэксты, пакідаючы ад аўтарскага стылю “рожкі ды ножкі”. І часта сустракаюся з такім: рэдактар мову ведае дасканала, але… глухі, не адчувае музыкі слова! Тое — самы страшны выпадак, як мне здаецца, для літаратуры...

Выпадкова патрапіў на вочы пост у сацыяльнай сетцы пра пошукі рэдактара. Прачытала імёны ў каментарыях-прапановах. Моцна здзівілася, бо ніколі такіх не чула. Як на мой погляд, дык добры рэдактар мастацкага тэксту таксама павінен быць творцам. А калі так, то імя яго мае быць больш-менш вядомае! А тут невядомыя “дзевачкі”….

Іншы аспект: нашы творцы з задавальненнем рэдагуюць і перакладаюць, бо жыць з нашых ганарараў, зразумела, немагчыма. А вось спецыялісты па ўтылітарных рэчах прапускаюць шмат момантаў, якія б сапраўдны мастак не дазволіў як антыэстэтычнае...

Наогул, практыка паказвае: таленавіты творца рэдка ўмешваецца ў чужы стыль. А вось амбітны мовазнаўца — рэжа па жывому... Паверце, я рэгулярна выслухоўваю скаргі нашых пісьменнікаў на рэдактараў. Сама ж сабе рэдактара не наймаю зусім. Але — дорага плачу карэктару, таму выбар карэктара для мяне — справа адказная, як выбар суаўтара.

І тут я раптам зразумела, згадваючы прачытаную абвестку, што людзі разумеюць пад “рэдактарам” — карэктара, таго, хто выправіць іх граматычныя памылкі і паправіць стылістычныя ляпы. Гэта я да чаго? Калі нехта з вас сапраўды мае патрэбу ў добрым рэдактары ў гэтым разуменні (“пісьменнасць і адчуванне стылю”), дык праблем няма! У мяне ёсць такія людзі на прыкмеце, прычым ведаю нават не аднаго такога спецыяліста, якія працуюць у сапраўдных рэдакцыях і маюць вопыт працы.

Проста сама я прызвычаілася да таго, што рэдактар мае быць зоркай не меншай за аўтара. Але, як выглядае, “ваша Галя балавана”…

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук